Нясебыр
Нясе́быр (балг.: Несебър), да 1934 г. меў назву Мясе́мврыя (балг.: Месемврия ад грэч. Μεσημβρία) — балгарскі горад, які знаходзіцца на Чарнаморскім узбярэжжы Балгарыі, на скалістым паўвостраве даўжынёй 850 м і шырынёй 300 м у 37 км на поўнач ад горада Бургас.
Горад
| ||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
Старажытны горад Нясебыр* | |
---|---|
Ancient City of Nessebar** | |
Сусветная спадчына ЮНЕСКА | |
Краіна | Балгарыя |
Тып | Культурны |
Крытэрыі | iii, iv |
Спасылка | 217 |
Рэгіён*** | Еўропа і Паўночная Амерыка |
Каардынаты | 42°39′22″ пн. ш. 27°43′48″ у. д.HGЯO |
Гісторыя ўключэння | |
Уключэнне | 1983 (7-я сесія) |
* Міжнародная канвенцыя «ЮНЕСКА» ** Назва ў афіцыйным англ. спісе *** Рэгіён па класіфікацыі ЮНЕСКА |
Нясебыр падзяляецца на дзве часткі: Новы Нясебыр, у якім знаходзіцца большасць сучасных дамоў і гатэляў — і Стары Нясебыр, які знаходзіцца на маленькім паўвостраве і звязваецца з сушай вузкім перашыйкам даўжынёй каля 400 метраў. На поўнач ад Новага Нясебра знаходзіцца сусветна вядомы курорт Сонечны бераг.
Горад Нясебыр — адзін з найстаражытнейшых гарадоў Еўропы з насельніцтвам каля 10 000 жыхароў. Гэта пераемнік старажытнага фракійскага паселішча Мясемврыя, якое існавала з пачатку першага тыс. да н. э. У 510 г. да н. э. ён быў ператвораны ў грэчаскую калонію.
З антычнасці да нашых дзён захаваліся руіны крапасной сцяны, цэрквы, вежы, вароты і брамы, рэльефы. У 1983 г. горад Нясебыр (у прыватнасці, яго старажытная частка) быў уключаны ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. У старой частцы горада адбываюцца інтэнсіўныя археалагічныя пошукі. Падчас раскопак былі знойдзеныя разваліны царквы пабудовы IX ст. н. э., а таксама рэшткі візантыйскіх тэрмаў. На тэрыторыі Нясебыра ў тым ці іншым стане знаходзіцца каля 40 цэркваў. Такім чынам Нясебыр займае першае месца ў свеце па колькасці цэркваў на душу насельніцтва.
Назва
правіцьУ адпаведнасці са Страбонам[1], першапачаткова паселішча, заснаванае тут фракійцамі, называлася Мене́брыяй, г. зн. Мена́палем, бо яго заснавальнікам быў нехта Мена, а «brias» па-фракійску значыць «горад». У 811 г. Месембрыяй авалодаў балгарскі хан Крум Жахлівы, які і зацвердзіў за гэтым горадам транскрыпцыю балг.: Несебър (бел.: Нясе́быр). Да 1934 г. горад меў афіцыйную назву Мясе́мврыя (замацавалася ў балгарскай мове з часоў Асманскай імперыі: туркі называлі горад на грэчаскі лад). У 1934 г. Нясебыру вярнулі гістарычную балгарскую назву.
