Перайсьці да зьместу

Мігель Сэрвантэс

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Мігель Сэрвантэс
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся каля 29 верасьня 1547[1][2][3]
Памёр 22 красавіка 1616(1616-04-22)[1][2][5][…] (68 гадоў)
Пахаваны
Бацькі Радрыга дэ Сэрвантэс[d]
Леанора дэ Сэрвантэс[d]
Сужэнец Каталіна дэ Салясар-і-Палясіяс[d]
Дзеці Ізабэла дэ Саавэдра[d]
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці навэліст, драматург, паэт, пясьняр, салдат, пісьменьнік, бугальтар, зьбіральнік падаткаў
Кірунак адраджэньне, маньерызм
Жанр паэзія, трагедыя і камэдыя[d]
Мова раньненавачасная гішпанская мова[d]
Значныя творы «Хітрамудры ідальга Дон Кіхот Ляманчаскі»
Подпіс Выява аўтографу

Міґе́ль дэ Сэрва́нтэс-і-Саавэ́дра (па-гішпанску: Miguel de Cervantes y Saavedra; 29 верасьня 1547, Алькаля-дэ-Энарэс, Гішпанія — 23 красавіка 1616, Мадрыд, Гішпанія) — найвыбітнейшы гішпанскі пісьменьнік, раманіст, драматург і паэт. Вядомы найперш дзякуючы свайму твору «Хітрамудры ідальга Дон Кіхот Ляманчаскі», які лічыцца першым сучасным эўрапейскім раманам[8], зьяўляецца клясыкай заходняй літаратуры і лічыцца адным з найлепшых твораў сусьветнай мастацкай літаратуры[9].

Навучаньне атрымаў у Вальядалідзе, потым у 1569 годзе Сэрвантэс пераехаў у Рым, дзе ён працаваў памочнікам Джуліё Аквавіва, заможнага сьвятара, які затым стаў кардыналам на наступны год. Да таго часу, Сэрвантэс залічаны жаўнерам у гішпанскі пяхотны полк, дзе служыў да 1575 году, пакуль не трапіў у палон да альжырскіх карсараў. Пасьля пяці гадоў рабства ён быў выпушчаны за выкуп, які выплацілі ягоныя бацькі і каталіцкі манаскі ордэн трынітарыі, пасьля чаго вярнуўся да сваёй сям’і ў Мадрыд.

У 1585 годзе Сэрвантэс апублікаваў свой пастаральны раман «Галятэя». Ён працаваў агентам па закупках для гішпанскага флёту, а пазьней падатковым паборцам на ўрадавай пасадзе. У 1597 годзе праз праблемы з уласным рахункам быў пасаджаны за краты сэвільскае турмы. У 1605 годзе Сэрвантэс апынуўся ў Вальядалідзе, калі вялікі посьпех займела першая частка ягонага твору «Дон Кіхот», выдадзеная ў Мадрыдзе. Гэты твор вярнуў яго да літаратурнага сьвету. У 1607 годзе ён пасяліўся ў Мадрыдзе, дзе жыў і працаваў да самай сьмерці. За апошнія дзевяць гадоў жыцьця Сэрвантэс умацаваў сваю рэпутацыю пісьменьніка, апублікаваўшы ў 1613 годзе творы «Павучальныя навэлы» і «Падарожжа да Парнасу» ў 1614 годзе, а таксама другую частку «Дона Кіхота» ў 1615 годзе. Апошняя ягоная праца «Пэрсылес і Сыгізмунда» была выдадзена пасьмяротна ў 1617 годзе.

Не зважаючы на вядомасьць пісьменьніка, большая частка жыцьця Сэрвантэса застаецца невядомай, у тым ліку ягоная імя, паходжаньне і тое, як ён выглядаў. Аўтар часта падпісваўся як Сэрбантэсам, аднак друкары звычайна падпісвалі яго як Сэрвантэс. У далейшым жыцьці Сэрвантэс выкарыстоўваў імя Саавэдра, імя ягонага далёкага сваяка[10]. Аднак, гісторык Люсэ Лёпэс-Баральт сьцьвярджаў, што яно паходзіць ад слова шайбэдраа, што на арабскім дыялекце азначае «аднарукі», гэтую мянушку літаратар атрымаў за час палону[11].

