Нікалё Мак’явэльлі
Нікалё Мак'явэльлі | |
Niccolò Machiаvelli | |
Нікалё Мак'явэльлі, партрэт Санцi ды Тыта | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 3 траўня 1469[1][2][3] |
Памёр | 21 чэрвеня 1527[1][3][2] (58 гадоў) |
Пахаваны | |
Бацькі | Бернарда дзі Нікола Макіявелі[d] Bartolomea di Stefano Nelli[d][5] |
Сужэнец | Thomas Fontaine[d] |
Дзеці | Piero Macchiavelli[d], Bartolomea Machiavelli[d], Bernardo Macciavelli[d], Ludovico peluche[d] і Guido Machiavelli[d] |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | філёзаф, пісьменьнік, гісторык, дыплямат |
Гады творчасьці | ? — 1527 |
Кірунак | Адраджэньне |
Жанр | нарыс, камэдыя |
Мова | італьянская мова[6] і тасканская мова[d] |
Значныя творы | «Уладар», «Мастацтва вайны» |
Подпіс | |
Нікалё Мак’явэ́льлі (па-італьянску: Niccolò Machiаvelli; 3 траўня 1469, Флярэнцыя — 21 чэрвеня 1527) — італьянскі палітычны й вайсковы тэарэтык, гісторык, пісьменьнік і дыплямат. Найбольш знакамітыя працы «Уладар» (або «Князь») (Il Principe) і «Развагі над першымі дзесяцьцю кнігамі Тыта Лівія».
Жыцьцё й кар’ера
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паходзіў са зьбяднелай шляхецкай сям’і. Яго бацька Бэрнарда быў доктарам права й папскім скарбнікам. Герб Мак’явэльлі ўяўляў з сябе італьянскую тарчу са срэбным полем, на якім намаляваны блакітны крыж, у кожны з канцоў якога ўбіты цьвік. Цьвік зьяўляўся знакам роду Мак’явэльлі (у італ. мове цьвік — chiavello), а ў даслоўным перакладзе прозьвішча азначае «шкодны цьвік». Нікалё Мак’явэльлі атрымаў выдатную адукацыю, валодаў шырокімі ведамі ў лацінскай ды італьянскай клясіцы. З раньняга ўзросту цікавіўся музыкай, якую вельмі любіў.
На дзяржаўную службу паступіў у 1494 годзе, але жвавую палітычную кар’еру пачаў у 1498 годзе, калі стаў сакратаром Рады Дзесяці й другім канцлерам Флярэнтыйскай рэспублікі. Быў старэйшым пасаднікам у шэрагу адміністрацыйных і дыпляматычных заданьняў. У дыпляматычных місіях між 1499 і 1508 гадамі за мяжой, ён спаткаўся й пазнаёміўся асабіста з шэрагам найбольш моцных і ўплывовых постацяў стагодзьдзя. Сярод найбольш знакамітых дзеячоў быў кіраўнік Раманьі Чэзарэ Борджыа, францускі кароль Людовік ХІІ, папа рымскі Юліюс II, арагонскі кароль Фердынант ІІ, імпэратар Сьвятой Рымскай імпэрыі Максыміліян I Габсбург. Апроч дыпляматыі, займаўся стварэньнем рэспубліканскага рушаньня. У 1512 годзе, пасьля покрышу рэспублікі ды аднаўленьня Мэдычы, быў абвінавачаны ў змове, заключаны ў астрог і падвергнуты катаваньням. У 1513 годзе яго выпусьцілі й Нікалё Мак’явэльлі вярнуўся ў свой родавы маёнтак Сан-Кашана, дзе напісаў свае галоўныя творы. У 1520 годзе Мэдычы аднавілі яго на дзяржаўнай службе ў якасьці гістарыёграфа. У гэты час ён цягам 5 год піша «Гісторыю Флярэнцыі» на замову Джульё Мэдычы й папы Клімэнта VII. У 1527 годзе Мэдычы выгналі з Флярэнцыі й Нікалё Мак’явэльлі прапануе сабе рэспубліцы ў якасьці першага сакратара. Але Вялікая Рада адмовілася ад яго прапановы ў суадносінах 12 галасоў супраць 555. Ён вяртаецца да свайго родавага маёнтку, дзе неўзабаве памірае, адчуўшы боль у страўніку. Праз дзень яго пахавалі ў касьцёле Санта Кроцэ.
Творчасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Гістарычныя абставіны
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вопытам для творчасьці Мак’явэльлі паслужыла шумная эпоха Адраджэньня. Італія была сцэнай палітычнае барацьбы чатырох дамінуючых местаў — Флярэнцыі, Рыма, Міляна й Нэапаля і чатырох вялікіх сілаў — Папства, Сьвятой Рымскай імперыі, Гішпаніяй і Францыяй. Кожнае места імкнулася пры дапамозе вялікіх іншаземных сілаў нанесьці найвялікшую шкоду сваім супернікам. Дзяржавы наймалі войскі з чужынцаў, якія не знаходзіліся пад сталым кантролем. Вынікам сталі шматлікія палітычныя хітрыкі, шантаж ды гвалт.
У Флярэнцыі рух рэформаў узначаліў Джыраляма Саванароля, які прывёў да зрынаньня Мэдычы ды ўсталяваньня рэспублікі, якая існавала да таго моманту, пакуль грамадзкае рушаньне, арганізаванае Нікалём Мак’явэльлі не пацярпела паразу ад гішпанскіх войскаў (1512). Урад Мэдычы быў адноўлены й праіснаваў па 1527 год, калі была ўсталявана другая рэспубліка. Усе гэтыя падзеі адбіліся на Мак’явэльлі й яго памкненьнях у клопаты аб вайсковае справе. Асабліва моцнай крытыцы ён падвяргаў практыку іншаземных наймітаў і кандат’ераў, адстойваючы войска, набранае з жыхароў рэспублікі. У заканчэньні «Ўладара» ён кідае палкі заклік да ўзьяднаньня Італіі й яе вызваленьня ад чужынцаў.
Характар творчасьці
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Галоўную частку сваёй творчасьці напісаў у часе жыцьця ў Сан-Кашана з 1513 па 1520 год. Нікалё Мак’явэльлі ставіў такую мэту сваіх сваіх філязофскіх, палітычных і гістарычных твораў: «Я выкажу сьмела і адкрыта ўсё тое, што я ведаю аб новых і старых парах, каб душы маладых людзей, каторыя будуць чытаць тое, што я напісаў, адхіліліся б ад першых і навучыліся пераймаць ад апошніх.. Бо кожны шчыры чалавек павінны вучыць іншых таму дабру, якое ад цяжкіх часоў і падступству лёсу яму не атрымалася ажыцьцявіць у жыцьці, са спадзяваньнем на тое, што яны будуць больш у тым здольнымі»[7].
Пры напісаньні сваіх твораў шырока карыстаўся сваім уласным досьведам. На вобраз «Уладара» важны ўплыў аказаў Чэзарэ Борджыа. Працягнуў традыцыю стварэньня італьянскай мовы й менавіта ёй аддаваў перавагу ў сваёй творчасьці, дзе ён дасягнуў выдатных посьпехаў.
