Маскоўская вуліца (Мінск)
Маскоўская вуліца Мінск | |
---|---|
Агульная інфармацыя | |
Краіна | Беларусь |
Горад | Мінск |
Раён |
Кастрычніцкі, Маскоўскі |
Працягласць |
|
Найбліжэйшыя станцыі метро |
Інстытут культуры Вакзальная |
Паштовы індэкс | 220007 |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Вуліца Маскоўская — вуліца на сутыку Кастрычніцкага і Маскоўскага раёнаў Мінска. Адна з галоўных магістраляў, злучае цэнтр горада з паўднёвымі раёнамі — Курасоўшчынай, Паўднёвым Захадам, Малінаўкай і Брылевічамі.
Назва
[правіць | правіць зыходнік]Названая так па былым вакзале Маскоўска-Берасцейскай чыгункі.
Размяшчэнне
[правіць | правіць зыходнік]Вуліца працягнулася ад плошчы Мяснікова да вуліцы Чкалава. Па Маскоўскай вуліцы праходзіць мяжа Маскоўскага і Кастрычніцкага раёнаў Мінска.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]23 жніўня 1870 года за дзве з паловай вярсты ад тагачаснай гарадской мяжы Мінска была здзейснена закладка вакзала Маскоўска-Брэсцкай чыгункі. Туды ўздоўж старога Койданаўскага тракта працягнулася вуліца, якая спачатку называлася Нова-Захар’еўскай, Новай Маскоўскай, а з 1880 года і дагэтуль называецца Маскоўскай. Маскоўска-Брэсцкая і пабудаваная неўзабаве пасля яе Лібава-Роменская чыгункі адсеклі ад горада яго паўднёвую частку — чыгуначныя раёны Уборкі, Грушаўку і Добрыя Мыслі, якія бурна забудоўваліся. Каб скараціць час прастою ля шлагбаўмаў, у дзевяностыя гады XIX стагоддзі над Маскоўскай вуліцай быў збудаваны першы ў Мінску чыгуначны пуцеправод — Заходні мост. Вуліца і з другога боку ўпіралася ў чыгуначнае палатно, таму ў 1908 годзе Маскоўскую вуліцу і Койданаўскі тракт злучыў Бетонны мост, названы ад матэрыялу, з якога выраблены пуцеправод, па тых часах быў рэдкім і не самым танным (зрэшты, мясцовыя жыхары называлі яго яшчэ «цэментавым» або «каменным віядукам»). Бетонны мост быў рэканструяваны ў першай палове 80-х гадоў XX стагоддзя, у выніку на скрыжаванні Маскоўскай і Суражскай вуліц з’явілася двухузроўневая развязка.
Велізарную тэрыторыю паміж левым (няцотным) бокам вуліцы і пуцямі Маскоўска-Брэсцкай чыгункі шмат гадоў займала так званае Францысканскае балота[1]. Па ўсёй верагоднасці назва гэта паходзіць ад размешчанага ў далёкім канцы вуліцы падворка Францысканскага манастыра[2].
Грамадскі ранспарт
[правіць | правіць зыходнік]У 1892 годзе Віленскі і Брэсцкі вакзалы злучыла Вакзальная лінія конкі, якая ішла ўздоўж Бабруйскай і Маскоўскай вуліц. У 1929 годзе на месца конкі прыйшоў трамвай, потым аўтобус, а ў 1956 годзе і тралейбус. Трамвайная лінія была знята ў 1961 годзе.
На вуліцу ёсць выхады са станцыі метро «Інстытут Культуры».
