Касцёл Адведзін Найсвяцейшай Дзевы Марыі (Гудагай)
Касцёл Адведзін Найсвяцейшай Дзевы Марыі — каталіцкі храм у в. Гудагай (Астравецкі раён). Помнік драўлянага дойлідства.
Каталіцкі храм | |
Касцёл Адведзін Найсвяцейшай Дзевы Марыі | |
---|---|
54°33′07″ пн. ш. 25°54′29″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Вёска | Гудагай |
Канфесія | Рымска-каталіцкая царква |
Епархія | Гродзенская дыяцэзія |
Ордэнская прыналежнасць | Кармеліты |
Архітэктурны стыль | беларускае народнае дойлідства |
Дата пабудовы | 1764 год |
Рэліквіі і святыні | Абраз Маці Божай Гудагайскай |
Статус | Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 412Г000042 |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Пабудаваны ў 1764 г. пры кляштары кармелітаў (не збярогся) у стылі барока.
Архітэктура
правіцьАсноўны прамавугольны ў плане зруб накрыты агульным дахам з пластычна выгнутымі вальмамі над пяціграннай апсідай і шатровымі вежачкамі па краях вільчыка. Раней касцёл быў дзвюхвежавы — па баках трохвугольнага франтону ўзвышаліся два чацверыкі з гранёнымі купалкамі. Да галоўнага фасада прыбудаваныя ўваходны тамбур, па баках апсіды — нізкія сакрысціі. Сцены вертыкальна ашаляваныя дошкамі з нашчыльнікамі, прарэзаныя лучковымі вокнамі ў плоскіх ліштвах, умацаваныя брусамі-сцяжкамі, завершаныя прафіляваным карнізам. Уваходныя дзверы аформленыя дэкаратыўнай укладкай шалёўкі складанага малюнка.
Інтэр'ер
правіцьІнтэр'ер зальны, на тарцовай сцяне апсіды кансольна размешчаная скульптура «Распяцце» пад трохвугольнай навіссю. Зала храма перакрыта плоскай столлю. Над уваходам на двух слупах хоры з арганам ракайльна-класіцыстычнай трактоўкі. Інтэр'ер упрыгожваюць тры драўляныя алтары канца XVIII ст., выкананыя ў стылі ранняга класіцызму. Алтары трохчасткавыя, у іх дэкоры выкарыстаныя іанічная каланада, драўляная скульптура, разны арнамент, капітэлі і ківоты пазалочаныя, чаканныя аправы алтарных абразоў. З боку ад галоўнага фасада размешчана аднаярусная каркасная квадратная ў сячэнні званіца з шатровым завяршэннем.
Літаратура
правіць- Архітэктура Беларусі. Энцыклапедычны даведнік. — Мінск, 1993.
Спасылкі
правіцьКасцёл Адведзін Найсвяцейшай Дзевы Марыі (Гудагай) на Вікісховішчы |
- Касцёл Адведзін Найсвяцейшай Дзевы Марыі (Гудагай) на сайце Radzima.org
- Касцёл Адведзін Найсвяцейшай Дзевы Марыі (Гудагай) на сайце Глобус Беларусі (руск.)
- Касцёл Адведзін Найсвяцейшай Дзевы Марыі (Гудагай) на сайце Catholic.by (бел.)