Ідэі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Хоць галоўныя ідэі Мак’явэльлі зьмяшчаюцца ў двух ягоных творах — «Уладар» і «Развагі над першымі дзесяцьцю кнігамі Тыта Лівія», яны значна розьняцца ў шэрагу акцэнтаў, бо ў іх вядзецца абмеркаваньне дзвух розных дзяржаўных ладаў. Ва «Ўладары» Нікалё Мак’явэльлі разглядае княства, дзяржаву, якая кіруецца адным кіраўніком, або невялічкай групай элітаў, а рэшты людзей не вядзе жвавага палітычнага жыцьця. Мак’явэльлі зьвяртаецца да манархічнага кіраваньня й прапануе спосабы захаваньня моцы ўлады манарха. Ён прапануе палітыку адмаўленьня масам у палітычнае актыўнасьці ды шляхі захаваньня ўлады ў прыватных руках. Нікалё Мак’явэльлі імкнецца ўпэўніць манарха ў тым, што калі манарх хоча найлепшым чынам захаваць сваю ўладу, ён павінны карыстацца сілай асьцярожна й ашчадна, выкарыстоўваць розныя сродкі адносна розных асобаў, улічваючы звычаі й размаітыя ўласьцівасьці, паляпшаючы матэрыяльныя ўмовы жыцьця.
У «Развагах над першымі дзесяццю кнігамі Тыта Лівія» ён засяроджваецца на рэспубліцы, калектыўна кіруемай дзяржавай з палітычна актыўнымі суб’ектамі. У залежнасьці ад арганізацыі, рэпубліка бывае арыстакратычнай альбо дэмакратычнай. У адменнасьць ад большасьці сучасьнікаў, якія аддавалі перавагу арыстакратычнай рэспубліцы, накшталт Вэнэцыі, Мак’явэльлі адстойваў арганізацыю больш дэмакратычную, кшталту Рымскай рэспублікі. У «Развагах» яго бянтэжыць праблема захаваньня вольнасьці сярод аўтарытарных гаспадарстваў. Ён падкрэсьлівае, што ў рэспубліцы павінны падтрымлівала дух патрыятызму й грамадзкае годнасьці дзеля таго, каб выжыць у неспрыяльных нерэспубліканскіх варунках. Апроч таго, Нікалё Мак’явэльлі адмаўляе традыцыйную рэспубліканскую тэорыю, дзе грамадзкая згода й яднаньне залежалі ад палітычнае вольнасьці. Ён даказвае, што слаі й фракцыі былі непазбежнымі ў чалавечым грамадзтве й рэспубліка павінна ўмацоўвацца ў супрацьлегласьцях праз адчыненасьць і паўсюдны палітычны ўдзел ды дэбаты.
Нікалё Мак’явэльлі не ствараў, не ўніфікаваў і не абстрагаваў аніякіх філязофскіх сыстэмаў. Яго скіраванасьць была практычнаю, а мэтода эмпірычнай ды імрэсійнай. Яго палітычныя творы зьмяшчаюць шэраг абагульненьняў, якія тычацца старажытных і сучасных эпохаў, пра магчымасьці й абмежаваньні ў разнастайных курсах палітычнага жыцьця.
Адным з дужа спрэчных і адрозных момантаў у Мак’явэльлі ёсьць думка, што ён не прысьвячаў вялікай увагі ацэнцы й вызначэньню канца палітычнага дзеяньня. Наўзамен ён засяродзіўся на рознасьцях і абставінах, што палітычнае дзеяньне будзе мець маральнае апраўданьне толькі тады, калі не будзе аніякага палітычнага ��зеяньня. На яго думку, палітычнае дзеяньне ў значна большай ступені, чым дзеяньне ў прыватным жыцьці, не можа быць прадбачаным і цалкам пракантраляваным. Такім чынам, палітычнае жыцьцё не можа вымярацца з прыватным адзіным маральным (ці рэлігійным) імпэратывам і палітычнага дзеяча трэба часам прапрошваць за дзеяньні гвалту й зману, што не заўсёды можа быць апраўдана ў прыватным жыцьці. Паколькі Нікалё Мак’явэльлі тонка й іранічна бачыў стасункі між этыкай і палітыкай і быў шырока незразумелым, мажліва, што ён жадаў зьвярнуць на тое ўвагу хоць каго-небудзь — асабліва палітыкаў, чые маніпуляцыі маглі прывесьці да апартуністага й зманлівага шляху.
