Знешняя палітыка Вялікага Княства Літоўскага
Знешняя палітыка Вялікага Княства Літоўскага была цесна звязана з палітыкай унутранай і мела тры асноўныя кірункі — заходні, усходні і паўднёвы[1]. Прыярытэты палітыкі мяняліся. У XIV стагоддзі дзяржава вяла напружаную барацьбу з нямецкімі ордэнамі і татарскімі ханствамі. У канцы XIV—XVI стст. высвятляліся адносіны з Польшчай, вырашалася праблема вялікалітоўска-польскага саюза (Крэўская унія 1385 года). Іншым важным кірункам сталі адносіны з Маскоўскай дзяржавай, галоўным канкурэнтам у аб’яднанні зямель былой Русі. У сярэдзіне XVI ст. дзяржава аслабла і ўжо не магла супрацьстаяць Маскве. Больш за тое, паўстала пагроза існаванню Вялікага Княства Літоўскага. Міжнародныя абставіны падштурхоўвалі Княства да цяснейшага аб’яднання з Польшчай і падпісання Люблінскай уніі ў 1569 годзе. Каралеўства Польскае і Вялікае княства Літоўскае ўтварылі Рэч Паспалітую і далей праводзілі ў асноўным агульную знешнюю палітыку[2]. Аднак літоўская шляхта неаднаразова здзяйсняла крокі на міжнароднай арэне без узгаднення з палякамі[3].
Арганізацыя
[правіць | правіць зыходнік]Першапачаткова кантроль над знешняй і ўнутранай палітыкай меў выключна вялікі князь. У далейшым дзяржава паступова набывала статус абмежаванай манархіі. Сярод прычын гэтаму — адмена абласных княжанняў і ўвядзенне сістэмы намесніцтва, што садзейнічала колькаснаму росту і палітычнаму ўзвышэнню шляхты, якая не хацела неабмежаванай улады васпана і дамагалася большых правоў для сябе. Іх зацікаўленасць ва ўдзеле ў знешняй палітыцы была звязана з магчымасцю бяспошліннага вывазу за мяжу лесу, збожжа, жывёлы і ўвозу імпартных тавараў[4].
У XIV ст. пры вялікім князі літоўскім узнікае дарадчы орган — Дума. Яна паступова трансфармавалася ў вышэйшы орган выканаўчай улады краіны, стаўшы радай паноў (паны-рады). Адным з членаў органа быў канцлер. Да яго кампетэнцый, акрамя ўсяго іншага, адносілася адпраўка пасольстваў і забеспячэнне іх бяспекі, а таксама падрыхтоўкай міжнародных дагавораў. Найбольш важныя пытанні знешняй палітыкі абмяркоўваліся на вальным сойме[5].
Артыкул 10 акту Люблінскай уніі Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага прадугледжваў, што «ніякія саюзы, трактаты і мірныя ўмовы не павінны надалей здзяйсняцца і заключацца з іншымі народамі і ніякія амбасады не павінны быць пасыланыя па важных справах у чужыя краіны без агульнага ведама і савета абодвух народаў». Фармальна кіраўніцтва знешняй палітыкай знаходзілася ў руках манарха, які з’яўляўся кіраўніком дзвюх дзяржаў — каралём польскім і вялікім князем літоўскім. Цэнтральным органам, які ажыццяўляў агульнае кіраўніцтва дыпламатычнай дзейнасцю ў канцы XVI—XVII ст., была канцылярыя гасудара. Кіраўнік каралеўскай канцылярыі — канцлер — займаўся фарміраваннем пасольстваў і накіраваннем іх за мяжу, кіраваў складаннем дыпламатычных дакументаў і падпісваў іх, прымаў данясення паслоў. У некаторых выпадках ён мог прымаць замежныя пасольствы ад імя караля[6].
Часткова знешняя палітыка ўваходзіла і ў кампетэнцыі вальнага сойма. Дэпутаты маглі выслухоўваць паслоў замежных дзяржаў і абмяркоўваць важныя знешнепалітычныя праблемы. У XVII ст. сейм атрымаў выключнае права сцвярджаць мірныя дагаворы і саюзы, вырашаць пытанні, звязаныя з дыппрадстаўніцтвамі, удзельнічаць у складанні дыпламатычных дакументаў. Сейм сцвярджаў кандыдатуры паслоў і кантраляваў іх дзейнасць[7].
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Сяр. XIII — 1377 г.
