Новая Мыш
Новая Мыш лац. Novaja Myš | |
Касьцёл Перамяненьня Пана | |
Краіна: | Беларусь |
Вобласьць: | Берасьцейская |
Раён: | Баранавіцкі |
Сельсавет: | Навамыскі |
Вышыня: | 188 м н. у. м. |
Насельніцтва: | 1370 чал. (2010)[1] |
Часавы пас: | UTC+3 |
Тэлефонны код: | +375 163 |
Паштовы індэкс: | 225331 |
СААТА: | 1204860051 |
Нумарны знак: | 1 |
Геаграфічныя каардынаты: | 53°9′0″ пн. ш. 25°54′0″ у. д. / 53.15° пн. ш. 25.9° у. д.Каардынаты: 53°9′0″ пн. ш. 25°54′0″ у. д. / 53.15° пн. ш. 25.9° у. д. |
± Новая Мыш | |
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы |
Но́вая Мыш — вёска ў Беларусі, на рацэ Мышанцы. Цэнтар сельсавету Баранавіцкага раёну Берасьцейскай вобласьці. Насельніцтва на 2010 год — 1370 чалавек. Знаходзіцца за 3 км[2] на захад ад Баранавічаў; на скрыжаваньні аўтамабільных дарог на Івацэвічы, Стоўпцы, Слонім, Моўчадзь.
Новая Мыш — даўняе мястэчка гістарычнай Наваградчыны, колішняя сталіца графства, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага[3]. Да нашага часу тут захаваўся гістарычны плян і традыцыйная местачковая забудова вакол старога Рынку з касьцёлам Перамяненьня Пана, помнікам архітэктуры XIX ст.
Назва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На думку Вадзіма Жучкевіча, тапонім Но́вая Мыш[4] паходзіць ад назвы рэчкі Мышанкі, якая, у сваю чаргу, утварылася ад асновы мыш. Таксама існуе меркаваньне, што гідронім, а адпаведна, і назва паселішча, мае зьвязкі з балцкімі словамі машаз, маша, што ў перакладзе азначае 'маленькі', 'мала'[5].
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вялікае Княства Літоўскае
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Упершыню Мыш упамінаецца ў 1-й палове XV ст. як сяло ў Наваградзкім павеце[6] Вялікага Княства Літоўскага. У 1563 годзе вялікі князь Жыгімонт Аўгуст перадаў яе за вайсковыя заслугі Яну Хадкевічу, на той час стольніку вялікаму. Пад 1566 годам Мыш значыцца ў дакумэнтах як мястэчка.
У XVI—XVII стагодзьдзях у Мышы існаваў замак. У XVII ст. у мястэчку Новай Мышы дзеялі касьцёл і школа, у двары Старой Мышы існаваў кляштар езуітаў. У 2-й чвэрці XVII ст. мястэчка і двор перайшлі ў валоданьне Сяняўскіх, потым — Юдзіцкіх.
У вайну Маскоўс��ай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) замак і мястэчка зруйнавалі маскоўскія войскі. Як даносілі захопнікі свайму гаспадару[7]:
У горадзе Мышы літоўскіх людзей усіх забілі, якіх засьпелі, і языкоў узялі многіх людзей. І мястэчка Мыш выпалілі і з усім спустошылі дашчэнту.
Арыгінальны тэкст (рас.)В городе Мыши литовских людей всех побили, которых зостали, и языков взяли многих людей. И городок Мышь выжгли и со всем разорили без остатку.