Санта-Марыя-ля-Маёр у Алькаля-дэ-Энарэс, дзе, як мяркуецца, быў ахрышчаны Сэрвантэс. Пляц перад царквой цяпер носіць імя пісьменьніка.

Яшчэ адная сфэра спрэчак — ягонае рэлігійнае паходжаньне. Было выказанае меркаваньне, што ня толькі бацька Сэрвантэса, але і ягоная маці мажліва быць нованавернутымі хрысьціянамі[12][13]. На думку некаторых дасьледнікаў, не зважаючы на тое, што сям’я Сэрвантэса магла прэтэндаваць на шляхецтва, яны часта мелі фінансавыя цяжкасьці. Больш за тое, яны маглі мець паходжаньне нованавернутых хрысьціянаў, то бок яны маглі перайсьці зь юдаізму ў каталіцтва. У Гішпаніі часоў Сэрвантэса, гэта азначала жыць пад афіцыйнай падазронасьцю і сацыяльным недаверам, што значна абмяжоўвала магчымасьцямі, у параўнаньні з тымі сем’ямі, якія былі каталікамі з даўніх часоў[14]. Паводле Чарлза Д. Прэсбэрга, тэорыі навяртаньня сям’і Сэрвантэса бракуе шырокага кола прыхільнікаў[15], а кубінскі пісьменьнік Рабэрта Эчэварыя сьцьвярджаў, што тэорыя аб паходжаньні Сэрвантэса як нованавернутага грунтуюцца на вельмі хісткіх доказах, а менавіта на адсутнасьці сацыяльнага і фінансавага разьвіцьця Сэрвантэса на той час, калі ў такім жа становішчы апынуліся большасьць гішпанцаў незалежна ад сацыяльнай групы[16].

Агульнапрызнана, што Мігель дэ Сэрвантэс нарадзіўся каля 29 верасьня 1547 году ў месьце Алькаля-дэ-Энарэс. Ён быў другім сынам цырульніка Радрыга дэ Сэрвантэса і ягонай жонкі Леанор дэ Картынас[17]. Радрыга паходзіў з Кордавы, Андалюзія, дзе ягоны бацька Хуан дэ Сэрвантэс быў уплывовым адвакатам.

Манумэнт Сэрвантэсу ў Мадрыдзе, які быў усталяваны ў 1929 годзе.

Радрыга часта меў пазыкі або шукаў працу, і стала пераязджаў. Леанор паходзіла з Арганды-дэль-Рэй і памерла ў кастрычніку 1593 годзе ў веку 73 гадоў. Паводле захаваных дакумэнтаў, выяўляецца, што яна мела семярых дзяцей. Леанора ўмела чытаць і пісаць, а таксама была кемлівай асобай з вострым поглядам на прадпрымальніцтва. Калі Радрыга быў заключаны за даўгі ў турму, дзе мусіў правесьці час з кастрычніка 1553 па красавік 1554 гады, яна ўтрымлівала сям’ю самастойна[18].