[правіць | правіць зыходнік]Пры першых вялікіх князях, пачынаючы з Міндоўга, знешнепалітычная палітыка характарызавалася канфліктамі з Галіцка-Валынскім княствам, якое было занепакоена ўзмацненнем новай дзяржавы, сабраўшы кааліцыю, куды ўвайшлі яцвягі, жамойты, лівонцы і палачане. Каб разбурыць альянс, Міндоўг пачаў перамовы з лівонцамі, прыняўшы ў 1252 годзе каталіцтва. Аднак пазней, калі супраць рыцараў паўсталі прусы і прапанавалі літоўцам аб’яднацца ў барацьбе з немцамі, ён перайшоў у паганства. Таксама ўдалося заключыць мірнае пагадненне з Галіцкім князем Данілам і дынастычны шлюб паміж яго сынам Шварнам і дачкой Міндоўга. Няўдалы паход антылівонскай кааліцыі 1261 года вымусіў Міндоўга вярнуцца ў каталіцтва і ў саюзе са Шварнам ажыццявіць паспяховы ваенны паход супраць Мазовіі. Акрамя таго, літоўскі князь здзейсніў ваенныя набегі на ўладанні галіцка-валынскіх князёў і на саюзны ім Бранск[8].
Наступны ўладар — Транята, быў на стальцы вельмі кароткі час і пра яго дзейнасць нічога не вядома. Трэці уладар — Войшалк, імкнуўся не абвастраць адносіны з крыжакамі і Галіцка-Валынскім княствам. Ён прызнаў сябе васалам брата Данілы Галіцкага, валынскага князя Васілька Раманавіча, а Шварна запрасіў «дапамагаць» у кіраванні падуладнымі землямі. У 1266 годзе Войшалк падпарадкаваў Дзяволтаўскую і Нальшанскую землі. Пры Трайдзене пачынаецца канфрантацыя з Валынскім княствам, падтрыманым ардынцамі, а з Галіцкім усталяваліся сяброўскія адносіны. Акрамя таго, ён ажыццявіў паспяховы паход на польскі Люблін. Далей князь заключае дынастычны шлюб паміж сваёй дачкой Гаўдэмундай (пры хрышчэнні яна прыняла імя Соф’я) і князем Плоцка Баляславам. На балтыйскім кірунку князь падтрымліваў сяброўскія адносіны з яцвягамі і арганізаваў паход на латгальскія землі крыжакоў. Віцень яшчэ больш сканцэнтраваўся на барацьбе з рыцарамі і правёў шэраг паходаў у Прусію і Лівонію[9].
У другой палове XIII ст. сумесная барацьба супраць крыжакоў спрыяла збліжэнню Вялікага Княства Літоўскага з Полацкай зямлёй[9].
Пры Гедзіміне большая частка сучаснай Беларусі была ўжо ў складзе Вялікага Княства Літоўскага. Як звычайна для таго часу, Гедзімін для атрымання розных пераваг выкарыстаў дынастычныя шлюбы. Так, яго сын Альгерд узяў шлюб з дачкой віцебскага князя Марыяй і пасля смерці цесця і жонкі ўспадкаваў Віцесбкае княства. Прыкладна такая самая сітуацыя склалася з ішным сынам Гедзіміна — Любартам, і ўспадкаваннем прынамсі часткі Галіцка-Валынскага княства. Магчыма, нейкім чынам трапіла пад кантроль Гедзіміна і Кіеўская зямля, прынамсі некаторыя крыніцы называюць кіеўскага князя Фёдара братам Гедзіміна. Пры гэтым аднак перамога ў бітве на рацэ Ірпень у 1324 годзе, вынікам якой быццам быў пераход паўднёвых зямель пад кантроль Гедзіміна, лічыцца толькі позняй легендай. Важнае месца ў знешняй палітыцы Гедзіміна займала барацьба за Пскоў з Наўгародскай зямлёй. На ўсходнім напрамку кіраўнік устанавіў дружалюбныя адносіны са Смаленскам і Цверу. Выдаў дачку Марыю замуж за цвярскога князя Дзмітрыя Міхайлавіча. Нармалізацыя адносін з Цверу ўскладніла адносіны з Маскоўскай дзяржавай, якая супернічала з Цверу за права ажыццяўляць кантроль над Паўночна-Усходняй Руссю. Маскоўскія князі імкнуліся распаўсюдзіць сваю ўладу на Цвер, Смаленск і Ноўгарад. У балтыйскім рэгіёне ў гэты час Гедзімін працягваў ваяваць з крыжакамі. На гэтым фоне дзяржава пачынае збліжацца з палякамі. У 1325 годзе была дасягнута дамоўленасць аб заключэнні дынастычнага шлюбу паміж дачкой вялікага князя літоўскага Альдонай (Ганнай) і сынам польскага караля Уладзіслава Казімірам[10].
