Мексіка

краіна ў Паўночнай Амерыцы

Мексіка, Мексіканскія Злучаныя Штаты — федэратыўная канстытуцыйная рэспубліка ў Паўночнай Амерыцы, якая мяжуе на поўначы са Злучанымі Штатамі Амерыкі, на поўдні і захадзе абмываецца Ціхім акіянам, на паўднёвым усходзе мае мяжу з Гватэмалай, Белізам, а таксама абмываецца водамі Карыбскага мора і Мексіканскага заліва а ўсходзе[4]. З тэрыторыяй амаль роўнаю двум мільёнам квадратных кіламетраў[5], Мексіка — пятая па велічыні тэрыторыі краіна ў Амерыцы і 13-я ў свеце. Маючы насельніцтва большае за 126 мільёнаў чалавек, у 2010-х гадах Мексіка з’яўлялася 10-й па колькасці насельніцтва краінай свету. У 2020 годзе Мексіка абышла Японію і ўвайшла ў дзясятку самых населеных краін (паводле некаторых ацэнак, гэта адбылося ў 2018 годзе). Другая па колькасці насельніцтва ў Лацінскай Амерыцы, першая сярод іспанамоўных краін свету.

Мексіканскія Злучаныя Штаты
Estados Unidos Mexicanos
Герб Мексікі
Сцяг Мексікі Герб Мексікі
Гімн: «Himno Nacional Mexicano»
Дата незалежнасці 16 верасня 1810 (ад Іспаніі)
Афіцыйная мова Іспанская
Сталіца Мехіка
Найбуйнейшыя гарады Мехіка, Гвадалахара, Мантэрэй, Пуэбла
Форма кіравання Прэзідэнцкая рэспубліка
Прэзідэнт Андрэс Мануэль Лопес Абрадор
Плошча
• Усяго
• % воднай паверхні
13-я ў свеце
1 972 550 км²
2,5
Насельніцтва
• Ацэнка (2020)
Шчыльнасць

126 014 024[1] чал.
63 чал./км²
ВУП
  • Разам (2018)
  • На душу насельніцтва

$2498 млрд.[2]  (11-ы)
$20028
Валюта Мексіканскі песа (MXN, код 103)
Інтэрнэт-дамен .mx
Код ISO (Alpha-2) MX
Код ISO (Alpha-3) MEX
Код МАК MEX
Тэлефонны код +52
Часавыя паясы -6…-8
Месца па ВУП у свеце—15[3]

У дакалумбавай Мексіцы існавалі развітыя індзейскія цывілізацыі. У XVI стагоддзі Іспанія заваявала і каланізавала тэрыторыю Мексікі, якая стала цэнтрам віцэ-каралеўства Новая Іспанія. У 1821 годзе Мексіка набыла незалежнасць. Далей былі перыяды эканамічнай нестабільнасці, амерыкана-мексіканская вайна з тэрытарыяльнымі саступкамі на карысць ЗША, грамадзянская вайна, дзве імперыі і ўнутраная дыктатура. Апошняя прывяла да мексіканскай рэвалюцыі ў 1910 годзе, у выніку якой паўстала цяперашняя палітычная сістэма краіны.

Мексіка з’яўляецца адной з найбуйнейшых эканомік свету і лічыцца рэгіянальнай дзяржавай сярэдняй магутнасці[6][7]. Акрамя таго, Мексіка з’яўляецца першым лацінаамерыканскім членам Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця з 1994 года. Паводле дадзеных Сусветнага банка даход у Мексіцы вышэйшы за сярэдні[8]. Мексіка з’яўляецца новай індустрыяльнай краінай[9][10][11] і новай сілай[12], яна мае 11-ы ВУП паводле парытэту пакупніцкай здольнасці. Эканоміка цесна звязана з краінамі-партнёрамі па Паўночнаамерыканскім пагадненні аб свабодным гандлі (НАФТА), асабліва з ЗША[13][14].

Мексіка займае пятае месца ў свеце і першае ў Амерыцы паводле колькасці аб’ектаў Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА[15][16][17]. З’яўляецца шостай з ліку найбольш біяразнастайных краін. Мексіка — самая папулярная сярод замежных турыстаў краіна Амерыкі (6-е месца з 39 млн наведвальнікамі ў 2018).

Этымалогія

правіць

Назва краіны паходзіць ад ацтэкскага «Мексіка» — так называлася сэрца Мексіканскай даліны, дзе знаходзілася сталіца ацтэкаў Тэначтытлан. Што да паходжання ацтэкскай назвы, адзінага меркавання вучоныя не маюць. Суфікс «ка» на мове науатль азначае «краіна», «месца»; з першай часткай складаней, але паводле асноўнай версіі слова «мекстлі�� было адным з сакрэтных імён бога Уіцілапочлі, ��.зн. «Мексіка» — месца, дзе жыве Уіцілапочлі.

