Міхаіл Міхайлавіч

князь друцкі

Міхаіл Міхайлавіч, свецкае імя не вядома (да 1315 — пасля 1330) — князь друцкі.

Міхаіл Міхайлавіч
Нараджэнне не пазней за 1315
Смерць не раней за 1330
Род Друцкія
Бацька Міхаіл Данілавіч
Дзеці Васіль Міхайлавіч і Дзмітрый Міхайлавіч

Сын друцкага князя Міхаіла Данілавіча. Згаданы ў 1330 годзе як «князь Міхаіл Друцкі» ў запісках кіеўскага мітрапаліта Феагноста, якому падарыў сярэбраны каўкій (царкоўную пасудзіну)[1].[2] У канцы XV ст. запісаны ў памяннік Кіева-Пячэрскай лаўры як родзіч кіеўскага ваяводы князя Дзмітрыя Пуцяціча, спіс пачынаецца з «князя Данила Дрюцкого, князя Михаила, князя Михаила, князя Димитриа, князя Симеона, князя Иоанна…»[3], у пераліку няма ні братоў бацькі Дзмітрыя Пуцяціча, ні братоў яго дзеда, відавочна, пададзена толькі простая лінія продкаў князя па мячы[2][4].

У рэчышчы гіпотэзы паходжання друцкіх князёў з Гедзімінавічаў, Аляксандр Белы выказаў думку тоеснасці князя Міхаіла Друцкага з 1330 года і князя Міхаіла Нарымонтавіча. Аднак, Юзаф Вольф у свой час вывеў асобу Міхаіла Нарымонтавіча толькі з імя па бацьку пінскага князя Васіля Нарымонтавіча ў дакуменце 2-й паловы XVI ст. з «выпісам» ранейшай фундацыйнай граматы царквы Раства Божай Маці ў Куранцы — «пана Василия Михаловича Нарымунта, князя пинского, пана мстиславского, подъ литомъ нароженья Сына Божого тысеча триста петьдесятъ пятого, индикта девятого», — а з крыніц Міхаіл Нарымонтавіч не вядомы. Да «выпісу» шэраг крыніцазнаўчых пытанняў быў яшчэ ў Яна Тэнгоўскага, які лічыў яго фальсіфікатам, а на думку Аляксандра Грушы фундацыйная грамата калі не фальсіфікат, то змешвае звесткі некалькіх ранейшых дакументаў і імёны некалькіх фундатараў у адно. На думку Тэнгоўскага і Грушы, асоба пінскага Міхаіла Нарымонтавіча ўяўная. Да таго ж, як заўважыў Андрэй Кузьмін, імя па бацьку князя Міхаіла Друцкага, згаданага ў 1330 годзе, напэўна, было Міхайлавіч або меней імаверна Данілавіч, тым часам як Нарымонт у хрышчэнні быў Глебам.

Меў прынамсі двух сыноў — Васіля і Дзмітрыя.[2]

Зноскі

  1. Приселков М. Д., Фасмер М. Р. Отрывки В. Н. Бенешевича по истории русской церкви XIV века // Известия Отделения русского языка и словесности императорской Академии Наук. 1916. Т. 21. Кн. 1. — С. 58.
  2. а б в Кузьмин 2007, с. 54.
  3. ДПКПЛ 1892, с. 31.
  4. Варонін 2002.

Літаратура

правіць
  • Варонін В. Друцкія князі XIV стагоддзя // БГА. — 2002. — Т. 9. — № 1-2 (16-17).
  • Древний помянник Киево-Печерской лавры (конца XV и начала XVI ст.). — Чтения в Историческом обществе Нестора-летописца. — 1892. — Т. 6.
  • Кузьмин А. В. Опыт комментария к актам Полоцкой земли второй половины XIII-начала XV в. (окончание) // Древняя Русь. Вопросы медиевистики. — 2007. — № 4 (40). — С. 50-68.