Братамі і сёстрамі Сэрвантэса былі Андрэс (нарадзіўся ў 1543), Андрэа (нарадзілася ў 1544), Люіза (нарадзілася ў 1546), Радрыга (нарадзіўся ў 1550), Магдалена (нарадзіўся ў 1554) і Хуан. Яны жылі ў Кордаве да 1556 году да сьмерці дзеда Мігеля. Зь незразумелых чыньнікаў Радрыга не скарыстаўся сваім тэстамэнтам, і сям’я зьнікла да 1564 году, калі ён накіраваў судовы пазоў у Сэвільлі[19]. Сэвільля ў той час была ў росквіце, і Радрыга кіраваў арандаваным жыльлём свайго старэйшага брата Андрэса, які працаваў малодшым судзьдзём. Сьцьвярджаецца, што Сэрвантэс навучаўся ў езуіцкім каледжы ў Сэвільлі, дзе адным з выкладчыкаў быў езуіцкі драматург Пэдра Паблё Асэвэда, які пераехаў ў Сэвільлю з Кордавы ў 1561 годзе[20]. Аднак юрыдычныя дакумэнты паказваюць, што ягоны бацька зноў набраў пазыкі, у выніку чаго ў 1566 годзе сям’я пераехала ў Мадрыд[21].

Вайсковая служба і палон

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У XIX стагодзьдзі біёграф пісьменьніка выявіў ордэр на арышт Мігеля дэ Сэрвантэса, выданы 15 верасьня 1569 году. Паводле дакумэнт�� будучы літаратар быў абвінавачаны ў раненьні Антоніё дэ Сыгуры на дуэлі[22]. Не зважаючы на тое, што ў той час гэты факт аспрэчваўся, пераважна на падставе таго, што такія паводзіны былі нявартымі такога вялікага аўтара, цяпер гэта зважаецца найбольш верагоднай прычынай таго, чаму Сэрвантэс пакінуў Мадрыд[23].

Статуя Сэрвантэса ў бухце ля Наўпакту (Лепанта).

У рэшце рэшт ён дабраўся да Рыму, дзе працаваў у італьянскага біскупа Джуліё Аквавівы, які ў прамежак часу паміж 1568 і 1569 гадамі жыў у Мадрыдзе, а ў 1570 годзе быў прызначаны кардыналам[24]. Калі пачалася кіпрская вайна 1570—1573 гадоў, Гішпанія далучылася да Сьвятой лігі, кааліцыі, сфармаванай дзеля падтрымкі Вэнэцыянскай рэспублікі. Магчыма, пабачыўшы магчымасьць скасаваць ордэр на свой арышт, Сэрвантэс выправіўся ў Нэапаль, які на той час быў часткай Арагонскай кароны[25]. Вайсковым камандзірам у Нэапалі быў Альвара дэ Сандэ, даўні сябар сям’і, які залічыў Сэрвантэса жаўнерам у сыцылійскую тэрцыю[26], якая была ачоленая маркізам дэ Санта-Круса. У нейкі момант да яго ў Нэапалі далучыўся ягоны малодшы брат Радрыга[25]. У верасьні 1571 году Сэрвантэс адплыў на борце «Маркізы», які ўваходзіў у флёт Сьвятой лігі пад камандаваньнем дона Хуана Аўстрыйскага, пазашлюбнага зводнага брата караля Гішпаніі Філіпа II. 7 кастрычніка яны разграмілі асманскі флёт у бітве пры Лепанта[27] ў Патраскай затоцы. Гэтая знакавая марская бітва стала самым значны марскім канфліктам з часоў рымскай бітвы пры Акцыюме 32 году да н. э., што спыніла ўварваньне мусульманаў у Эўропу.

Паводле ягонага ўласнага апавяданьня, не зважаючы на тое, што ён хварэў на ліхаманку, яму было даручана кіраваць камандай з 12 чалавек, якія з чоўнаў нападалі на варожыя галеры. Маркіз страціў 40 чалавек забітымі і 120 параненымі, у тым ліку Сэрвантэса, які атрымаў тры асобныя раны. Два раненьні ён атрымаў ў грудзі, а яшчэ адно пашкодзіла левую руку. Гэтае апошняе раненьне ёсьць чыньнікам таго, што пазьней яго часта назвалі Эль-Манка-дэ-Лепанта, што перакладаецца як «Аднарукі чалавек зь Лепанта». Гэтая мянушка зачапілася да канца ягонага жыцьця. Ягоныя подзьвігі за часам бітвы ў Лепанта былі прадметам гонару Сэрвантэса да канца ягонага жыцьця. Дон Хуан зацьверджваў ня менш чым чатыры павышэньні заробнай платы[28].

