Узнагароды БНР
Узнагаро́ды Белару́скай Наро́днай Рэспу́блікі ўручаліся і ўручаюцца ўладамі рэспублікі, у прыватнасьці Радай Беларускай Народнай Рэспублікі ў выгнаньні. У 2016 годзе Рада БНР абвясьціла пра аднаўленьне ўручэньня ўзнагародаў, а ў 2018 годзе — пра заснаваньне юбілейнага мэдаля ў гонар стагодзь��зя БНР.
Першыя ўзнагароды
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Жалезны «Крыж за Бацькаўшчыну». Зацьверджаны ў 1918 годзе. Узнагароджваліся асобы — змагары за Беларускую Народную Рэспубліку[1][2].
- Полацкі Беларускі крыж. Зацьверджаны Радай БНР 26 студзеня 1920 году. Меў пяць ступеняў зь дзяленьнем на дзьве катэгорыі — вайсковую і цывільную. Ордэн меў шасьціканцовую форму і быў пакрыты белай эмальлю з пазалочанымі кантамі[3]. Надаваўся для ўзнагароджаньня як у вайсковы, гэтак і ў мірны час «за асаблівыя заслугі грамадзянам БНР перад Бацькаўшчынаю».
Сучасныя ўзнагароды
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]1 верасьня 1949 году дэкрэтам прэзыдэнта Рады БНР Міколы Абрамчыка быў заснаваны шэраг узнагародаў. Дэкрэт усталёўваў Статутную камісію ў складзе:
- старшыня генэрал Францішак Кушаль
- доктар Станіслаў Грынкевіч
- магістар права Лявон Галяк
- мастак Пётра Мірановіч
- невядомы (Міхась Тулейка?)[4]
Статуты, распрацаваныя камісіяй, былі зацьверджаныя 5 жніўня 1951 року. Узнагароды прызначаліся як для вайскоўцаў, так і для цывільных «заслужаных беларусаў»[4].
- Ордэн Пагоні. Зацьверджаны 1 верасьня 1949 году, першыя ўзнагароджаныя — 5 жніўня 1951 году. Мае пяць клясаў (ступеняў). Выконваецца з золата ці срэбра, прывешваецца на бел-чырвона-белай стужцы. У цэнтры выява Пагоні, на шырокіх прамянёх крыжа літары БНР, на цэнтральным верхнім промні пазначаная ступень. На адваротным баку — парадкавы нумар[1][2]. Найвышэйшая ўзнагарода Беларускай Народнай Рэспублікі, надавалася «асобам, якія выдатна спрычыніліся да здабыцьця незалежнасьці, задзіночаньня ўсіх беларускіх земляў, або да ўзмацаваньня незалежнасьці і росквіту беларускай дзяржавы»[4]. Сярод узнагароджаных — генэрал Міхал Вітушка[5]
- Ордэн Жалезнага Рыцара. Зацьверджаны 1 верасьня 1949 году, першыя ўзнагароджаныя — 5 жніўня 1951 году. Мае пяць ступеняў: Вялікі Крыж, Камандорскі Крыж, Кавалерыйскі Крыж, Залаты Крыж, Срэбны Крыж[4]. Прывешваецца на стужцы чырвонага (цёмнага) і зямельнага (бурага) колераў. Шаблі на стужцы з таго ж мэталу, што і на ордэне. На трох горных прамянёх — літары «БНР». На адваротным баку — парадкавы нумар[1][2]. Надаваўся за «выдатныя ваенныя ўчынкі».
- Мэдаль Партызана. Зацьверджаны 1 верасьня 1949 году, першыя ўзнагароджаныя з 5 жніўня 1951 году. Мае дзьве ступені, выконваецца адпаведна з золата і срэбра. Стужка — чырвона-зямельна-зялёная. На стужцы мэдаля I ступені дзьве скрыжаваныя стрэльбы. На відавым баку ў коле дзьве скрыжаваныя стрэльбы, над імі літары «БНР». На адваротным баку парадкавы нумар[1][2]. Надаваўся «беларусам, якія змагаліся ў радох Беларускай нацыянальнай партызанкі за незалежнасьць Беларусі супроць акупантаў»[4].
У 2016 годзе XXIX сэсія Рады БНР пацьвердзіла дзейнасьць уведзеных у 1949 годзе ўзнагародаў і заявіла аб будучых зьменах у іхныя статуты[6].
- Мэдаль да стагодзьдзя Беларускае Народнае Рэспублікі. Зацьверджаны дэкрэтам Старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілы ў сьнежні 2018 году. Надаваўся «за пажыцьцёвыя заслугі ў працы дзеля зьдзяйсьненьня ідэалаў Акту 25 сакавіка 1918 г., у тым ліку за дасьледваньні і папулярызацыю беларушчыны, здабыцьцё і ўмацаваньне дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі, барацьбу за свабоду і дэмакратыю ў Беларусі»[7]. Сярод узнагароджаных — Джым Дынглі, Адам Мальдзіс, Арнольд Макмілін, Радзім Гарэцкі, Аляксей Марачкін, Леў Талбузін (усяго больш за 130 чалавек). Уручэньні заплянаваныя на 2019 год.
