Перайсьці да зьместу

Беларускі корпус самааховы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Беларускі корпус самааховы
Абрэвіятура БСА, БКС
Наступнік Беларуская краёвая абарона
Дата ўтварэньня 16 ліпеня 1942 г.
Дата спыненьня існаваньня красавік 1943 г.
Тып Беларуская дапаможная паліцыя
Юрыдычны статус Паліцыя
Мэта Барацьба супраць прасавецкага партызанскага руху
Штаб-кватэра Менск
Дзейнічае ў рэгіёнах Генэральная акруга Беларусь
Галоўны камэндант Іван Ермачэнка
Начальнік штабу Язэп Гуцька
Кіраўнік афіцэрскіх курсаў Францішак Кушаль
Матчына кампанія Беларуская народная самапомач
Колькасьць супрацоўнікаў 15 тыс. (1943)

Беларускі корпус самааховы (Беларуская самаахова) — ваенізаванае злучэньне Беларускай народнай самапомачы (БНС), створанае на загад генэральнага камісара Генэральнай акругі «Беларусь» Вільгельма Кубэ ад 16 ліпеня 1942 году[1] (паводле Юрыя Туронка, загад выдаў Карл Цэнэр 15 ліпеня) дзеля дапамогі «нямецкай і мясцовай паліцыі ў барацьбе супраць бальшавікоў і сабатажнікаў». Зброя й амуніцыя мусілі пастаўляцца нямецкай паліцыяй. Галоўным камэндатам стаў кіраўнік БНС Іван Ермачэнка, пры якім утварылі штаб. Таксама часам называлася Беларускі вольны корпус самааховы.

Да сярэдзіны 1942 году стварэньне атрадаў самааховы насіла неарганізаваны характар і залежала ад ініцыятывы на месцах. Аднак у выніку разьвіцьця партызанскага руху, хуткі рост якога быў выкліканы акрутнай палітыкай немцаў.

29 чэрвеня 1942 году генэральны камісар Беларусі Вільгельм Кубэ апублікаваў праект наказу пра Корпус беларускай самааховы. Распрацоўка плянаў па стварэньні яго была даручана Цэнтральнаму савету БНС, а стварэньне асобных фармаваньняў — органам тутэйшага самакіраваньня.

16 ліпеня 1942 году[1] Вільгельма Кубэ выдае загад пра стварэньне БКС (паводле Юрыя Туронка, загад выдаў Карл Цэнэр 15 ліпеня).

На пачатку ліпеня 1942 году афіцэр сувязі фюрэра СС і паліцыі Беларусі зь беларускімі паліцыйнымі фармаваньнямі, колішні капітан польскай армі Францішак Кушаль распрацаваў плян, поводле якога трэба было ў далейшым ствараць КБС. Паводле гэтага пляну меркавалася стварыць наступныя структуры корпусу:

15 ліпеня 1942 году фюрэр СС і паліцыі генэральнай акругі Беларусі СС-брыгадэфюрэр Карл Цэнэр азнаёміўся з плянам фармаваньня КБС і ўнёс свае зьмены. Паводле Цэнэравых зьменаў, замест фармаваньня трох дывізіяў ��еркавалася стварыць сетку антыпартызанскіх падразьдзяленьняў па ўсёй генэральнай акрузе. Таму ў кожным раёне мусілі быць зарганізаваныя добраахвотныя фармаваньні БКС дужасьцю ад роты до батальёну, якія б былі падначаленыя тутэйшым кіраўнікам нямецкай паліцыі ў апэратыўным дачыненьні й сфэры падрыхтоўкі. Пра гэтае потым Кушаль пісаў:

Загад гэты зрабіў на нас вельмі непрыемнае ўражаньне. Зь яго ясна вынікала, што роля д-ра Ермачэнкі і людзей, пакліканых д-рам Ермачэнкам, зводзілася толькі да таго, каб паклікаць людзей, адзець іх, закватараваць і накарміць, а рэшта належала ўжо да немцаў.

Ермачэнка адразу ж узяўся за справу. Неўзабаве пасьля атрыманьня загаду Цэнэра ён распачаў арганізацыю штабу БСА й прызначыў яго шэфам падпалкоўніка Язэпа Гуньку. Напрыканцы ліпеня ён склікаў зьезд акруговых і раённых кіраўнікоў БНС, на якім распрацаваў плян забесьпячэньня войска харчамі, аснадай і жыльлём. На пачатку жніўня ў Менску адкрыліся афіцэрскія курсы, начальнікам якіх стаў Кушаль. Да паловы лістапада тут было падрыхтавана каля 260 афіцэраў царскай, польскай і савецкай арміі. Адначасова ў Баранавічах, Наваградку, Вялейцы, Глыбокім, Браславе, Паставах і іншых местах адкрыліся падафіцэрскія курсы, на якіх было падрыхтавана колькі тысячаў падафіцэраў.

