Васіль Шашалевіч
Васіль Шашалевіч лац. Vasil Šašalevič | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 9 студзеня 1897 Мхінічы, Чэрыкаўскі павет, Магілёўская губэрня (цяпер — Краснапольскі раён, Магілёўская вобласьць) |
Памёр | 23 кастрычніка 1941 ГУЛАГ |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | паэт, драматург |
Мова | беларуская |
Дэбют | «Сож» // «Узвышша», 1927 |
Васі́ль Анто́навіч Шашале́віч (9 студзеня 1897, Мхінічы, Чэрыкаўскі павет, Магілёўская губэрня — 23 кастрычніка 1941, ГУЛАГ) — беларускі драматург і паэт; малодшы брат празаіка Андрэя Мрыя.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзіўся ў сям’і валаснога пісара Антона Дзяменьцевіча і Ефрасіньні Фамінічны. У сям’і было пяцёра дзяцей: Антаніна, Андрэй, Анастасія[a], Васіль і Ксеня. У 1902 страціў бацьку. У 1908 закончыў сельскую школу ў вёсцы Палуж, затым — Аршанскую духоўную вучэльню. Вучыўся ў Магілёўскай духоўнай сэмінарыі (1910—1914) і Яраслаўскім юрыдычным ліцэі (1915—1916), які праз матэрыяльныя праблемы ня здолеў закончыць. У 1917—1919 гадох настаўнічаў у вёсцы Ясенцы.
У 1919—1924 — выкладаў расейскую мову і літаратуру ў школе другой ступені ў вёсцы Краснапольле на Магілёўшчыне. Разам з братам і сёстрамі Аксіньняй і Настасьсяй стварыў тут народны тэатар, для якога пісаў аднаактавыя абразкі. Дзякуючы намаганьням Шашалевічаў у школе былі створаныя хор і аркестар народных інструмэнтаў і наладжаныя лекцыі на палітычныя і навукова-папулярныя тэмы[2]. Таксама Шашалевічамі былі створаныя драматычны і літаратурны гурткі. Ставілі спэктаклі па п’есах Астроўскага, Горкага і Чэхава. Разам зь сёстрамі і мастаком А. Грубэ рабілі дэкарацыі, касьцюмы, бутафорыю, зьбіралі фальклёр і ўключалі лепшыя ўзоры ў канцэрты. Чыталі лекцыі «Навука і рэлігія», «Атэізм у расійскім жывапісе XIX стагодзьдзя», «Паходжаньне жыцьця на Зямлі», «Становішча на франтах грамадзянскай вайны». Прамаўлялі са сцэны вершы А. Блока, Дз. Беднага, У. Маякоўскага[3]. Выходзіў рукапісны часопіс «Пралеска». Напісаў тут драму «Апраметная»[4].
З 1924 жыве ў Менску, дзе да 1928 працуе настаўнікам. У другой палове 1920-х працаваў сцэнарыстам на кінафабрыцы ў Ленінградзе.
Арыштаваны ГПУ БССР у ліпені 1930 па справе «Саюзу вызваленьня Беларусі»; знаходзіўся пад сьледзтвам да лютага 1931. 30 сьнежня 1930 быў выключаны зь Беларускага драматычнага таварыства і адноўлены 20 сакавіка 1932[5]. Паўторна арыштаваны 28 кастрычніка 1936 і прыгавораны да 10 гадоў лягераў. Адбываў пакараньне спачатку ў Магілёве, затым накіраваны ў Прымор’е, дзе прабыў у перасылцы ��осем месяцаў. Працаваў рахункаводам, рэгістратарам у санітарнай часьці, выступаў у канцэртах, пісаў частушкі і скетчы[6]. Прызнаны непрацаздольным камісіяй 27 лягернага пункта.