Геаграфічнае становішча

правіць

Мяжуе на поўначы са Злучанымі Штатамі Амерыкі, на паўднёвым усходзе мае мяжу з Гватэмалай, Белізам. На поўдні і захадзе абмываецца Ціхім акіянам, на ўсходзе — водамі Карыбскага мора і Мексіканскага заліва. У склад Мексікі ўваходзяць два буйных паўвострава: на паўночным захадзе ў Ціхі акіян высунуты паўвостраў Каліфорнія, аддзелены ад мацерыка Каліфарнійскім залівам; на паўднёвым усходзе Мексіцы належыць большая частка паўвострава Юкатан. З пункту гледжання фізічнай геаграфіі, 12 % тэрыторыі краіны на ўсход ад перашыйка Тэуантэпек адносяцца да Цэнтральнай Амерыкі

Найбуйнейшыя астравы: Архіпелаг Рэвілья-Хіхеда, Гуадалупе, астравы Марыі, Касумель, Седрас, Тыбурон, Анхель-дэ-ла-Гуарда.

Прырода

правіць

Будова паверхні

правіць
 
Здымак тэрыторыі Мексікі з космасу

Большую частку Мексікі займае Мексіканскае нагор’е, якое пераходзіць на поўначы ў высокія раўніны і плато Тэхаса і Нью-Мексіка. З усходу, захаду і поўдня яно акружана глыбока раздзеленымі горнымі хрыбтамі Заходняй і Усходняй С’ера-Мадрэ: першая дасягае 160 км ушыркі і месцамі ўзнімаецца вышэй за 3000 м. Гэта адзін з найбольш магутных і цяжкапраходных горных бар’ераў Заходняга паўшар’я. На захад ад Заходняй С’еры за Каліфарнійскім залівам ляжыць паўвостраў Каліфорнія, паверхня якога ўяўляе чаргаванне тэрасападобных паверхняў з плоскімі рачнымі далінамі. Горная сістэма на ўсходзе нагор’я — Усходняя С’ера-Мадрэ — адносна лягчэйшая для пераадолення. На ўсход ад яе ляжыць Прымексіканская нізіна. Шырокая на поўначы, дзе яна злучаецца з прыбярэжнымі раўнінамі Тэхаса, далей да поўдня, ад Тампіка да перашыйка Тэуантэпек, яна ўяўляе сабой вузкую забалочаную прыбярэжную паласу, а яшчэ далей пашыраецца і зліваецца з вапняковай нізінай паўвострава Юкатан. Цэнтральная частка Мексіканскага нагор’я складаецца з шырокіх упадзін — бальсонаў — з спадзістымі схіламі; асобныя хрыбты часта ўвянчаныя вулканамі. Паверхня нагор’я паступова падвышаецца да поўдня і ўтварае клін у вулканічнай зоне, дзе ў шыротным кірунку працягваецца хрыбет Папярочная Вулканічная С’ера, утвораная амаль злітымі конусамі вулканаў. Тут знаходзяцца найвышэйшыя пункты: Арысаба (Сітлальтэпетль), 5610 м; Папакатэпетль, 5452 м; Істаксіуатль, 5286 м; Невада-дэ Талука, 4392 м; Малінчэ, 4461 м, і Невада-дэ-Каліма, 4265 м. У паўднёвай частцы нагор’я маюцца катлавіны, падзеленыя ўзгорыстымі градамі мяккіх абрысаў, прарэзанымі глыбокімі і вузкімі далінамі рэк. У буйнейшай з іх — даліне Мехіка — даўжынёй 80 км і шырынёй каля 50 км некалі знаходзілася пяць плыткіх азёр з забалочанымі берагамі; найбуйнейшым было возера Тэскока, у цэнтры якога, на востраве, размяшчалася сталіца ацтэкаў — Тэначтытлан. Папярочная Вулканічная С’ера стромкім уступам абрываецца да тэктанічнай упадзіны р. Бальсас, што глыбока ўдаецца ў горную вобласць. На поўдзень ад упадзіны ляжаць горы Паўднёвай С’ера-Мадрэ са складанай сеткай глыбокіх далін і крутасхілых грабянёў, амаль без роўных участкаў. На іх у геалагічным сэнсе Паўночная Амерыка сканчваецца і за нізінным пярашыйкам Тэуантэпек ляжыць Амерыка Цэнтральная, у Мексіцы да яе належаць горы Ч’япас вышынёй да 2400 м.

