Перайсці да зместу

Бялыніцкі раён

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Бялыніцкі раён
Герб Сцяг
Герб Сцяг
Краіна  Беларусь
Уваходзіць у Магілёўская вобласць
Адміністрацыйны цэнтр Бялынічы
Дата ўтварэння 17 ліпеня 1924
Кіраўнік Вольга Васілеўна Прыстрамская
Афіцыйныя мовы Родная мова: беларуская 87,75 %, руская 11,45 %
Размаўляюць дома: беларуская 49,21 %, руская 49,41 %[1]
Нас��льніцтва (2009)
21 839 чал.[1] (11-е месца)
Шчыльнасць 15,38 чал./км² (13-е месца)
Нацыянальны склад беларусы — 95,37 %,
рускія — 3,28 %,
іншыя — 1,35 %[1]
Плошча 1 419,52[2]
(9-е месца)
Вышыня
над узроўнем мора
168 м[3]
Бялыніцкі раён на карце
Афіцыйны сайт
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Бялы́ніцкі раё́н — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў складзе Магілёўскай вобласці. Адміністрацыйны цэнтр — горад Бялынічы. Плошча 1,4 тыс. км². Насельніцтва 28,1 тыс. чалавек (1996), гарадскога 37,2 %. Сярэдняя шчыльнасць 20 чал/км². 199 сельскіх населеных пунктаў. 7 сельсаветаў.

Знаходзіцца на захадзе Магілёўскай вобласці. Плошча 1400 км². Раён размешчаны ў межах Цэнтральнабярэзінскай раўніны і Аршанска-Магілёўскай раўніны. Паверхня раўнінная. Пераважаюць вышыні 160—180 м, найвышэйшы пункт 207 м (каля вёскі Ясная Паляна). Карысныя выкапні: торф, сапрапелі, сілікатныя пяскі, гліны. Сярэдняя тэмпература студзеня −7,3 °C, ліпеня 18 °C. Ападкаў 657 мм за год. Вегетацыйны перыяд 187 сутак. Пераважаюць дзярнова-падзолістыя, дзярнова-надзолістыя забалочаныя глебы. Лясы займаюць 30,7 % тэрыторыі раёна, пераважна хваёвыя, бярозавыя і яловыя; балотамі занята 7,2 % тэрыторыі. Гідралагічныя заказнікі Заазер’е і Астравы Дулебы.

Асноўныя рэкі — Друць, Вабіч, Няропля, Малыш, Аслік, Клява, Баран. Асноўныя азёры — Чорнае, Заазёрскае, Няропля, Падазёрышча, Карманоўскае.