«Сэрвантэс ў бітве пры Лепанта» працы мастака Аўгуста Фэрэра-Дальмаў.

У «Падарожжы да Парнасу», апублікаваным за два гады да ягонай сьмерці ў 1616 годзе, Сэрвантэс сьцьвярджаў, што «страціў рух левай рукі дзеля славы правай»[29]. Ступень інваліднасьці літаратара застаецца невядомай, бо адзінай крыніцай зьвестак аб траўме ёсьць сам Сэрвантэс. У той жа час вядома, што аўтар меў схільнасьць хваліць сябе. Тым ня менш, пашкоджаньне было, відаць, дастаткова сур’ёзным, бо Сэрвантэс шэсьць месяцаў правёў у шпіталі ў Мэсыне[30]. Не зважаючы на тое, што ён вярнуўся на службу ў ліпені 1572 году ў адную ў тэрцыяў[31], запісы паказваюць, што ягоныя раны ў грудзёх яшчэ ня былі цалкам загоеныя ў лютым 1573 году[32]. Сэрвантэс далучыўся да вайсковых экспэдыцыяў на Корфу і Наварына, а таксама браў удзел у акупацыі Тунісу і Ля-Гулету ў 1573 годзе, якія былі адваяваныя асманамі ў 1574 годзе[33][34]. Зважаючы на тое, што ліга здабыла перамогу пад Лепанта, вайна ж скончылася перамогай Асманскай імпэрыі, а страта Тунісу была сапраўднай ваеннай катастрофай для Гішпаніі. Сэрвантэс вярнуўся ў Палерма, дзе атрымаў заробак ад герцага Сэса, які ўручыў яму ўхвальныя лісты[35].

У пачатку верасьня 1575 году Мігель і Радрыга Сэрвантэсы пакінулі Нэапаль на гал��ры «Соль». 26 верасьня яны ўжо наблізіліся да Барсэлёны, але іхны карабель быў захоплены асманскімі карсарамі. Братоў адвезьлі ў Альжыр, каб прадаць іх у якасьці рабоў, аднак братоў вырашылі трымаць за выкуп, што верагодна лічылася больш прыбытковай справай, чымсьці іхны продаж у якасьці рабоў[36]. Радрыга быў выкуплены ў 1577 годзе, але ягоная сям’я не магла дазволіць сабе заплаціць яшчэ і за Мігеля, таму ён вымушаны быў застацца[37][38]. Турэцкі гісторык Расіх Нуры Ілеры знайшоў доказы таго, што Сэрвантэс працаваў на будоўлі комплексу Кылыч Алі-пашы, што азначае, што частку часу ў палоне ён правёў прынамсі ў Стамбуле[39][40][41]. Тым ня менш, такая тэорыя лічыцца яшчэ не даказанай[42]. Да 1580 году Гішпанія была занятая інтэграцыяй з Партугаліяй ды здушэньнем галяндзкага паўстаньня, у той час як асманы ваявалі з Пэрсіяй. У выніку абодва бакі дамовіліся аб перамір’і, што прывяло да паляпшэньня адносінаў[43]. Пасьля амаль пяці гадоў і чатырох спробаў уцёкаў Сэрвантэс у 1580 годзе быў вызвалены трынітарыямі, рэлігійнай дабрачыннай арганізацыяй, якая спэцыялізавалася на выкупе палонных хрысьціянаў, і вярнуўся ў Мадрыд[44].

Далейшае жыцьцё і сьмерць

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Помнік Сэрвантэса ля Нацыянальнай бібліятэкі Гішпаніі.

