Казіміра Ілаковіч

У гэтай старонкі няма правераных версій, хутчэй за ўсё, яе якасць не ацэньвалася на адпаведнасць стандартам.

Казіміра «Іла» Ілаковіч (польск.: Kazimiera Iłłakowiczówna; 6 жніўня 1889, Вільня — 16 лютага 1983, Познань) — польская паэтэса, празаік, драматург і перакладчыца.

Казіміра Ілаковіч
польск.: Kazimiera Iłłakowiczówna
Фатаграфія
Дата нараджэння 6 жніўня 1889 г.
Месца нараджэння
Дата смерці 16 лютага 1983(1983-02-16)[1][2][…] (90 гадоў)
Месца смерці
Месца пахавання
Грамадзянства
Род дзейнасці перакладчыца, пісьменніца, паэтка, філосаф, празаік
Вучоба
Узнагароды
залаты крыж Заслугі камандор з зоркай ордэна Адраджэння Польшчы камандор ордэна Адраджэння Польшчы афіцэр ордэна Адраджэння Польшчы залатыя Акадэмічныя лаўры медаль «10-годдзе здабыцця незалежнасці»
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Біяграфія

правіць
 
Фота прыкладна 1982 года
 
Памятная шыльда перад музеем паэта ў Познані
 
Уручэнне Казіміры Ілакавічаўне Дзяржаўнай літаратурнай прэміі за 1934 г. міністрам рэлігійных веравызнанняў і народнай асветы Вацлавам Енджэевічам у студзені 1935 г.
 
Магіла Казіміры Ілаковіч на могілках Павонзкі ў Варшаве, 27 ліпеня 2008 г.

Была пазашлюбнай дачкой Барбары Ілаковіч і Клеменса Зана (сына Томаша Зана «Праменнага», блізкага сябра Адама Міцкевіча). Бацька яе быў забіты ў цягніку Гродна-Вільня ў 1889 годзе, маці яе была змушана адной выхоўваць двух пазашлюбных дачок, зарабляла ўрокамі, а маленькая Казіміра была аддадзена на выхаванне беларускай няньцы, ад якой будучая паэтка пачула байкі і казкі, што магло паўплываць на далейшую зацікаўленасць Казіміры Ілаковіч фальклёрам. Пасля заўчаснай смерці маці выхоўвалася ў сваякоў у Дзвінску. Яе ўзяла на выхаванне графіня Зоф’я Буйно, па нараджэнню Плятэр-Зыберк, якая стала свайго роду прыёмнай маці для Казіміры. Дзіцячыя гады правяла ў маёнтках Бальцін і Станіславова непадалёк ад Краславы Віцебскай губерні. [3].

З дапамогай сваёй прыёмнай маці атрымала бліскучую адукацыю. Яна скончыла апошнія гады гімназіі ў пансіёне Цэцыліі Плятэр у Варшаве, а экзамен здала ў Пецярбургскай гімназіі (1910), на мяжы 1908 і 1909 гадоў вучылася ў каледжы для замежнікаў (Norham Hall) у Оксфардзе [4], а ў 1910—1914 гадах — у Ягелонскім універсітэце (прымала ўдзел у студэнцкай забастоўцы). У 1915—1917 гадах служыла медсястрой у расійскай арміі пры польскім аддзеле 6-га санітарнага аддзела Усерасійскага зямельнага саюза. Летам 1915 года ў шпіталі ў Мінску захварэла на дызентэрыю, але была выратавана з дапамогай сям’і Чапскіх, пра што ўзгадвала Марыя Чапская ў сваіх успамінах:

«Складаней выратаваць было Казю Ілаковіч, паэтку, роднасную нам праз Плятэраў, сястру міласэрнасці ў аддзеле Усерасійскага зямельнага саюза. Напрыканцы лета 1915 г. яна трапіла ў Мінскі вайсковы шпіталь праз дызентэрыю. Нам удалося знайсці прыватную медсястру для яе, каб паклапаціцца над ёй, адзінай жанчынай у гэтым перагружаным халерычным бараку, дзе над ёй не было ніякай апекі. Ужо на шляху да выздараўлення, але яшчэ вельмі слабую, напярэдадні эвакуацыі ўсёй бальніцы ў Казань, здолелі выцягнуць яе адтуль і аддаць пад апеку Эле Раствароўскай і яе спадарожніцы, англічанцы Кэці, на той жа Пятроўшчыне»[5].

З 15 лістапада 1918 года працавала ў Міністэрстве замежных спраў, у 1926—1935 гадах была асабістым сакратаром Юзафа Пілсудскага, а пасля яго смерці — зноў у Міністэрстве замежных спраў. Саветнік палітычнага аддзела ў кабінеце міністра замежных спраў у 1938 годзе. У 1936—1938 гадах яна гастралявала па Еўропе з лекцыямі пра маршала Пілсудскага.

У 1939 годзе эвакуіравалася ў Румынію (у тым ліку ў Клуж), дзе і правяла вайну. У 1947 годзе вярнулася ў Польшчу.

Пасля вайны, пазбаўленая пастаяннай працы, яна пасялілася ў Познані, перакладала еўрапейскую літаратуру (Гётэ, Талстога) і выкладала англійскую мову, уважліва сачыла за палітычным жыццём (пасля познаньскіх падзей у чэрвені 1956 г., калі ў крывавых сутычках загінулі дэманстранты, напісала верш «Расстралялі маё сэрца ў Познані».

