Іван Мікалаевіч Лабойка

Іван Мікалаевіч Лабойка (1786—1861) — рускі літаратар, беларускі філолаг, гісторык, педагог; заслужаны прафесар Віленскага ўніверсітэта.

Іван Мікалаевіч Лабойка
Дата нараджэння 21 ліпеня (1 жніўня) 1786 ці 1786[1]
Месца нараджэння
Дата смерці 15 чэрвеня 1861(1861-06-15) ці 1861[1]
Месца смерці
Грамадзянства
Род дзейнасці гісторык
Месца працы
Альма-матар

Біяграфія

правіць

Крыніцы паказваюць, што ён нарадзіўся ў сям’і чыноўніка Харкаўскай казённай палаты 21 ліпеня 1786 года (па старым стылі), аднак па падліках самога І. М. Лабойкі годам нараджэння мог быць 1788 год. Скончыў Слабодска-ўкраінскую гімназію і ў 1805 годзе стаў адным з першых студэнтаў новаадчыненага Харкаўскага ўніверсітэта. Быў адным з першых вучняў прафесара філасофіі І. Б. Шада  (руск.).

Скончыўшы Імператарскі Харкаўскі ўніверсітэт (1808), быў прызначаны старэйшым настаўнікам у гімназію ў Ноўгарадзе-Северскім, дзе выкладаў логіку, псіхалогію і славеснасць; затым у 1811 годзе стаў настаўнікам нямецкай мовы ў старэйшых класах роднай Слабодска-ўкраінскай гімназіі. У 1812 годзе рэдагаваў інфармацыйна-бібліяграфічны часопіс «Харьковский еженедельник».

У жніўні 1815 года Лабойка атрымаў месца чыноўніка па асобых даручэннях у намесніка Царства Польскага В. С. Ланскога  (руск.). У гэты час ён пад кіраўніцтвам польскага лексікографа С. Б. Ліндэ  (руск.) заняўся параўнальным вывучэннем славянскіх моў, аднак ужо ў пачатку 1816 года вымушана з’ехаў у Санкт-Пецярбург, дзе быў прызначаны на службу ў Дэпартамент дзяржаўных маёмасцяў па лясным аддзяленні. Адначасова выкладаў у Ваенна-настаўніцкім інстытуце  (руск.), перакладаў навучальныя кнігі ў камісіі, якая забяспечвала кнігамі школы ваенных паселішчаў.

 
Аўтограф пісьма І. М. Лабойкі

У маі 1816 ён уступіў на правах супрацоўніка ў Вольнае таварыства аматараў расійскай славеснасці  (руск.)[2] і ў 1818 годзе ўжо рэдагаваў часопіс таварыства, а ў 1819 годзе выконваў абавязкі бібліятэкара таварыства. Меў зносіны з В. А. Жукоўскім, М. М. Карамзіным, Ф. М. Глінкам, М. Ф. Асталопавым  (руск.).

У 1822—1832 гадах — прафесар Віленскага ўніверсітэта; у 1825—1827 гадах займаў пасаду дэкана філалагічнага аддзялення. У 1829 годзе ажаніўся з курляндскай дваранкай Генрыэтай фон Клонман.

З’ехаўшы ў Вільню (1821), працягваў падтрымліваць сувязі з маскоўскімі і пецярбургскімі літаратарамі і навукоўцамі, пераважна з дапамогай інтэнсіўнай перапіскі (у прыватнасці, з графам М. П. Румянцавым). У Віленскім універсітэце выкладаў рускую літаратуру, рускую і стараславянскую мовы. Прыцягнуў да вывучэння віленскіх архіваў беларусаў: уніяцкага святара Антонія Сасноўскага, прафесараў Ігната Даніловіча, Міхаіла Баброўскага і Іаахіма Лялевеля. Па ініцыятыве Лабойкі студэнт Сімонас Станявічус  (руск.) і праваслаўны святар Іван Грыгаровіч складалі слоўнікі беларускай мовы, апошні пісаў граматыку.

