Мальфрыда
Мальфрыда, Мальфрэда або Мальфрэдзь (пам. 1000) — магчыма, родзічка або сваячка роду Рурыкавічаў.[1]
Мальфрыда | |
---|---|
Дата нараджэння | X стагоддзе |
Дата смерці | 1000 |
Муж | мерк. Уладзімір Святаславіч |
Дзеці | мерк. Святаслаў Уладзіміравіч[d] і мерк. Мсціслаў Уладзіміравіч |
Мальфрыда аднойчы згадана Аповесцю мінулых часоў як памерлая ў 1000 годзе[2] (Въ лѣто 6508 престависѧ Малъөрѣдь. В се же лѣто престависѧ и Рогънѣдь, мати Ярославлѧ), болей ніякіх звестак Аповесць мінулых часоў пра яе не дае, у тым ліку не называе Мальфрыду і сярод жонак кіеўскага князя Уладзіміра Святаславіча.
У гістарыяграфіі
правіцьЯк адзначае Фёдар Успенскі, імя Мальфрыда традыцыйна лічаць скандынаўскім, але ў Скандынавіі першай вядомай з крыніц Мальфрыдай была ў пачатку XII ст. дачка вялікага князя кіеўскага Мсціслава Уладзіміравіча, іншыя ж скандынаўскія Мальфрыды вядомы значна пазнейшым часам — XIII—XIV ст.[2] Імя не мела мужчынскага адпаведніка ў іменаслове Рурыкавічаў. На думку Успенскага, імя нямецкага паходжання і яго зыходная форма Amalfrida, першая галосная адпала яшчэ ў нямецкім асяроддзі, дзе вядома жаночае імя Malfrida і яго мужчынскі адпаведнік Malfrid.[3] Але Мальфрыда, згаданая пад 1000 годзе, не абавязкова была немкай, яна магла паходзіць з кантактнай зоны[4] з дастаткова моцным уплывам нямецкага іменаслова[3]. Урэшце, паводле Успенскага, для роду паходжанне імя не мела значэння[5], а Мальфрыда, улічваючы рэдкасць згадак жаночых імён летапісамі, стала адным з устойлівых жаночых імёнаў дынастыі нашчадкаў Уладзіміра Святаславіча[6].
Адносна ўласна Мальфрыды памерлай у 1000 годзе было шмат здагадак, адны даследчыкі бачылі яе жонкай Уладзіміра Святаславіча, другія — атаяснялі з маці Уладзіміра, Малушай.[2]
У XVIII ст. Васіль Тацішчаў са спасылкай на Іаакімаўскі летапіс называў Мальфрыду чацвёртай жонкай князя Уладзіміра, якая разам з сынам Святаславам пазней атрымала ва ўдзел Оўруч[7]. Паводле самога Тацішчава, Іаакімаўскі летапіс — дужа складаная для вывучэння крыніца, ён не бачыў арыгінала, толькі выпіскі, зробленыя сваім інфарматарам, які выпісваў толькі адрозныя ад іншых летапісаў месцы, і, такім чынам, кантэкст звестак быў страчаны, потым і сам Тацішчаў не даў выпісак цалкам, а зрабіў з іх свае выпіскі. Таму не вядомы ўзровень апрацоўкі звестак летапісу інфарматарам і самім Тацішчавым[8]. Такім чынам, няма пэўнасці ні ў верагоднасці выпісак, ні ў верагоднасці перадачы іх Тацішчавым. Цяпер даследчыкі з асцярожнасцю ставяцца да ўсіх унікальных звестак Тацішчава. Таксама Тацішчаў называе Мальфрыду «чахіняй, княжной баемскай», на думку Успенскага, гэта не выглядае неймаверным, прынамсі бо Багемія была адной з нямецкіх моўных кантактных зон, але версію немагчыма верыфікаваць[3].
Таксама, калі Тацішчаў называе Мальфрыду маці толькі Святаслава, а маці Мсціслава называе Адэль, то Аповесць мінулых часоў пад 980 годам дае спіс жонак і сыноў Уладзіміра, дзе згадана невядомая імем жонка — маці Святаслава і Мсціслава. Пры гэтым Мсціслаў названы ў спісе двойчы, спачатку як сын Рагнеды, а ніжэй — разам са Святаславам як сын гэтай безыменнай жонкі[9]. На думку Юрыя Заяца, падваенне згадкі Мсцілава было следам рэдагавання спісу ў XII ст., калі некаторых сыноў, у тым ліку Мсціслава, прыпісалі Рагнедзе, але не выдалілі з зыходных месцаў, што ��ыправілі ў пазнейшых рэдакцыях. Такім чынам, звесткі Тацішчава супярэчаць абодвум варыянтам з Аповесці мінулых часоў, але і яе тэкст не цалкам арыгінальным дайшоў да цяперашняга часу.