 
Трапічныя лясы на востраве Кантрой

Клімат

правіць

Амаль палова ўсёй тэрыторыі Мексікі мае арыдны або семіарыдны клімат. Засушлівыя ўмовы характэрныя для ўсёй паўночнай зоны ўздоўж мяжы з ЗША, ад Ціхага акіяна да Мексіканскага заліва, і распаўсюджваюцца ў цэнтральнай частцы нагор’я на поўдзень прыкладна да 22° пн.ш. Далей да поўдня колькасць ападкаў паступова павялічваецца, дасягаючы 580 мм у год у горадзе Мехіка і 890 мм у год ва ўпадзіне Пуэбла. Толькі штаты Веракрус і Табаска на ўзбярэжжы Мексіканскага заліва і Ціхаакіянскае ўзбярэжжа штата Ч’япас атрымліваюць дастатковую колькасць дажджоў на працягу ўсяго года. Вялікая частка ападкаў выпадае ўлетку, зімы адносна сухія. Тэмпературы і расліннасць залежаць ад вышыні над узроўнем мора. У Мексіцы гарачы пояс — т.зв. tierra caliente — размяшчаецца да прыкладна 600 м над у.м. або трохі вышэй; умераны пояс — tierra templada — распасціраецца над ім, да вышыні каля 1850 м; а яшчэ вышэй, да самой снеговой межы (3950-4550 м) знаходзяцца т.зв. «халодныя землі» (tierra fria). Вялікая частка Цэнтральнага нагор’я знаходзіцца на вышыні ад 1200 да 2400 м над у.м., што адпавядае верхняй частцы ўмеранага пояса і ніжняй часткі халоднага. Хоць сезонныя амплітуды тэмператур невялікія і, за выключэннем крайняй поўначы, складаюць у сярэднім каля 8 °C, сутачныя ваганні значныя, і ў горнай вобласці ночы звычайна халодныя. На прыбярэжных нізінах летнія тэмпературы перавышаюць 27 °C. Асабліва доўгае і гарачае лета характэрна для нізін, якія прымыкаюць да Каліфарнійскага заліва.

Унутраныя воды

правіць

На поўначы працякае найбуйнейшая рака Мексікі Рыа-Брава-дэль-Нортэ (у ЗША яна носіць назву Рыа-Грандэ) і яе адзіны прыток — Канчас. Самая буйная рака Цэнтральнага раёна — р. Лерма — працякае праз упадзіны Талука, Гуанахуата і Халіска і ўпадае ў возера Чапала, якое мае сцёк у Ціхі акіян праз р. Рыа-Грандэ-дэ-Сант’яга. Іншыя ўпадзіны — Агуаскальентэс і Пуэбла — таксама дрэнуюцца рэкамі басейна Ціхага акіяна.

Расліннасць

правіць
 
У Каліфарнійскай пустыні

У сувязі з малой колькасцю дажджоў паўночная палова Мексікі пакрытая мескітавымі дрэвамі, кактусамі, юкай і калючымі хмызнякамі. Гэта знакамітая пустыня Санора (Хіла), што працягваецца ў ЗША. У ніжняй частцы схілаў С’ера-Мадрэ травяністая расліннасць чаргуецца з нізкарослымі таполямі і вербамі, а вышэй сярод травы растуць рэдкастойныя дубы. Горны ланцуг, які цягнецца ўздоўж п-ва Каліфорнія, пакрыты хваёвым рэдкалессем, а арыднае заходняе ўзбярэжжа занята рэдкімі кактусамі ды асобнымі дрэвамі, якія тоўстым канічным ствалом (да 6 м вышынёй) з некалькімі коранепадобнымі галінамі нагадваюць перавернутую моркву. Да поўдня ўздоўж абодвух берагоў Мексікі раўнінная расліннасць паступова змяняецца ад хмызняковых зараснікаў і редкатраўных злакоўнікаў да саванавых рэдкалессяў, якія пачынаюцца прыкладна на шыраце Тампіка. На поўдзень ад Веракруса ўзбярэжжа багністае з густымі трапічнымі джунглямі, месцамі яны чаргуюцца з участкамі саван. Дажджавы трапічны лес пакрывае штат Табаска, поўдзень штата Юкатан і адкрытыя паўночныя схілы гор Ч’япас. Поўнач Юкатана занята паўлістападным трапічным лесам, злакоўнікамі і хмызняковымі зараснікамі. Тут асабліва шмат відаў агаў, адзін з якіх — агава Фуркрападобная (Agave fourcroides) — дае валакно «энекен» для вырабу паперы, вяровак і тарнай тканіны.