Працы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Уладар, альбо Князь (1513);
- Развагі над першымі дзесяцьцю кнігамі Тыта Лівія (пачата ў 1513);
- Дыялёг, або развагі аб нашай мове (між 1514 і 1516);
- Залаты Асёл (1516—1517);
- Мадрагора (камэдыя, 1518)[8];
- Мастацтва вайны[9] (1519—1520);
- Развагі аб спосабах уладкаваньня справаў у Флярэнцыі пасьля сьмерці князя Ларэнцы (1520);
- Нарыс падзеяў у Луцы і жыцьцё Каструча Кастракані (1520)
- Кліцыя 1525;
- Гісторыя Флярэнцыі (1520—1525);
Беларускія пераклады
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Нікало Мак’явэльлі Уладар / пер. З італьянскай Зм. Коласа. — Мінск: 2008. — 134 с. — (Галерэя чалавечай думкі). — ISBN 978-985-6783-47-3
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б в Mansfield H. Niccolo Machiavelli // Encyclopædia Britannica (анг.)
- ^ а б в г Inglese G. MACHIAVELLI, Niccolò // Dizionario Biografico degli Italiani (італ.) — 2006. — Vol. 67.
- ^ а б BeWeB
- ^ Mansfield H. Niccolò Machiavelli // Encyclopædia Britannica (анг.)
- ^ Pas L. v. Genealogics (анг.) — 2003.
- ^ Machiavelli, Niccolò // CONOR.SI
- ^ «… sarò animoso in dire manifestamente quello che io intenderè di quelli e di questi tempi, acciocché gli animi de’giovani che questi mia scritti leggeranno possino fugire questi e preparasi ad immitar quegli… Perché gli è offizio di uomo buono, quel bene che per la malignità de’ tempi della fortuna tu non hai potere operare, insegnarlo ad altri acciocché sendome molti capaci» (N. Machiavelli. Discorsi sopra la prima deca ti Tito Livio. Opere scelte, p. 252
- ^ Макіявелі Нікола // Культуралогія: Энцыклапедычны даведнік / Уклад. Дубянецкі Э. — Менск: БелЭн, 2003. ISBN 985-11-0277-6.
- ^ Каментар. Старонкі 112—114 / Нікало Мак’явэльлі. Уладар; пер. З італьянскай Зм. Коласа. — Мінск: Зміцер Колас, 2008. — 134 с. — (Галерэя чалавечай думкі) ISBN 978-985-6783-47-3
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Il Principe at MetaLibri Digital Library.
- (італ.)Працы Нікалё Мак’явэльлі на сайце «Liber Liber»
- (італ.)Legazioni, commissarie, scritti di governo — testi integrali in più volumi dalla collana digitalizzata «Scrittori d’Italia» — Laterza
- (італ.) (анг.)Працы Мак’явэльлі ў лічбавай бібліятэцы «Інтратэкст»
- (італ.)Працы Мак’явэльлі на сайце супольнасьці «Vergilio»
- Нарадзіліся 3 траўня
- Нарадзіліся ў 1469 годзе
- Нарадзіліся ў Флярэнцыі
- Памерлі 21 чэрвеня
- Памерлі ў 1527 годзе
- Памерлі ў Флярэнцыі
- Пахаваныя ў базыліцы Сьвятога Крыжа (Флярэнцыя)
- Італьянскія гуманісты
- Італьянскія літаратары
- Італьянскія драматургі
- Італьянскія філёзафы
- Італьянскія гісторыкі
- Італьянскія дыпляматы
- Рэнэсансныя гуманісты
- Лібэральныя тэарэтыкі
- Вайсковыя тэарэтыкі
- Кансэквэнцыялісты
- Філёзафы вайны
- Палітычныя рэалісты
- Сябры Нэаплятонаўскай акадэміі
- Выпускнікі Флярэнтыйскага ўнівэрсытэту