Пры сумесным праўленні Альгерда і Кейстута ў вялікалітоўска-польскіх адносінах адбыўся крызіс з-за канфлікту вакол Валыні. Працягваецца барацьба з крыжакамі. На ўсходнім напрамку працягваецца курс па пашырэнні ўплыву на рускіх землях, умацоўваюцца кантакты са Смаленскам, а Альгерд бярэ ў жонкі цвярскую князёўну Ульяну. У гэты ж час літоўскі князь заяўляў, што «ўся Русь павінна належаць Літве». Яшчэ мацней абвастраецца канкурэнцыя з Масквой, што прыводзіць да ваеннага супрацьстаяння. Канфрантацыя назіралася і ў адносінах з наўгародцамі. На паўднёвым кірунку праводзіцца актыўнае наступленне на ардынскія ўладанні. Пасля бітвы на Сініх Водах 1362 года значная частка сучасных украінскіх зямель пераходзіць пад кантроль Княства[11].
1377 — 1569 гг.
[правіць | правіць зыходнік]Заходні кірунак
[правіць | правіць зыходнік]Першапачатковы прыярытэт заходняга напрамку быў абумоўлены той акалічнасцю, што тут у канцы XIV – сярэдзіне XV ст. знаходзіліся агрэсіўныя суседзі, знешнепалітычная актыўнасць якіх наўпрост пагражала суверэнітэту ВКЛ[1].
У XIV – пачатку XV ст. галоўным ворагам Вялікага Княства Літоўскага былі немцы Тэўтонскага і Лівонскага ордэнаў[12]. На фоне грамадзянскай вайны паміж Ягайлам і Вітаўтам нямецкія рыцары падтрымалі фракцыю апошняга, у ходзе падпісанага Салінскага дагавора ў 1398 годзе. Адным з умоў была саступка Ордэну правоў на Жамойць у абмен на ваенную дапамогу з боку рыцараў. Кульмінацыяй канфрантацыі стала Вялікая вайна 1409 – 1411 гг., падчас якой крыжакі пацярпелі паражэнне і адмаўляліся ад Жамойці і яцвяжскіх зямель на карысць ВКЛ. Далейшыя падзеі паказалі, што Ордэн яшчэ быў здольны супраціўляцца. Новы канфлікт з крыжакамі ўспыхнуў ужо ў 1414 г., а ў 1422 г. пачалася чарговая вайна, якая завяршылася падпісаннем Мельнскага міру. Згодна з яго ўмовамі ордэн канчаткова саступіў ВКЛ Жамойць і Судавію. Мельнскі дагавор паклаў пачатак нармалізацыі ўзаемаадносін з Тэўтонскім ордэнам. Пасля яго ВКЛ на афіцыйным узроўні ўстрымліваўся ад удзелу ў войнах Польшча супраць немцаў. Пасля секулярызацыі Тэўтонскага ордэна ў 1525 г., ВКЛ заключыла дагавор з Княствам Прусіяй, якое пацвярджала ўмовы Мельнскага пагаднення. У 1545 г. адбылася асабістая сустрэча караля польскага і вялікага князя літоўскага Жыгімонта ІІ Аўгуста з прускім князем Альбрэхтам у Вільні, на якой былі ўрэгуляваны памежныя, мытныя і гандлёвыя пытанні. У тым жа годзе былі зроблены спробы па выпраўленні мяжы паміж ВКЛ і Прусіяй. У наступны перыяд вялікалітоўска-прускія адносіны развіваліся як добрасуседскія[13].
