Перайсці да зместу

Сулавесі (востраў)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Востраў Сулавесі)
Сулавесі
індан. Sulawesi
На поўначы Сулавесі
На поўначы Сулавесі
Характарыстыкі
Плошча174 600 км²
Насельніцтва18 455 058 чал.
Шчыльнасць насельніцтва105,7 чал./км²
Размяшчэнне
2°08′ пд. ш. 120°17′ у. д.HGЯO
АрхіпелагВялікія Зондскія астравы
АкваторыяЦіхі акіян
Краіна
Сулавесі (востраў) (Інданезія)
Сулавесі
Сулавесі
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Сулаве́сі (індан.: Sulawesi, назва, магчыма, створаная са слоў sula «востраў» і besi «жалеза»), раней вядомы як Цэлебе́с (парт.: Celebes, ад назвы аднаго з портаў) — буйны востраў (174 600 км², 11-ы па велічыні востраў у свеце) ў складзе архіпелага Вялікія Зондскія астравы. Акружаны морам Сулавесі, морам Банда і Макасарскім пралівам. З’яўляецца часткай краіны Інданезія. Насельніцтва (2014 г.) — 18 455 058 чал.

Востраў Сулавесі мае незвычайную форму: складаецца з чатырох паўвостраваў. Цэнтральная частка, што злучае іх, — гарыстая, таму сулавесійскія паўвостравы традыцыйна жывуць дастаткова ізалявана адзін ад аднаго. Камунікацыі паміж імі лепш наладжаныя па моры, чым па сушы.

Каля ўзбярэжжа Сулавесі размешчаны геаграфічна і прыродна блізкія да яго астравы — Селаяр, Така-Боне-Ратэ, Бангаі, Вавоні, Муна, Бутон, Кабаэна, Туканг-Бесі, Тагіянскія астравы, Бунакен, Сангір, Талаўд і інш.

Востраў знаходзіцца на сутыку трох буйных літасферных пліт. Сучасная форма вострава пачала фарміравацца больш за 66 млн гадоў таму ў выніку вулканічнай актыўнасці, субдукцыі (пад’ёму) і абдукцыі (апускання) частак сушы (гл. Тэктоніка пліт)[1][2]. У некаторых прыбярэжных раёнах вылучаюцца вапняковыя масівы каралавага паходжання. Найвышэйшы пункт — гара Рантэмарыё (3478 м) на поўначы Паўднёвага Сулавесі. На востраве шмат рэк і азёр (Тавуці і іншыя).

Карысныя выкапні — нікель, золата, жалеза, вугаль, соль, будаўнічыя матэрыялы і інш.

Дзякуючы разнастайнасці ландшафтаў клімат у розных частках вострава мае асаблівую спецыфіку. Для ўзбярэжжа і раўнін характэрны экватарыяльны мусонны клімат з адносна малымі ваганнямі тэмператур. Сярэдняя гадавая тэмпература трымаецца каля +30 °C. Найбольш вільготныя месяцы прыпадаюць на лістапад — сакавік, калі колькасць ападкаў можа дасягаць 280 мм[3]. Але дзякуючы гарам, якія затрымліваюць вільготныя вятры, нават у сухі сезон колькасць ападкаў дастаткова высокая. Найбольш сухая частка Сулавесі і ўсёй Інданезіі — мясцовасць вакол Палу, дзе на працягу года бывае не больш за 100—400 мм ападкаў[4]. У горных раёнах кліматычныя змены адбываюцца ў залежнасці ад вышыні, вылучаюцца субтрапічныя і памераныя зоны.

Цэлебеская бабіруса

Востраў Сулавесі знаходзіцца на ўсход ад лініі Уолеса. Для яго характэрна спалучэнне азіяцкай і аўстралійскай флоры і фаўны. У старажытную эпоху прыродны свет Сулавесі быў надзвычай багатым. Вучонымі знойдзены выкапнёвыя формы гіганцкай чарапахі, гіганцкай свінні і малога азіяцкага слана. Аднак з прыходам на востраў чалавека колькасць раслінных і жывёльных відаў паменшылася. У наш час здабыча карысных выкапняў, рыбалоўства, выкарыстанне пестыцыдаў, вырубка лясоў і іншыя формы чалавечай дзейнасці працягваюць наносіць шкоду. Тым не менш, прырода Сулавесі працягвае заставацца вельмі разнастайнай.

Горныя і нізінныя тэрыторыі з’яюляюцца самастойнымі экалагічнымі рэгіёнамі[5]. Нізінныя рэгіёны славяцца вечназялёнымі трапічнымі лясамі, мусоннымі лясамі на поўдні і балотнымі лясамі ўздоўж рэк і азёр. Значная частка марскога ўзбярэжжа пакрыта манграмі. Горныя лясы славяцца надзвычайным багаццем відаў расліннасці, прычым тут няма асобных дамінуючых відаў. Некаторыя эколагі вылучаюць экарэгіён лясоў, распаўсюджаных у карставых зонах.