У паўднёвай палове Мексікі клімат і расліннасць змяняюцца ў залежнасці ад абсалютнай вышыні. Гарачы пояс пакрыты густым паўлістападным лесам. Ва ўмераным поясе расце шмат субтрапічных вечназялёных парод, да якіх вышэй па схілах прымешваюцца дубы і іншыя шыракалістыя лістападныя дрэвы. Ніжняя паласа халоднага пояса занятая хваёва-дубовым лесам, які на адзнацы каля 3050 м над у.м. пераходзіць у хваёва-піхтавы. Паблізу снеговой лініі высакагор’і пакрытыя альпійскімі лугамі.

Гісторыя

правіць

Дакалумбава Мексіка

правіць
 
Руіны горада Тэатыўакан, ІІ-VII ст.н.э.

Рэчыўныя сведкі прысутнасці першых людзей у на мексіканскай зямлі адносяцца да 8 тыс. да н.э. Мексіку лічаць адной з сямі калысак сучаснай цывілізацыі. У дакалумбавай Мексіцы існавалі і развіваліся цывілізацыі многіх культур: альмекаў (XII—V ст да н.э.), тальтэкаў, тэатыўаканаў, сапатэкаў, мая (іх росквіт прыйшоўся на IV—IX ст. н. э). Да дасягненняў мая належаць іерагліфічнае пісьмо, развітыя архітэктура і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, шырокія веды ў матэматыцы і астраноміі, дакладны каляндар. У XII стагоддзі ў Цэнтральнай Мексіцы з’явіліся ацтэкі, якія, скарыўшы мясцовыя плямёны, стварылі магутную імперыю.

Каланіяльны перыяд

правіць

Мэтанакіраванае даследаванне і заваяванне Мексікі еўрапейцамі пачалося ў 1517 годзе. Іспанцы паслалі да берагоў Мексіканскага заліва тры экспедыцыі. Тэрцяя з іх, пад кіраўніцтвам Эрнана Картэса (1519), выдалася паспяховай і імперыя Ацтэкаў пасля двухгадовае барацьбы скарылася перад канкістадорамі. У 1522 годзе іспанскі кароль Карл V прызначыў Картэса генерал-капітанам і губернатарам заваяваных земляў, да таго ж зрабіўшы яго буйнейшым землеўладальнікам; але ўжо ў 1528 з Іспаніі прыбыла аўдыенсія — адміністрацыйны каланіяльны орган, падпарадкаваны непасрэдна каралю. У 1535 Мексіка стала цэнтрам віцэ-каралеўства Новая Іспанія. З 1521 па 1821 гг., Мексіка заставалася каланіяльным уладаннем Іспаніі. Яе гаспадарка базавалася на эксплуатацыі індзейцаў, вымушаных працаваць на адабраных у іх землях на залатых ды срэбных рудніках.

Першае стагоддзе пасля набыцця незалежнасці

правіць
 
Парфірыа Дыяс у 1867

Падзеі ў Еўропе, набыццё незалежнасці Злучанымі Штатамі, пранікненне ў Лацінскую Амерыку прагрэсіўных ідэяў — ўсё гэта паслужыла прычынай барацьбы за самастойнасць. Сялянскія хваляванні 1810 года прывялі Мексіку да дзесяцігадовай вайны за незалежнасць. Сярод правадыроў паўстання вылучаліся святары Мігель Ідальга-і-Касцілья і Хасэ Марыя Марэлас — абодва былі схоплены і пакараны смерцю. У 1821 годзе паводле Кардоўскае дамовы Мексіка набыла незалежнасць, а правадыр паўстанцаў Аўгусцін Ітурбідэ абвясціў сябе імператарам Аўгусцінам І. Зрэшты ўжо вясной наступнага года Мексіка становіцца рэспублікай і губляе ўладу над краінамі Цэнтральнай Амерыкі. У 1835 годзе ад Мексікі аддзяляецца Тэхас, які абвяшчае сябе рэспублікай, і мексіканцы нічога не могуць супрацьпаставіць невялікаму тэхаскаму войску. У 1845 годзе ўспыхнула паўстанне ў Каліфорніі, яго ўдзельнікі абвясцілі аб стварэнні ўласнага ўрада. Вясной 1846 года на мексіканскую тэрыторыю ўварваліся войскі ЗША. Да восені 1847 гады амерыканцы захапілі значную частку Мексікі разам са сталіцай. Паводле дамовы Гуадалупе-Ідальга да ЗША адышлі Верхняя Каліфорнія, Новая Мексіка і часткі зямель іншых штатаў, што склала больш за палову ўсёй плошчы Мексікі. У 1860 годзе кансерватары прайгралі чарговую грамадзянскую вайну і папрасілі дапамогу ў еўрапейскіх дзяржаў. У 1861-62 гг. у выніку інтэрвенцыі да ўлады на французскіх штыках прыйшоў Максімільян Габсбург, абвешчаны імператарам. У 1867, як толькі каланіяльныя войскі пакінулі Мексіку, вельмі непапулярны імператар быў зрынуты і расстраляны. У 1876 годзе да ўлады прыйшоў Парфірыа Дыяс і яго валадарства цягнулася 34 гады. Недальнабачная эканамічная палітыка стала прычынай росту сацыяльнай напружанасці, якая прывяла да мексіканскай рэвалюцыі ў 1910 годзе. У выніку рэвалюцыі была прынята канстытуцыя 1917, тым самым фактычна паўстала цяперашняя палітычная сістэма краіны.