Канфлікты з немцамі шмат у чым прывялі да збліжэння з Польшчай і заключэння Крэўскай уніі ў 1385 годзе. Палякі выступалі натуральным саюзнікам на заходнім кірунку. Унія з каралеўствам умацавала міжнародныя пазіцыі ВКЛ, забяспечыла адносны спакой на яго заходніх межах, дазволіла аб’яднаць намаганні дзяржаў супраць агульных праціўнікаў. З іншага боку, у гэты ж час Польшча не спыняла намаганняў ператварыць польска-вялікалітоўскі дынастычны саюз у рэальнае міждзяржаўнае аб’яднанне, што ў канчатковым выніку выльецца ў стварэнне Рэчы Паспалітай. Эфектыўнасць двухбаковага супрацоўніцтва асабліва ўзрастала там, дзе супадалі дзяржаўныя інтарэсы краін. Самым яскравым прыкладам стала перамога ў Грунвальдскай бітве ў 1410 годзе над тэўтонскімі рыцарамі. Аднак у пастаянных кроках польскага боку аб уніі ў форме інкарпарацыі існавала рэальная небяспека для захавання дзяржаўнай самастойнасці ВКЛ[14].
З Чэхіяй і Венгрыяй дзяржава была звязана дынастычнымі уніямі (1471 г. і 1492 г. адпаведна). Аднак разлічваць на іх рэальную дапамогу было цяжка па прычыне адлегласці і амаль поўнай адсутнасці агульнасці інтарэсаў на міжнароднай арэне. У лепшым выпадку можна было разлічваць на іх дыпламатычную падтрымку. Але пасля спынення мясцовай лініі дынастыі Ягелонаў (заснавальнік — вялікі князь літоўскі Ягайла) нават гэта стала праблематычным. Кантакты са Швецыяй актывізаваліся ў канцы XV — пачатку XVI ст. у сувязі з распрацоўкай праекта вялікалітоўска-польска-шведскай персанальнай уніі, якая мела антымаскоўскую накіраванасць. Аднак смерць караля польскага і вялікага князя літоўскага Аляксандра ў 1506 г. паклала канец гэтым планам. Актывізаваць сувязі са Швецыяй атрымалася толькі з пачаткам Лівонскай вайны 1558 — 1583 гг.[15]
Назіраліся адзінкавыя кантакты з Францыяй, якая спрабавала перашкодзіць пашырэнню ўплыву ў Еўропе Свяшчэннай Рымскай імперыі і кіруючай там дынастыі Габсбургаў. Кіруючая ў ВКЛ і Польшчы дынастыя Ягелонаў таксама вяла барацьбу з Габсбургамі за кантроль над Венгрыяй і Чэхіяй, таму разглядалася французскімі Валуа ў якасці патэнцыйнага саюзніка. Вынікам узаемадзеяння былі кантакты, якія ад імя ВКЛ ажыццяўлялі польскія дыпламаты. У 1500 г. у Будзе быў заключаны польска-венгерска-французскі палітычны саюз, які на працягу года павінен быў быць распаўсюджаны і на ВКЛ. Аднак дадзены саюз не быў рэалізаваны. Аналагічны лёс быў і ў пагаднення 1524 года караля польскага і вялікага князя літоўскага Жыгімонта Старога і французскага караля Францыска І[16].
Свяшчэнная Рымская імперыя разглядалася ўладарнымі коламі Княства як палітычны праціўнік. Канфрантацыя была выкліканая супрацьстаяннем Ягелонаў і Габсбургаў. Свяшчэнная Рымская імперыя спрабавала разарваць польска-вялікалітоўскую унію праз рэалізацыю праекта каралеўскай каранацыі вялікага князя Вітаўта, падтрымлівала антыпольскі настроенага вялікага князя Свідрыгайла. Пасля Прэсбургска-Венскага кангрэса 1515 года пачаўся перыяд нармалізацыі. Былі наладжаны і дынастычныя кантакты: першай і трэцяй жонкамі караля польскага і вялікага князя літоўскага Жыгімонта ІІ Аўгуста былі дочкі імператара Фердынанда І Габсбурга Лізавета (1543) і Кацярына (1553). Аднак з пачаткам Лівонскай вайны адносіны зноў пагоршыліся[17].
Усходні кірунак
[правіць | правіць зыходнік]З канца XV стагоддзя адбывалася паступовая пераарыентацыя знешняй палітыкі ВКЛ на ўсходні кірунак, які стаў найбольш прыярытэтным. Тут адбыліся вялікія змены, якія пацягнулі з’яўленне новай геапалітычнай сітуацыі ва Усходнееўрапейскім рэгіёне. Калі на пачатку ВКЛ падтрымлівала кантакты з суверэннымі Пскоўскай і Наўгародскай землямі, Цвярскім, Смаленскім, Разанскім, Маскоўскім вялікімі княствамі і кангламератам т. зв. «вярхоўскіх княстваў», дзе кіравалі прадстаўнікі Чарнігаўскай галіны дынастыі Рурыкавічаў, то да канца XV ст. галоўным і адзіным самастойным суб’ектам тут засталося Маскоўскае Вялікае Княства, межы якога ўшчыльную падышлі да межаў Літвы[18].
