Краязнаўчы музей Бабініцкай СШ
Краязнаўчы музей Бабініцкай СШ. Заснаваны ў 1964 у гонар 20-годдзя вызвалення БССР ад нямецкіх войскаў. Да снежня 2012 г. займаў асобны будынак. Меў наступныя раздзелы: «Жыццё і быт беларускай вёскі», «Жыццё і рэвалюцыйная дзейнасць У. І. Леніна»; «Вызваленне нашага краю ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў», «Партызанскі рух у нашым краі», "Гісторыя школы і вучэбнай гаспадаркі «Падбярэззе». У музеі захоўваліся летапіс школы, падарункі гасцей музея.
Краязнаўчы музей Бабініцкай СШ | |
---|---|
Заснаваны | 1964 |
Месцазнаходжанне | Аграгарадок Бабінічы |
Арганізатарам музея быў дырэктар школы Уладзімір Дзянісавіч Крукоўскі, удзельнік Другой сусветнай вайны, заслужаны настаўнік БССР.
Дзякуючы працы музея было выяўлена многа імён воінаў, якія лічыліся прапаўшымі без вестак. У Бабінічы з Масквы і Украіны, з Казахстана і Марыйскай Рэспублікі, з Каракалпакіі і Бранска прыязджалі маці і ўдовы, бацькі і сёстры загінуўшых воінаў.
Сюды прыязджалі ветэраны 158-й стралковай дывізіі , якая вызваляла Бабінічы, генерал-лейтэнант І. С. Бязуглы . Ён уручыў школе вымпел і Ганаровую грамату Савецкага камітэта ветэранаў вайны, якую падпісалі праслаўлены военачальнік генерал арміі П. І. Батаў і Герой Савецкага Саюза А. П. Марэсьеў.
Школьнікі адшукалі цікавыя матэрыялы аб гераізме бранскай дзяўчыны разведчыцы Лелі Лукашовай. Яна загінула напярэдадні вызвалення Бабініч і была пахавана ў вёсцы Казанава. У музеі захоўваліся яе фота, франтавыя пісьмы. 24 лютага 1944 Леля пісала сваёй сястры:
Клянусь тебе, что за благо Родины я н пожалею отдать кровь, а если потребуется — и жизнь |
Музей у свой час вёў вялікую перапіску са сваякамі загінуўшых, з архівамі Міністэрства абароны СССР, з генерал-палкоўнікам І. І. Люднікавым, генералам арміі А. П. Белабародавым, генерал-лейтэнантам І. С. Бязуглым .
У снежні 2012 музей зачынены на нявызначаны тэрмін.
Літаратура
правіцьМузеі Віцебскага раёна // Памяць: Віцебскі раён: Гісторыка-дакументальная хроніка гарадоў і раёнаў Беларусі / Рэдкал.: А. П. Красоўскі [і інш.]; Укл. У. І. Мезенцаў; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: Мастацкая літаратура, 2004. — 772 с.: іл. — С. 719—720. — ISBN 985-02-0647-0.