Іпацій Пацей
Іпацій Пацей, свецкае імя Адам Львовіч Пацей (12 красавіка 1541, сядзіба Ражанка Берасцейскага пав. Падляшскага ваяв. — 18 ліпеня 1613) — царкоўны і дзяржаўны дзеяч Рэчы Паспалітай, пісьменнік-палеміст.
Іпацій Пацей | |||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|
|
|||||||
Царква | Уніяцкая царква | ||||||
Папярэднік | Міхаіл Рагоза | ||||||
Пераемнік | Іосіф Вельямін Руцкі | ||||||
|
|||||||
Папярэднік | Мялецій Храптовіч | ||||||
Пераемнік | Яўхім Марахоўскі | ||||||
|
|||||||
Папярэднік | Крыштаф Зяновіч | ||||||
Пераемнік | Рыгор Война | ||||||
Адукацыя | |||||||
Дзейнасць | пісьменнік, каталіцкі святар, каталіцкі біскуп, праваслаўны святар, Eastern Orthodox monk, багаслоў | ||||||
Імя пры нараджэнні | Адам Пацей | ||||||
Нараджэнне |
12 жніўня 1541 ці 12 красавіка 1541[1] |
||||||
Смерць |
8 ліпеня 1613 |
||||||
Пахаванне | |||||||
Дынастыя | Пацеі | ||||||
Бацька | Леў Пацей[d] | ||||||
Маці | Ганна з Лозкаў[d][2] | ||||||
Муж | Ганна з Галаўнёў-Астрожацкіх[d][1][3] | ||||||
Дзеці | Крыштаф Пацей[d], Пётр Пацей[d], Ян Пацей[d] і Ганна з Пацеяў[d] | ||||||
Аўтограф | |||||||
Творы ў Вікікрыніцах | |||||||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Біяграфічныя звесткі
правіцьПаходзіў з роду Пацеяў. Нарадзіўся на Берасцейшчыне ў шляхецкай сям’і. Бацька — Леў Пацей — вялікі пісар літоўскі часоў Жыгімонта Старога, таксама займаў урад падскарбія вялікага літоўскага. Маці — Ганна Лазчанка — па сведчаннях сучаснікаў, вельмі адукаваная жанчына. Пачатковую адукацыю атрымаў у Нясвіжскай пратэстанцкай школе. Затым, ужо пасля смерці бацькі, накіраваўся ў Ягелонскі ўніверсітэт (Кракаў), дзе паступіў на факультэт свабодных мастацтваў.
Па вяртанні на радзіму служыў да 1572 пры двары Жыгімонта II Аўгуста. 3 1566 берасцейскі пісар земскі, у 1569 пасол на сойм. З 1580 берасцейскі земскі суддзя, з 1588 берасцейскі кашталян і сенатар Рэчы Паспалітай. У 33-гадовым веку пакінуў кальвінскае веравызнанне і вярнуўся ў праваслаўе. Каля 1590 выступіў ініцыятарам стварэння Берасцейскага брацтва, пры які�� адчыняецца школа і шпіталь.
Пасля смерці жонкі (1592) прыняў манаства пад імем Іпацій (красавік 1593). 3 мая 1593 епіскап уладзімірскі (г. Уладзімір-Валынскі). У 1593 ўключаецца ў распрацоўку прынцыпаў яднання Праваслаўнай Царквы і Каталіцкага Касцёла. Пасля папярэдніх узгадненняў і ўдакладненняў, аб чым вядома з нерапіскі тых часоў, I. Пацей дамогся, каб праваслаўны сабор 1594, які праходзіў у Брэсце, большасцю галасоў прыняў Саборную грамату (2 снежня 1594), у якой былі вызначаны асноўныя мэты аб’яднання. І. Пацей, маючы на мэце прыцягнуць да справы царкоўнай уніі як мага больш прыхільнікаў, піша і выдае твор «Унія, або Выклад галоўных артыкулаў лучнасці грэкаў з Касцёлам Рымскім» (Вільня, 1595). Восенню 1595 разам з Кірылам Цярлецкім і вялікай дэлегацыяй у складзе свецкіх і духоўных асоб, едзе да Папы Рымскага. 23 снежня 1595 у святочнай атмасферы дэлегацыю прымае Клімент VIII. I. Пацей і К. Цярлецкі, выконваючы даручэнне сабора, прысягнулі Папу Рымскаму, за сябе і за іншых, на вечнае злучэнне Усходняй Царквы Рэчы Паспалітай (Кіеўскай мітраполіі) з Каталіцкай Царквой пад уладай Апостальскага пасаду ў Рыме. Улетку 1596 I. Пацей завяршыў падрыхтоўку да абвяшчэння царкоўнай еднасці. На Берасцейскім саборы, што праходзіў 16—18 кастрычніка (6—8 — паводле старога стылю) 1596, адбылося падпісанне пагаднення — Берасцейская унія. 3 1599 уніяцкі Мітрапаліт Кіеўскі і Усяе Русі.