Пакуль Сэрвантэс быў у палоне, дон Хуан і герцаг Сэса памерлі, пазбавіўшы яго двух патэнцыйных заступнікаў. У гэты ж час гішпанская эканоміка знаходзілася ў цяжкім становішчы. Гэта ўскладніла пошук працы. Акрамя пэрыяду з 1581 па 1582 гады, калі ён працаваў агентам выведкі ў Паўночнай Афрыцы, мала што вядома аб ягоных перасоўваньнях да 1584 году[45]. У красавіку таго ж году Сэрвантэс наведаў Эсківіяс, каб дапамагчы ўладкаваць справы ягонага нядаўна памерлага сябра і малалетняга паэта Пэдра Ляінэса. Там ён сустрэў Каталіну дэ Салясар-і-Палясіяс, старэйшую дачку аўдавелай Каталіны дэ Палясіяс. Ейны муж памёр, пакінуўшы толькі даўгі, але старэйшая Каталіна валодала ўласнай зямлёю. Магчыма, таму ў сьнежні 1584 году Сэрвантэс ажаніўся зь ейнай дачкой, якой тады было недзе ад 15 да 18 гадоў[46]. Упершыню імя Сэрвантэс Саавэдра сустракаецца ў 1586 годзе ў дакумэнтах, зьвязаных зь іхным шлюбам[10]. Незадоўга да гэтага ў Сэрвантэса ў лістападзе нарадзілася пазашлюбная дачка Ізабэля. Ейная маці, Ана Франка, была жонкай мадрыдзкага карчмара. Тым ня менш, Сэрвантэс прызнаў бацькоўства[47], бо калі Ана Франка памерла ў 1598 годзе, ён папрасіў сваю сястру Магдалену паклапаціцца пра дачку[48].

Кляштар босых трынітарыяў у Мадрыдзе, дзе быў пахаваны літаратар.

У 1587 годзе Сэрвантэс быў прызначаны дзяржаўным камісарам каралеўскіх галеонаў у Сэвільлі, займаючыся закупкамі на карысьць каралеўскага флёту[49]. У 1592 годзе ён стаў зборнікам падаткаў, але ненадоўга заключаны ў турму за парушэньні ў сваіх рахунках, але хутка быў вызвалены[49]. Некалькі ягоных заявак на пасады ў Гішпанскай Амэрыцы былі адхіленыя. З 1596 па 1600 гады ён жыў пераважна ў Сэвільлі, але затым вярнуўся ў Мадрыд у 1606 годзе, дзе заставаўся да канца жыцьця[50]. У наступныя гады ён атрымаў некаторую фінансавую падтрымку ад графа Лемаса, але ня быў прыняты ў сьвіту, якую Лемас прывёз у Нэапаль, калі быў прызначаны віцэ-каралём у 1608 годзе[29]. У ліпені 1613 годзе літаратар уступіў у ордэн францысканцаў[51]. Агульнапрызнана, што Сэрвантэс памёр 22 красавіка 1616 году. Паводле апісаных сымптомаў, якія ўлучалі моцную смагу, здаецца, што гішпанец хварэў на дыябэт, які на той час быў невылечнай хваробай[52].

Згодна з тэстамэнтам, Сэрвантэс быў пахаваны ў кляштары босых трынітарыяў у цэнтры Мадрыду[53]. Ягоныя парэшткі зьніклі бязь вестак, калі былі перанесеныя падчас рэканструкцыі манастыра ў 1673 годзе. У 2014 годзе гісторык Фэрнанда дэ Прада зладзіў праект па іхнаму паўторнаму адкрыцьцю[54]. У студзені 2015 году Франсіска Этчэбэрыя, судовы антраполяг, які вёў пошукі, паведаміў аб выяўленьні скрыначак з фрагмэнтамі костак і часткай дошчачкі з ініцыяламі «M.C.»[55]. На падставе доказаў пашкоджаньняў, атрыманых пад Лепанта, 17 сакавіка 2015 году было пацьверджана, што парэшткі сапраўды належалі Сэрвантэсу, а таксама ягонай жонцы і ды іншымі родзічамі[56]. Яны былі афіцыйна перапахаваныя на публічнай цырымоніі ў чэрвені 2015 году[57].

