Паўлава (Гомель)
Паўлава — колішні пасёлак у Давыдаўскім сельсавеце Гомельскага раёна Гомельскай вобласці. У межах Гомеля — з 1963 г.[1] Адміністрацыйна мясцовасць прыналежыць да Савецкага раёна[2].
Колішні пасёлак
Паўлава
|
На мяжы ХІХ-ХХ стст. на месцы будучага пасёлка знаходзіўся так званы Сабачы Хутар — гадавальнік паляўнічых сабак князя Ф. І. Паскевіча[3][4]. Час узнікнення пасёлка дакладна невядомы. Паводле ўспамінаў старажылаў у 1930-я гг. ён налічваў пяць падворкаў, а гаспадарскія агароды сягалі нізіны з ручаём Мільчанская канава, які выкарыстоўваўся для вадапою свойскіх жывёл і прання бялізны[4][5]. Землі вакол гэтых падворкаў значыліся за саўгасам імя Ланцуцкага, а пазней тут жа знаходзілася падсобная гаспадарка Гомельскага вагонарамонтнага завода[5].
Бытуе меркаванне, што афіцыйнай назвы пасёлак у даваенны час не меў[5][4]. Згодна з народнай версіяй, якую прыводзяць краязнаўцы Р. М. Музычэнка і А. Ф. Рогалеў, назва «Паўлава» замацавалася за пасёлкам у часы нямецкай нацысцкай акупацыі 1941-1943 гг. — нібыта ад прозвішча ці імя аднаго з першапасяленцаў[5][4]. Афіцыйныя крыніцы сцвярджаюць, што назву пасёлку ад пачатку далі ў гонар савецкага фізіёлага І. П. Паўлава[1]. Між тым, на схематычнай карце ваколіц Гомеля 1920-х гг. у адпаведнай мясцовасці пазначаны хутар Паўлава[6].
Згодна з матэрыяламі Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі, нацысцкія акупанты 23 красавіка 1942 г. расстралялі двух жыхароў пасёлка Паўлава — братоў Яўсея і Кірыла Філімонавых[7]. Пасяльчанка Надзея Міхайлаўна Казлова ў ліку 23 жыхароў Давыдаўскага сельсавета 7 жніўня 1943 г. была сагнана на прымусовыя работы ў Германію[8].
Рост пасёлка адзначыўся пасля вызвалення Гомеля. Станам на 1945 г. там было 63 падворкі і пражывала 213 чалавек[1]. 25 чэрвеня 1963 г. пасёлак увайшоў у межы Гомеля[9]. Адна з вуліц на яго колішнім абшары носіць імя акадэміка І. П. Паўлава[2]. Абшар забудаваны пераважна пяціпавярховымі дамамі («хрушчоўкамі»). Тут знаходзіцца палац культуры «Фестывальны». У нязначнай ступені захавалася індывідуальная забудова сядзібнага тыпу.
Зноскі
- ↑ а б в Павлово // Гомель : Энцикл. справ. / редкол.: И. П. Шамякин [и др.]. — Минск: БелСЭ, 1990. — С. 346.
- ↑ а б Гомель. Атлас туриста. / Справоч. изд. Ред. Ю. М. Нестеровская. — Минск : РУП «Белкартография», 2019. — С. 17.
- ↑ Собачий Хутор // Рогалев, А. Ф. Топонимический словарь Гомеля и Гомельского района [Текст] / А. Ф. Рогалев. — Гомель : Барк, 2012. — С. 220.
- ↑ а б в г Павлово // Рогалев, А. Ф. Топонимический словарь Гомеля и Гомельского района [Текст] / А. Ф. Рогалев. — Гомель : Барк, 2012. — С. 178.
- ↑ а б в г Музычэнка, Р. Вуліца імя акадэміка Паўлава [Тэкст] // Р. Музычэнка // Гомельская праўда. — 1993. — 7 верасня. — С. 4.
- ↑ Окрестность аэропорта Гомель.
- ↑ Государственный архив Российской Федерации. — Ф. Р-7021. Оп. 85. Д. 37. Л. 110 — 110 об.
- ↑ Государственный архив Российской Федерации. — Ф. Р-7021. Оп. 85. Д. 37. Л. 111.
- ↑ Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР ад 25 чэрвеня 1963 года «Аб уключэнні ў гарадскую мяжу горада Гомеля населеных пунктаў Паўлава Давыдаўскага сельсавета, Масцішча і Хутар Сеўрукоўскага сельсавета Гомельскага раёна» // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1963, № 21 (1021).