Да канца кіравання вялікага князя літоўскага Вітаўта дзяржава ператварылася ў несумненнага лідара ва ўсходнееўрапейскім рэгіёне і праводзіла актыўную палітыку па «збіранню рускіх зямель». У 1404 г. было цалкам уключана ў склад ВКЛ Смаленскае Вялікае Княства. Да сярэдзіны 1520-х гг. уладу Вітаўта прызналі «вярхоўскія княствы» і Разанскае Вялікае Княства, яго ўплыў узмацніўся ў Пскове, Вялікім Ноўгарадзе, Цверы і нават у Маскве, асабліва пасля смерці зяця Вітаўта вялікага князя маскоўскага Васіля І у 1425 годзе. Княства максімальна пашырыла свае межы, набыўшы значны міжнародны аўтарытэт. Аднак пераемнікі Вітаўта на троне Свідрыгайла Альгердавіч і Жыгімонт Кейстутавіч, уцягнутыя ў дынастычны канфлікт і барацьбу за ўладу, не змаглі працягваць экспансіянісцкую палітыку на ўсходнім кірунку, а кароль польскі і вялікі князь літоўскі Казімір наогул адмовіўся ад наступальнай агульнарускай праграмы, паставіўшы на першае месца сваю дынастычную палітыку ў Чэхіі і Венгрыі. Дадзенымі абставінамі не прамінуў скарыстацца асноўны супернік ВКЛ у барацьбе за «рускія землі» Маскоўскае Вялікае Княства[19].
З геапалітычнага пункту гледжання да канца XV ст. ваенна-палітычная ініцыятыва ў рэгіёне перайшла ад ВКЛ, якое ўжо не мела неабходнага патэнцыялу для ўтрымання сваёй велізарнай тэрыторыі, да Маскоўскага Вялікага Княства. Іх супрацьстаянне немінуча вяло да адкрытых ваенных дзеянняў. Прычым вялікі князь маскоўскі Іван III Васільевіч падрыхтаваўся да іх пачатку значна лепш, стварыўшы антыягелонскую кааліцыю, у якую разам з Маскоўскай дзяржавай увайшлі яшчэ Крымскае ханства і Малдаўскае княства. Акрамя таго, з канца XV ст. маскоўскі вялікі князь Іван ІІІ абвясціў сябе абаронцам інтарэсаў праваслаўнага насельніцтва ВКЛ, умяшаўшыся тым самым ва ўнутраныя справы заходняга суседа. Сапраўды, праваслаўе не было ў ВКЛ пануючым, а толькі цярпімым веравызнаннем, але цярпімасць гэтая была досыць шырокай і адкрытага гвалту над праваслаўнымі ў ВКЛ у дадзены перыяд не было[20]. Такім чынам, з канца XV ст. адносіны Літвы і Масковіі абвастрыліся[21].
У 1487 г. у Маскву прыехаў служыць «са сваімі вотчынамі» князь І. М. Перамышльскі, у 1489 г. — князь Д. Ф. Варатынскі і тры князі з роду Бяляўскіх. Перайшлі на бок Масквы князі Мажайскія, Лукомскія і інш. Канфрантацыя паміж Маскоўскай дзяржавай і ВКЛ прывяла спачатку да неабвешчанай прыгранічнай вайны 1487—1494 гг., у выніку якой была зламаная ўся літоўская памежная паласа з Маскоўскай дзяржавай. У 1492 годзе, пасля смерці вялікага князя літоўскага Казіміра, Іван III здзейсніў некалькі паспяховых паходаў на землі ВКЛ. Новы вялікі князь літоўскі Аляксандр Казіміравіч спяшаўся завяршыць вайну. Былі дасягнуты мірная і шлюбная дамоўленасці. Іван III выдаў сваю дачку Алену за Аляксандра Казіміравіча. Па мірнай дамоўленасці да Маскоўскага княства адышлі Вяземскае княства і частка вярхоўскіх княстваў. За Іванам III было прызнана права на Ноўгарад, Пскоў, Цвер, Разань. За маскоўскім васпанам замацаваўся тытул «вялікага князя ўсяе Русі». Аднак супярэчнасці паміж ВКЛ і Маскоўскай дзяржавай не былі ліквідаваныя. Іван III рыхтаваўся да вайны. Прычынай паслужыў пераход шэрагу буйных феадалаў ВКЛ у межы Маскоўскай дзяржавы. Іван III прыняў іх на службу і у 1500 г. абвясціў вайну ВКЛ, якая[22], як і наступныя канфлікты 1507—1508 і 1512—1522 гадоў, скончылася поспехам для Масквы[23].
