Палац Радзівілаў (Дзятлава)
Палац Радзівілаў — палац у горадзе Дзятлава, размешчаны на вуліцы Свярдлова, 2. Помнік архітэктуры ракако.
Славутасць | |
Палац Радзівілаў | |
---|---|
53°27′37″ пн. ш. 25°23′37″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Горад | |
Архітэктурны стыль | ракако |
Заснавальнік | Мікалай Радзівіл |
Дата пабудовы | 1751 год |
Статус | Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 412Г000233 |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Гісторыя
правіцьПабудаваны ў 1751 годзе па фундацыі Мікалая Фаўстына Радзівіла на стромкім левым беразе ракі Дзятлаўкі. З канца XVIII стагоддзя належаў Солтанам. За ўдзел Солтанаў у паўстанні 1831 года сядзіба ў 1836 годзе секвестравана царскімі ўладамі. У другой палове XIX ст. выкарыстоўвалася як казармы для кавалерыйскіх часцей. У пачатку XX ст. у палацы была размешчана школа. У савецкія часы ў будынку размешчанаўся раённы шпіталь.
Архітэктура
правіцьКомплекс складаўся з мураванага палаца, пейзажнага парку (канец XVIII ст.) з круглым вадаёмам і творамі архітэктуры малых форм (масткі, павільёны), які з усходу паўкальцом агінаў палац. Гаспадарчыя пабудовы размяшчаліся пры ўездзе ў сядзібу з поўдня.
Палац
правіцьАд ансамбля збярогся мураваны палац. Першапачаткова гэта быў накрыты высокім вальмавым дахам двухпавярховы прамавугольны ў плане аб'ём з двума вуглавымі вежападобнымі алькежамі на высокім цокальным паверсе, накрытымі ўвагнутымі шатрамі з заломамі (не зберагліся). Цэнтр кампазіцыі падкрэслены на фасадах рызалітамі: на дваровым глыбокім чатырохвосевым, які, першапачаткова ўпрыгожаны фігурным атыкам, на галоўным плоскім трохвосевым, завершаны крапаваным лучковым франтонам. У тымпане франтона гербавы картуш князёў Радзівілаў. Рызаліт раскрапаваны чатырма пілястрамі, паміж якімі на другім паверсе размешчаны арачныя нішы з ракавінамі ў завяршэнні. Па перыметры будынка праходзяць прафіляваныя міжпаверхавы і завяршальны карнізы. Фасады рытмічна раскрапаваны плоскімі канеліраванымі пілястрамі. Прамавугольныя аконныя праёмы дэкарыраваны паўцыркульнымі аркамі, сандрыкамі хвалістых і ламаных абрысаў. У дэкаратыўным аздабленні фасадаў выкарыстаная лепка ў стылі ракако: раслінны арнамент, гірлянды, геральдычныя знакі, медальёны. Вуглы будынка ўмацаваны контрфорсамі.
Спачатку планіроўка будынка была анфіладная. Цэнтральнае месца займала двухмаршавая лесвіца і парадная двухсветлавая зала. Інтэр'ер пры рэканструкцыі ў 1831 г. зменены.
Літаратура
правіць- Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік / Беларус. Энцыкл.; Рэкал.: А. А. Воінаў і інш. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-85700-078-5. — С. 198
- Беларус��ая энцыклапедыя: У 18 т. Т. 6: Дадаізм — Застава / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 6. — С. 166. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0106-0 (т. 6).
- Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь: [Даведнік] / склад. В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк. — Мн.: БЕЛТА, 2009. — 684 с. — 1 000 экз. — ISBN 978-985-6828-35-8.
- Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1986. — Гродзенская вобласць. — 371 с., іл. — С. 170
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Палац Радзівілаў (Дзятлава)
- Палац Радзівілаў (Дзятлава) на сайце Radzima.org
- Палац Радзівілаў (Дзятлава) на сайце Глобус Беларусі (руск.)
- Палац Радзівілаў (Дзятлава) на сайце «Архіварта»