Касьцёл Маці Божай Анёльскай і кляштар францішканаў (Горадня)
Помнік сакральнай архітэктуры | |
Касьцёл Маці Божай Анёльскай і кляштар францішканаў
| |
Касьцёл Маці Божай Анёльскай і кляштар францішканаў
| |
Краіна | Беларусь |
Места | Горадня |
Каардынаты | 53°40′19″ пн. ш. 23°49′20″ у. д. / 53.67194° пн. ш. 23.82222° у. д.Каардынаты: 53°40′19″ пн. ш. 23°49′20″ у. д. / 53.67194° пн. ш. 23.82222° у. д. |
Канфэсія | Каталіцкая царква |
Эпархія | Гарадзенская дыяцэзія |
Архітэктурны стыль | барока |
Заснавальнік | Яўстах Курч і Сюзанна з Тышкевічаў[d] |
Статус | Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь |
Касьцёл Маці Божай Анёльскай і кляштар францішканаў | |
Касьцёл Маці Божай Анёльскай і кляштар францішканаў на Вікісховішчы |
Касьцёл Маці Божай Анёльскай і кляштар францішканаў — помнік архітэктуры XVII—XVIII стагодзьдзяў у Горадні. Знаходзіцца ў Занёманскім прадмесьці, на высокім левым беразе ракі Нёмана[a]. Касьцёл дзее, кляштар існаваў да 1832 году. Твор архітэктуры барока. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.
Комплекс Гарадзенскага францішканскага кляштару складаецца з касьцёла і кляштарнага корпуса, аточаных мурам з 2-яруснай брамай.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вялікае Княства Літоўскае
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1635 годзе староста ўпіцкі Яўстах Курч і яго жонка Сузанна з Тышкевічаў фундавалі ў Горадні кляштар францішканаў. Неўзабаве яны збудавалі драўляны касьцёл. За часамі вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) у 1659 годзе касьцёл спалілі захопнікі. У 1660—1697 гадох вялося будаваньне мураванага касьцёла.
Па пажары кляштар аднавілі, а 22 лістапада 1744 году кансэкравалі касьцёл. У 1759 годзе праводзілася рэканструкцыя касьцёла.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Па трэцім падзеле Рэчы Паспалітай (1795 год), калі Горадня апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, касьцёл і кляштар працягвалі дзеяць. Па здушэньні вызвольнага паўстаньня (1830—1831) ў 1832 годзе расейскія ўлады ліквідавалі кляштар. Касьцёл працягваў дзеяць як парафіяльны, а ў кляштарных мурах разьмясьцілася расейская турма.
Найноўшы час
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]За савецкім часам касьцёл не зачыняўся. У 1988—1989 гадох пробашчам парафіі быў ксёндз Тадэвуш Кандрусевіч, першы арцыбіскуп Беларусі.
Архітэктура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Касьцёл
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Касьцёл — помнік архітэктуры барока. Гэта 3-нэфавая базыліка зь вялікай паўцыркулярнай апсыдай. Цэнтральны нэф і апсыда накрываюцца агульным 2-схільным дахам, а больш нізкія бакавыя нэфы — 1-схільным дахам. Галоўны фасад, які інтэрпрэтуе рымскі езуіцкі касьцёл Іль-Джэзу, мае выгляд 3-яруснай роўніцы з трыкутным франтонам у завяршэньні і плаўнымі схіламі пераходнага яруса, інтэнсіўным падзелам пілястрамі і гарызантальнымі прафіляванымі карнізамі. На ��м выразна адзначаецца вось сымэтрыі — разьмешчаныя на ярусах аркавыя галоўны ўваход, ніша, вялікае акно хораў. Бакавыя фасады і апсыда маюць лучковыя і прастакутныя вокны, падзяляюцца здвоенымі лапаткамі і завяршаюцца карнізным пасам. Апсыдная частка аздабляецца паліхромным росьпісам па шкле. Асноўныя матывы, якія выкарастоўваюцца ў вітражы: расьлінны і геамэтрычны арнамэнт, сюжэтныя кампазыцыі на новазапаветнія тэмы жыцьця Хрыста і Панны Марыі. Да паўночнага боку галоўнага фасада далучаецца квадратная 3-ярусная вежа-званіца. Першы ярус мае агульную зь першым ярусам касьцёла плястыку XVII ст., вокны маленькія паўцыркулярныя, падзяляюца шырокімі пілястрамі і карнізнымі пасамі. Другі і трэці ярусы перабудоўваліся ў насычанай рэльефнай плястыцы позьняга барока, што выяўляецца ў выразных буйных падзелах і маляўнічым сылюэце. У сьценах разьмяшчаюцца вялікія паўцыркулярныя і круглыя вокны, самі сьцены падзяляюцца рэльефнымі лапаткамі і разьвітым карнізам. Званіца завяршаецца высокім фігурным купалам.
