Барысаў-Арэна
«Барысаў-Арэна» — футбольны стадыён у Барысаве, Беларусь. З’яўляецца хатняй арэнай для футбольнага клуба БАТЭ, які выступае ў Вышэйшай лізе чэмпіянату Беларусі. Умяшчальнасць стадыёна складае 13 121 месца.
«Барысаў-Арэна» | |
---|---|
Поўная назва | Дзяржаўная спартыўная ўстанова «Барысаў-Арэна» |
Месцазнаходжанне | Беларусь, Барысаў, вуліца Гагарына, 119 |
Закладзены | 12 лістапада 2010 |
Пабудаваны | 2014 |
Адкрыты | 3 мая 2014 |
Уладальнік | Барысаўскі раённы выканаўчы камітэт |
Хатняя каманда | БАТЭ |
Умяшчальнасць | 13 121[1] |
Памеры поля | 105×68 м |
Пакрыццё | натуральнае |
Сайт | borisov-arena.by |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Гісторыя
правіцьІдэя будаўніцтва новага стадыёна ў Барысаве абмяркоўвалася футбольнай грамадскасцю даўно. Аднак сур’ёзна пра гэта сталі задумвацца толькі пасля гістарычнага выхаду футбольнага клуба БАТЭ ў групавы этап Лігі чэмпіёнаў 2008/2009. Хатняя арэна «жоўта-сініх» не адпавядала патрабаванням УЕФА для правядзення матчаў групавой стадыі, таму каманда з Барысава была вымушана прымаць сваіх супернікаў на мінскім стадыёне «Дынама». На наступны год барысаўчане выйшлі ў групавы этап іншага еўрапейскага клубнага турніру — Лігі Еўропы. У снежні 2009 года старшыня праўлення ФК БАТЭ Анатоль Капскі на сустрэчы з заўзятарамі, якая праходзіла ў барысаўскім Доме культуры, заявіў: «У апошні час шмат думае�� пра новы стадыён. Заўзятары не раз выказвалі жаданне, каб у Барысаве з’явілася больш умяшчальная арэна. Размаўлялі з гэтай нагоды з кіраўніцтвам горада і вобласці. Плануем выступіць з ініцыятывай пабудовы стадыёна на 12-15 тысяч месцаў, на якім можна было б праводзіць міжнародныя матчы на ўзроўні групавых турніраў. Няхай гэта будзе не самы дарагі аб’ект, але зручны і функцыянальны».
У 2010 годзе барысаўскія дэпутаты стварылі ініцыятыўную групу і звярнуліся да прэзідэнта краіны з прапановай аб будаўніцтве новай арэны. На гэты запыт кіраўнік дзяржавы даў указанне Савету Міністраў, Мінскаму абласному выканаўчаму камітэту сумесна з Беларускай федэрацыяй футбола да 1 чэрвеня 2010 дэталёва прапрацаваць гэта пытанне і ўнесці па ім адпаведныя прапановы.
Будаўніцтва
правіцьПраект
правіцьКіраўніцтва футбольнага клуба БАТЭ пачало актыўна шукаць кампанію-праекціроўшчыка. Разгледзеўшы нямала варыянтаў, выбар быў зроблены на карысць славенскай фірмы «Ofis arhitekti». Летам 2010 года архітэктары Шпела Відзечнік і Рок Аман завяршылі працу над праектам стадыёна. Ідэя славенскіх спецыялістаў унікальная. Гэта чыста футбольная арэна, разлічаная на 12 548 гледачоў (пазней умяшчальнасць была павялічана да 13 121 месца), якая адпавядае патрабаванням чацвёртай катэгорыі УЕФА. Агульная колькасць гледачоў уключае ложу ганаровых гасцей больш чым на 600 чалавек. Прадугледжана і ўмяшчальная ложа для прэсы: 144 месцы абсталяваны столікамі, але агульная ўмяшчальнасць можа быць павялічана да 256. Вялікая ўвага пры распрацоўцы праекта была нададзена пытанням бяспекі. На тэрыторыі спартыўнага аб’екта размешчана каля двухсот відэакамер, абсталявана чатыры паста аховы.