У Томасінглагу для аматарскага тэатра напісаў п’есу на тэму лягернага жыцьця, пастаўленую зьняволенымі ў сталовай. Зьмест п’есы не спадабаўся лягернаму кіраўніцтву і яе аўтара, хворага на сухоты, адправілі на лесапавал, дзе ён празь непрацаздольнасьць быў улікоўцам. Там на В. Шашалевіча наўмысна спусьцілі бярозу, якая прыціснула яго да вогнішча[2]. Пасьля расьпілаваньня дрэва, моцна абгарэлага і абязьвечанага Васіля Шашалевіча перавезьлі ў зону. Засталіся зьвесткі, што ў пісьменьніка выцяклі вочы[6]. Памёр у санітарнай частцы. Месца пахаваньня невядомае.
Рэабілітаваны Прэзыдыюмам Вярхоўнага суда БССР 19 кастрычніка 1955 году.
Быў жанаты на Веры Сямёнаўне Шашалевіч, гадаваў сына Генрыха, якога назваў у гонар нямецкага паэта Гайнрыха Гайнэ[7] (пазьней той зьмяніў імя на Генадзь). Жонку паэта Веру забіў гаспадар хаты Міхась Крыловіч, у якога яна кватаравала ў Волме, дзеля выкраданьня атрыманай грашовай кампэнсацыі за рэпрэсіі[2] ў суме шасьці тысячаў рублёў. Забойца неўзабаве павесіўся[8].
Творчасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Друкавацца пачаў з 1927 у часопісе «Узвышша». Зь сярэдзіны 1920-х выступаў з апавяданьнямі і драматычнымі творамі.
Аўтар п’есаў «Апраметная» (другая назва «Зруйнаваная цемра», 1925), «Змрок» (1927), «Трэцяя сіла» (1926—1928, не захавалася), «Воўчыя ночы» (1927—1929), «Рой» (1931), «Сымфонія гневу» (1935)[9] і «Лёс Прамэтэя» (не захавалася)[10].
Перакладаў на беларускую мову драматычныя творы Антона Чэхава, раманы Івана Тургенева «Рудзін», «Дваранскае гняздо». Досыць прафэсійна іграў на віялянчэлі і скрыпцы, маляваў, пісаў сцэнары для кіно, зьбіраў і апрацоўваў народныя песьні[9].
Успаміны
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У артыкуле «Гаварыў ён шчыра…» Заір Азгур адзначаў, што Васілю Шашалевічу «па-інтэлігентнаму чужая была поза: ён пазьбягаў „манернасьці“ і гэткіх шляхетных цырымоніяў»[11]. Сваю першую сустрэчу з Васілём Шашалевічам скульптар апісаў наступным чынам:
Сустрэліся мы з Васілём Антонавічам Шашалевічам ужо ў Менску, годзе ў дваццаць шостым. Пазнаёмілі нас у доме фінскага мастака Вало Ахола, які жыў на Татарскай вуліцы, насупраць мячэту... Васіль Шашалевіч зьнешне быў звычайным чалавекам, у абліччы якога пераважалі рысы славяніна... быў ураўнаважаны, спакойны, нават ціхі[12] | ||
.
Сяргей Грахоўскі ўспамінаў:
З Васілём Антонавічам часта апыналіся за адным сталом, разам выходзілі, гаварылі, непрыкметна спускаліся па Камсамольскай вуліцы на Нямігу і даходзілі аж да яго дома на вуліцы Вызваленьня. Гэтыя праходкі для мяне былі найлепшаю школаю: Васіль Антонавіч мне расказваў пра Шэксьпіра і Ібсэна, Астроўскага, Сухава-Кабыліна, натхнёна чытаў вершы Гайнрыха Гайнэ і Баратынскага[13]. | ||
Мікола Хведаровіч распавядаў, як пасьля аднаго з спэктакляў Васіль Шашалевіч запрасіў яго і мастака Барыса Малкіна да сябе на «таварыскую гутарку»:
Жыў на ўскраіне, дзесьці ў раёне Юбілейнай плошчы. Маленькі халасьцяцкі пакойчык выглядаў вельмі ўтульна. Паліцы з кнігамі займалі амаль дзьве сьцены. Каля ложка, засланага часьценкім прасьцірадлам, стаяла віялянчэль. Мы папрасілі пайграць што-небудзь з таго, што яму вельмі падабаецца.. Ён узяў віялянчэль, і паліліся мэлёдыі ўсімі любімай музыкі з твора Маснэ «Элегія». Для нас гэта было вялікай нечаканасьцю[14]. | ||
Заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ 1925 — Менск. «Першая Ўсебеларуская мастацкая выстава».
