Марцін Чаховіц
Марцін Чаховіц | |
Marcin Czechowic | |
Род дзейнасьці | пратэстанцкі мысьляр |
---|---|
Дата нараджэньня | 1532 |
Месца нараджэньня | Збоншынь |
Дата сьмерці | 1613 |
Месца сьмерці | Люблін |
Месца вучобы | |
Занятак | перакладнік, тэоляг, перакладнік Бібліі |
Ма́рцін Чахо́віц (па-польску: Marcin Czechowic; лістапад 1532, Збоншынь, Польскае каралеўства ― лістапад 1613, Люблін, Рэч Паспалітая) ― польскі тэоляг, ідэоляг левага крыла радыкальна-рэфармацыйнага руху ў Вялікім Княстве Літоўскім і Каралеўстве Польскім.
Чаховіц рэпрэзэнтаваў радыкульную плябейскую плыню ў руху польскіх братоў. Быў адным зь піянэраў пацыфізму ў Рэчы Паспалітай. Прапагандаваў поўную забарону забойстваў (таксама жывёлаў).
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзіўся ў сям’і рамесьніка[1]. Навучаўся ў збоншынскай парафіяльнай школе, каталіцкай сэмінарыі ў Познані, пасьля накіраваны ў Ляйпцыскі ўнівэрсытэт. Да 1555 служыў ксяндзом у Курніку, аднак быў вымушаны пакінуць служэньне праз сваю прыхільнасьць да пратэстанцтва[1].
У 1559 року на запрашэньне магната Мікалая Радзівіла Чорнага прыехаў у Вільню, дзе заняў пасаду настаўніка школы пры мясцовым кальвінісцкім зборы, які знаходзіўся пад патранатам Радзівіла. Тут пад уплывам ідэяў Пятра з Гонядзі пачаў схіляцца ў бок радыкальнага напрамку Рэфармацыі — антытрынітарызму.
У чэрвені 1561 на заданьне Радзівіла езьдзіў у Швайцарыю да Жана Кальвіна з мэтаю прымірыць яго з Джорджыё Б’яндратам, якога Кальвін вінаваціў у прапагандзе ідэяў Мігеля Сэрвэта, тады як сам Радзівіл яму сымпатызаваў. Прыбыўшы ў верасьні ў Цюрых, Марцін прывёз з сабой лісты і шчодрыя падарункі ад свайго патрона. За тры дні перабываньня ў месьце Чаховіц даведаўся ў вядомага пратэстанцкага школьнага настаўніка апісаньне парадкаў мясцовай школы, якія плянаваў выкарыстаць як узор для стварэньня падобнай навучальнай установы ў Вільні. Па дарозе дадому наведаў Маравію, дзе азнаёміўся з ладам жыцьця аднае з анабаптысцкіх грамадаў.
Вярнуўшыся ў Вільню, пачаў прамаўляць у кальвінісцкім зборы ў духу сацыяльнага радыкалізму. Акрамя прапаведнцкай дзейнасьці, браў удзел у сынодах літоўскіх антытрынітарыяў, дзе выступаў у абарону вучэньня анабаптыстаў, чым выклікаў нездавальненьне ўмераных антытрынітарыяў. У 1564 адбыўся ягоны трохдзённы дыспут зь Мікалаем Вяндгоўскім, на падставе якога Чаховіц падрыхтаваў трактат «Трохдзённы дыспут пра хрост дзяцей», з прычыны сьмерці князя Радзівіла апублікаваны толькі ў 1583 року[2].
З-за ціску з боку кальвіністаў і магістрату быў вымушаны пакінуць Вільню і замешкаў у Куявіі, у маёнтку Яна Немаеўскага, які, зьяўляючыся кальвіністам, пад ягоным уплывам схіліўся да антытрынітарызму. У маёнтку Немаеўскага Чаховіц заснаваў грамаду, сябры якой каля 1570 року адмовіліся ад усіх займаных дзяржаўных пасадаў і прадалі маёмасьць, раздаўшы грошы бедным. Разам зь Немаеўскім Чаховіц перабраўся ў Люблін, дзе разам зладзілі буйную грамаду польскіх братоў.
Па сьмерці Немаеўскага ў 1598 Чаховіц пад ціскам сацыніянаў сышоў з пасады міністра збору, аднак да сканчэньня жыцьця працягваў весьці зь імі палеміку, гэтаксама як і з кальвіністамі й езуітамі. Так, у 1578 і 1581 роках ён дыскутаваў у Лоску з Сымонам Будным, у 1582 прысутнічаў у Любчы на разглядзе справы Буднага, у 1603 на сынодзе ў Ракаве палемізаваў з Фаўстам Соцынам[1][3].
Памёр у беднаце і забыцьці[1]. Працяглы час імя Чаховіца ня згадвалася і ў гістарычнай літаратуры, пакуль у 1962 Джордж Ўільямз не апублікаваў пра яго ў філадэлфійскім пратэстанцкім часопісе артыкул, неўзабаве перадрукаваны ў выданьні польскай Акадэміі навук.
Погляды
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Выступаў супраць прыгоньніцтва, адмаўляў сьвецкую ўладу і царкву, асуджал хрост немаўлятаў. Веру лічыў асабістай справай чалавека, патрабаваў рэлігійнай верацярплівасьці. Прапаведаваў пацыфізм, сацыяльную роўнасьць. Лічыў Ісуса Хрыста ня Богам, а бесправінным чалавекам, які паходзіў ад Сьвятога Духу, быў абраны Богам у якасьці Збаўцы, надзелены моцай зьдзяйсьняць цуды і пасьля сьмерці быў уваскрошаны Творцам[1].
Сачыненьні
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Вершаваны пераказ Новага Запавету (1570)
- «Хрысьціянскія размовы» (Кракаў, 1575)
- Пераклад Новага Запавету (Кракаў, 1577; адрэдагаванае выданьне Ракаў, 1594).
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б в г д 742 // . — Мн.: С. Чаховіц.
- ^ Абушенко В. Л. Чаховиц(недаступная спасылка) // Религия: Энциклопедия / сост. и общ. ред. А. А. Грицанов, Г. В. Синило. — Мн.: Книжный Дом, 2007. — 960 с — (Мир энциклопедий).
- ^ Judah M. Rosenthal Marcin Czechowic and Jacob of Belzyce: Arian-Jewish encounters. ― 1966.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Encyklopedyczny słownik sławnych Polaków / pod red. Jerzego Borowca. — Warszawa: Adam, 1996. — 503 с. — ISBN 9788385207900
- Grzegorz M. Chromik Feudalni panowie Czechowic. — Warszawa: Tow. Przyjacio Czechowic-Dziedzic, 1997. — 106 с. — ISBN 978-8390341262
- Literatura polska. Przewodnik encyklopedyczny // . — Warszawa: PWN. — Т. 1, A-M. — ISBN 83-01-05368-2
- Szczucki L. Marcin Czechowic (1532—1613). — Warszawa: 1964.
- The New Testament of Marcin Czechowic 1577 in University of California publications in modern philology. — Berkeley, University of California, 1989.