Паўднёвы кірунак
[правіць | правіць зыходнік]На паўднёвым напрамку сваёй знешняй палітыкі ВКЛ кантактавала з татарскімі ордамі і Малдаўскім княствам. Панаванне Залатой Арды над землямі Паўднёвай і Паўднёва-Усходняй Русі перашкаджала планам вялікіх князёў літоўскіх па збіранню рускіх зямель, што абумовіла канфлікты паміж Княствам і Ардой. Вітаўт актыўна ўмяшаваўся ў грамадзянскую вайну ў Ардзе і іграў на ўнутраных супярэчнасцях, каб тым самым падарваць магутнасць суседа. Шмат у чым менавіта дзеянні Вітаўта паспрыялі распаду Залатой Арды. Аднак гэта стварыла толькі новыя праблемы, бо цяпер на паўднёвым кірунку колькасць контрагентаў ВКЛ павялічылася, і цяпер замест адной дзяржавы даводзілася працаваць з трыма — Вялікай Ардой, Крымскім ханствам і, эпізадычна, Нагайскай ардой[24].
З Вялікай Ардой атрымалася ўсталяваць саюзніцкія адносіны. Дзве дзяржавы разам супрацьстаялі Маскве. Адносіны з Крымскім ханствам эвалюцыянавалі ад добрасуседскіх да варожых, а затым няўстойлівых. Прычынай таму паслужыла пераарыентацыя пры Хаджы Гірэі і Менглі Гірэі ў палітыцы ханства з Літвы на Маскву. У 1480 годзе быў заключаны маскоўска-крымскі саюз, які меў антылітоўскую накіраванасць і паклаў пачатак рэгулярным набегам крымскіх татараў на паўднёвыя землі ВКЛ. Пік нападаў прыйшоўся на канец XV — пачатак XVI стагоддзя. Улады ВКЛ актыўна выкарыстоўвалі як ваенныя, так і дыпламатычныя метады для абароны паўднёвых рубяжоў. Выкарыстоўвалі яны і прамы подкуп у грашовым альбо таварным эквіваленце[25][26].
З Малдовай, за выключэннем адзінкавых інцыдэнтаў, напрыклад, на мяжы 1393—1394 гг. і ў 1495 г., захоўваліся мірныя адносіны. Своеасаблівай кропкай адліку, якая паўплывала на характар вялікалітоўска-малдаўскіх адносін, можна лічыць 26 верасня 1387 г., калі малдаўскі гаспадар Пётр I Мушат прынёс васальную прысягу каралю польскаму і вялікаму князю літоўскаму Уладзіславу ІІ Ягайлу, яго жонцы полькай каралеве Ядвізе і Кароне Каралеўства Польскага. Ва ўладарства гаспадара Штэфана І, жонкай якога была невядомая сваячка Ягайлы, Малдова падтрымлівала барацьбу Кароны і Княства з татарамі. Больш за тое, гаспадар удзельнічаў у бітве на Ворскле. Гаспадар Аляксандр I Добры ажаніўся з сястрой Вітаўта Рымгайле. Аднак праз год з невядомых прычын яны развяліся, афіцыйнай прычынай была трэцяя ступень сваяцтва мужа і жонкі. Пазней гэты эпізод быў згладжаны шлюбам старэйшага сына гаспадара Аляксандра Іллі з Марыяй Гальшанскай, сястрой каралевы Соф’і, чацвёртай жонкі Ягайлы[27].
У XVI стагоддзі вялікалітоўска-малдаўскія кантакты значна саслаблі, што было звязана з падзеннем міжнароднага прэстыжу Малдавіі, якая ўсё больш трапляла ў залежнасць ад Асманскай імперыі. У 1540-я гады яны сталі наогул адзінкавымі і тычыліся ў асноўным дробных памежных канфліктаў[28].
1569 — 1795 гг.
