Фарс (лац.: farcio — начыняю) — малая, аднаактная пацяшальная камедыя. Узнік каля 12 ст. ў гарадах Заходняй Еўропы ў якасці жартоўнай устаўкі (начыння) ў літургічнай драме, містэрыі і плошчавым карнавальным паказе. Росквіту дасягнуў у французскай літаратуры 14—16 стст., дзе акрэсліўся ў самастойны жанр народнага паказу. Выяўленчыя асаблівасці: карыкатурнасць дзейных асоб (з выкарыстаннем вобразаў-масак), буфанаднасць прыёмаў, эксцэнтрычнасць паказу падзей, схільнасць да адвольных знешніх эфектаў, вострасюжэтных грубавата-пікантных абставін і зніжанай лексікі. У ходзе развіцця часам набліжаецца да сатырычнай камедыі. Разам з пераважна пацяшальным прызначэннем выконвае ролю палітычнай сатыры і памфлета. Да фарсавасці ў сваіх творах шматкроць прыбягалі Бертальд Брэхт, Лопэ дэ Вега, Карла Гальдоні, Жан Мальер, Мігель Сервантэс і Уільям Шэкспір. Многія прыёмы захаваліся ў сучаснай цыркавой клаўнадзе і святочна-карнавальных паказах. У беларускай драматургіі выяўленчыя прыёмы таксама шырока выкарыстоўваліся (Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч «Пінская шляхта», Янка Купала «Прымакі», Леапольд Родзевіч «Конскі партрэт», Уладзіслаў Галубок «Ветрагоны», Еўсцігней Міровіч «Каваль-ваявода», Андрэй Макаёнак «Трыбунал» і Алесь Петрашкевіч «Куды ноч, туды сон»)[1].

Прагляд фарсу ў тэатры (Кузьма Пятроў-Водкін)

Зноскі

  1. Сцяпан Лаўшук. Фарс // Беларуская энцыклапедыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Мінск: Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2003. — Т. 16. — С. 326-327. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0263-6.