Па вайне спатрэбілася паўтара стагодзьдзі, каб узнавіць былы патэнцыял Мышы. У 2-й палове XVII ст. кашталян наваградзкі М. Юдзіцкі заснаваў тут езуіцкі калегіюм. У XVIII ст. уладальнікамі мястэчка і двара былі Несялоўскія і Масальскія. У пачатку XVIII ст. апошнія заснавалі шкляную гуту. На 1725 год у Новай Мышы было больш за 100 двароў, дзеялі касьцёл і царква, працавалі школа, шпіталь, карчма і млын. У 1762 годзе адбыўся вялікі пажар, у якім згарэў палац Сапегаў. У 1784 годзе маёнтак наведваў кароль і вялікі князь Станіслаў Аўгуст Панятоўскі.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Новая Мыш апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе стала цэнтрам воласьці Слонімскага павету. У 1825 годзе на Рынку збудавалі мураваны касьцёл Перамяненьня Пана. Паводле зьвестак на 1842 год, у мястэчку штогод праводзіліся 2 кірмашы (1 і 29 верасьня), на якіх у асноўным гандлявалі прадукцыяй сельскай гаспадаркі і жывёлай.
У 1859 годзе ў Новай Мышы на месцы старой царквы Сьвятога Пасаду за кошт дзяржаўнага скарбу і сродкаў сялянаў збудавалі драўляную царкву Сьвятога Спаса Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы). У 1860-я гады ў мястэчку было 132 двары, дзеялі царква, касьцёл і юдэйскі малітоўны дом, праводзіліся штотыднёвыя таргі і штогадовы кірмаш. У 1862 годзе з мэтай маскалізацыі колішняга Вялікага Княства Літоўскага ўлады Расейскай імпэрыі адкрылі тут народную вучэльню. На 1886 год — 162 двары, дзеялі царква, касьцёл і сынагога, працавалі валасная ўправа, народная вучэльня, 3 юдэйскія школы, лякарня, цагельня, бровар, вятрак, паравы млын, 21 крама. Існавалі промыслы: шавецкі, кравецкі і кавальскі, а таксама вырабу розных рэчаў з дрэва.
За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1915 годзе Новую Мыш занялі войскі Нямецкай імпэрыі.
Найноўшы час
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Новая Мыш абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Беларускай ССР, у Баранавіцкі павет («падраён») Баранавіцкага раёну[8]. Паводле Рыскай мірнай дамовы 1921 году мястэчка апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стала цэнтрам гміны Баранавіцкага павету. У гэты час тут было 327 будынкаў.
У 1939 годзе Новая Мыш увайшла ў склад БССР, дзе стала цэнтрам раёну Баранавіцкай вобласьці. Статус паселішча панізілі да вёскі. У Другую сусьветную вайну з 27 чэрвеня 1941 да 8 ліпеня 1944 году Новая Мыш знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху. 18 ліпеня 1945 году каля вёскі адбыўся бой антысавецкіх партызанаў з спэцаддзелам НКВД. У 1957 годзе Навамыскі раён ліквідавалі.
У 1996 годзе ў Новай Мышы паставілі помнік у гонар паэта і фальклярыста Яна Чачота[9]. На 1998 год у вёсцы было 511 двароў, на 2000 год — 691.
-
Агульны выгляд, 1916 г.
-
Рынак. Касьцёл, каля 1900 г.
-
Касьцёл, 1916 г.
-
Рынак. Царква, да 1914 г.
-
Карчма, 1918 г.
-
Вуліца Слонімская, 1915 г.
-
Капліца могілкавая, 1914 г.
Насельніцтва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дэмаграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- XVII стагодзьдзе: 1650 год — 1200 чал.
- XIX стагодзьдзе: 1830 год — 524 муж., зь іх шляхты 5, духоўнага стану 2, мяшчанаў-юдэяў 147, мяшчанаў-хрысьціянаў і сялянаў 367, жабракоў 3[10]; 1865 год — 884 чал.; 1885 год — 1 тыс. чал.[11]; 1886 год — 1031 чал.
- XX стагодзьдзе: 1901 год — 3860 чал.; 1921 год — 1815 чал.[12]; 1998 год — 1827 чал.[6] (або 1752 чал.[13]); 1999 год — 1601 чал[1].
- XXI стагодзьдзе: 2010 год — 1370 чал.[1]
Інфраструктура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У Новай Мышы працуюць пачатковая і музычная школы, 2 дашкольныя ўстановы, лякарня, амбуляторыя, дом культуры, бібліятэка, пошта.
