Царква Дабравешчаньня Багародзіцы (Віцебск)
Помнік сакральнай архітэктуры | |
Царква Дабравешчаньня Багародзіцы
| |
Дабравешчанская царква
| |
Краіна | Беларусь |
Места | Віцебск |
Каардынаты | 55°11′29.08″ пн. ш. 30°12′03″ у. д. / 55.1914111° пн. ш. 30.20083° у. д.Каардынаты: 55°11′29.08″ пн. ш. 30°12′03″ у. д. / 55.1914111° пн. ш. 30.20083° у. д. |
Канфэсія | праваслаўе і Беларускі экзархат |
Эпархія | Віцебская і Аршанская япархія[d] |
Архітэктурны стыль | Полацкая школа дойлідзтва[d] |
Дата заснаваньня | XII ст. |
Статус | Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь |
Сайт | blagvest.at.tut.by |
± Царква Дабравешчаньня Багародзіцы | |
Царква Дабравешчаньня Багародзіцы на Вікісховішчы |
Царква Дабравешчаньня Багародзіцы або Зьвеставаньня Багародзіцы — помнік архітэктуры XII—XVIII стагодзьдзяў у Віцебску. Знаходзіцца на левым беразе Дзьвіны, на месцы былога рамесьніцка-гандлёвага пасаду Ніжняга Замка. Пры пабудове была ў юрысдыкцыі Канстантынопальскага патрыярхату, цяпер — у валоданьні Маскоўскага патрыярхату. Дзее. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.
Дабравешчанская царква — найстарэйшы мураваны будынак Віцебску, які пацярпеў ад маскоўскай перабудовы ў 1862 годзе і быў узарваны савецкімі ўладамі ў 1961 годзе. У 1999 годзе завяршылася аднаўленьне гіпатэтычнага аблічча царквы XII ст. з выкарыстаньнем захаваных муроў. Побач стаяў Фарны касьцёл, таксама ўзарваны і дагэтуль не адноўлены.
Гісторыя
Полацкае княства і Вялікае Княства Літоўскае
Пісьмовыя крыніцы не захавалі дакладных зьвестак пра час будаваньня царквы. Легенда, зьмешчаная ў позьняй Віцебскай хроніцы, сьцьвярджае, што царкву збудалі ў X ст. на загад княгіні кіеўскай Вольгі. Аднак першыя дакумэнтальныя гістарычныя зьвесткі пра царкву зьяўляюцца толькі на старонках літоўскіх (беларускіх) хронік XV—XVI стагодзьдзяў. На іх падставе Мацей Стрыйкоўскі адносіць узьвядзеньне мураванага будынка да XIV ст. — часоў вялікага князя Альгерда. Аднак большасьць дасьледнікаў архітэктуры канца XIX — першай паловы XX стагодзьдзяў лічылі, што ў XIV ст. праводзілася толькі перабудова помніка (зьявіліся новыя скляпеньні). Дасьледаваньні археолягаў паводле шэрагу асаблівасьцяў будаўнічай тэхнікі і аналізу архітэктурных формаў вызначылі прыблізны час будаваньня — другая чвэрць XII ст.[1] Існуе меркаваньне, што царкву збудавалі балканскія дойліды, прывезеныя ў 1140-я гады раней высланымі ў Бізантыю полацкімі князямі[2].
У 1619 годзе разам з асобна пастаўленай драўлянай званіцай перайшла ад Канстантынопальскага патрыярхату да Сьвятога Пасаду. У сярэдзіне XVII ст. адбылася новая перабудова — замест аркавых закамараў зьявіліся 2-гранныя шчыпцы, якія абумовілі 8-схільнае пакрыцьцё царквы. Да гэтага часу належыць найбольш старажытная выява царквы — на «Рысунку места Віцебску» (1664 год). Паводле рысунку, мела 1 купал на барабане, побач знаходзілася званіца. За часамі Вялікай Паўночнай вайны значна пацярпела і пэўны час стаяла паўзруйнаваная. У 1714 годзе праводзіўся рамонт, па 1759 годзе царкву перабудавалі ў стылі віленскага бар��ка[3].
Пад уладай Расейскай імпэрыі
Па першым падзеле Рэчы Паспалітай (1772 год), калі Віцебск апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, царква працягвала дзеяць як уніяцкая. У вайну 1812 году французы выкарысталі будынак царквы пад склад боепрыпасаў. У 1831 годзе расейскія ўлады адабралі царкву ў Сьвятога Пасаду і перадалі яе Ўрадаваму сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царкве), у 1833 годзе праводзіўся рамонт будынка. У 1862 годзе расейскія ўлады з мэтай маскалізацыі колішняга Вялікага Княства Літоўскага[4] капітальна перабудавалі царкву: будынку не вярнулі аўтэнтычны выгляд, а надалі рысы сярэднявечнага дойлідзтва Маскоўскай дзяржавы.