1917 — наш час

правіць

Апошняе стагоддзе аказалася не такім багатым на падзеі. Мексіку абмінаюць грамадзянскія войны. Значныя змяненні тычацца толькі эканамічных працэсаў. Напрыклад, у 1930-х прэзідэнт Ласара Кардэнас нацыяналізаваў уласнасць, што належала замежным нафтавым кампаніям. У 1980-х мексікансую эканоміку абрынуў сусветны эканамічны крызіс. У 1990-х уступленне ў НАФТА і новыя рэформы далі Мексіцы магутны штуршок да развіцця. На выбарах у ліпені 2000 года апазіцыйная партыя ўпершыню здабыла перамогу на прэзідэнцкіх выбарах у Інстытуцыйна-рэвалюцыйнай партыі. Пачатак ХХІ стагоддзя адзначаны ўзмоцненай барацьбой федэральных уладаў супраць наркабізнесу.

Дзяржаўны лад і знешняя палітыка

правіць

Дзяржаўны лад

правіць
 
Нацыянальны палац, месца пасяджэнняў парламента Мексікі

У адпаведнасці з канстытуцыяй 1917 года Мексіканскія Злучаныя Штаты з’яўляюцца федэратыўнай дэмакратычнай рэспублікай з прэзідэнцкай сістэмай кіравання. Канстытуцыя ўсталёўвае тры ўрадавыя ўзроўні: федэральны саюз, урады штатаў і муніцыпальныя органы ўлады. Паводле канстытуцыі, усе суб’екты дзяржавы павінны мець рэспубліканскую форму кіравання, якая складаецца з трох галінаў улады: выканаўчай, у асобе аднаго губернатара і прызначанага кабінета, заканадаўчая, якая вызначаецца аднапалатным кангрэсам, і судовай сістэмай. Дзвюхпалатны Кангрэс Саюза, які складаецца з сената і палаты дэпутатаў, праводзіць федэральныя законы, аб’яўляе вайну, спаганяе падаткі, сцвярджае дзяржаўны бюджэт і міжнародныя дагаворы, ратыфікуе і праводзіць дыпламатычныя сустрэчы[18]. У палату дэпутатаў Кангрэса саюза 300 дэпутатаў абіраюцца па мажарытарнай сістэме, а астатнія 200 дэпутатаў — па прапарцыйнай сістэме з закрытымі партыйнымі спісамі[19], для якіх краіна падзелена на 5 выбарчых акругаў[20]. У Сенаце 128 сенатараў: 64 сенатараў, па два з кожнага штата, і два з федэральнай акругі, якія абіраюцца па мажарытарнай сістэме, яшчэ 32 сенатары прызначаюцца па мажарытарнай сістэме, а астатнія 32 прызначаюцца на аснове прапарцыянальнага прадстаўніцтва з закрытымі партыйнымі спісамі.

Выканаўчая ўлада праводзіцца прэзідэнтам Мексіканскіх Злучаных Штатаў, які з’яўляецца к��раўніком дзяржавы і ўрада, а таксама вярхоўным галоўнакамандуючым мексіканскіх узброеных сіл. Прэзідэнт таксама прызначае Кабінет міністраў і іншых службовых асоб. Прэзідэнт нясе адказнасць за выкананне закона, і мае права вета на законапраекты[21]. У 2012 прэзідэнтам стаў Энрыке Пенья Ньета і Інстытуцыйна-Рэвалюцыйная партыя зноў вярнулася да ўлады. У 2018 новым прэзідэнтам стаў Андрэс Мануэль Лопес Абрадор, лідар новай партыі MORENA, якая ў тым жа годзе перамагла на парламенцкіх выбарах.

