Лявон Бароўскі (польск.: Leon Borowski; 27 чэрвеня 1784, Пінскі павет — 4 красавіка 1846, Вільня) — літаратуразнавец, філолаг, гісторык і тэарэтык літаратуры, педагог і публіцыст; адзін з вядомых прафесараў Віленскага ўніверсітэта 1820-х, калі Адам Міцкевіч і яго аднагодкі атрымлівалі ў Вільні адукацыю; член таварыства шубраўцаў.

Лявон Бароўскі
Любіч
Любіч
Нараджэнне 27 мая 1784(1784-05-27) ці 24 чэрвеня (5 ліпеня) 1784
Смерць 4 красавіка 1846(1846-04-04) (61 год) ці 4 (16) красавіка 1846 (61 год)
Месца пахавання
Род Бароўскія[d]
Член у
Адукацыя
Дзейнасць філалогія
Месца працы
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Жыццяпіс

правіць

Скончыў гімназію ў Паставах. Вучыўся ў Віленскім універсітэце, адначасова працаваў там сакратаром (1801—1807). У 1803 атрымаў навуковую ступень кандыдата філасофіі. У 1807—1811 выкладаў рыторыку і паэтыку ў Свіслацкай гімназіі.

У 1814, пасля смерці прафесара Эўсэбіюша Славацкага, пачаў выкладаць рыторыку, паэзію, філасофскую граматыку ў Віленскім універсітэце. У 1816 атрымаў ступень магістра філасофіі, з 1821 — экстраардынарны прафесар, з 1823 — ардынарны прафесар.

Бліскучы лектар, першым пачаў вучыць на семінарах аналізу літаратуры. Аказаў значны ўплыў на А. Міцкевіча, быў адным з першых прыхільнікаў яго паэзіі і першым назваў геніям. Лекцыі Л. Бароўскага слухалі і іншыя будучыя пісьменнікі, у т.л. Сімонас Даўкантас, Сімонас Станявічус, Юльюш Славацкі.

Пасля закрыцця Віленскага ўніверсітэта (1832), у 1833 прызначаны прафесарам гамілетыкі ў рымска-каталіцкую Віленскую духоўную акадэмію і да 1842 выкладаў там гамілетыку і польскую літаратуру, пакуль Акадэмія не была перакладзеная з Вільні ў Санкт-Пецярбург. Доўгі час служыў цэнзарам польскіх выданняў.

 
Магіла Л. Бароўскага

Памёр у 1846 у Вільні, пахаваны на Бернардынскіх могілках. На тыльным баку надмагілля ў выглядзе скалы ў 1900 была змешчана шыльда з тэкстам на польскай мове, дзе Л. Бароўскі названы першым, хто распазнаў у А. Міцкевічы нацыянальнага генія, і тым, хто сфарміраваў самых выдатных польскіх паэтаў і празаікаў 19 ст. Помнік упрыгожаны таксама вершаванай эпітафіяй Марыі Канапніцкай.

Дзейнасць

правіць

Выгадаваны на літаратурных густах 18 ст., Л. Бароўскі лічыцца адным з заснавальнікаў рамантызму ў польскай літаратуры; спрабаваў узгадняць яго з класіцызмам. Быў знаёмы з творамі класічных літаратур. Перакладаў з латыні, французскай, англійскай на польскую мову. Сярод перакладаў Л. Бароўскага — камедыі Мальера «Скупы» і «Жанчыны філосафы», фрагменты твораў Шэкспіра, Мільтана, Байрана. Пасля Л. Бароўскага застаўся ў рукапісы пераклад «Дон Кіхота» з іспанскага арыгінала. Выдаў паэму «Манахамахія» Ігнацыя Красіцкага са сваімі навуковымі каментарамі.

У 1815—1826 супрацоўнічаў з часопісам «Dziennik Wileński», дзе публікавалася адна з галоўных прац Л. Бароўскага «Заўвагі пра паэзію і рыторыку з пункту гледжання іх падабенства і адрознення» (польск.: «Uwagi nad poezją i wymową pod względem ich podobieństwa i różnicy»). Аўтар прац па педагогіцы, біяграфіі Эўсэбіюша Славацкага, сачыненняў «Uwagi nad poezją i wymową» (1820); «Retoryka» (1824); «O poznawaniu zdolności umysłowych w młodzieży» (1826).

Літаратура

правіць
  • Kasperavičienė Audronė, Surwiło Jerzy. Przechadzki po Wilnie. Zarzecze. Cmentarz Bernardyński. — Wilno: Efekt, 1997. — С. 49—50. — 132 с.
  • Конан У. М. Баброўскі Лявон // Мысліцелі i асветниікі Беларусі. Энцыклапедычны даведнік / гал. рэд. Б. I. Сачанка. — Мінск: Беларуская энцыклапедыя, 1995. — С. 364—366. — 672 с. — 6000 экз. — ISBN 985-11-0016-1
  • Боровский, Лев // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (руск.). — СПб., 1890—1907. (руск.)
  • Algis Kalėda Leonas Borovskis // Visuotinė lietuvių enciklopedija, T. III (Beketeriai-Chakasai). — Vilnius: Mokslo ir enciklopedijų leidybos institutas, 2003. — 371 p. (літ.)