Паводле праекту, набор мусіў весьціся згодна з прынцыпам добраахвотнасьці. Савецкія крыніцы сьцьвярджаюць, што добраахвотнікаў увогуле не было, таму акупанты распачалі прымусовую мабілізацыю, аднак супраціў партызанаў і мірнага насельніцтва пазбавіў яе плёну. Але тагачасныя крыніцы не пацьвярджаюць такіх ацэнак. Як паведамляў Кушаль, паведамленьне пра стварэньне БСА выклікала ў насельніцтва «надзвычайны энтузіязм» і перакананьне, што ёй удасца зьнішчыць партызаншчыну й стаць зародкам будучага беларускага войска. Паводле Кастуся Езавітава, наплыў добраахвотнікаў быў такі вялікі, што ня ўсе зь іх маглі быць прынятыя. Аднак гэтыя выказваньні трэба ацэньваць крытычна, улічваючы тэндэнцыйнасьць аўтараў і зьвязаную з гэтым схільнасьць да перабольшаньняў.

У кастрычніку Вільгельм Кубэ заявіў, што служыць у БСА пажадала каля 15 тысячаў беларусаў. Напэўна, частка зь іх пайшла на гэта не па сваёй волі, аб чым сьведчыць прымусовая мабілізацыя ў Ганцавіцкай акрузе. З паведамленьняў прэсы вынікае, што добраахвотнікаў усё ж было нямала, нават у Нямеччыне і Беластоцкай акрузе, дзе БНС не разгортвала сваёй дзейнасьці.

Паводле Кушаля, было сфармавана каля 20 батальёнаў і некалькі болей дробных частак. Звычайна кожны батальён самааховы складаўся з трох пяхотных ротаў і аднаго эскадрона кавалерыі. У кожнай роце было па 100-120 человек, а ў эскадроне — блізу 100. Кожны батальён меў двайное падпарадкаваньне: беларускае й нямецкае. Як правіла, батальёнам камандаваў беларускі афіцэр, а немец выконваў пры ім абавязкі дарадніка й афіцэра сувязі з тутэйшым нямецкім паліцыйным начальнікам.

Праект стварэньня корпусу БСА ў выглядзе, які прадугледжваў Цэнэр, выклікаў незадавальненьне вышэйшых нямецкіх паліцыйных уладаў. Яны разумелі, якую карысьць можа прынесьці ўзмацненьне антыпартызанскіх сілаў на Беларусі, аднак, з другога боку, не жадалі ўмацаваньня палітычнай пазыцыі Ермачэнкі, якога ўважалі за сапраўднага ініцыятара й натхняльніка праекту.

Нямецкая прапаганда цьвердзіла, што БКС зьнішчыць партызаншчыну й стане зародкам беларускага войска на будучыню.

З пачатку жніўня 1942 ў Менску адкрыліся 3-тыднёвыя афіцэрскія курсы (кіраўнік Францішак Кушаль), на якіх прайшлі падрыхтоўку каля 260 чал. Усяго было створана 20 батальёнаў і некалькі мяшаных адзінак БКС, якія, аднак, ня выканалі ўскладзеных на іх задачаў. Адна з галоўных прычынаў гэтага была ў тым, што для БКС не ўдалося атрымаць неабходную колькасьць зброі.

Бяззбройныя самаахоўцы й іх сем’і сталі аб’ектам тэрору з боку партызанаў, як толькі стала вядома пра стварэньне самааховы. Зь іншага боку, былі выпадкі, калі нават буйныя патрулі самааховы, узброеныя вінтоўкамі й аўтаматычнай зброяй, пры сутыкненьні з партызанамі замест аказаньня супраціўленьня пераходзілі на іх бок.

Перашкоды неямецкіх уладаў

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У верасьні Групэнфюрэра Цэнэра замяніў штандартэнфюрэр Шымана, які звольніў Ермачэнку з пасады Галоўнага Камэнданта БКС, гэтаксама яму было забаронена мець Штаб БКС . Даведаўшыся пра гэтае, палкоўнік Ген. Штабу Гуцько, як толькі вярнуўся з водпуску Ермачэнка, падзякаваў яму за гонар і паехаў дахаты ў Наваградак.

Загадам Шыманы было забаронена ў БКС выкарыстоўваць афіцэрскіх рангаў. Камандоўцы адзінак БКС маглі выкарыстоўваць толькі назовы сваіх функцыяў, прыкладам: камандовец зьвязу, камандовец роты й г.д.