Судовая галіна ўлады прадстаўлена Вярхоўным судом, які складаецца з 11 суддзяў, прызначаных прэзідэнтам і зацверджаныя сенатам, якія інтэрпрэтуюць законы. Іншыя інстытуты судовай сістэмы прадстаўлены выбарчым трыбуналам, калегіяльнымі, унітарнымі і раённымі судамі.

Тры партыі гістарычна былі дамінуючымі партыямі ў мексіканскай палітыцы: Нацыянальная партыя дзеяння: правая кансерватыўная партыя; Інстытуцыянальна-рэвалюцыйная партыя, левацэнтрысцкая партыя; а таксама Партыя дэмакратычнай рэвалюцыі: левая партыя[22]. У 2010-х на палітычным рынгу з’явілася новая сіла — партыя Movimiento Regeneración Nacional або скарочана MORENA, да якой належыць і сённяшні прэзідэнт Абрадор.

Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел

правіць
 
Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел Мексікі

Мексіка — федэрацыя, што складаецца з 31 штата і адной федэральнай акругі ў сталіцы, якая карыстаецца правамі нароўні са штатамі. Згодна з Канстытуцыяй 1917 года, усе штаты валодаюць суверэнітэтам. У кожным штаце ёсць уласныя кангрэс і канстытуцыя.

Знешняя палітыка

правіць

Беларуска-мексіканскія адносіны

правіць

Дыпламатычныя адносіны паміж Беларуссю і Мексікай устаноўлены ў студзені 1992 года. У сакавіку 2005 года адбыўся першы ў гісторыі двухбаковых адносін візіт у Мексіку дэлегацыі беларускіх дзелавых колаў. У 2017 у Мінску было адкрыта ганаровае Консульства Мексіканскіх Злучаных Штатаў. У сувязі з гэтым намеснік міністра замежных спраў Беларусі Яўген Шастакоў выказаў надзею, што адносіны дзвюх краін атрымаюць новы імпульс, а Мексіка ў бліжэйшыя 15 гадоў увойдзе ў дзясятку галоўных гандлёвых партнёраў Беларусі.[23]

Насельніцтва

правіць
 
Полава-ўзроставая піраміда, 2016

У 2017 годзе паводле сярэдніх ацэнак Мексіка мае насельніцтва большае за 124 мільёны чалавек. У пачатку ХХІ ст. Мексіка з’яўлялася 11-й па колькасці насельніцтва краінай свету і пераследвала Японію, што замыкала дзясятку. У 2018 Мексіка абышла Краіну ўзыходзячага сонца і ўвайшла ў топ самых населеных краін. Мексіка — другая па колькасці насельніцтва ў Лацінскай Амерыцы, першая сярод іспанамоўных краін свету. У адрозненні ад той жа Японіі, дзе прырост адмоўны, насельніцтва Мексікі павялічваецца на 1,12 % за год (2017)[2], не зважаючы на міграцыйныя страты. У ЗША пражывае больш за 11 млн чалавек, якія нарадзіліся ў Мексіцы.

Этнічны склад даволі стракаты: 62 % мексіканцаў назвалі сябе метысамі, каля 29 % — індзейцамі, у 9 % рэшты ўваходзяць еўрапейцы, негры і інш. Большасць індзейцаў пражывае ў паўднёвых раёнах Мексікі (штаты Герэра, Аахака). Самыя буйныя індзейскія народнасці — ацтэкі, майя, сапатэкі, тараскі. Сярод індзейскага насельніцтва распаўсюджаны мясцовыя мовы. Увогуле на рэгіянальным узроўні выкарыстоўваецца 68 прызнаных моў. На дзяржаўным жа ўзроўні афіцыйнай мовы няма. Болей за 92 % насельніцтва валодае толькі іспанскай мовай, каля 6 % — іспанскай і яшчэ хаця б адной індзейскай, 0,8 % — выключна індзейскімі.

 
Мехіка-Сіці

Паводле ацэнкі 2010 года каталікі складаюць 82,7 % насельніцтва, пратэстанты — каля 8 %. Мексіка з’яўляецца рэдкай краінай у Лацінскай Амерыцы, дзе не адбываецца масавага пераходу з каталіцтва �� пратэстантызм. Дарэчы, пытанні аб этнічнай прыналежнасці і веравызнанні ў перапіс не ўваходзяць і прыведзеная статыстыка базуецца на выніках апытанняў.