[правіць | правіць зыходнік]ВКЛ неаднаразова адмаўлялася выконваць палажэнні Люблінскай уніі аб правядзенні сумеснай знешняй палітыкі. У 1573 г. прадстаўнікі Літвы без папярэдняй кансультацыі з палякамі прапанавалі маскоўскаму цару Фёдару Іванавічу сваю падтрымку ў заняцці прастола Рэчы Паспалітай пры ўмове вяртання Усвят, Азярышча, Полацка і Смаленска і захавання свабод і прывілеяў шляхты. У тым жа годзе літоўская шляхта адмовіліся ад накіравання ў Парыж адзінай дэлегацыі для запрашэння на прастол Генрыха Валуа, паслаўшы ў Францыю самастойную дэлегацыю на чале з маршалкам надворным Мікалаем Радзівілам Сіроткай. Дэлегацыя ВКЛ даставіла новаму манарху акт, які пацвярджаў яго правы на літоўскі вялікакняскі прастол. Таксама самастойна прадстаўнікі Літвы наведвалі Генрыха пасля яго ўцёкаў у 1574 г., высвятляючы пытанне аб магчымасці яго вяртання. У 1575 г. прадстаўнікі княства без кансультацый з палякамі правялі перамовы з імператарам Свяшчэннай Рымскай імперыі Максіміліянам II, які прэтэндаваў на прастол Паспалітай. У 1587 г. адпаведныя перамовы былі праведзены з маскоўскім царом Фёдарам Іванавічам[29].
У студзені 1627 г. са згоды вялікага гетмана літоўскага Льва Сапегі Аляксандр Гасеўскі, які камандаваў літоўскім войскам, заключыў перамір’е з камандуючым шведскай арміяй Понтусам Дэлагардзі. Дадзенае перамір’е было заключана без узгаднення з палякамі і разглядалася як заключанае толькі ад імя літоўцаў[30].
Найбуйнейшай акцыяй Літвы ў галіне міжнародных адносін стала спроба разрыву уніі з Польшчай, прадпрынятая ў 1655 г. 10 жніўня на сустрэчы ў Рызе пасол Г. Любянецкі, накіраваны вялікім гетманам літоўскім Янушам Радзівілам, і шведскі генерал Магнус Дэлагардзі склалі праект дамовы аб пераходзе ВКЛ пад пратэкцыю Швецыі. Перамовы былі працягнутыя ў ваенным лагеры Радзівіла ў Кейданах і завяршыліся 18 жніўня падпісаннем дамовы ад імя літоўскай рады. Дакумент прадугледжваў стварэнне шведска-літоўскага ваенна-палітычнага саюза пры захаванні адміністрацыі, законаў, казны і войска ВКЛ. Вялікім князем літоўскім станавіўся шведскі кароль Карл X Густаў. Аднак ініцыятыва Радзівіла не атрымала шырокай грамадскай падтрымкі[30].
Палякі былі вымушаныя лічыцца з імкненнем літоўскай эліты захаваць асаблівы статус у сферы знешняй палітыкі. Яе меркаванне прымалася пад увагу перш за ўсё ў адносінах Рэчы Паспалітай з Маскоўскай дзяржавай. Кантакты з Масквой уваходзілі ў кампетэнцыю літоўскай канцылярыі ў Вільні, дзе рыхтавалася адпаведная дыпламатычная дакументацыя. Так, напрыклад, у 1582 г. пры заключэнні Ям-Запольскага міру дэлегацыя Рэчы Паспалітай практычна цалкам складалася з ліцвінскай шляхты. З другой чвэрці XVII ст. значнасць прадстаўнікоў ВКЛ у складзе дэлегацый стала зніжацца і на першы план сталі выходзіць палякі. Гэта выклікала незадаволенасць у літоўскай шляхты, якая дамагалася строгага ўліку сваіх інтарэсаў на перамовах з маскавітамі[30].
Менш значнай была роля дыпламатыі ВКЛ у кантактах з дзяржавамі Еўропы, Асманскай імперыяй і Крымскім ханствам, паколькі гэтыя кірункі ўваходзілі ў сферу кампетэнцыі польскай дыпламатыі. Аднак такі парадак зусім не азначаў поўнага адхілення Вільна ад еўрапейскай палітычнага жыцця. У першай палове XVII ст. прадстаўнікі ВКЛ наведвалі з місіямі рознага роду Рым, Нідэрланды, Францыю. Падчас наведвання Францыі ў 1640 г. ваяводам смаленскім Крыштофам Гасеўскім адбыўся дыпламатычны скандал. Перавысіўшы паўнамоцтвы, дадзеныя яму каралём Уладзіславам IV, Гасеўскі ўступіў у перамовы з кардыналам Рышэлье і заключыў пагадненне, якое абавязвала Рэч Паспалітую разарваць адносіны са Свяшчэннай Рымскай імперыяй. Учынак пасла выклікаў незадаволенасць караля Уладзіслава IV, які адмовіўся зацвердзіць Парыжскае пагадненне[31].