Упершыню помнік дасьледаваў у канцы XIX ст. А. Паўлінаў (падрабязна апісаў муроўку XII ст., склаў плян збудаваньня і прапанаваў яго рэканструкцыю).
Найноўшы час
Будынак царквы пацярпеў за часамі Другой сусьветнай вайны ў 1944 годзе. Таго ж году П. Бараноўскі зрабіў абмеры царквы. Археалягічныя дасьледаваньні праводзілі І. Хозераў (1946 год), Г. Штыхаў (1964 год), М. Каргер (1968 год) і П. Рапапорт (1975 год).
Да сьнежня 1961 году, калі савецкія ўлады ўзарвалі царкву (пры актыўным удзеле галоўнага архітэктара Віцебску[5]), яе муры захоўваліся амаль на ўсю вышыню. У 1977 годзе праводзілася кансэрвацыя рэштак (архітэктар С. Друшчыц). У 1982 годзе рэшткі царквы дасьледавалі А. Трусаў, П. Рапапорт і Т. Бубенька.
У 1992 годзе пачалася адбудова царквы (архітэктар Г. Лаўрэцкі)[6]. 7 студзеня 1999 году адбылося адкрыцьцё адноўленай царквы.
Архітэктура
Помнік полацкай школы дойлідзтва, прыклад творчай перапрацоўкі крыжова-купальнага базылікальнага тыпу бізантыйскага сакральнага будынка. Выцягнуты ў пляне прастакутны аб’ём на высокім цокалі з тыльнай усходняй сьцяны мае вялікую паўкруглую цэнтральную апсыду, дэкарыраваную тонкімі калёнкамі. Шырыня царквы 11,1 м, даўжыня без апсыды 18,2 м, з апсыдай — 21 м, таўшчыня сьценаў ад 1,1 да 1,5 м. Бакавыя фасады плоскімі лапаткамі падзяляюцца на 4 амаль аднолькавыя праслы, завершаныя закамарамі з дахамі-бочкамі. З паўднёвага, паўночнага і заходняга бакоў разьмяшчаліся аркавыя ўходныя парталы зь невялікімі прытворамі. Канструкцыйнае выкананьне будынка — у бізантыйскай тэхніцы муроўкі (opus mixtum): гарызантальныя шэрагі блёкаў-квадраў абчасанага жоўтага каменю-вапняку чаргуюцца з пракладзенай паміж імі ў 1—4 шэрагі тонкай цэглай-плінфай (выяўлены шэраг плінфаў з клеймамі). Памеры плінфы — 3—3,7 × 19—20 × 27—29 см (асноўны фармат), 2,8 × 15 × 21 см і 6 × 27 × 30 см. Муроўка змацоўваецца рашчынай так званай ружовай цамянкі — сумесь вапны з тоўчанай цэглай. Канструкцыйна сьцены ўмацоўваліся гарызантальна пакладзенымі ў 2 шэрагі бярвеньнямі. Падлога складаецца зь невялікіх часаных камянёў, яе ўзровень на 105 см вышэй за цокаль будынка. Пад аўтэнтычнай падлогай на глыбіні да 1 м знаходзіцца пласт вапнавай рашчыны з дамешкамі дробных камянёў, пад якім залягае культурны пласт 0,4—0,6 м з керамікай XI — першай чвэрці XII стагодзьдзяў[7].
Па перабудове ў стылі віленскага барока купал на сяродкрыжжы разабралі, а над алтарнай часткай узьвялі вежачку зь сьпічакам. На ўсю шырыню галоўнага фасаду прыбудавалі новы ўходны аб’ём зь дзьвюма шмат’яруснымі вежамі-званіцамі і фігурным франтонам паміж імі. У адпаведнасьці з грэка-каталіцкай абраднасьцю ў інтэр’еры царквы зрабілі мураваную алтарную перагародку. Да паўночнага фасаду каля алтара далучылася рызьніца, а да паўднёвага фасаду — 2-павярховая прыбудова, на другім паверсе якой знаходзілася «цёплая» Пакроўская царква. У выніку маскоўскай перабудовы другой паловы XIX ст. з царквы зьнялі вежы-званіцы, над дахам узьвялі вялікі драўляны 8-гранны барабан з купалам-цыбулінай. У наш час над будынкам узьвялі цыліндрычны барабан пад паўсфэрычным купалам. На фасадах рэстаўратары пакінулі адкрытымі фрагмэнты старажытнай плінфавай муроўкі.