Большая частка мексіканцаў (каля 70 %) жыве ў цэнтральных штатах, на Мексіканскім нагор’і, на вышыні больш за 1000 м над узроўнем мора. Асабліва высокая шчыльнасць насельніцтва характэрная для даліны Мехіка. Пустынная поўнач і лясістыя раёны поўдня заселеныя слаба. Урбанізацыя складае амаль 80 % (2017)[2]. У агламерацыі Вялікага Мехіка-Сіці пражывае каля 22 млн чал., што робіць яе адной з найбуйнейшых у свеце. Да наступных агламерацый адносяцца Гвадалахара (4,9 млн), Мантэрэй (4,7), Пуэбла (2,9). Сельскія пасяленні ўтвараюць вялікія згусткі, аддзеленыя адзін ад другога вялікімі бязлюднымі прасторамі.

Эканоміка

правіць

Па агульным аб’ёме ВУП (каля 2,5 млрд паводле ППЗ у 2018) Мексіка сёння займае 11-е месца ў свеце, пераўзыходзячы Канаду і не саступаючы Італіі. Многія аналітыкі лічаць, што ў сярэдзіне ХХІ стагоддзя Мексіка перамясціцца на 5-7 месца. ВУП на душу насельніцтва — адзін з найвышэйшых у Лацінскай Амерыцы (каля 20 000 долараў). Гаспадарка Мексікі цесна знітаваная з партнёрамі па НАФТА, асабліва з эканомікай ЗША. На ЗША прыходзіцца каля 70 % мексіканскага экспарту і 55 % імпарту. У 1994 Мексіка першай з лацінаамерыканскіх краін была прынятая ў АЭСР, што робіць гонар яе гаспадарцы, нягледзячы на тое, што Мексіка па ключавых паказчыках — другая з канца ў АЭСР пасля Чылі. Каля 20 % насельніцтва краіны жыве за рысай беднасці.

У здабыўной прамысловасці традыцыйна развітая здабыча каляровых металаў: срэбра, поліметалічных руд, сурмы, ртуці. Здабываюцца жалезная руда, сера, флюарыт (Мексіка — адзін з буйнейшых вытворцаў і экспарцёраў плавікавага шпату). Па здабычы нафты ў 2016 годзе (2,2 млн барэляў у дзень) Мексіка займала 14 месца ў свеце[24].

 
ГеаТЭС Azufres III

Краіна валодае шматгаліновай прамысловасцю, якая грунтуецца на багатай сыравіннай базе і вялікіх рэзервах таннай працоўнай сілы. Аснову энергетыкі складаюць нафта і прыродны газ. Большая частка электраэнергіі выпрацоўваецца на ЦЭС. На ўзбярэжжы Мексіканскага заліва ў правінцыі Веракрус працуе і мае намер выпрацоўваць электрычнасць да 2050 года двухрэактарная АЭС Лагуна-Вердэ, адзіная ў краіне. На прамысловай аснове дзейнічаюць геатэрмальныя і сонечныя станцыі.

У апрацоўчай прамысловасці найвялікшая роля машынабудавання, у структуры якога выдзяляюцца:

  • традыцыйнае аўтамабілебудаванне. Мексіка збірае аўтамабілі амерыканскіх, японскіх і еўрапейскіх марак для аб’ёмістага ўнутранага рынку і экспарту ў ЗША ды краіны Цэнтральнай Амерыкі. Па агульнай вытворчасці аўтамабіляў (4 млн у 2017) Мексіка займае сёмае месца ў свеце і пры захаванні тэмпаў росту ў 2018 мусіць абысці прызнанага лідара — Паўднёвую Карэю. Па вытворчасці грузавых аўтамабіляў Мексіка ўваходзіць у тройку сусветных лідараў.
 
Мексіканская электроніка, Meebox, 2011
  • інавацыйная электроніка. З пачатку нашага стагоддзя галіна электронікі дэманструе бурны рост. Мексіка займае шостае месца ў свеце па вытворчасці прадукцыі электронікі і электратэхнікі: тут робяць планшэты, смартфоны, камп’ютары вядомых брэндаў. У 2011 годзе Мексіка экспартавала прадукцыі электронікі на 71 млрд долараў, што складала 30 % яе экспарту.

Буйныя нафтаперапрацоўчыя цэнтры сфарміраваліся на ўзбярэжжы Мексіканскага заліва. Нафтаперапрацоўка развіта недастаткова: з’яўляючыся адным з найбуйнейшых сусветных экспарцёраў нафты, Мексіка імпартуе нафтапрадукты. Традыцыйна развітыя цэментная, лёгкая, харчовая прамысловасць.