Вядома 127 відаў сысуноў, 79 з якіх з’яўляюцца эндэмікамі, у тым ліку некалькі відаў буйвалаў (асабліва вядомы карлікавы буйвал аноа), дзікая свіння бабіруса, эндэмічная макака. Налічваецца 88 відаў птушак, некалькі відаў гіганцкіх рэптылій, у тым ліку самыя доўгія ў свеце пітоны, а таксама мноства відаў казурак, амфібій, крабаў, прэснаводных рыб і г. д.[6] Даследаванне карставых пячор на востраве паказала, што яны маюць адметную мала вывучаную фаўну. Так, у іх былі знойдзены ўнікальныя формы сляпых крэветак[7].

Па звестках на 2014 г.[8], Сулавесі насяляла 18 455 058 чалавек. Найбольш населеная правінцыя — Паўднёвы Сулавесі (8 395 747 жыхароў). Яе адміністрацыйны цэнтр Макасар (1 398 804 чал.) — самы вялікі горад на востраве. Другі буйны горад — Манада (430 790 чал.), адміністрацыйны цэнтр Паўночнага Сулавесі.

Народы Сулавесі — бугі, макасарцы, тараджы, мандарцы, баджа, мінахасы, бутонцы, гарантала, мангандоу і інш.

Большая частка вернікаў спавядае іслам (каля 80 %), у цэнтральнай частцы і на поўначы пераважаюць хрысціяне (18 %).

Ваенная сутычка паміж бугамі і галандцамі, малюнак 1900 г.

Паколькі востраў Сулавесі заўсёды быў аддзелены ад мацерыковай Азіі шырокім пралівам, то пранікненне сюды старажытнага чалавека адбылося ў адносна позні перыяд. Знаходкі найстаражытнейшых сведчанняў прысутнасці чалавека на востраве былі зроблены ў пячорах Паўднёвага Сулавесі. Яны адносяцца прыкладна да 30 тысячагоддзя да н. э. Старажытныя насельнікі пячор займаліся паляваннем, выраблялі прылады працы з каменю і ракавін малюскаў. У 8 тысячагоддзі да н. э. на поўдні Сулавесі ўзнікла самастойная неалітычная культура Таоле[9], якая аказала моцны ўплыў на ўсе часткі вострава. Даследаванне рэштак шкілетаў паказала, што жыхары Сулавесі той пары хутчэй адносіліся да прадстаўнікоў аўстралоіднай расы.

Ізаляваны лад жыцця нашчадкаў першых пасяленцаў быў перарваны ў 2 тысячагоддзі да н. э. міграцыяй аўстранезійцаў. З іх прыходам звязана распаўсюджванне земляробства, з’яўленне керамікі, выкарыстанне бронзавых, а потым і жалезных прылад працы. Археалагічныя знаходкі, якія адносяцца да пачатку нашай эры, вымушаюць меркаваць, што аўстранезійцы Сулавесі падтрымлівалі сталыя кантакты з мацерыковай Азіяй, Явай і, магчыма, Балі. Прыкладна ў той жа час на Сулавесі распаўсюдзілася культура мегалітаў, раней вядомая на іншых астравах сучаснай Інданезіі[10]. Цікавасць іншаземных гандляроў да Сулавесі тлумачыцца здабычай на востраве якаснага таннага жалеза, якое карысталася попытам у Паўднёва-Усходняй Азіі[11].

У другой палове 1 тысячагоддзя да н. э. на Сулавесі ўзніклі першыя дзяржаўныя ўтварэнні. Паводле паданняў, у 670 г. на поўначы вострава была сфарміравана канфедэрацыя розных плямён[12]. Магільныя саркафагі правадыроў IX ст. сведчаць пра тое, што на паўночным узбярэжжы сапраўды мелася адносна развітае грамадства з сацыяльным расслаеннем. Прыкладна ў VIII — IX стст. на поўдні і ў цэнтральнай частцы ўзвысілася дзяржава Луву. Яе ранняя культура зведала ўплыў індуізму, аднак у значна меншай ступені, чым старажытныя дзяржавы Явы. У XII — XIV стст. на поўдні вылучыліся мусульманскія дзяржавы бугаў. Бугі лічыліся выдатнымі мараплаўцамі, займаліся гандлем і распаўсюджваннем свайго ўплыву на іншыя астравы Малайскага архіпелага.

