Царква Нараджэньня Маці Божай (Шарашоў)
Помнік сакральнай архітэктуры | |
Царква Нараджэньня Маці Божай
| |
Царква Нараджэньня Маці Божай, 1915 р.
| |
Краіна | Беларусь |
Мястэчка | Шарашоў |
Каардынаты | 52°33′17″ пн. ш. 24°12′51″ у. д. / 52.55472° пн. ш. 24.21417° у. д.Каардынаты: 52°33′17″ пн. ш. 24°12′51″ у. д. / 52.55472° пн. ш. 24.21417° у. д. |
Канфэсія | уніяцтва |
Першае згадваньне | 1517 |
Асноўныя даты: | |
Дата скасаваньня | сярэдзіна XX стагодзьдзя |
Будынкі: | |
Рэліквіі і сьвятыні | Шарашоўскае Эвангельле |
Стан | зруйнаваная |
Царква Нараджэньня Маці Божай |
Царква́ Нараджэ́ньня Ма́ці Бо́жай — помнік архітэктуры XVI—XVIII стагодзьдзяў у Шарашове. Знаходзіцца ў паўднёвай частцы мястэчка, на гістарычнай Камянецкай вуліцы[a]. Пры пабудове была ў юрысдыкцыі Сьвятога Пасаду. Твор традыцыйнай беларускай драўлянай архітэктуры. У 1960-я рокі савецкія ўлады зьнішчылі царкву, захавалас�� царкоўная званіца. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вялікае Княства Літоўскае
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Першыя зьвесткі пра царкву ў Шарашове датуюцца 1517 рокам, калі берасьцейскі войт Ян Абрамовіч, жанаты з дачкой уласьніка Шарашова Юрыя Ільлініча, надаў царкве фундуш.
У 1760 року царкву перабудавалі. У 1780 року яна займела ўнікальны іканастас, аздоблены 20 абразамі.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Па трэцім падзеле Рэчы Паспалітай (1795 рок), калі Шарашоў апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, царква працягвала дзеяць як уніяцкая. У 1803 року згарэла старая плябанія. Дзякуючы намаганьням мясцовага сьвятара Антона Прыбышэвіча, які служыў у царкве зь сьнежня 1775 да сьнежня 1793 року, і князя Адама Чартарыскага будынак царквы аднавілі. У 1799 року каля яго паставілі званіцу. У 1818 року царкве належалі тры капліцы: уласна ў Шарашове, а таксама ў Красьніку і Ялове.
З 1833 року ў царкве 15 рокаў вёў набажэнствы на беларускай мове прафэсар Віленскага ўнівэрсытэту Міхась Баброўскі. У гэты час напрастольным тут было рукапіснае Эвангельле канца XV — пачатку XVI стагодзьдзяў. Цяпер гэтае Эвангельле разам з абразамі з іканастасу царквы захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музэі Беларусі.
Па гвалтоўнай ліквідацыі Грэцка-Каталіцкай (Уніяцкай) царквы ў 1839 року расейскія ўлады адабралі будынак царквы ў Сьвятога Пасаду і перадалі ў валоданьне Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы). Тады ж царкву пераасьвяцілі ў гонар Усьпеньня Багародзіцы[1].
Найноўшы час
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Існуюць зьвесткі, што за польскім часам царкву закінулі[2]. Аднак здымкі 1930-х рокаў і па Другой сусьветнай вайне сьведчаць пра адваротнае.
У пачатку 1960-х рокаў савецкія ўлады зьнішчылі будынак царквы, а дошкі зь яе выкарысталі дзеля пабудовы хатаў у Пружане[3].
Ад 1990 року царкоўная званіца знаходзіцца на кансэрвацыі.
Архітэктура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Царква
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Помнік традыцыйнай беларускай драўлянай архітэктуры. У апісаньні за 1725 рок значыцца добры стан драўляных сьценаў, новы гонтавы дах і купал зь вялікім крыжам; вакол будынку разьбяны кружганак «старасьвецкай моды». Асобна стаяла званіца. У царкве пералічваюцца пазалочаны дэізыс(en), разьбяныя царскія вароты з эвангелістамі і выявай Вячэры Гасподняй. Зь левага боку разьбяны алтар з выявамі сьвятых Пятра і Паўла; Вялікі алтар з выявамі трох сьвяціцеляў(el); а таксама іншыя неідэнтыфікаваныя абразы на дрэве і палатне[4]. У апісаньні за 1757 рок называюцца разьбяны алтар Пятра і Паўла з слупкамі, гзымсамі, флёрэсамі і іншай разьбой і двума анёлкамі.