Цэнтральны нэф аддзяляецца ад бакавых 6 слупамі і перакрываецца крыжовымі скляпеньнямі. Бакавыя нэфы раскрываюцца ў цэнтральны невялікімі аркавымі праёмамі і перакрываюцца цыліндрычнымі скляпеньнямі. Скляпеньні прэзьбітэрыюму і цэнтральнага нэфу аздабляюцца росьпісамі. Пры ўваходзе разьмяшчаюцца хоры. У цэнтральны нэф выходзіць разны драўляны амбон, аздоблены гарэльефнымі выявамі чатырох эвангелістаў, акантам і валютамі. У інтэр’еры 7 алтароў. Галоўны алтар драўляны, выкананы ў стылі позьняга барока. Мае 2-ярусную кампазыцыю, аздабляецца скульптурай і накладной разьбой, асноўным матывам якой ёсьць акант, архітэктурныя дэталі імітуюць мармур. Складаецца з двух ярусаў портыкаў, сярод калянадаў якіх зьмяшчаюцца скульптурныя выявы Сьвятых Францішка і Антонія (унізе) і двух біскупаў (уверсе). Анёлы падтрымліваюць франтоны, аздабляюць іх тымпанамі і прастору над імі. Фонавыя часткі алтара запаўняюцца накладной пазалочанай разьбой на тэму выгінаў акантавага лісьця. Галоўная алтарная кампазыцыя «Ўшанаваньне Маці Божай» займае трыюмфальную арку 4-калённага барокавага портыка, у цэнтры другога яруса карціна «Стыгматызацыя Сьвятога Францішка». Завяршае вышыннае алтарнае збудаваньне зьмешчаная ў люнэце скляпеньня гарэльефная выява «Ўсхваленьне Марыі», над якой лунае голуб — сымбаль Сьвятога Духа. Астатнія кулісныя стукавыя алтары мураваныя, тынкаваныя, аздобленыя барокавымі скульптурамі, алтарнымі вазамі. У правым бакавым альтары знаходзіцца цудоўны абраз Маці Божай Анёльскай[1].
Кляштар
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]З паўднёвага боку да касьцёла далучаецца кляштарны корпус. Гэта 2-павярховы П-падобны няправільны ў пляне аб’ём, што ўтварае замкнёны ўнутраны дворык, у які выходзіць абхадная кельлямі скляпеністая галерэя, злучаная з паўднёвай закрысьціяй касьцёла. Плястыка фасада стрыманая, сьцены маюць невялікія прастакутныя вокны, падзяляюцца пілястрамі (якія ствараюць манатонны рытм) і завяршаюцца карнізамі. Плян галерэйны, калідор праходзіць ўсім пэрымэтрам будынка. У паўднёва-заходнім баку будынка знаходзіцца вялікі ў форме рызаліта аб’ём, у якім былі бібліятэка і трапезная (выступае знадворку самастойным аб’ёмам).
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Гістарычная графіка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
Н. Орда, 1861—1869 гг.
-
Н. Орда, 20 верасьня 1867 г.
-
Г. Штрук, 1916 г.
-
А. Ман, 1920 г.
Гістарычныя здымкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
1910 г.
-
да 1915 г.
-
да 1915 г.
-
2 верасьня 1915 г.
-
1915—1918 гг.
-
1916 г.
-
сакавік 1926 г.
-
да 1939 г.
-
да 1939 г.
-
да 1939 г.
-
да 1939 г.
-
да 1939 г.
-
да 1939 г.
-
Д. Анэрык, да 1939 г.
-
Я. Булгак, да 1939 г.
-
Я. Булгак, да 1939 г.
Сучасныя здымкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
Агульны выгляд
-
Галоўны фасад
-
З боку апсыды
-
Унутраны дворык
-
Інтэр'ер
-
Галоўны алтар
-
Хоры
-
Амбон
Заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Цяперашні афіцыйны адрас — вуліца Агародная, 2
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Кулагін А. Каталіцкія храмы Беларусі. — Менск, 2008. С. 107.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Кулагін А. Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. Кулагін; фатограф А. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Менск: БелЭн, 2008. — 488 с.: іл. ISBN 978-985-11-0395-5.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр 412Г000034 |