У XVIII ст. значнасць ВКЛ у міжнародных зносінах працягвала зніжацца. Згадка пра тое, што Рэч Паспалітая з’яўляецца «дзяржавай двух народаў», стала знікаць з дыпламатычных дакументаў, у міжнароднай дыпламатычнай практыцы яе сталі разглядаць як польскую дзяржаву. Аднак у сілу свайго геапалітычнага становішча ВКЛ яшчэ працягвала аказваць уплыў. Менавіта ліцвіны звярнуліся ў 1715 г. да Пятра I з просьбай аб пасярэдніцтве ў справе ўрэгулявання ўзаемаадносін з Саксоніяй. У другой палове XVIII ст. асобныя прадстаўнікі магнацкіх родаў ВКЛ, якія выступалі з пазіцый абароны сваіх вузкасаслоўных інтарэсаў, звярталіся па падтрымку да Кацярыны II[31].
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ а б Николаева 2020, с. 141.
- ↑ Новик 2011, с. 92—93.
- ↑ Тихомиров 1998, с. 58-60.
- ↑ Новик 2011, с. 80—81.
- ↑ Новик 2011, с. 81—82.
- ↑ Тихомиров 1998, с. 52.
- ↑ Тихомиров 1998, с. 53.
- ↑ Тихомиров 2006, Предпосылки зарождения Великого княжества Литовского. Дипломатия Миндовга.
- ↑ а б Тихомиров 2006, Международные аспеукты существования Великого княжества Литовского во второй половине XIII — начале XIV в. Включение Полоцка в состав ВКЛ.
- ↑ Тихомиров 2006, Внешняя политика Великого княжества литовского при князе Гедимине (1316—1341 гг.).
- ↑ Тихомиров 2006, Внешняя политика Великого княжества Литовского в 1341—1377 гг. Дипломатия Ольгерда.
- ↑ Новик 2011, с. 87.
- ↑ Николаева 2020, с. 143—144.
- ↑ Николаева 2020, с. 141—142.
- ↑ Николаева 2020, с. 142—143.
- ↑ Николаева 2020, с. 141—147.
- ↑ Николаева 2020, с. 148.
- ↑ Николаева 2020, с. 148—149.
- ↑ Николаева 2020, с. 147.
- ↑ Николаева 2020, с. 149.
- ↑ Новик 2011, с. 89.
- ↑ Новик 2011, с. 90.
- ↑ Новик 2011, с. 92.
- ↑ Николаева 2020, с. 150.
- ↑ Николаева 2020, с. 150—153.
- ↑ Новик 2011, с. 88—89.
- ↑ Николаева 2020, с. 156—157.
- ↑ Николаева 2020, с. 160.
- ↑ Тихомиров 1998, с. 58-59.
- ↑ а б в Тихомиров 1998, с. 59.
- ↑ а б Тихомиров 1998, с. 60.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Николаева, Л. В. Внешняя политика Великого Княжества Литовского в конце XIV–середине XVI в.: основные направления в геополитической перспективе / Л. В. Николаева // Межкультурные исследования. – 2020. − № 5. – С. 140–174.
- Е.К. Новик, И.Л. Качалов, Н.Е. Новик. История Беларуси с древнейших времён до 2010 г.. — Минск: «Вышэйшая школа», 2011. — 526 с. — ISBN 978-985-06-1917-4.
- Тихомиров А.В., ВНЕШНЯЯ ПОЛИТИКА И ДИПЛОМАТИЯ ВЕЛИКОГО КНЯЖЕСТВА ЛИТОВСКОГО В XIII – XIV ВВ. [Электронный ресурс]: электрон. данные. - Москва: Научная цифровая библиотека PORTALUS.RU, 09 апреля 2006.
- Тихомиров, А. В. Внешнеполитический механизм и организация дипломатической службы Речи Посполитой и Великого княжества Литовского в 1569 - 1795 гг // Белорусский журнал международного права и международных отношений. — 1998. — № 3