Уяўленьне пра выгляд царквы па перабудове можна атрымаць зь візыты 1809 року: мела шэсьць калёнаў, купал-сыгнатурка, пакрыты гонтай. Уваход у царкву праз адну зь дзьвюх закрысьціяў (рызьніц). Перад прэзьбітэрыюмам галерэя сталярскай работы. На хорах з балясінамі ручной працы пастаўлены разьбяны вялікі алтар у цыборы(en). Алтар расьпісаны розьнымі фарбамі, на левым яго баку знаходзіўся ахвярнік (мэнса) з выявай Маці Божай з Ісусам у руках. Царскія вароты разьбяныя, пазалочаныя і месцамі пасрэбраныя; на іх выразаныя асобы чатырох эвангелістаў і Зьвеставаньне. Каля варотаў знаходзяцца два разьбяныя алтары з мэнсамі: правы з абразам Госпада Ісуса Ласкавага, левы з выявай Божай Маці[4].
Іканастас і напрастольнае Эвангельле Прачысьценскай царквы захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музэі. Вылучаецца абраз тыпу «Нараджэньне Хрыстовае», якое трактуецца як «Пакланеньне каралёў». Ясьлі зь Дзіцём пастаўленыя на высокай падстаўцы, за якой выяўлены Я��эп. Марыя сядзіць побач на нябачным крэсьле. Фігуры каралёў паменшаныя, без галаўных убораў, на правым краі карціны[5].
Незвычайна трактаванае таксама Зьвеставаньне на адным з двух абразоў, які можна разглядаць як «Перадзьвеставаньне». На ім выяўленая Марыя ў момант малітвы, апранутая ў блакітны хітон і чырвоны мафорый. Яна глядзіць у неба, адкуль зь вясёлкавага сэгмэнту выступае рука, што бласлаўляе. На другім абразе гэтага тыпу расстаноўка фігураў традыцыйная, а да галавы Марыі ідуць тры прамяні ад Сьвятога Духа[6].
Званіца
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Помнік традыцыйнай беларускай драўлянай архітэктуры з элемэнтамі стылю клясыцызму. Збудаваная без адзінага цьвіка, мае надпіс з часам будаваньня: «Roku 1799 mca iula dnia 27». Гэта 2-ярусная квадратная ў пляне (5,3 × 5,6 м) пабудова вышынёй 18 м. Ніжні ярус з брусоў у «лапу», верхні (звон) зроблены з васьмі стоек з крывалінейнымі пакосамі і разьбянай агароджай[7].
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
да 1939 р.
-
да 1939 р.
-
П. Валынцэвіч, 1960 р.
-
П. Валынцэвіч, 1960 р.
Заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Цяперашні афіцыйны адрас царкоўнай званіцы — вуліца Савецкая, 1
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Ігар Лашук. (12 лютага 2008) Развіццё культу Беззаганнага Зачацця Маці Божай у Беларусі. Рыма-каталіцкі касьцёл на Беларусі. Праверана 27 студзеня 2012 г.
- ^ Dr. Michał Marczak. Przewodnik po Polesiu. — Brześć nad Bugiem: Polskie Towarzystwo Krajoznawcze, 1935. — С. 45.
- ^ Юры Жыгамонт. (22 ліпеня 2011) Деревня Шерешево (Беловежская пуща): После восстания Кастуся Калиновского здесь вешали арестованных повстанцев (рас.) Новыя падарожжы дылетанта. СТБ. Праверана 27 студзеня 2012 г.
- ^ Ярашэвіч А. «І нарадзіла Сына свайго…» Сюжэты Божага Нараджэння ў старабеларускім мастацтве Catholic.by. Наша вера. № 4, 1999. Праверана 27 студзеня 2012 г.
- ^ Ярашэвіч А. «І пачула голас…» Сюжэты Звеставання ў беларускім мастацтве Catholic.by. Наша вера. № 1 (11), 2000. Праверана 27 студзеня 2012 г.
- ^ Дойлідства Беларусі. Частка 6 (Р—Я) Юркаў куточак Праверана 27 лістапада 2012 г.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Кулагін А. Праваслаўныя храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік. — Менск: Беларуская Энцыкляпэдыя, 2007.— 653 с.: іл. ISBN 978-985-11-0389-4.
- Пракаповіч Н. Летапіс духоўнасці: праваслаўная архітэктура Пружаншчыны // Рэха Берасцейшчыны. — кастрычнік 2010. — № 1 (4). — С. 4—5.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр 112Г000655 |
|