Беларускія пераклады

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На беларускую мову асобныя вершы М. дэ Сэрвантэса пераклалі Аляксей Зарыцкі, Рыгор Барадулін, Міхась Пазьнякоў.

  • Дон-Кіхот: Пер. з рус. Л. Радзіміч / Сервантэс. — Мн.: Дзярж. выд-ва БССР, 1940. — 617, [1] с.;
  • У кн.: Кахаць — гэта значыць…: Старонкі з паэзіі свету. Мн., 1986;
  • Хітры гідальга Дон Кіхот Ламанчскі: Раман: [Скароч. выд.: Для сярэд. шк. узросту / Мігель дэ Сервантэс Сааведра. — Мн.: Юнацтва, 1999. — 621, [1] с. — (Школьная бібліятэка)
  1. ^ а б Casella M., autori vari CERVANTES SAAVEDRA, Miguel de // Enciclopedia Treccani (італ.)Istituto dell'Enciclopedia Italiana, 1931.
  2. ^ а б http://web.archive.org/web/20170324033852/http://jeugdliteratuur.org/auteurs/miguel-de-cervantes-saavedra
  3. ^ BeWeB
  4. ^ NNDB (анг.) — 2002.
  5. ^ Miguel de Cervantes Saavedra // Інтэрнэт-база зьвестак фантастыкі (анг.) — 1995.
  6. ^ Deutsche Nationalbibliothek Record #11851993X // Gemeinsame Normdatei (ням.) — 2012—2016.
  7. ^ http://www.bbc.com/news/world-europe-31852032Навіны Бі-Бі-Сі, 2015.
  8. ^ Harold Bloom on Don Quixote, the first modern novel. The Guardian
  9. ^ Don Quixote gets authors' votes. BBC News.
  10. ^ а б Garcés 2002. С. 189.
  11. ^ Iglesias, Amalia (17.11.2016). «Luce López-Baralt: „Ante el 'Quijote' y San Juan de la Cruz siento el vértigo de asomarme a un abismo sin fin“». ABC.
  12. ^ Byron, William (1978). «Cervantes; A Biography». London: Cassell. — С. 32. — ISBN 978-1-55778-006-5.
  13. ^ Lokos 2016. С. 116.
  14. ^ Cascardi, Anthony J. (2008). «The Cambridge Companion to Cervantes». Cambridge University Press, Cambridge, UK. — С. 4.
  15. ^ Presberg, Charles D. (2018). «Chapter 5: Anatomy of Contemporary Cervantes Studies: A Romance of „Two Cities“». In Cruz, Anne J.; Johnson, Carrol B. (eds.). Cervantes and His Postmodern Constituencies. Taylor & Francis. — С. 89. — ISBN 978-1-317-94451-5.
  16. ^ Echevarria, Roberto G. (2010). «Introduction». Cervantes’ Don Quixote: A Casebook. Casebooks in Criticism. Oxford University Press. — С. 13. — ISBN 978-0-19-996046-0.
  17. ^ McCrory 2006. С. 35.
  18. ^ McCrory 2006. С. 34.
  19. ^ McCrory 2006. С. 36.
  20. ^ Egginton, William (2016). «The Man Who Invented Fiction: How Cervantes Ushered in the Modern World». US: Bloomsbury. — С. 23. — ISBN 978-1620401750.
  21. ^ McCrory 2006. С. 40—41.
  22. ^ McCrory 2006. С. 48.
  23. ^ Lokos 2016. С. 118.
  24. ^ McCrory 2006. С. 50.
  25. ^ а б McCrory 2006. С. 52.
  26. ^ «Military honours for Miguel de Cervantes». Gobierno de España. Ministerio de Defensa.
  27. ^ Davis, Paul K. (1999). «100 Decisive Battles: From Ancient Times to the Present». Oxford University Press. — С. 199. — ISBN 978-0-19514-366-9.
  28. ^ McCrory 2006. С. 58.