І. М. Лабойка зрабіў шэраг прапаноў па комплекснаму вывучэнню Беларусі і Літвы. Збіраў матэрыялы са старабеларускіх помнікаў пісьменнасці для складання слоўніка. Прапанаваў Румянцаўскаму гуртку  (руск.) свой праект «слоўніка незразумелых выразаў» «Беларускага архіва старажытных грамат» І. Грыгаровіча. Вывучаў беларускую мову і фальклор.

У 1825 годзе Лабойка быў абраны членам «Таварыства паўночных старажытнасцяў» у Капенгагене і «Таварыства гісторыі і старажытнасцяў расійскіх  (руск.)» у Маскве; у 1839 годзе — членам «Курляндскага таварыства славеснасці і мастацтваў».

Стараннямі Лабойкі ў Вільні выдадзена аб’ёмістая анталогія перакладаў псалмоў і вершаваных твораў рэлігійнай тэматыкі 22 рускіх паэтаў «Збор расійскіх вершаў на карысць юнацтва, якое выхоўваецца ў навучальнай акрузе Імператарскага Віленскага ўніверсітэта» (1827).

У Вільні жыў і пасля ліквідацыі Віленскага ўніверсітэта (1832). У 1833—1840 гадах быў прафесарам Рымска-каталіцкай духоўнай акадэміі (быў таксама ў ёй членам праўлення); таксама да 1842 года быў прафесарам Віленскай медыка-хірургічнай акадэміі, створанай на аснове ўніверсітэцкіх факультэтаў. Па даручэнні М. А. Далгарукава  (руск.), дадзеным у 1833 годзе, ён падрыхтаваў даследаванне «Вільня, сталіца Заходняй Расіі і Кіеўскай мітраполіі», апублікаванае са скарачэннямі: Исторические воспоминания // Виленские губернские ведомости. — 1838. — № 5—11, 13—16. Да 1836 года ім былі апісаны рукапісы з бібліятэкі закрытага Віленскага ўніверсітэта (іх было 132), каталог разам з рукапісамі быў перададзены ў Імператарскую публічную бібліятэку ў Санкт-Пецярбургу.

У 1840—1841 гадах Лабойка падарожнічаў па Германіі і Швейцарыі. У 1842 годзе прыбыў у Санкт-Пецярбург, дзе спрабаваў паступіць на службу ў аддзяленне рукапісаў і старадрукаваных славянскіх кніг Імператарскай публічнай бібліятэкі; аднак на вакантнае месца ўзялі маладога археографа А. Ф. Бычкова  (руск.). У 1843 годзе пачаў пісаць успаміны. З 1844 года жыў у Харкаве, з 1845 — у Адэсе, быў супрацоўнікам «Адэскага Весніка  (руск.)». Падарожнічаў па Крыме (1847) і Заходняй Еўропе (1852). Увосень 1856 года вярнуўся да напісання мемуараў, якія засталіся незавершанымі і надрукаваныя толькі ў 2013 годзе.

Сачыненні

правіць
  • О важнейших изданиях Герберштейна записок о России. — Санкт-Петербург, 1818.
  • Взгляд на древнюю словесность скандинавского севера. — Санкт-Петербург, 1827.
  • Начертание грамматики российского языка, составленное по наилучшим и достовернейшим пособиям, на российском и польском языке. — Вильна, 1827.
  • Собрание российских стихотворений. — Вильна, 1827.
  • Описание польских и литовских городов (опись 80 городов).
  • Исследование о Литве.
  • Wyjątek z listu i о runach wogulności. — 1822.
  • Groby olbrzymie na Żmudzi i innе zabytki starożytności tego kraju. — 1823.

Зноскі

  1. а б Library of Congress AuthoritiesLibrary of Congress. Праверана 21 мая 2024.
  2. У кастрычніку 1818 года ў Вольнае таварыства аматараў расійскай славеснасці ўступіў на правах члена-супрацоўніка і яго малодшы брат, Парфірый.

Літаратура

правіць

Спасылкі

правіць