У сельскай гаспадарцы пераважае раслінаводства — кукуруза, рыс, фасоля, пшаніца, памідоры (асноўныя прадукты харчавання); экспартнае значэнне маюць соя, бавоўнік, кава, трапічная садавіна (цытрусавыя, манга, ананасы, папайя). Жывёлагадоўля прадстаўлена ў асноўным развядзеннем буйной рагатай жывёлы мяснога кірунку. Ва ўзбярэжных раёнах атрымала развіццё рыбалоўства. Развітыя лесанарыхтоўкі.

Асноўную ролю ў перавозках грузаў і пасажыраў адыгрывае аўтамабільны транспарт (паўночная і цэнтральная часткі краіны). Мексіка знаходзіцца на скрыжаванні паветраных шляхоў з Паўночнага ў Паўднёвае паўшар’е. Густая сетка нафта- і газаправодаў злучае месцы здабычы з цэнтрамі перапрацоўкі і выкарыстання.

Вядомыя асобы

правіць

Крыніцы

правіць
  1. https://www.inegi.org.mx/programas/ccpv/2020/
  2. а б в Архіўная копія(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 30 мая 2015. Праверана 21 мая 2018.
  3. Міжнародны валютны фонд (красавік 2008)
  4. Merriam-Webster’s Geographical Dictionary, 3rd ed. Springfield, MA: Merriam-Webster, Inc.; p. 733
  5. Mexico Архівавана 29 студзеня 2018. at The World Factbook
  6. «How to compare regional powers: analytical concepts and research topics» Архівавана 30 лістапада 2012.. British International Studies Association.
  7. Ministry of Foreign Affairs of Japan. mofa.go.jp
  8. «Country and Lending Groups». World Bank.
  9. Paweł Bożyk (2006). «Newly Industrialized Countries». Globalization and the Transformation of Foreign Economic Policy. Ashgate Publishing, Ltd. p. 164. ISBN 0-7546-4638-6.
  10. Mauro F. Guillén (2003). «Multinationals, Ideology, and Organized Labor». The Limits of Convergence. Princeton University Press. pp. 126 (Table 5.1). ISBN 0-691-11633-4.
  11. N. Gregory Mankiw (4th Edition 2007). «Principles of Economics». Mason, Ohio: Thomson/South-Western. ISBN 0-324-22472-9.
  12. «G8: Despite Differences, Mexico Comfortable as Emerging Power». Ipsnews.net.
  13. Mexico (05/09). US Department of State.
  14. CRS Report for Congress. Congressional Research Service.
  15. «Mexico’s World Heritage Sites». Worldheritagesite.org.
  16. «Mexico on the UNESCO World Heritage». Whc.unesco.org.
  17. «Mexico’s World Heritage Sites Photographic Exhibition at UN Headquarters». Whc.unesco.org.
  18. «Articles 50 to 79» Архівавана 13 лістапада 2006.. Political Constitution of the United Mexican States.
  19. «Third Title, First Chapter, About Electoral systems, Article 11-1» Архівавана 10 кастрычніка 2017. (PDF). Código Federal de Instituciones y Procedimientos Electorales
  20. «Fourth Title, Second Chapter, About coalitions, Article 59-1» Архівавана 10 кастрычніка 2017. (PDF). Código Federal de Instituciones y Procedimientos Electorales
  21. «Articles 80 to 93» Архівавана 13 лістапада 2006.. Political Constitution of the United Mexican States.
  22. Estatuto del Partido de la Revolución Democrática Архівавана 19 красавіка 2009.. Documentos Básicos.
  23. https://www.belta.by/politics/view/belarus-i-meksika-podtverzhdajut-gotovnost-k-razvitiju-vsestoronnego-vzaimodejstvija-185750-2016/
  24. https://www.eia.gov/beta/international/data/browser/#/?pa=00000000000000000000000000000000002&c=ruvvvvvfvtvnvv1vrvvvvfvvvvvvfvvvou20evvvvvvvvvvvvuvo&ct=0&tl_id=5-A&vs=INTL.57-1-AFG-TBPD.A&vo=0&v=H&start=2014&end=2016

Літаратура

правіць
  • Геаграфія мацерыкоў і краін : вучэб. дапам. для 8-га кл. устаноў агул. сярэд. адукацыі з беларус. мовай навучання / А. А. Зыль [і інш.] ; пад рэд. П. С. Лопуха ; пер. з рус. мовы М. Л. Страхі. — 2-е выд., перапрац. — Мінск : Народная асвета, 2014. — 230 с. : іл. ISBN 978-985-03-2206-7..

Спасылкі

правіць