I. Пацей у якасці епіскапа, а з 1600 і уніяцкага мітрапаліта быў надзелены значнымі ўладнымі паўнамоцтвамі. Аднак у змаганні з ідэйнымі апанетамі аддаваў перавагу пісьмоваму слову. У 1597 ён піша «Справядлівае апісанне Берасцейскага сабора» (Вільня, 1597), якое з’яўлялася разгорнутым адказам на «Апокрысіс» К. Філалета. На старонках твора I. Пацей аргументаваў, што падпісанне Уніі не супярэчыла царкоўнаму праву і свецкім законам ВКЛ і адбывалася належным чынам, а сабор праводзіўся ў адпаведнасці з даўнімі традыцыямі. У 1598 з’явілася вострае публіцыстычнае пасланне I. Пацея да князя К. Астрожскага. Палемічны талент I. Пацея выявіўся падчас літаратурных дыскусій з Клірыкам Астрожскім у 1598—99 г. Вядомасць атрымалі канцэптуальныя працы «Гармонія, або Згода веры, сакраментаў і цырымоній святой Усходняй Царквы з Касцёлам Рымскім» (Вільня, 1608) і «Адказ на ліст Мялеція, александрыйскага патрыярха» (1600). У іх пісьменнік на новым тэарэтычным узроўні паказаў, што Усходняя царква «з усімі яе цырымоніямі» вельмі блізкая да Касцёла. На пачатку XVII ст. I. Пацей шмат выступаў з пропаведзямі і казаннямі. Як правіла, прамаўляў на беларускай мове.
Шмат увагі I. Пацей аддае адукацыі і асвеце. Развівае заснаваную ў 1597 Берасцейскую школу, куды запрасіў доктара багаслоўя Пятра Аркудзія, грэка паводле паходжання. Засноўвае калегіум пры Віленскім Свята-Троіцкім манастыры, рэктарам якога прызначыў Пятра Федаровіча-Сумерэтніковіча. Штогод са сваіх сродкаў выдзяляў значныя сумы для школ ва Уладзіміры.
Пахаваны ва Уладзімірскім кафедральным саборы.
Сям’я
правіцьУ шлюбе з Ганнай з Галаўнёў-Астрожацкіх меў пяцёра дзяцей: Яна, Пятра, Крыштафа, Аляксандра, Кацярыну.
Літаратурная творчасць
правіцьАўтар палемічных твораў на старабеларускай і польскай мовах у абарону царкоўнай уніі: «Унія…» (1595), «Справядлівае апісанне ўчынкаў і справы сінодавае» (1597), «Размова берасцяніна з братчыкам» (1604), «Уваскрослы Налівайка» (1607), «Ерасі, невуцтва і палітыка папоў і мяшчан віленскага брацтва», «Гармонія…», «Рэляцыя» (усе 1608), вялікай колькасці прамоў, павучанняў і інш.
Для мастацкага метаду I. Пацея характэрна сінкрэтычнае спалучэнне антычных, заходнераманскіх і грэка-візантыйскіх мастацка-эстэтычных традыцый, з глыбіннай арыентацыяй на традыцыйную беларускую культуру, перадусім, гутарковую народную мову з яе лексіка-фразеалагічным багаццем і асаблівым марфалагічна-сінтаксічным каларытам.[4]
Творы I. Пацея ідэйна і тэматычна шматпланавыя. У іх дамінуе царкоўна-рэлігійная і маральна-філасофская праблематыка —тэалагічныя і хрысталагічныя матывы (непадзельнасць Святой Тройцы, выпраменьванне Святога Духа, богачалавечая прырода Хрыста), хрысціянская антрапалогія (сэнс чалавечага жыцця, шлях да Бога, маральны імператыў і аналіз чалавечых учынкаў у святле антынамічных катэгорый: «шчырасць — хлуслівасць», «пакорлівасць — пыхлівасць», «вернасць — адступніцтва»), сатэрыялогія (Чысцец і Мытарства, Пекла і Нябеснае Царства), эклесіялогія (сапраўдная вера і ерасі ў царкве), дэманалогія (вядзьмарства, паганскія багі, панаванне Антыхрыста). Шырока асвятляюцца тэмы Суднага дня, царкоўных цырымоній (абедня, вячэрня, павячэрніца, паўночніца, ютрань, славаслоўе, першая гадзіна, трэцяя гадзіна, шостая гадзіна, дзевятая гадзіна), Тайнаў Хрыстовых (Хрышчэнне, Мірапамазанне, Еўхарысція, або Цела і Кроў Хрыстовы, Пакаянне, Чыны святарства, Алеяпамазанне, Жаніцьба), пастоў, абразоў і выяў Бога, святых мошчаў, каляндарнай рэформы.
