Плешчаніцы (геафізічная абсерваторыя)
«Пле́шчаніцы» — геафізічная абсерваторыя на ўскраіне Плешчаніцаў. Уваходзіць у склад Цэнтра геафізічнага маніторынгу НАН Беларусі.
Плешчаніцы | |
---|---|
Краіна | |
Тып арганізацыі | геафізічная абсерваторыя[d] |
Заснаванне | |
Дата заснавання | 1960 |
Плешчаніцкая геафізічная абсерваторыя заснавана ў 1960 годзе ў складзе Інстытута аграхіміі і геафізікі АН БССР. Была ўключана ў агульнасаюзную Адзіную сетку сейсмічных назіранняў і саюзную сетку геамагнітных абсерваторый, вяла назіранні электрамагнітнага поля і сейсмічнасці зямлі па агульнасаюзных абсерваторскіх праграмах. У абсерваторыі станам на 1985 год: геамагнітная абсерваторыя, 2 станцыі — зямных токаў і сейсмічная[1].
Асноўны кірунак даследаванняў — вывучэнне электрамагнітных працэсаў у калязямной прасторы (геамагнетызм), глыбіннай будовы зямной кары і верхняй мантыі (сейсмалогія, геамагнетызм)[1].
Вывучалася марфалогія і дынаміка электрамагнітнага поля, яго ўзрушанасць. На аснове сумесных даследаванняў з іншымі геафізічнымі цэнтрамі краіны вывучаны механізмы распаўсюджання некаторых геамагнітных узрушэнняў і залежнасці іх ад геаграфічнай шыраты. Адзначаны шэраг спецыфічных асаблівасцей дынамікі электрамагнітнага поля сярэдніх шырот. Атрыманыя даныя мелі важнае значэнне для прагнозу змяненняў стану электрамагнітнага поля ў часе, выкарыстоўваліся для практычных мэт (медыка-біялагічныя даследаванні, аэранавігацыя, метэаралогія, радыёсувязь і інш.). Створана аўтаматызаваная сістэма аналізу магнітатэлурычнай інфармацыі. Удасканальваюцца метады і методыка разведачнай геафізікі. Выкананы даследаванні па ўдасканаленню спосабаў інтэрпрэтацыі сейсмаразведачных і магнітатэлурычных даных у сувязі з пошукамі і разведкай радовішчаў нафты і газу, вывучаны ўмовы фарміравання і распаўсюджання сейсмічных ваганняў для розных геолага-структурных мадэлей Прыпяцкага прагіну, распрацаваны алгарытмы і праграмы матэматычнай апрацоўкі сейсмаразведачных даных. Вывучаны ўзаемаадносіны глыбінных і прыпаверхневых геалагічных структур, устаноўлены зоны ��лыбінных разломаў, у якіх знаходзяцца прамысловыя радовішчы нафты і газу[1].
Праведзены даследаванні ўздзеяння фізічных палёў Зямлі і сонечнай актыўнасці на біялагічныя аб’екты, у т. л. на чалавека. Выяўлены карэляцыйныя сувязі паміж змяненнямі фізічных палёў і сардэчна-сасудзістымі захворваннямі, складзены ўраўненні доўгатэрміновага і аператыўнага прагнозу захворвання інфарктам міякарда[1].
Крыніцы
правіцьЛітаратура
правіць- Хацько Ж. П. Плешчаніцкая геафізічная абсерваторыя // Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 4. Недалька — Стаўраліт / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1985. — 599 с., іл. — 10 000 экз.