Батальёнам БСА, якія ўжо пасьпелі сфармавацца, не далі зброі — ім прапанавалі перайсьці на статус паліцыйных батальёнаў (па-нямецку: Schutzmannsckaften) пад камандаю нямецкіх афіцэраў. Аднак кіраўніцтва БНС і камандаваньне БСА не пагаджаліся з такімі прапановамі — перш за ўсё яны імкнуліся захаваць сваю адасобленасьць.

Праблема зводзілася да таго, каб захаваць у частках БСА беларускую мову й камандоўскія кадры (па-нямецку: weissruthenischer Selbstschutz) — іх нацыянальны характар. У паліцыйных батальёнах (па-нямецку: Schutzmannsckaften) пад камандаваньнем нямецкіх афіцэраў гэта было немагчыма. Такім чынам, канфлікт набываў палітычнае адценьне. Кубэ рашуча падтрымаў імкненьне лідэраў БНС забясьпечыць адасобленасьць частак Самааховы, бо гэта адпавядала ягоным ўласным нацыянальным канцэпцыям. Ён неаднаразова зьвяртаўся да Лёзэ з просьбаю забясьпечыць беларускія атрады зброяй і спрыяць у гэтай справе перад камандаваньнем Вэрмахту, Розэнбэргам і нават самім Гітлерам. Кубэ даводзіў, што зрабіў усё, каб настроіць беларускае насельніцтва супраць партызанаў, і падкрэсьліваў:

Як мага хутчэйшае ўзбраеньне беларускіх добраахвотнікаў— першачарговая задача ў барацьбе з бандамі.

У лістападзе вышэйшыя паліцыйныя ўлады мусілі, хаць і неахвотна, прызнаць два факты:

  • Ідэя Беларускай самааховы супраць бандытызму насамрэч знайшла даволі шырокі водгук сярод тутэйшага насельніцтва.
  • Маладыя беларусы выразна супраціўляліся іх пераводу ў паліцыйныя батальёны (як прыклад, 49-ы батальён).

Насуперак уласнаму нежаданьню і адгаворкам — немцам давялося пагадзіцца нарэшце на тое, каб захаваць Беларускую самаахову. У рамках БНС пакінулі вайсковы сэктар і ў другой палове лістапада прызначылі яго шэфам Кушаля. Ён кіраваў дзейнасьцю акруговых і павятовых рэфэрэнтаў БНС па справах самааховы. Паводле Кушаля, было сфармавана ўсяго каля 20 батальёнаў БСА й некалькі меншых падразьдзяленьняў. Аднак цяжка акрэсьліць іх фармальны статус. На думку Кушаля, яны падначальваліся ня толькі мясцовым рэфэрэнтам БНС, але і акруговым камандоўцам нямецкай паліцыі, тым ня менш у некаторых акругах часткі БСА лічылі сябе за незалежныя ад немцаў беларускія фармаваньні.

Праблемы з аснадай

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Але гэтая «незалежнасьць» стварала немалыя праблемы. Паліцыйныя ўлады, ня маючы даверу да беларускіх атрадаў, адмаўляліся забясьпечваць іх аснадай, таму салдаты і камандзіры мусілі хадзіць ува ўласнай вопратцы — вонкава яны мала чым адрозьніваліся ад партызанаў. Счакаўшы некалькі месяцаў, пад канец 1942 г. часткам БСА выдалі невялікую колькасьць зброі. Гэтае ня разьвязала пытаньня з узбраеньнем, але й не стварала вялікай праблемы: зброю здабывалі ўласнай рукой, у т. л. куплялі ў нямецкіх жаўнераў. Як піша Кушаль, такім чынам узброіўся цэлы батальён у Рудзенску Менскай акругі. Сяргей Хмара, апавядаючы пра сытуацыю ў Слонімскай акрузе, надае нават цэны, па якіх рабіліся такія ўгоды. Так, напрыклад, кулямёт, які купляўся ў нямецкіх або італьянскіх жаўнераў, што вярталіся з фронту, каштаваў 9 кг саланіны і 5 літраў самагону. Звычайныя аўтаматы куплялі нават… у савецкіх партызан — за іх плацілі пару бутэлек гарэлкі. Такім чынам, — зазначае далей Хмара, — адзін з слонімскіх батальёнаў неўзабаве займеў восем кулямётаў і нават мінамёты.

