Перайсьці да зьместу

Сьвятлана Навумава

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Сьвятлана Навумава
Дата нараджэньня 29 лютага 1956(1956-02-29)
Месца нараджэньня Коўна, Летувіская ССР
Дата сьмерці 10 сакавіка 2011(2011-03-10) (55 гадоў)
Месца сьмерці Менск, Беларусь
Месца вучобы МДУ
Занятак акадэмік
Навуковая сфэра паліталёгія, тэорыя палітыкі, тэорыі дэмакратыі, публічная палітыка, сучасны палітычны працэс
Месца працы ЭГУ

Сьвятлана Андрэеўна Навумава (29 лютага 1956, Коўна — 10 сакавіка 2011, Менск[1]) — беларуская навукоўца ў галіне паліталёгіі і паліттэхналёгіяў.

Нарадзілася ў Коўне Летувіскай ССР. У пэрыяд з 1973 па 1978 год навучалася на гістарычным факультэце Маскоўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Яе аднакурсьнікам, у прыватнасьці, быў вядомы сёньня расейскі палітоляг Вячаслаў Ніканаў.

З 1982 г. вучылася ў асьпірантуры Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту ў Менску, у 1988 годзе абараніла кандыдацкую дысэртацыю па філязофіі.

З 1987 па 1994 гады выкладала ў Менскім дзяржаўным пэдагагічным інстытуце, з 1994 па 2001 гады працавала ў Рэспубліканскім інстытуце вышэйшай школы пры БДУ, прымала ўдзел у дзейнасьці Прэзыдэнцкай камісіі па адукацыі. Адначасова працавала ў Міжнародным інстытуце палітычных досьледаў у Менску.

З 2001 па 2004 год была кіраўніцай катэдры палітычных і сацыяльных навук у ЭГУ, а пасьля закрыцьця ЭГУ ў Менску брала актыўны ўдзел у барацьбе за аднаўленьне ўнівэрсытэту ў выгнаньні. У новым ЭГУ працавала прафэсаркай на факультэце філязофіі і палітычных навук з 2005 па 2009 год. Была судырэктаркай рэгіянальнага цэнтру найноўшых досьледаў і адукацыіі і сурэдактаркай навуковага часопісу «Перекрестки. Журнал исследований Восточно-европейского пограничья». За час сваёй працы ў ЭГУ падрыхтавала некалькі дзясяткаў магістраў палітычных навук, многія з кіраўнікоў беларускіх НДА атрымалі падрыхтоўку ў магістарскіх праграмах пад кіраўніцтвам С. А. Навумавай. У ЭГУ чытала курсы «Уводзіны ў палітычную навуку», «Уводзіны ў паліталёгію», «Асновы палітычнай тэорыі», «Сучасныя тэорыі грамадзянскай супольнасьці», «Беларусь як палітычны праект».

Як паліттэхноляг і палітычная кансультантка працавала ў выбарчых кампаніях на прэзыдэнцкіх выбарах 1994, 2001 і 2010 гадоў, выбарах у Вярхоўны Савет 1995 году, выбарах у Палату Прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу 2000 году.

Была адным з заснавальнікаў і актыўных удзельнікаў грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» і працавала ў штабе кандыдата ў Прэзыдэнты Ўладзімера Някляева. Пасьля акцый пратэсту ў сувязі з вынікамі выбараў яе выклікалі ў КДБ, праводзілі вобшукі, што адмоўна адбілася на стане яе здароўя.

Сьвятлана Андрэеўна Навумава памерла 10 сакавіка 2011 году ў Менску пасьля працяглай полікістознай хваробы нырак[2].

Па ініцыятыве кампаніі "Гавары праўду" створаная прэмія імя С. Навумавай, з мэтай падтрымкі дзейнасьці незалежных журналістаў, аналітыкаў і грамадзкіх дзеячаў у Беларусі[3]. Прэмія імя Сьвятланы Навумавай уручаецца з 2012 году. Яна прызначаецца за крэатыўнасьць і глыбіню дасьледаваньня палітычнага жыцьця краіны, актыўнасьць і неабыякавасьць у грамадзкай прасторы[4]. Прэмія ўручаецца ў трох намінацыях: журналістыка (“За грамадзянскую і маральную пазіцыю”), аналітыка (“За глыбіню думкі і навуковую адказнасць”) і палітычная дзейнасць (“Надзея”, уручаецца маладым палітыкам да 35 гадоў). У 2014 дададзена намінацыя “Сацыяльная інавацыя – задума года”[4].