Гісторыя
правіцьУ найбольш ранніх археалагічных слаях на тэрыторыі сучаснага Нясебыра знойдзена кераміка, якая ва Усходнім Міжземнамор'і звычайна асацыюецца з фракійцамі. Гэта кераміка датуецца канцом бронзавага веку — пачаткам жалезнага веку, г. зн. XII—XI стст. да н. э. Дадзены тып керамікі характэрны як для ўнутраных раёнаў Фракіі, гэтак і для ўзбярэжжаў Чорнага і Эгейскага мораў[2]. У канцы VI ст. да н. э. дарыйскія грэкі (перасяленцы з Мегары, Візантыі або Халкедона) ператварылі яго ў грэчаскую калонію і ажыўлены гандлёвы цэнтр[3]. З гэтага часу горад у грэчаскім свеце быў вядомы як Месамбрыя або Месембрыя. На падставе літаратурных крыніц дакладнай датай узнікнення тут грэчаскай калоніі лічыцца 510 г. да н. э.; першыя археалагічныя матэрыялы адсюль датуюцца прыкладна 500 г. да н. э.[4] Большая частка антычнага горада незваротна знішчана разбуральным землетрасеннем: тэрыторыя паўвострава складала каля 40 гектараў, а цяпер толькі 24. XII—VI стст. да н. э. датуюцца адныя гарадскія вароты і падводныя рэшткі тагачасных умацаванняў горада. Захаваліся руіны крапасных сцен і вежаў з часанага вапняку, археалагічныя парэшткі агоры ў цэнтры, акропаля, перыстыля і некалькіх дамоў.
У 72 г. до н. э. горад быў захоплены арміяй Рымскай імперыі без фактычнага супраціву. Пасля непрацяглай акупацыі Месембрыя (Мелсамбрыя) стала часткаю Рымскай імперыі і атрымала шэраг прывілеяў, напрыклад, права чаканіць уласную манету. У канцы I ст. у горадзе прыняла смерць першая хрысціянская жанчына-вялікапакутніца — Святая Ірына Македонская, якая, па паданні, была ажыўлена анёлам пасля кары.
Пасля распаду Рымскай імперыі горад, як і ўвесь Балканскі паўвостраў, быў уключаны ў склад Візантыі. Найкаштоўнейшым помнікам візантыйскай эпохі з'яўляецца базіліка святой Сафіі, якую яшчэ называюць Старой Мітраполіяй, пабудаваная на месцы агоры ў VI ст. У 680 г. Месембрыя была ўзведзена ў ранг епіскапскага горада. У 811 г. Месембрыяй авалодаў балгарскі хан Крум Жахлівы. У 1098 г. у ваколіцах горада адбылося паўстанне секты багамілаў.
Ужо ў складзе Другога Балгарскага царства, у XIII—XIV стст., калі Балгарыя была асабліва моцнай у палітычным і эканамічным дачыненнях і перажывала свой культурны росквіт, Нясебыр стаў горадам болей чым з 40 цэрквамі, пабудаванымі ў XII—XIV стст., у іх ліку з царквою, якую называлі Новай Мітраполіяй. Пік развіцця Нясебыра прыйшоўся на час панавання цара Івана Аляксандра, калі горад быў адным з найважнейшых у Балгарскай дзяржаве.
У 1452 г. Нясебыр схіліўся пад націскам туркаў, сцены крэпасці былі разбураныя. У часы Асманскай імперыі (XV—XIX стст.) Нясебыр спусташаўся і руйнаваўся, як і многія іншыя балгарскія гарады. Шматлікія ўнікальныя помнікі архітэктуры былі разбураныя. Туркі прынеслі сваю культуру і сваю рэлігію. Ад гэтага часу захаваліся стары фантан і турэцкія лазні. У асманскім справаводстве ў якасці назвы горада пачаў выкарыстоўвацца транслітарат з грэчаскай мовы замест балгарскага варыянта назвы.
У перыяд балгарскага нацыянальнага адраджэння ў горадзе былі пабудаваныя дамы, якія надаюць сучаснаму Нясебыру архаічную рамантыку. Тыповыя нясебырскія дамы XVIII—XIX стст. маюць невялікія двары, якія выходзяць на вуліцу, акрэсленую сценамі каменных цокальных паверхаў. Драўляная лесвіца, нярэдка рухомая, вядзе ў пакоі другога паверха. Ён лёгкі, эркерны, цалкам абшыты дрэвам і выступае па-над першым паверхам, а бэлькі, якія яго падпіраюць, яшчэ мацней звужваюць глядальную вулічную прастору. Для інтэр'еру характэрныя драўляныя столі і выбеленыя сцены. Вокны на верхніх паверхах шырокія, калі ў цокальным вузкія і нешматлікія. У наш час у гэтых дамах нярэдка знаходзяцца сувенірныя крамы, кафэ і рэстараны.