У апошнія гады жыцця пасля няўдалай аперацыі з нагоды глаўкомы яна аслепла. Жыла адна ў вельмі сціплых умовах, пад наглядам службаў.

Так і не выйшла замуж. «Для мяне Радзімай заўсёды застануцца Літва і Латвія. Усё астатняе — і Варшава, і Познань — былі і ёсць для мяне замежжа» — пісала ў позніх успамінах[3].

Пахавана на могілках Павонзкі ў Варшаве (участак 81-3-24).

Літаратурная творчасць

правіць

Яна была адной з найвыбітнейшых асоб літаратурнага жыцця Варшавы міжваеннага перыяду. У раннім юнацтве была захоплена фемінісцкім рухам. Аднак заўсёды была глыбока рэлігійнай і адчувала моцную сувязь з хрысціянскай духоўнасцю (паводле ўласных успамінаў рэлігійная вера ў яе стала крыштальна чыстай пасля выздараўлення ў Мінску). У Ілаковіч было шырокае кола сяброў, у тым ліку Віткацы, Юліян Тувім (пасля яго смерці яна прысвяціла яму кранальныя ўспаміны), Марыя Дамброўская (параўноўвала яе ў сваім «Дзённіку» з іспанскай святой Тэрэзай Авільскай).

Паводле літаратуразнаўцы Мікалая Хмяльніцкага, «К. Ілаковіч доўга і настойліва выпрацоўвала свой паэтычны голас, асабліва не клапоцячыся пра тое, ці будзе ён дастаткова моцным, каб вылучыцца з агульнага літаратурнага хору. Пошукі сябе цягнуліся многія гады і завяршыліся яскравай прэзентацыяй творчай індывідуальнасці, адным з важных фактараў фарміравання якой стаў менавіта беларускі дыскурс»[6].

Ілаковіч як паэтка выяўляе арыгінальную магічную фантазію, назіральнасць, жывапісную і дынамічную (амаль кінематаграфічную) здольнасць да апісання, надзвычайнае, амаль музычнае, пачуццё рытму тэксту, выкарыстоўвае гратэскную, а часам і наіўную, дзіцячую танальнасць твораў. Яе фантазія была сфарміравана дзяцінствам, праведзеным на латышска-беларускім памежжы. На творчасць таксама паўплывалі літаратурныя традыцыі: барока (напрыклад, Юзаф Бака) і рамантызм. Сярод польскіх паэтаў ХХ стагоддзя да яе блізкі сімваліст Баляслаў Лесьмян, але Ілаковіч у сваёй экспрэсіўнай вобразнасці пазбягае мовы сімвалаў. Звязаная сяброўствам з групай «Скамандар», яна захавала асобны і непаўторны характар сваёй паэзіі. У адрозненне ад іншай паэткі з гуртка «Скамандра» Марыі Паўлікоўскай-Яснаржэўскай, яна рэдка выяўляла прамую, жаночую эмацыянальнасць. Стала майстрам танічнага верша (танізму). Дэбютавала ў часы маладой Польшчы (том Ikarowe Loty, 1911), мастацкая сталасць дасягнула ў міжваенны перыяд, а апошні зборнік вершаў выдала ў сталым узросце (Szeptem, 1966).

Ушанаванне памяці

правіць
  • З 1983 года ў Познані прэміяй К. Ілаковіч адзначаюцца аўтары найлепшых дэбютных зборнікаў паэзіі, узнагароджанне заўсёды адбываецца ў кватэры на вуліцы Гаёвай.
  • У 1984 годзе яе познаньская кватэра на вул. Гаёва 4-8 ператвораны ў музей паэткі.
  • Памятная дошка ў яе гонар была адкрыта 8 красавіка 1984 года ў кляштары дамініканскага касцёла ў Познані.
  • Яе імем названы вуліцы, сярод іншых: у Чэнстахове, Катавіцах, Коніне, Лодзі, Востраве-Мазавецкім, Востраве-Вялікапольскім, Познані, Шчэціне і Уроцлаве.
  • 8 сакавіка 2024 года аднаму з памяшканняў у будынку Міністэрства замежных спраў было прысвоена яе імя.

Крыніцы

правіць
  1. FemBio database Праверана 5 мая 2019.
  2. Kazimiera Iłłakowiczówna // Brockhaus Enzyklopädie
  3. а б Хмельницкая Людмила Не для себя. Софья Буйно из рода графов Плятер-Зибергов (1847 – 1909) и Казимира Иллакович (1888 – 1983) // Віцебскі сшытак. — 2017. — Т. 5. — С. 147-166.
  4. Łucja Danielewska, Portrety godzin. O Kazimierze Iłłakowiczównie, Warszawa: Czytelnik, 1987, s. 128.
  5. Czapska Maria. Czas odmieniony. — Krakow: Znak.
  6. Хмяльніцкі Мікалай Беларусь як locus amoenus у паэзіі Казімеры Ілаковіч (1918–1939 гг.) // Cлавянскія літаратуры ў кантэксце сусветнай : матэрыялы ХІІІ Міжнар. навук. канф., прысвеч. 100-годдзю БДУ і 90-годдзю з дня нарадж. чл.-кар. НАН Беларусі праф. А. А. Лойкі, Мінск, 28–29 кастр. 2021 г.. — 2021. — С. 212-216.