Перайсці да зместу

Казімерас Буга

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Казімерас Буга
літ.: Kazimieras Būga
Дата нараджэння 6 лістапада 1879(1879-11-06)[1]
Месца нараджэння
Дата смерці 2 снежня 1924(1924-12-02)[2] (45 гадоў)
Месца смерці
Месца пахавання
Грамадзянства
Род дзейнасці лексікограф, мовазнавец, філолаг, выкладчык універсітэта
Навуковая сфера мовазнаўства
Месца працы
Навуковае званне прафесар
Альма-матар
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Казімерас Буга́ (6 лістапада 1879, Пажэгяй, цяпер Зарасайскі раён  (руск.) — 2 снежня 1924, Кёнігсберг) — літоўскі мовазнавец, прафесар-філолаг, даследчык літоўскай мовы[4].

Паходзіў з сялянскай сям’і. Першапачатковую адукацыю атрымаў ад вясковага дарэктара  (літ.), у 1890—91 годзе вучыўся ў прыходскай школе. Потым бацькі адвезлі яго ў Санкт-Пецярбург, дзе жыў яго стрыечны брат. Да 1897 года скончыў чатыры класы школы Святой Кацярыны і пад уплывам бацькоў паступіў у Санкт-Пецярбургскую Рымска-каталіцкую духоўную акадэмію, якую, аднак, не скончыў. З 1898 года пачаў самастойнае жыццё: даваў урокі, у т.л. у 18981899 гадах жыў у Мосары і вучыў дваіх пляменнікаў мясцовага ксяндза Бярнотаса (Bernotas)[5], потым працаваў у метэаралагічнай абсерваторыі.

Пазнаёміўся з літоўскім лінгвістам Казімерасам Яунюсам  (руск.) і з 1903 года стаў яго асабістым сакратаром. У гэты час ён выявіў вялікую цікавасць да тэмы мовазнаўства. У перыяд 1905-12 гадоў скончыў Пецярбургскі ўніверсітэт. Яшчэ ў час вучобы апублікаваў першую маштабную працу «Aistiškai studijai», напісаў каштоўныя навуковыя работы, за адну з іх атрымаў залаты медаль.

Пасля сканчэння ўніверсітэта працягнуў сваю працу па індаеўрапейскіх мовах пад кіраўніцтвам Івана Бадуэна дэ Куртэнэ.

Пазней пераехаў у Кёнігсберг, каб працягнуць вучобу па параўнальнаму мовазнаўству ў Кёнігсбергскім універсітэце пад кіраўніцтвам Адальберта Бецэнбергера  (англ.), дзе ў 1914 годзе атрымаў навуковую ступень па мовазнаўству.

У 1916 годзе зноў у Пецярбургскім універсітэце, у 19171919 у сувязі з вайной — прафесар у Пермскім універсітэце[4], дзе быў калегаю Леаніда Булахоўскага  (руск.), з якім пасля ліставаўся да канца жыцця. У бібліятэцы Віленскага ўніверсітэта зберагаюцца 22 лісты ад Булахоўскага да літоўскага вучонага.

У 19191920 гадах — прафесар Томскага дзяржаўнага ўніверсітэта[4].

У 1920 годзе вярнуўся ў Літву, дзе працаваў у Літоўскім міністэрстве адукацыі  (руск.). Ад гэтага часу пачаў займацца стварэннем акадэмічнага слоўніка літоўскай мовы  (літ.) ў 20-ці тамах, выданне якога было скончана толькі ў 2002 годзе.

З 1922 года — прафесар Каўнаскага ўніверсітэта[4], выкладаў мовазнаўства, рыхтаваў падручнікі для студэнтаў.

У 1924 годзе паехаў у Аукштадварыс збіраць навуковы матэрыял. Там захварэў, як спачатку думалі, на грып. Хвароба дала аскладненні на мозг. Здароўе не палепшылася і пасля пераезду ў Каўнас. Праз 8 дзён яго перавезлі ў Кёнігсберг. 25 лістапада яго разбіў параліч, а ў ноч з 1-га на 2-е снежня Казімірас Буга памёр. Яго стары настаўнік і сябар Эдуард Вольтэр па чыгунцы прывёз яго цела ў Каўнас, дзе 6 снежня Казіміраса Бугу ўрачыста пахавалі на могілках побач з магілай свайго настаўніка Казімераса Яунюса  (руск.).

Сфера інтарэсаў

[правіць | правіць зыходнік]
Акадэмічны слоўнік літоўскай мовы, пачынанне К. Буга

Разам з Янісам Эндзэлінсам  (руск.) можа лічыцца пачынальнікам балтыйскіх даследаванняў у краінах Балтыі. Спецыяліст у балтыйскіх і славянскіх мовах. Вывучаў гістарычную граматыку і этымалогію літоўскай мовы, праблемы запазычанняў з суседніх моў у літоўскую, а таксама пытанні рускай і славянскай этымалогіі. Зрабіў значны ўклад у даследаванне сувязі балтыйскіх моў з іншымі індаеўрапейскімі мовамі. Даследаваў славянска-балтыйскія моўныя сувязі, у тым ліку літоўска-беларускія[4], літоўска-ўкраінскія і балтыйскую міфалогію[4].