Шашалевіч Насьця Антонаўна (Менск, Стараж. 20, кв. 2). Нарадз. ў в. Міхінічы на Магілеўшчыне ў 1895 г. 663. Бюст А. Мрыя. — Гліна. 664. Бюст Васіля Шашалевіча. — Гліна.[1]
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Каталёг 1-й Усебеларускай мастацкай выстаўкі / Язэп Дыла, Мікола Шчакаціхін, Арон Касталянскі. — Менск: 1925. — С. 30 (№№ 663—664). — 44 с. — 2000 ас.
- ^ а б в Шашалевіч Васіль // Беларускія пісьменнікі: Біябібліягр. слоўн. У 6 т. Т. 6. Талалай — Яфімаў / Дадатак Ін-т літ. імя Я. Купалы АН Беларусі; Беларус. Энцыкл.; Нацыянальны навукова-асветны цэнтр імя Ф. Скарыны. Пад рэд. А. В. Малдзіса; Рэдкал.: І. Э. Багдановіч і інш. — Мн.: БелЭн, 1995. — С.358—359. — 684 с.
- ^ Грахоўскі, С. Два лёсы — дзве трагедыі // Маладосць. — 1988. — № 1. — С. 146.
- ^ Мамачкін, Зм. «Мой вораг - эпоха» Лёс драматурга Васіля Шашалевіча // Роднае слова. — 1994. — № 9. — С. 12.
- ^ Мамачкін, Зм. «Мой вораг — эпоха» Лёс драматурга Васіля Шашалевіча // Роднае слова. — 1994. — № 9. — С. 14.
- ^ а б Грахоўскі, С. Два лёсы — дзве трагедыі // Маладосць. — 1988. — № 1. — С. 157—158.
- ^ Грахоўскі, С. Два лёсы — дзве трагедыі // Маладосць. — 1988. — № 1. — С. 148.
- ^ Грахоўскі, С. Два лёсы — дзве трагедыі // Маладосць. — 1988. — № 1. — С. 160.
- ^ а б Шашалевіч Васіль Антонавіч(недаступная спасылка) // Магілёўская абласная бібліятэка
- ^ Мамачкін, Зм. «Мой вораг — эпоха» Лёс драматурга Васіля Шашалевіча // Роднае слова. — 1994. — № 9. — С. 16.
- ^ Азгур, З. Гаварыў ён шчыра... Згадка пра Васіля Шашалевіча ў ягонае 90-годдзе // ЛіМ. — 1987. — В. 3360. — № 2. — С. 15.
- ^ Азгур, З. Тое, што помніцца // Полымя. — 1981. — № 9. — С. 207.
- ^ Грахоўскі, С. Два лёсы — дзве трагедыі // Маладосць. — 1988. — № 1. — С. 145.
- ^ Хведаровіч, М. Мой сціплы, шчыры таварыш // ЛіМ. — 1977. — В. 2840. — № 1. — С. 7.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Шашалевіч Васіль Антонавіч // Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 2. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
- Шашалевіч Васіль // Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік; Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. ISBN 5-340-00709-X.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Васіль Шашалевіч — Воўчыя ночы (драматычныя абразы) // Узвышша. — 1929. — № 1 (13) — С. 54—71.
- Васіль Шашалевіч — Воўчыя ночы (драматычныя абразы) // Узвышша. — 1929. — № 4 (16) — С. 25—42.
- Нарадзіліся 9 студзеня
- Нарадзіліся ў 1897 годзе
- Памерлі 23 кастрычніка
- Памерлі ў 1941 годзе
- Нарадзіліся ў Краснапольскім раёне
- Нарадзіліся ў Чэрыкаўскім павеце
- Беларускія драматургі
- Беларускія паэты і паэткі
- Беларускія перакладчыкі
- Беларускія літаратары
- Беларускія настаўнікі
- Беларускія сцэнарысты
- Рэпрэсаваныя ў БССР
- Сябры літаратурнага аб’яднаньня «Ўзвышша»