У 1920-х гг. Мясемврыя (у 1934 г. афіцыйна перайменаваная ў Нясебыр) пачала паступова развівацца як курорт, аднак большасць насельніцтва горада ўсё яшчэ займалась рыбнай лоўляй.
Падчас Другой сусветнай вайны ў ваколіцах горада былі пабудаваныя некалькі моцных дотаў і артылерыйскіх батарэй, якія баранілі Нясебыр з мора і сушы. У баявых дзеяннях яны не ўдзельнічалі і зараз знаходзяцца ў закінутым стане.
Мацерыковая частка горада пачала актыўна забудоўвацца ў сярэдзіне 1950-х гг. Са з'яўленнем суседняга курорта Сонечны бераг Нясебыр пачаў развівацца галоўным чынам як курортны горад.
Геаграфія
правіцьГеаграфічнае становішча
правіцьГорад Нясебыр з'яўляецца адміністрацыйным цэнтрам абшчыны Нясебыр, якая займае паўночную частку ўзбярэжжа Чорнага мора у Бургаскай вобласці. Мяжуе на поўначы з абшчынамі Бяла і Долны Чыфлік, на захадзе — з абшчынай Паморые, на поўдні і ўсходзе — з Чорным морам.
Клімат
правіцьКлімат умераны. Адпаведныя экалагічныя і кліматычныя ўмовы і высокая сярэднегадавая тэмпература з'яўляюцца фактарамі, які фарміруюць адну з галоўных структур мясцовай эканомікі — турызм.
Клімат Нясебыра | |||||||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
Паказчык | Сту | Лют | Сак | Кра | Май | Чэр | Ліп | Жні | Вер | Кас | Ліс | Сне | Год |
Сярэдняя тэмпература, °C | 3,0 | 4,5 | 6,0 | 11,0 | 16,5 | 21,5 | 24,5 | 25,0 | 20,5 | 16,0 | 11,0 | 5,5 | 13,8 |
Норма ападкаў, мм | 39 | 34 | 30 | 38 | 45 | 45 | 33 | 26 | 24 | 39 | 51 | 45 | 449 |
Насельніцтва
правіцьЗмяненне колькасці насельніцтва Нясебыра ў XX—XXI стст. (чал.)[5] |
---|
Станам на 2012 г. насельніцтва Нясебыра склала 11 366 чалавек.
Гарады-пабрацімы
правіцьЗноскі
- ↑ Страбон, География, кн. VII, гл. VI, § 1 р. 319 (руск.)
- ↑ Велков В., Огненова-Маринова Л., Чимбулева Ж. Месамбрия — Месембрия — Несебр. София: Свят, 1991. С. 32. (руск.)
- ↑ Пра греэчаскую каланізацыю Месембрыі распавядаюць наступныя антычныя аўтары: Герадот, VI, 33, 2; Страбон, VII, p. 319; Псеўда-Скімн, 714 сл.
- ↑ См.: Грэхэм А. Дж. Каланіяльная экспансія грэкаў // Кембрыджская гісторыя старажытнага свету. Т. III, частка 3: Пашырэнне грэчаскага свету. М., 2007. С. 194 (табліца). (руск.)
- ↑ Справка за населението на град Несебър Архівавана 20 кастрычніка 2017. (балг.)
- ↑ https://ohrid.gov.mk/%D0%BF%D1%80%D0%B8%D1%98%D0%B0%D1%82%D0%B5%D0%BB%D1%81%D0%BA%D0%B8-%D0%B8-%D0%B7%D0%B1%D1%80%D0%B0%D1%82%D0%B8%D0%BC%D0%B5%D0%BD%D0%B8-%D0%B3%D1%80%D0%B0%D0%B4%D0%BE%D0%B2%D0%B8/#1550493792826-104f2237-49593bde-e13530e7-072b
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Нясебыр