Буга вызначыў паходжанне цэлага шэрагу ўкраінскіх слоў, як агульных з балтыйскімі мовамі, так і запазычаных з іх[6]. Усталёўваючы шляхі і час пранікнення апошніх да ўкраінскай мовы, найстаражытныя з іх датаваў перыядам да 10 стагоддзя. Высунуў тэорыю аб пераносе геаграфічных назваў (рэк і населеных пунктаў) з украінскага Надпрыпяцця да літоўскага Наднёмання[6].

К. Буга запісваў фальклор, вывучаў літоўскія геаграфічныя назвы і ўласныя імёны, узаемаадносіны літоўцаў і беларусаў («Літоўска-беларускія ўзаемаадносіны і іх старажытнасць», 1925)[4].

Інтарэсы К. Бугі ахоплівалі практычна ўсе вобласці навукі літоўскай мовы. Ён даследаваў расстаноўку націскаў у літоўскай мове, паходжанне розных гукаў, іх гістарычнае развіццё. Высвятліў паходжанне многіх літоўскіх слоў. Даследаваў словаўтварэнне літоўскіх асабістых імёнаў, апублікаваў мноства іх этымалогій (тлумачэнняў паходжання слоў).

Аднавіў арыгінальныя формы асабістых імёнаў Вялікіх літоўскіх князёў. Зрабіў вялікі ўклад у фанетычную структуру літоўскай мовы, вывучэнне націскаў, граматыку.

Клапаціўся аб практычных аспектах удасканалення пісьмовай мовы. Напісаў не адну працу аб уніфікацыі пісьма. Выратаваў нямала прыгожых літоўскіх слоў, якія былі абвешчаныя іншамоўнымі (літ.: boba, labas, liaudis, riba, kūdikis, skriauda, marios).

Сабраў вялікую картатэку (каля 500 тыс. картак), якая пакладзена ў аснову акадэмічнага слоўніка літоўскай мовы. Аўтар працы «Мова і старажытнасць» (1922).

К. Бугу не цікавілі, мабыць, толькі пытанні сінтаксісу літоўскай мовы. Ва ўводзінах да свайго слоўніку ён напісаў: «Няхай чытач і не думае вучыцца расстаноўцы знакаў прыпынку з гэтага слоўніка».

Хоць К. Буга і пражыў нядоўгае жыццё, але зрабіў вельмі шмат. Яго можна лічыць сапраўдным стваральнікам навукі літоўскай мовы. У 19581962 гадах у Вільнюсе выдадзены трохтомнік прац К. Буга «Выбраныя працы» (літ.: «Rinktiniai raštai»).

Супрацоўніцтва

[правіць | правіць зыходнік]

Казімерас Буга супрацоўнічаў з Я. Эндзелінсам  (руск.), І. Бадуэнам дэ Куртэнэ, Л. Булахоўскім  (руск.), Р. Траутманам  (ням.), падтрымліваў сувязь з усімі значнымі лінгвістамі XX стагоддзя, папулярызаваў літоўскую мову сярод іншамоўных лінгвістаў.

  • Об именах литовских правителей
  • Lituanica
  • О старинных отношениях литовцев с германцами[7]
  • Rinktiniai raštai, t. 1—3, Vilnius, 1958—62.
Паштовая марка Літвы

У гонар К. Бугі названы вуліца ў Каўнасе (з 1933), гімназія  (літ.) ў Дусятах (з 1934). У 1973 у яго роднай вёсцы створаны мемарыяльны музей[8]. У 1977 годзе на доме, дзе ён жыў у Каўнасе, была змешчана мемарыяльная дошка[9].

У 1979 мастаком Пятрасам Рапшысам  (руск.) быў распрацаваны медаль К. Бугі. У 1985 на плошчы ў Дусятах быў усталяваны бюст К. Бугі (скульптар Бронюс Вішняўскас  (руск.), архітэктар Ромус Вішняўскас).

У 1994 годзе Дусяцкай гарадской бібліятэцы было прысвоена імя прафесара К. Бугі[10].

У 2005 годзе Літоўская пошта выпусціла паштовую марку ў гонар К. Бугі (аўт. Aušrelė Ratkevičienė).

Зноскі

  1. Brozović D., Ladan T. Kazimieras Būga // Hrvatska enciklopedijaLZMK, 1999. — 9272 с.
  2. Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr: платформа адкрытых даных — 2011. Праверана 10 кастрычніка 2015.
  3. Kazimieras Būga // Encyclopædia Britannica
  4. а б в г д е ё Буга Казимерас // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 84. — 737 с.
  5. Būga K. Rinktiniai raštai. 3 tomai. I t. — Vilnius, 1958. — C. 15.
  6. а б А. П. Непокупний. Енциклопедія сучасної України. — Т. 3. — Київ, 2004., стор. 515
  7. Steponas Maculevičius, Doloresa Baltrušienė. Znajomość z Litwą. Księga tysiąclecia. Tom pierwszy. Państwo. — Kaunas: Kraštotvarka, 1999. — ISBN 9986-892-34-1, p. 127.
  8. kalbininko k. būgos memorialinis muziejus (літ.)
  9. BŪGA KAZIMIERAS(недаступная спасылка) (літ.)
  10. Mūsų tautos pasididžiavimas Mūsų tautos pasididžiavimas Архівавана 23 снежня 2007. (літ.)