У 1511 г. Сулавесі быў адкрыты партугальцамі. Яны заняліся актыўным гандлем з прыбярэжнымі дзяржавамі, першымі пачалі распаўсюджванне хрысціянства. Асноўным цэнтрам іх дзейнасці стаў багаты порт Макасар, адкуль у Еўропу вывозіліся спецыі[13]. Іспанцы замацаваліся на поўначы Сулавесі, дзе ў 1623 г. заснавалі крэпасць Манада, адкуль забяспечвалі свае базы на Малукскіх астравах правіянтам. Аднак у XVII ст. у Партугаліі і Іспаніі знайшоўся моцны супернік — Нідэрланды. У 1660 г. галандцы атакавалі партугальцаў у Макасары. У 1667 г. яны прымусілі макасарскага султана Хасанудзіна заключыць дагавор, згодна з якім атрымалі манаполію ў гандлі[14]. Каля Макасара была пабудавана моцная галандская крэпасць Ротэрдам. Умяшанне галандцаў ва ўнутраныя справы бугскіх дзяржаў прывяло да серыі кровапралітных войн і паўстанняў. У 1679 г. галандцы заключылі саюзны дагавор з правадырамі Паўночнага Сулавесі[15]. Каля Манада імі была ўзведзена крэпасць Амстэрдам.

Да канца XVIII ст. каланіяльны ўплыў Нідэрландаў на Сулавесі часова саслаб. У 18111816 гг. іх валоданні кантралявала Вялікабрытанія. Канчатковае заваяванне і ўсталяванне поўнай галандскай улады на Сулавесі адбылося толькі ў пачатку XX ст.

Галандская каланіяльная адміністрацыя клапацілася аб пашырэнні грашовых адносін на заваяванай тэрыторыі, таму спрыяла распаўсюджванню плантацыйных гаспадарак, увядзенню таварных культур, у тым ліку кавы. У працу адміністрацыйных структур прыцягваліся выхадцы з мясцовага насельніцтва. Дзякуючы шырокаму распаўсюджванню хрысціянства і заснаванню місіянерскіх школ, на поўначы Сулавесі нават узнік пласт па-еўрапейску адукаваных чыноўнікаў і інтэлектуалаў мясцовага паходжання. Але ў выніку менавіта сярод іх шырока распаўсюдзіліся ідэі нацыяналізму і набыцця незалежнасці калоній.

Канчаткова галандская каланіяльная сістэма была падарвана японскай акупацыяй падчас II сусветнай вайны. У 1945 г. на Сулавесі высадзіліся аўстралійскія ваенныя фарміраванні. Галандскае кіраванне фармальна ўзнавілася толькі ў студзені 1946 г., аднак сустрэла супраціўленне мясцовага насельніцтва. У лютым 1946 г. успыхнула паўстанне ў Манада. У сувязі са згубай кантролю над найбольш важнымі каланіяльнымі цэнтрамі на іншых астравах у снежні 1946 г. галандцамі была абвешчана ўсходнеінданезійская марыянетачная дзяржава з цэнтрам у Макасары[16]. Яна праіснавала да 17 жніўня 1950 г., пакуль не была далучана да незалежнай Інданезіі.

Рэформы, абвешчаныя ўрадам у Джакарце, хутка прывялі да эканамічнага заняпаду многіх раёнаў Сулавесі і незадаволенасці насельніцтва Сулавесі. 2 сакавіка 1957 г. у Максары была абвешчана ўсеагульная хартыя барацьбы (індан.: Piagam Perjuangan Semesta, скарочана Permesta) супраць рэжыма Сукарна. Яна стала асновай для ўзброенага руху, цэнтрам якога быў Манада. Узброеныя выступленні на поўначы Сулавесі працягваліся да 1961 г.[17]

У адміністрацыйным плане востраў Сулавесі падзяляецца на шэсць правінцый — Паўднёвы Сулавесі, Паўднёва-Усходні Сулавесі, Заходні Сулавесі, Паўночны Сулавесі, Цэнтральны Сулавесі, Гарантала.

Зноскі

  • Сулаве́сі, Цэлебес // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 262. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
  • Сулаве́си // Географический энциклопедический словарь: Географические названия (руск.) / Гл. ред. А. Ф. Трёшников; Ред. кол.: Э. Б. Алаев, П. М. Алампиев (зам. гл. ред.) и др. — 2-е изд., исправл. и дополн. — М.: Советская энциклопедия, 1989. — С. 457. — 592 с. — 210 000 экз. — ISBN 5-85270-057-6.
  • Сулаве́си // Энциклопедический географический словарь (руск.). — М.: РИПОЛ классик, 2011. — С. 644. — 800 с. — (Словари но­вого века). — 5 000 экз. — ISBN 978-5-386-03063-6.
  • Сулаве́си // Географические названия мира: Топонимический словарь: Ок. 5000 единиц (руск.) / Е. М. Поспелов; Отв. ред. P. A. Агеева. — 2-е изд., стереотип.. — М.: Русские сло­вари: ООО «Издательство Астрель»: ООО «Издательство ACT», 2002. — С. 400. — 512 с. — ISBN 5-17-001389-2 (ООО «Издательство ACT»), ISBN 5-271-00446-5 (ООО «Издательство Астрель»), ISBN 5-93259-014-9 (Издательство «Русские словари»).