Пазней Аляксей Шахматаў выказаў здагадку, што згадка Аповесці мінулых часоў пра смерці Мальфрыды тычыцца маці Уладзіміра — Малушы.[10]
На думку Успенскага, з пункту гледжання надання імёнаў, найболей імаверна, памерлая ў 1000 годзе Мальфрыда была маці Уладзіміра. Калі яна адна з жонак, то паўстае пытанне, чаму пазней імя надаецца сярод нашчадкаў Яраслава Уладзіміравіча, які некалькі разоў названы летапісам сынам Рагнеды. Нашчадкі Рагнеды і Уладзіміра імавернай не бралі шлюбы з нашчадкамі Мальфрыды і Уладзіміра, каб такім чынам імя трапіла ў сямейны іменаслоў Яраслава, бо былі блізкай раднёй прынамсі да пакалення праўнукаў Уладзіміра. Хаця Мальфрыда Мсціслаўна і была прапрапрапраўнучкай Уладзіміра, тры пакаленні яе продкаў з абодвух бакоў вядомы і сярод іх няма ўнутрыдынастычных шлюбаў.[2] Развагі Успенскага пакідаюць у баку магчымасць, што маці Яраслава магла быць і не Рагнеда[11][12][13], але яны слушныя для кожнай іншай маці Яраслава, калі яна не Мальфрыда.
Таксама паводле Успенскага «няма нічога немагчымага» і ў язычніцкі час або адразу па хрышчэнні Уладзімір мог трымацца нейкага парадку надання імёнаў, калі, напрыклад, называў дачок адной жонкі імем іншай жонкі[4]. То-бок, напрыклад, адзінаўтробная сястра Яраслава магла быць названа Мальфрыдай без кроўнай роднасці з Мальфрыдай, адной з жонак свайго бацькі, і такім чынам імя трапіла ў сямейны іменаслоў нашчадкаў Яраслава. Даследчык адзначае, што цяпер дужа мала вядома пра структуру княжацкай сям’і таго часу, у тым ліку не вядома ці быў на праўдзе такі парадак[4]. Таму Успенскі лічыць такую магчымасць меней імавернай[4].
Крыніцы
правіць- ↑ Литвина, Успенский 2006, с. 706.
- ↑ а б в г Литвина, Успенский 2006, с. 247.
- ↑ а б в Литвина, Успенский 2006, с. 249.
- ↑ а б в г Литвина, Успенский 2006, с. 248.
- ↑ Литвина, Успенский 2006, с. 246.
- ↑ Литвина, Успенский 2006, с. 247-248.
- ↑ Татищев В. Н. История российская. — М.; Л., 1963. Т. 2, Ч. 2. (Глава 4. Об истории Иоакима, епископа новгородского).
- ↑ Татищев 1963, с. 225—226.
- ↑ В год 6488 (980), w: Повесть временных лет.
- ↑ Powieść minionych lat. Najstarsza kronika kijowska, tł. Franciszek Sielicki, Wrocław-Warszawa 2005, s. 115. ISBN 83-7316-258-5
- ↑ Кузьмин А. Г. Начальные этапы древнерусского летописания. — М.: Издательство МГУ, 1977. — С. 275—276.
- ↑ Костомаров Н. И. Русская история в жизнеописаниях её главнейших деятелей. — М., 1991. — С. 8.
- ↑ Кузьмин А. Г. Ярослав Мудрый // Великие государственные деятели России. — М., 1996. — С. 26.
Літаратура
правіць- Литвина А. Ф., Успенский Ф. Б. Выбор имени у русских князей в X—XVI вв.: Династическая история сквозь призму антропонимики. — М.: Индрик, 2006. — 904 с. — 1 000 экз. — ISBN 5-85759-339-5.
- Татищев В. Н. История российская. — М.; Л., 1963. — Т. 2, Ч. 2.