  29. ^ а б Ma, Ning (2017). «The Age of Silver: The Rise of the Novel, East and West». US: OUP. — С. 99. — ISBN 978-0190606565.
  30. ^ Fitzmaurice-Kelly 1892. С. 33.
  31. ^ «La Tumba de Cervantes y El „Tercio Viejo de Sicilia“». Ejercito de Tierra.
  32. ^ McCrory 2006. С. 60.
  33. ^ Garcés 2002. С. 191—192.
  34. ^ Garcés 2002. С. 220.
  35. ^ McCrory 2006. С. 63.
  36. ^ Fitzmaurice-Kelly 1892. С. 41.
  37. ^ McCrory 2006. С. 65—68.
  38. ^ McCrory 2006. С. 78.
  39. ^ Eren, Güleren (06.2006). «The Heritage of A Sailor». Beyoğlu, no. 3. — С. 59—64.
  40. ^ Bayrak, M. Orhan (1994). «Türkiye Tarihi Yerler Kılavuzu». İstanbul: İnkılâp Kitabevi. — С. 326—327. — ISBN 975-10-0705-4.
  41. ^ Sumner-Boyd, Hilary; Freely, John (1994). «Strolling Through Istanbul: A Guide to the City» (6 ed.). İstanbul: SEV Matbaacılık. — С. 450—451. — ISBN 975-8176-44-7.
  42. ^ Vielva Diego, Héctor (09.2016). «Cervantes in Istanbul, history or fiction?». Archivo de la Frontera. — ISBN 978-84-690-5859-6.
  43. ^ Glete, Jan (2001). «War and the State in Early Modern Europe: Spain, the Dutch Republic and Sweden as Fiscal-Military States (Warfare and History)». Routledge. — С. 84. —ISBN 978-0415226448.
  44. ^ Parker, Barbara Keevil; Parker, Duane F. (2009). «Miguel de Cervantes». Infobase Publishing. — ISBN 978-1-4381-0685-4.
  45. ^ McCrory 2006. С. 100—101.
  46. ^ McCrory 2006. С. 115—116.
  47. ^ McCrory 2006. С. 113.
  48. ^ McCrory 2006. С. 206.
  49. ^ а б Anthony Cascardi, ed. (17.10.2002). «The Cambridge Companion to Cervantes». Cambridge University Press. — ISBN 9780521663878.
  50. ^ Close, A. J. (2008). «A Companion to Don Quixote». Boydell & Brewer Ltd. — С. 12. — ISBN 978-1-85566-170-7.
  51. ^ Fitzmaurice-Kelly 1892. С. 179.
  52. ^ McCrory 2006. С. 264.
  53. ^ «Miguel de Cervantes Biography – life, family, children, name, story, death, history, wife, son, book». Notable Biographies.
  54. ^ Tremlett, Giles (25.07.2011). «Madrid begins search for bones of Don Quixote author Miguel de Cervantes». The Guardian.
  55. ^ «Casket find could lead to remains of Don Quixote author Miguel de Cervantes». The Guardian.
  56. ^ «Spain finds Don Quixote writer Cervantes’ tomb in Madrid». BBC News.
  57. ^ Giles, Ciaran (11.06.2015). «Spain formally buries Cervantes, 400 years later». Associated Press.
  • Fitzmaurice-Kelly, James The Life of Cervantes. — Chapman Hall, 1892.
  • Garcés, Maria Antonia Cervantes in Algiers: A Captive’s Tale. — Vanderbilt University Press, 2002. — ISBN 978-0826514066
  • Lokos, Ellen Cervantes and His Postmodern Constituencies. — Routledge, 2016. — ISBN 978-1138864412
  • McCrory, Donald P. No Ordinary Man: The Life and Times of Miguel de Cervantes. — Dover Publishing, 2006. — ISBN 978-0486453613

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]