Забудова
[правіць | правіць зыходнік]Дарэвалюцыйная Маскоўская вуліца была забудавана пераважна драўлянымі дамамі, ды і нямногія цагляныя былі не вышэй за два паверхі. З тагачаснай забудовы захаваўся толькі дом № 11[3], які, аднак, быў перабудаваны да непазнавальнасці, надбудаваны да трохпавярховага і таму ахоўнага статуса не атрымаў. У дваццатыя-трыццатыя гады мінулага стагоддзя з’явіліся першыя шматпавярховыя дамы, але таксама не занадта высокія — не больш за чатыры паверхі. Дом № 5 пабудаваны ў 1929 годзе. У трыццатыя тут размяшчаўся інтэрнат Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, а пасля вайны дом, застаючыся ўніверсітэцкім, на нейкі час стаў жылым, у тэлефонных даведніках пяцідзесятых гадоў[4] можна знайсці прозвішчы, знаёмыя шматлікім студэнтам і супрацоўнікам універсітэта. Затым на працягу многіх гадоў у будынку знаходзілася ваенная кафедра ўніверсітэта, цяпер там Інстытут бізнесу і менеджменту тэхналогій БДУ.
100-кватэрны дом № 8, які стаіць насупраць (архітэктары А. П. Воінаў, М. Гіляраў і А. Крылоў, што працавалі пад сумесным псеўданімам вогикры[5][6]) пабудаваны ў трыццатыя гады для чыгуначнікаў..
- № 5 — будынак (1929) — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 713Г000134
- № 8/1 — будынак (1932) — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 713Г000135
- № 9 — будынак (1940-1950-я) — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 713Г000346
- № 13 — будынак (1940-1950-я) — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 713Г000347
- № 16 — будынак (1940-1950-я) — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 713Г000348
- № 18 — пяціпавярховы будынак.
Славутасці
[правіць | правіць зыходнік]На кароткай Маскоўскай вуліцы — 20 будынкаў, 5 з іх маюць ахоўны статус помнікаў архітэктуры[7].
На доме № 11 мемарыяльная дошка ў гонар Героя Савецкага Саюза Я. Ф. Філіпскіх[8].
У культуры
[правіць | правіць зыходнік]
Мы жылі з ёй у згодзе, былі з ёй амаль што сябрамі, |
Аркадзь Куляшоў. «Сцяг брыгады»[9] |
Я жыву на вуліцы Маскоўская… |
Аркадзь Куляшоў. «Вуліца Маскоўская»[10] |
Аркадзь Куляшоў, які да Вялі��ай Айчыннай вайны жыў у доме № 16, згадаў і свой дом, і Маскоўскую вуліцу ў паэме «Сцяг брыгады» ў кранальных радках пра чалавека, што пакідае свае рэчы перад ад’ездам на фронт. У іншым сваім вершы, які так і называецца «Вуліца Маскоўская», Аркадзь Куляшоў распавядае, як у вёсцы адказвае сябрам, на якой вуліцы жыве.
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ «История Минска». Минск, 2006. С. 229.
- ↑ «Справочная книга и Спутник по Минской губернии». Составил Израиль Абрамов Бомштейн. Минск, типо-литография Р. Дворжец. 1889. С. 156.
- ↑ Тут і далей, калі не абумоўлена іншае, прыводзіцца сучасная нумарацыя, якая адрозніваецца ад дарэвалюцыйнай і даваеннай.
- ↑ «Список абонентов минской городской телефонной сети». Минск, 1951, 1955, 1958 гг.
- ↑ па першых літарах прозвішчаў на рускай мове
- ↑ В. Чернатов. «Национальное своеобразие белорусской архитектуры довоенного периода. Исследования искусствоведа А. Далина». «Архитектура и строительство» № 4, 2012.
- ↑ Государственный список историко-культурных ценностей по г. Минску . Управление культуры Мингорисполкома. Архівавана з першакрыніцы 31 студзеня 2023. Праверана 31 студзеня 2023.
- ↑ Партизанский полковник Евгений Филипских Архівавана 15 ліпеня 2014. (руск.) // Газета Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь «Белорусская военная газета. Во славу Родины»
- ↑ «Сцяг брыгады»
- ↑ «Вуліца Маскоўская»
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]Маскоўская вуліца (Мінск) на Вікісховішчы |