Навуковая дзейнасьць

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У сфэры навуковых зацікаўленасьцяў Навумавай былі паліталёгія, тэорыя палітыкі, тэорыі дэмакратыі, публічная палітыка, сучасны палітычны працэс.

Займалася навуковымі досьледамі ў галіне паліталёгіі, працавала ў Рэспубліканскім інстытуце вышэйшай школы ў Міжнародным інстытуце палітычных дасьледаваньняў у Менску. Праходзіла стажыроўку ў Расеі (1991), Канадзе (1997), ЗША (1999), Нідэрляндах (2008).

Бацька — Навумаў Андрэй Рыгоравіч (1912—1982) — удзельнік Савецка-фінскай і Вялікай Айчыннай войнаў, удзельнічаў у вызвал��ньні Летувы ад нямецкіх захопнікаў. Быў настаўнікам расейскай мовы, а пасьля — дырэктарам сярэдняй школы.

Маці — Навумава (Ігнатовіч) Рэгіна Францаўна (1925—1980) — скончыла гістарычны факультэт МДУ у 1951 г., выкладала навуковы камунізм.

Муж — Горлаў Валеры Васільевіч (1949—1997) — кандыдат матэматычных навук, сябра «Амэрыканскай матэматычнай супольнасьці», выкладаў у БДУ, дзе фактычна стварыў кірунак — матэматычная лёгіка.

Сын — Горлаў Андрэй Валеравіч (нар. 1984 г.) — бакаляўр паліталёгіі.

Апошнімі гадамі Сьвятлана Навумава жыла разам з пляменьніцай Рамуальдай Пашлянковай[5].

  1. ^ Гарбацкі Уладзіслаў, Беларусь згубіла паліталягіню, ARCHE, 01-02 (100-101) 2011, с. 274—276.
  2. ^ Галіна Абакунчык, Вянок памяці. Сьвятлана Навумава, Радыё Свабода, 11 сакавіка 2011, https://www.svaboda.org/a/2335036.html
  3. ^ Прэмія імя Святланы, Беларускі Партызан, 12.03.15, https://web.archive.org/web/20210513000546/https://belaruspartisan.by/blogs/neklyaev/17085/
  4. ^ а б Кампанія “Гавары праўду” абвесціла пра пачатак вылучэння намінантаў на прэмію Святланы Навумавай, Новы Час, 09-03-2015, https://novychas.by/hramadstva/kampanija_havary_praudu_abvies/
  5. ^ Галіна Абакунчык (11 сакавіка 2011) Сьвятлана Навумава. Радыё СвабодаПраверана 8 красавіка 2011 г.
  • S. Naumova. Белорусская высшая школа как закрытая система Высшее образование в Беларуси: вызовы интернационализации. — Вильнюс: ЕГУ, 2007;
  • S. Naumova, Political Communication: Theoretical Models// The Methodology of Political Discourse, Vol. 2. Minsk, 2000;
  • S. Naumova, Political Ideologies// Towards Democracy through Civil Society edited by P. Fenrych, U. Rouda. Szczecin, 1999, pp. 59–70;
  • S. Naumova, I. Bugrova, Elections and the Election Process// Towards Democracy through Civil Society edited by P. Fenrych, U. Rouda. Szczecin, 1999, pp.135–154;
  • S. Naumova, Political Communication// Towards Democracy through Civil Society edited by P. Fenrych, U. Rouda. Szczecin, 1999, pp.195–208;
  • S. Naumova, Determination of Semantic Fields of Political Notions// The Methodology of Political Discourse. Minsk, 1998;
  • S. Naumova, Mass-Media and Political Parties// Analytical Bulletin of the Belarusian Association of Think Tanks, #2. Minsk, 1998;
  • С. Наумова, Что надо знать о политике. Москва, РОСТ, Мирос, 1997, ISBN 5-7084-0133-8, наклад 10000 ас., 304 с;
  • S. Naumova, Integration as Social Utopia of Post-Soviet Political Consciousness// Vector, #1, 1997;
  • S. Naumova, The Political System of Society: Theoretical Approaches. Minsk, 1997;
  • S. Naumova, Sociology and Political Science in the 20th Century. A textbook for teachers. Minsk, 1995

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]