Францішак Кушаль, як Галоўны Вайсковы Рэфэрэнт, аддаваў рознага роду распараджэньні й загады акруговым рэфэрэнтам. У ягоным рэфэраце, як начальніка канцылярыі, працаваў палкоўнік царскае арміі Вітаўт Мірскі. Ягоная функцыя была фактычна функцыяй начальніка штабу. Апошні загад Галоўнага рэфэрату БСА быў аб утварэньні пры павятовых аддзелах Самапомачы аддзелаў вайсковага папаўненьня. Пры гэтым былі разасланыя інструкцыі. Ідэяй было запачаткаваць павятовыя аддзелы вайсковага папаўненьня.

Усе загады, якія выходзілі з галоўнага вайсковага рэфэрату, праходзілі праз рукі немцаў. Незадоўга пасьля гэтага загаду, прыблізна ў красавіку (паводле Кушаля, у пачатку траўня) 1943 году, выйшаў загад начальніка ўсяе паліцыі на Беларусі палкоўніка Клепша аб ліквідацыі вайсковых рэфэратаў БСА і аб пераходзе адзінак БСА ў склад беларускае паліцыі.

Пасьля выхаду гэтага загаду ўсё БСА пачало ліквідавацца. У некаторых акругах яно было зьліквідавана вельмі жорстка. Так, напрыклад, паводле ўспамінаў Францішка Кушаля:

у Менскай акрузе з БСА былі выбраныя найлепшыя людзі й сілком улітыя ў рады паліцыі, рэшта была прымусова вывезеная на працу ў Нямеччыну. У Слонімскай акрузе БСА катэгарычна адмовілася ўступаць у рады паліцыі. Начальнік нямецкае паліцыі прыракаў матэрыяльныя выгады, як аснада, нямецкі паёк і розныя т.п. рэчы. Ня гледзячы на гэта, самаахоўцы ўпарта адмаўляліся. Адзетыя ў самадзелкі й абутыя ў лапці, яны хацелі, аднак, толькі служыць у БСА. Тады немцы ўжылі хітрасьці. Згадзіліся, каб Самаахова засталася нібы далей Самааховай, але каб прыняла нямецкае абмундзіраваньне і паёк. З гэтым Самаахоўцы пагадзіліся, але з таго моманту яны фактычна перасталі быць Самааховай. У Глыбоцкай акрузе Самаахова захавалася аж да часу бальшавіцкага наступу ў чэрвені 1944 г.

Юрыдычна БСА перастала існаваць ад красавіка (ці пачатку траўня) 1943 году, ад часу выхаду загаду палкоўніка Клепша аб яе скасаваньні, але фактычна існавала далей. Не разгарнулася яна ў магутны беларускі вайсковы рух, як спадзяваліся беларускія нацыяналісты на пачатку ейнае арганізацыі.

Кушаль адзначаў, што хоць Самаахову хутка скасавалі, яна ўсё адно зрабіла такія, на яго думку, важкія рэчы як:

  • Праведзеная была велізарная прапагандовая праца, шырокія масы пачалі жадаць мець свае войска.
  • Запачаткаваліся беларускія вайсковыя традыцыі.
  • Беларусы пачалі верыць у сваю собскую збройную сілу, якой яны могуць вызваліцца ад ўсякіх насільнікаў. Беларуская Самаахова прыгатавала грунт для Беларускай Краёвай Абароны.

Акруговыя рэфэрэнты БСА

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Акруга Менск — палкоўнік Вітаўт Мірскі й ён жа кіраўнік канцылярыі Галоўнага рэфэрату.

Акруга Слуцак — Уладыслаў Казлоўскі.

Акруга Баранавічы — Уладзімер Русак.

Акруга Слонім — Язэп Дакіневіч.

Акруга Ліда — Петра Касацкі.

Акруга Вялейка — Аляксандар Калодка.

Акруга Глыбокае — Сымон Лазараў.

Акруга Наваградак — Барыс Рагуля.

Акруга Ганцавічы — вайсковых рэфэрэнтаў было некалькі, якія часта зьмяняліся адзін за другім.

Жаўнеры беларускай самааховы ня мелі адзінай уніформы. Так, у Слонімскім батальёне была як летувіская, так і польская форма. У якасьці капелюша байцы насілі пілёткі з какардай у выглядзе пагоні. Аднак з-за таго, што немцы часьцяком не жадалі даваць аснаду, жаўнеры хадзілі збольшага ў сваім адзеньні і часам мала чым адрозьніваліся ад партызанаў.

Алесь Салавей да стварэння БСА ў 1942 годзе напісаў верш «Зa cлaвy paдзімы»,які характаразаваў БСА як беларускае войска, вось, ягоны пачатак:[2]

Нaш кpaй paбaвaлі paзбoйнікі-кaты,

дyшылі, тaптaлі чyжaцкaй пятoй,

пpaбілa чacінa paшyчaй pacплaты, –

бpaты-Кpывiчaнe, ўcтaвaйцe нa бoй!

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]