Узнагароды Беларускай цэнтральнай рады
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Беларуская цэнтральная рада была створана ў сьнежні 1943 зь Беларускай рады даверу пры Генэральным камісарыяце Беларусі. На Другім Усебеларускім кангрэсе у 1944 г. БЦР была абвешчана адзіным праўным прадстаўніком беларускага народу, а ейнай мэтай было абвешчана адраджэньне незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі. Рада БНР не прызнае законнай Беларускую цэнтральную раду, а таксама Другі Ўсебеларускі кангрэс[8].
Другая сусьветная вайна
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Ордэн «Жалезны Крыж Заслугі» (1944 год). Меў тры ступені, прывешваўся на стужцы (колеры ня высьветлены). На адваротным баку чатырохрадковы надпіс: На службе беларускаму народу[1][2].
Пасьля вайны
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Мэдаль «Беларускія вэтэраны на чужыне». Юбілейная ўзнагарода, зацьверджаная 10—14 кастрычніка 1976 году. Прывешваецца на стужцы жоўтага колеру. Выконваецца з бронзы. На відавым баку ў малым коле на шчыце падвойны крыж. Ля падножжа шчыта літары B. V., унізе In exile (Belorussian Veterans in Ехіlе — Беларускія вэтэраны ў выгнаньні). Малое кола абкружана вялікім, у якім разьмешчаны дзьве скрыжаваныя лаўравыя галінкі, уверсе тры пяцікутныя зоркі. На адваротным баку надпіс у пяць радкоў: Беларускія вэтэраны на чужыне. БЦР[1][2]. Надаваўся «ўдзельнікам збройнага змаганьня за дзяржаўную незалежнасьць Беларускай Рэспублікі»[9].
- Мэдаль «Крыж Заслугі Б. К. А.». Зацьверджаны 10—14 кастрычніка 1976 году. Выконваецца з бронзы. У цэнтры крыжа Пагоня, на крыжы літары Б К А. Унізе дата — 1944. На адваротным баку літары: Б Ц Р. Мацуецца на зялёнай стужцы[1][2]. Надаваўся кадрам Беларускай краёвай абароны[10].
- Ордэн «Пагоня — Жыве Беларусь!» Зацьверджаны 10—14 кастрычніка 1976 году. Выконваецца з срэбра. Прывешваецца на бел-чырвона-белай стужцы. На відавым баку выява герба Пагоня; унізе дзьве скрыжаваныя лаўровыя галінкі, уверсе тэкст: «Жыве Беларусь», на адваротным баку ў двух радках літары Б Ц Р і дата 27.6.1944[1][2]. Надаваўся «за самаахвярную нацыянальна-грамадзкую працу»[11].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б в г д е ё ж 1992 Мазырэц. С. 38—41.
- ^ а б в г д е ё ж 1993 Мазырэц. С. 53—56.
- ^ 2014 Ліс-Блонскі.
- ^ а б в г д 1952 Ёрш.
- ^ Абрамчык, Мікола (15 верасьня 2016) Дэкрэт аб узнагароджаньні ордэнам Пагоні, 1950 г. Гістарычныя дакумэнты. Рада Беларускай Народнай Рэспублікі. Праверана 1 сакавіка 2018 г.
- ^ Рада БНР аднаўляе ўзнагароды — Рэзалюцыя Сэсіі Рады — афіцыйны сайт Рады БНР, 12 красавіка 2016 г.
- ^ Узнагароджаньне Мэдалём да стагодзьдзя БНР — Афіцыйны сайт Рады БНР, 25 сьнежня 2018 г.
- ^ Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1993. — Т. 1: А — Беліца. — 494 с. — ISBN 5-85700-074-2 С. 390.
- ^ Гардзіенка, Натальля Мэдаль «Беларускія вэтэраны на чужыне. БЦР» Беларускія эміграцыйныя калекцыі. Беларускі інстытут навукі і мастацтва. Праверана 1 сакавіка 2018 г.
- ^ Гардзіенка, Натальля Мэдаль, прысьвечаны БКА Беларускія эміграцыйныя калекцыі. Беларускі інстытут навукі і мастацтва. Праверана 1 сакавіка 2018 г.
- ^ Гардзіенка, Натальля Мэдаль «Жыве Беларусь!» БЦР Беларускія эміграцыйныя калекцыі. Беларускі інстытут навукі і мастацтва. Праверана 1 сакавіка 2018 г.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Балахоўцы. Сведчанні, дакументы, даследаванні / Станіслаў Ліс-Блонскі. — 2-е выд.. — Смаленск: Інбелкульт, 2014. — 470 с. — (Кнігі ARCHE). — 750 ас. — ISBN 978-5-9904531-9-7
- Мазырэц Ц. Узнагароды Беларусі // Спадчына. — 1992. — № 5. — С. 38—41.
- Мазырэц Ц. Узнагароды Беларусі // Спадчына. — 1993. — № 1. — С. 53—56.
- Сяргей Ёрш. Узнагароды для заслужаных беларусаў // Бацькаўшчына. — 24.02.1952. — № 7—8 (86—87).