Забудова
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Плян
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У Новай Мышы захаваўся гістарычны плян, утвораны ў XVI стагодьдзі.
Вуліцы і пляцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Афіцыйная назва | Гістарычная назва |
Баранавіцкая вуліца | Жыдоўская вуліца |
Паркавая вуліца (частка) | Рынак пляц |
Садовая вуліца | Татарская вуліца[14] |
З урбананімічнай спадчыны Новай Мышы да нашага часу гістарычныя назвы захавалі вуліцы Загуменная, Куніцкая і Слонімская.
Турыстычная інфармацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Славутасьці
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У Новай Мышы пастаўлены помнік Яну Чачоту (1996).
- Капліцы: могілкавая (XX ст.); пахавальня Ю. Цітовіча (XIX ст.); пахавальня Э. Маціеўскай (XIX ст.)
- Карчма (XIX ст.)
- Касьцёл Перамяненьня Пана (1825)
- Млын (XIX ст.)
- Могілкі: старыя хрысьціянскія; юдэйскія
- Сынагога
- Царква Праабражэньня Гасподняга (1859; мураўёўка)
Страчаная спадчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Замак (XVI ст.)
- Капліца могілкавая (XIX ст.)
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
Вуліца
Асобы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]З Новай Мышы паходзяць бацькі прэс-сакратара Аляксандра Лукашэнкі Сяргея Пелюшкевіча і польскага палітыка Яцака Пратасевіча[15].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б в Дзяржкартгеацэнтр
- ^ Шаблюк В. Новая Мыш // БЭ. — Мн.: 2000 Т. 11. С. 368.
- ^ Ткачоў М. Замкі і людзі. — Мн., 1991. С. 134.
- ^ Госкартгеоцентр
- ^ Ліцкевіч К. 3 месца // Гістарычная брама. № 2—3 (15—16), 2000 г.
- ^ а б Шаблюк В. Новая Мыш // ЭГБ. — Мн.: 1999 Т. 5. С. 330.
- ^ «Государев поход» 1655 // Сагановіч Г. Невядомая вайна: 1654—1667. — Менск, 1995.
- ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
- ^ Ляшук В., Снітко Г. Літаратурная Берасцейшчына: краязнаўчыя нарысы, партрэты, артыкулы / В. Ляшук, Г. Снітко. — Менск: Литература и Искусство, 2008. — С. 111. — 320 с. — ISBN 978-985-6720-29-4
- ^ Соркіна І. Мястэчкі Беларусі... — Вільня, 2010. С. 413.
- ^ Jelski A. Mysz Nowa // Słownik geograficzny... T. VI. — Warszawa, 1885. S. 838.
- ^ Skorowidz miejscowości Rzeczypospolitej Polskiej. Tom VII. Część I: Województwo Nowogródzkie. — Warszawa: Główny Urząd Statystyczny Rzeczypospolitej Polskiej, 1923.
- ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 3. Кн. 1. — Менск, 2006. С. 67.
- ^ Мястэчка без савецкіх вуліц. Радыё Свабода. Праверана 15 лютага 2014 г.
- ^ Халадоўскі М. Мой род з Беларусі // Ніва. № 3 (2697), 20 студзеня 2008 г.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2000. — Т. 11: Мугір — Паліклініка. — 560 с. — ISBN 985-11-0188-5
- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 3, кн. 1. Брэсцкая вобласць / рэдкал.: Г.П. Пашкоў (дырэктар) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2006. — 528 с.: іл. ISBN 985-11-0373-X.
- Соркіна І. Мястэчкі Беларусі ў канцы ХVІІІ — першай палове ХІХ ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. — 488 с. ISBN 978-9955-773-33-7.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1999. — Т. 5: М — Пуд. — 592 с. — ISBN 985-11-0141-9
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom VI: Malczyce — Netreba. — Warszawa, 1885.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
|