Дах стадыёна звонку абліцаваны металічнымі лістамі, адтуліны на фасадзе служаць для натуральнай вентыляцыі газона. У тарцы даху будуць умантаваныя пражэктары для асвятлення футбольнага поля. Новая арэна атрымае сістэму вадкаснага падагрэву поля і два мультымедыйных табло. Тры тысячы квадратных метраў дадатковых камерцыйных плошчаў займаюць частку падтрыбунных памяшканняў паўночнай, усходняй і паўднёвай трыбун. Для заўзятараў і наведвальнікаў стадыёна прадугледжаны паркоўка на 1 000 машына-месцаў, чатыры асноўныя кропкі грамадскага харчавання.
Ход будаўніцтва
правіцьАфіцыйна будаўніцтва новага барысаўскага стадыёна пачалося 12 лістапада 2010 года. Ва ўрачыстай цырымоніі закладкі падмурка прынялі ўдзел Прэзідэнт Беларусі і прадстаўнікі футбольнага клуба БАТЭ. Кульмінацыяй цырымоніі стала закладка капсулы з пасланнем нашчадкам. «Праз два гады на гэтым месцы будзе пабудавана выдатнае спартыўнае збудаванне, якое будзе адпавядаць усім патрабаванням УЕФА для правядзення матчаў міжнароднага ўзроўню. Пры яго ўзвядзенні выкарыстоўваюцца самыя сучасныя тэхналогіі і матэрыялы, а яркае архітэктурнае рашэнне зробіць новы стадыён сапраўдным упрыгажэннем горада. Хай ён стане адным з любімых месцаў актыўнага адпачынку дарослых і дзяцей, а спаборніцтвы на яго полі будуць нязменна радаваць заўзятараў і прынясуць поспех нашым камандам», — гаворыцца ў пасланні.
Асноўныя работы па ўзвядзенні новай арэны пачаліся ў студзені 2012 года. У гэтым годзе былі ўсталяваныя падтрыбунныя калоны, пазней пачалося ўзвядзенне трыбун. Пад канец 2012 на стадыёне ўсталёўваюцца першыя фермы — металічныя канструкцыі, на якія будуць мантавацца дах і фасад. Увесну 2013 года ўсе фермы былі ўсталяваныя і пачаўся мантаж даху. На працягу лета вяліся работы па ўстаноўцы сістэмы падагрэву футбольнага поля і ўкладцы газона. Актыўна вяліся работы па будаўніцтве новай транспартнай развязкі і пад’язных дарог да стадыёна. Увосень 2013 скончыўся мантаж арыгінальнай ашалёўкі фасада арэны. Новы спартыўны аб’ект быў уведзены ў эксплуатацыю вясной 2014 года[2].
Адкрыццё
правіцьУрачыстае адкрыццё «Барысаў-Арэны» адбылося 3 мая 2014 года. У фінальным паядынку розыгрышу Кубка Беларусі 2013/2014 сустракаліся гродзенскі «Нёман» і салігорскі «Шахцёр». Уладальнікам ганаровага трафея стала каманда з Салігорска. 10 мая 2014 года свой першы матч на новым стадыёне згуляў футбольны клуб БАТЭ. У сёмым туры чэмпіянату Беларусі ў Вышэйшай лізе барысаўчане абыгралі футбольны клуб «Слуцк».
Сучаснасць
правіцьСтадыёну «Барысаў-Арэна» прысвоена чацвёртая катэгорыя УЕФА, што дазваляе праводзіць на ім футбольныя паядынкі самага высокага ўзроўню. Спартыўная арэна неаднаразова прымала матчы адборачных турніраў чэмпіянатаў свету і Еўропы з удзелам нацыянальнай зборнай Беларусі. Для наведвальнікаў на стадыёне працуюць крама футбольнай атрыбутыкі, трэнажорная зала, фітнес-зала, дзіцячы гульнявы цэнтр, кафэ.