У публіцыстыцы І. Пацея ўздымаецца найвастрэйшая для яго часу праблема ўзаемадачыненняў паміж свецкай і духоўнай уладамі. Пісьменнік у рэзкай форме выказаўся супраць намераў свецкіх паноў, магнатаў непадзельна кіраваць святарамі. Дыктат над духоўнымі асобамі недапушчальны, меркаваў I. Пацей, бо гэта знявага царквы, невыкананне Божай навукі, здзек з запаветаў Хрыста. Сутнасць яго дактрыны ў тым, каб духоўныя справы цалкам залежалі ад волі святароў, вырашаліся выключна духоўнымі асобамі, а свецкія людзі ішлі за імі без ваганняў, «бо лепш ведае пастыр, што авечкам карысней».
На старонках твораў знайшла адлюстраванне праблема сацыяльнай дыферэнцыяцыі грамадства. I. Пацей выступіў у абарону ідэі грамадскага дыялога, паразумення станаў. Ён асуджаў анархію, хаос. Сацыяльныя супярэчнасці, канфесійныя непаразуменні ды міждзяржаўныя канфлікты, паводле яго пераканання, лепш за ўсё пераадольваць мірным шляхам — праз перамовы і ўзаемныя саступкі.
І. Пацей, бадай, першым у гісторыі нацыянальнай публіцыстычнай літаратуры сфармуляваў ідэю роўнасці грамадзянскіх і палітычных правоў для людзей свецкага і духоўнага станаў. Пісьменнік вызначыў асноватворныя прынцыпы міжканфесійнага дыялога, у першую чаргу паміж вернікамі каталіцкай і праваслаўнай цэркваў. Лейтматыў яго твораў — гуманістычная ідэя блізкасці, адзінства, адсутнасць грунту для нянавісці.
Бібліяграфія
правіцьПрапаведніцкія творы І. Пацея на старабеларускай мове былі сабраны і выдадзены ў 1677, у 1714 — перавыдадзены на польскай мове ў Супраслі.
Зноскі
- ↑ а б Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego. Spisy, t. VIII, Ziemia brzeska i województwo brzeskie XIV‒XVIII wiek / пад рэд. А. Рахуба — Warszawa: 2020. — С. 128. — ISBN 978-83-65880-89-5
- ↑ Pacowie : materyjały historyczno-genealogiczne / пад рэд. J. Wolff — СПб.: 1885. — С. 33. — 377 с.
- ↑ Kniaziowie litewsko-ruscy od końca czternastego wieku / пад рэд. J. Wolff — Warszawa: 1895. — С. 133.
- ↑ І. Саверчанка (2010)
Літаратура
правіць- Кішка Л. Жыцьцяпіс Іпація Пацея: Пер. з пол. // Спадчына. 1998. № 4.
- Старажытная беларуская літаратура (XII—XVII стст.) / Уклад, прадм., камент. І. Саверчанкі — Мінск: Кнігазбор, 2010. — («Беларускі кнігазбор»). ISBN 985-6824-43-5
- Лаўрык Юрась. Іпаці Пацей // Спадчына № 2-1992. С. 58-65. Архівавана 4 сакавіка 2016. // на pawet.net
- Кішка Лявон. Жыцьцяпіс Іпація Пацея // Спадчына. 1998. № 4. С. 143—180. // на pawet.net
- С. А. Падокшын. Іпацій Пацей: царкоўны дзеяч, мысліцель, пісьменнік на пераломе культурна-гістарычных эпох. — Мн.: Беларуская навука, 2001. — 118 с. ISBN 985-08-0393-2.
- Самусік А. Ф. Роля І. Пацея ў стварэнні ўніяцкай адукацыі на тэрыторыі Беларусі ў канцы XVI — пачатку XVII ст. // Веснiк Брэсцкага унiверсiтэта. Серыя 2. 2020. № 2. С. 58-62.
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 5: М — Пуд / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1999. — 592 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0141-9.
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Іпацій Пацей