Усярэдзіне 6 крыжовых у сечыве слупоў падзяляюць залю на тры нэфы, сярэдні зь якіх шырэйшы за бакавыя, і завяршаецца вонкавай апсыдай, бакавыя — паўкруглымі нішамі ў тоўшчы сьцяны. У заходняй частцы на пары слупоў разьмяшчаліся хоры, на якія вялі ўсходы ў тоўшчы фасаднай сьцяны. Бакавыя часткі хораў займалі капліцы зь невялікімі апсыдамі ў таўшчыні муроў. Нартэкс пад хорамі вылучаецца глухім прасьценкам.
Інтэр’ер царквы меў багатую фрэскавую размалёўку XII ст., якая пакрывала ўсе роўніцы сьценаў (захаваліся выява анёла і дэкор вакол праёмаў і ўздоўж сьцяны каля падлогі). Геамэтрычны дэкор меў выгляд ланцужкоў з 3-кутніх пірамідаў. Калярыстычная гама карычнева-чырвоная, ружова-жоўтая, зялёна-блакітная. Фрагмэнт фрэскавай выявы ваяра з старажытнаславянскімі літарамі, зьняты з партала галоўнага ўходу, захоўваецца ў Віцебскім абласным краязнаўчым музэі. Іканастас 2-ярусны сучаснай работы[8].
Галерэя
Гістарычная графіка
-
Па маскоўскай перабудове, 1865 г.
-
А. Мінят, 1866 г.
-
1868 г.
-
Н. Орда, 1875—1876 гг.
-
1883 г.
-
1890 г.
-
1890 г.
-
па 1944 г.
Гістарычныя здымкі
-
1860-я гг.
-
1890—1910 гг.
-
1890—1910 гг.
-
1893 г.
-
1893 г.
-
1900-я гг.
-
1904 г.
-
1905 г.
-
1912 г.
-
1912 г.
-
1912 г.
-
С. Пракудзін-Горскі, 1912 г.
-
да 1915 г.
-
да 1915 г.
-
да 1918 г.
-
1920-я г.
-
1928 г.
-
да 1930 г.
-
да 1930 г.
-
да 1930 г.
-
1939 г.
-
1939 г.
-
1939 г.
-
1939 г.
-
1941 г.
-
1943 г.
-
С. Шыманскі, 1949 г.
-
С. Шыманскі, 1949 г.
Сучасныя здымкі
-
Аэрафотаздымак
-
Аўтэнтычная муроўка
-
Інтэр’ер царквы
-
Росьпісы
Крыніцы
- ^ Страчаная спадчына. — Менск, 2003. С. 61.
- ^ Беларусь: энцыкл. даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш. — Мінск: БелЭн, 1995.
- ^ Страчаная спадчына. — Менск, 2003. С. 63.
- ^ Лаўрэцкі Г. Віцебская Благавешчанская царква // Архітэктура Беларусі. Энцыкл. — Менск, 1993. С. 120.
- ^ Габрусь Т. Мураваныя харалы. — Менск, 2001. С. 187.
- ^ Кулагін А. Праваслаўныя храмы на Беларусі. — Менск, 2001. С. 39.
- ^ Трусаў А. Віцебская царква Звеставання // ЭГБ. — Мн.: 1994 Т. 2. С. 327.
- ^ Кулагін А. Праваслаўныя храмы на Беларусі. — Менск, 2001. С. 40.
Літаратура
- Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Менск: Беларус. энцыкл., 1993. — 620 с.: іл. ISBN 5-85700-078-5.
- Габрусь Т. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока. — Менск: «Ураджай», 2001. — 287 с.: іл. ISBN 985-04-0499-X.
- Кулагін А. Праваслаўныя храмы на Беларусі: Энцыкл. даведнік. — 2-е выд. — Менск: БелЭн, 2001. — 328 с.: іл. ISBN 985-11-0190-7.
- Страчаная спадчына / Т. Габрусь, А. Кулагін, Ю. Чантурыя, М. Ткачоў: Уклад. Т. Габрусь. — Менск: Беларусь, 2003. — 351 с.: іл. ISBN 985-01-0415-5.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. — Т. 2: Беліцк — Гімн. — 537 с. — ISBN 5-85700-142-0
Вонкавыя спасылкі
Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр 212Г000089 |