Раён утвораны 17 ліпеня 1924 года ў складзе Магілёўскай акругі БССР. Цэнтр — мястэчка Бялынічы. 20 жніўня 1924 года падзелены на 17 сельсаветаў: Брасневіцкі, Бялыніцкі, Вугольшчынскі, Галоўчынскі, Замачульскі, Запольскі, Кудзінскі (Малакудзінскі), Кулакоўскі, Машчаніцкі (Вялікамашчаніцкі), Нежкаўскі (Веліканежкаўскі), Прыхабскі, Рагацкі, Сіманавіцкі, Царковішчанскі, Шапялевіцкі, Шылавіцкі, Эсьмонскі. 21 кастрычніка 1924 года Брасневіцкі сельсавет перайменаваны ў Дручанскі, Рагацкі сельсавет — у Ланькаўскі. 24 верасня 1926 года Бялыніцкі сельсавет скасаваны. 10 студзеня 1929 года ўтвораны Аляксандраўскі нацыянальны польскі сельсавет. 5 жніўня 1929 года Царковішчанскі сельсавет перайменаваны ў Каліноўскі. Пасля скасавання акруговага падзелу 26 ліпеня 1930 года раён у прамым падпарадкаванні БССР. 8 ліпеня 1931 года да раёна далучаны Стайскі (Стаінскі) і Цяцерынскі сельсаветы скасаванага Круглянскага раёна. У 1931 годзе ўтвораны Вядзерскі сельсавет і скасаваны Дручанскі і Замачульскі сельсаветы. У 1934 годзе скасаваны Аляксандраўскі нацыянальны польскі і Вядзерскі сельсаветы, утвораны Фелікс-Конаўскі нацыянальны польскі сельсавет. 12 лютага 1935 года Сіманавіцкі, Стайскі (Стаінскі), Цяцерынскі, Шапялевіцкі сельсаветы перададзены адноўленаму Круглянскаму раёну. 5 красавіка 1935 года да раёна далучаны Вішоўскі, Навасёлкаўскі (Навасельскі), Рафалаўскі сельсаветы Магілёўскага раёна. 23 жніўня 1937 года Фелікс-Конаўскі нацыянальны польскі сельсавет рэарганізаваны ў беларускі і перайменаваны ў Кіраўскі. З 20 лютага 1938 года раён у складзе Магілёўскай вобласці. 27 верасня 1938 года Бялынічы набылі статус гарадскога пасёлка. 16 ліпеня 1954 года скасаваны Запольскі, Каліноўскі, Кудзінскі, Навасёлкаўскі, Нежкаўскі, Рафалаўскі, Шылавіцкі сельсаветы, утвораны Трылесінскі сельсавет. 16 верасня 1959 года да раёна далучаны Загаранкаўскі, Комсеніцкі, Круглянскі, Кручанскі, Ляснянскі, Паўлавіцкі, Скуратоўскі, Цяцерынскі, Шапялевіцкі сельсаветы скасаванага Круглянскага раёна. 11 красавіка 1960 года скасаваны Вугольшчынскі, Загаранкаўскі, Кіраўскі, Кручанскі, Кулакоўскі, Скуратоўскі, Трылесінскі, Цяцерынскі, Эсьмонскі сельсаветы, утвораны Запольскі сельсавет, Прыхабскі сельсавет перайменаваны ў Лебядзянкаўскі. 15 студзеня 1965 года ўтвораны Цяхцінскі і Эсьмонскі сельсаветы, 4 чэрвеня 1965 года — Кручанскі сельсавет, 18 сакавіка 1966 года — Цяцерынскі сельсавет. 30 ліпеня 1966 года Комсеніцкі, Круглянскі, Кручанскі, Ляснянскі, Паўлавіцкі, Цяцерынскі, Шапялевіцкі сельсаветы перададзены адноўленаму Круглянскаму раёну. 20 кастрычніка 1995 года гарадскі пасёлак Бялынічы і Бялыніцкі раён аб’яднаны ў адну адміністрацыйную адзінку. 22 лютага 2012 года скасаваны Эсьмонскі сельсавет[4]. 19 снежня 2016 года гарадскі пасёлак Бялынічы набыў статус горада[5].

Насельніцтва раёна паводле перапісу 2019 года складае 19 029 чалавек, у тым ліку ў гарадскіх умовах пражываюць 10 093 чалавекі. Усяго ў раёне налічваецца 181 населены пункт.

Штабель нарыхтаванага пад вываз бярвення.

Агульная плошча сельскагаспадарчых угоддзяў 65,9 тысяч га, з іх асушаны 14,1 тысяч га. На 1.1.1996 у раёне 12 калгасаў, 5 саўгасаў, аграгандлёвае прадпрыемства «Друць». Асноўныя галіны сельскай гаспадаркі — мяса-малочная жывёлагадоўля, вырошчваюць збожжавыя, кармавыя культуры і бульбу. Прадпрыемствы харчовай (крухмал, сыры), дрэваапрацоўчай (дзелавая драўніна, піламатэрыялы), камбікормавай (тэхнічны тлушч, травяная мука) прамысловасці. Крухмальны завод у вёсцы Цяхцін, філіял ТАА «Бабушкіна крынка».

У раёне 12 сярэдніх, 5 базавых, 10 пачатковых школ, ПТВ, цэнтральная дзіцячая школа мастацтва, 21 дашкольная ўстанова, 28 клубаў, 29 бібліятэк, 5 бальніц, 2 амбулаторыі, 18 фельчарска-акушэрскіх пунктаў. 2 музеі: мастацкі імя В. К. Бялыніцкага-Бірулі і краязнаўчы. Выдаецца газета «Зара над Друццю».

Праз раён праходзяць чыгунка Магілёў — Асіповічы, аўтадарогі Мінск — Магілёў, Бялынічы — Шклоў.

У Бялынічах выдаецца раённая газета «Зара над Друццю».

Вядомыя асобы

[правіць | правіць зыходнік]
  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 3: Беларусы — Варанец / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 3. — 511 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0068-4 (т. 3).
  • Административно-территориальное устройство БССР: справочник: в 2 т. / Главное архивное управление при Совете Министров БССР, Институт философии и права Академии наук БССР. — Минск: «Беларусь», 1985―1987.
  • Административно-территориальное устройство Республики Беларусь (1981—2010 гг.): справочник. — Минск: БелНИИДАД, 2012. — 172 с.