Хаяо Міядзакі
Хая́о Міядза́кі[5] (宮崎 駿, Міядзакі Хаяо, нар. 5 студзеня 1941, Токіё) — адзін з найвядомейшых стваральнікаў анімэ, японскіх мультфільмаў і коміксаў манґа. Адзін з самых паважаных рэжысэраў у гісторыі анімацыі.
Хоць Міядзакі быў збольшага невядомы шырокаму колу гледачоў на захадзе да 1999 г., калі Miramax выпусьціла яго стужку «Прынцэса Мананокэ», яго фільмы былі ўжо вельмі папулярнымі ў Японіі й Ўсходняй Азыі. Мультфільм «Зьнесеныя духамі» — рэкардсмэн усіх часоў па касавых зборах у Японіі; «Прынцэса Мананокэ» мела гэты тытул раней, да выхаду фільму «Тытанік».
Фільмы Міядзакі прысьвечаныя тэмам адносінаў чалавека да прыроды й тэхналёгіяў. Галоўныя героі фільмаў часта самастойныя, моцныя дзяўчыны ці маладыя жанчыны; антыгероі — трохі гратэскныя злачынцы з адмоўнымі маральнымі характарыстыкамі.
Біяграфія
рэдагавацьХаяо Міядзакі, другі з чатырох братоў, нарадзіўся ў мястэчку Акебона-цё, частцы такійскай акругі Бункё-ку. У часе Другое Сусьветнае вайны яго бацька Кацудзі Міядзакі быў дырэктарам належачага яго дзядзьку заводу, які вырабляў дэталі для баявых самалётаў Zero. З тых часоў Хаяо моцна захапляецца авіяцыяй, палёт, фантастычныя лётаючыя апараты прысутнічаюць амаль у кожнай яго стужцы.
У дзяцінстве Міядзакі даводзілася часта пераяжджаць, часткова таму, што яго маці праходзіла лекаваньне на сьпінны тубэркулёз з 1947 па 1955. У міядзакіевам фільме «Мой сусед Тоторо» паказваецца сям’я, дзе маці пакутуе на падобную хваробу.
Прыкладна ў 1956 Міядзакі паступіў у школу Тотаёма. На трэцім годзе навучаньня, ён пабачыў фільм «Гакудзя Дэн», які лічыцца адным зь першых паўнамэтражных каляровых анімэ, і вельмі зацікавіўся анімацыяй.
Пасьля вышэйшае школы Міядзакі наведваў Унівэрсытэт Ґакусюін, які скончыў у 1963 г. у спэцыялізацыях паліталёгія йэканоміка.
У красавіку 1963 г. Міядзакі уладкаваўся да працу у анімацыйную студыю Toei Animation, працуе ў складзе каманды мастакоў над мультфільмам «Вартавы пёс Гаў-гаў» (Wanwan Chushingura). У 1964 г. Міядзакі робіцца галоўным сакратаром прафэсійнага зьвязу ў сваёй кампаніі.
У кастрычніку 1965 г. Хаяо Міядзакі ажаніўся са сваёй калежанкай Акэмі Ота, ад якой ён мае двух сыноў, Ґаро й Кэйскэ. Ґаро сам стаўся стваральнікам анімэ, а Кэйскэ — мастаком па дрэве.
Творчасьць
рэдагавацьУпершыню Міядзакі быў сур’ёзна заўважаны, працуючы ў камандзе над фільмам «Прыгоды Ґулівэра на Месяцы» (Garibā no Uchuu Ryokou) (1965 г.). Яму падалося, што першапачатковы сцэнар канцу фільму быў не задавальняючы, і прапанаваў уласную ідэю, якая была прынятая й у выніку сталася канчаткам фільму.
Праз тры гады Міядзакі граў важную ролю ў якасьці галоўнага аніматара й мастака пры стварэньні мультфільму «Голс, князь Сонца» (1968), вядомы анімацыйны фільм рэжысэра Ісаа Такаґата, зь якім ён супрацоўнічаў наступныя тры дзесяцігодзьдзі.
Першым фільмам Міядзакі ў якасьці рэжысэра быў «Замак Каглёстра» (1979), лёгкі прыгодніцкі фільм па матывах вядомага японскага сэрыялу «Люпэн трэці».
Наступны яго фільм быў «Наўсіка з Даліны вятроў» (1984, Kaze no Tani no Naushika), эпічны прыгодніцкі фільм, які ўключае шмат характарных аспэктаў, якія зноў зьяўляюцца ў наступных яго анімэ: заклапочанасьць праблемамі экалёгіі, захапленьне лётніцтвам, адсутнасьць аскрава выражанага клясычнага злодзея. Сюжэт быў узяты па матывах аднайменнай мангі, якую Міядзакі стварыў два гады раней. Пасьля посьпеху «Наўсікі», Міядзакі разам зь Ісао Такагата заснавалі анімацыйную кінакампанію Studio Ghibli, празь якую ён у наступным рабіў большасьць сваіх фільмаў.
Міядзакі працягнуў заваёўваць папулярнасьць сваімі першымі трыма фільмамі, выпушчанымі празь Ghibli. «Нябесны замак Ляпута» (1986) распавядае пра прыгоды двух дзяцей, якія шукаюць чароўную лётаючую выспу. «Мой сусед Тотара» (1988) (Tonari no Totoro) распавядае пра прыгоды дзьвюх маленькіх дзяўчынак і магічную істоту Тоторо. «Служба дастаўкі Кікі» (1989) — гэта гісторыя дзяўчынкі-вядзьмаркі зь маленькага мястэчка, якая выпраўляецца ў вялікі горад.
Фільм «Порка Роса» (1992) быў пэўным адхіленьнем ад міядзакіеўскіх традыцый, бо галоўным героям быў дарослы мужчына, лётнік-антыфашыст у выглядзе сьвіньні. Фільм яўляе сабой лёгкую прыгодніцкую гісторыю, якая адбываецца ў выдуманым сьвеце, які нагадвае Італію 1920-х гадоў, дзе ў небе ваююць паляўнічыя на скарбы, авіятары, піраты. Фільм прысьвечаны праблеме выбару паміж эгаізмам і доўгам. Многія бачаць фільм як пэўны абстрактны аўтапартрэт самога Міядзакі, як яго зашыфраваную аўтабіяграфію.
Наступны фільм Хаяо Міядзакі, «Прынцэса Мананокэ» (Mononoke Hime), які выйшаў у 1997, вяртаецца да экалягічных і палітычных праблемаў, узьнятых у «Наўсікэ». Фільм распавядае пра барацьбу лясных багоў зь людзьмі, якія хочуць плюндраваць лес дзеля сваёй прамысловасьці. Стужка сталася на той момант гістарычным рэкардзмэнам па касавых зборах у Японіі й выйграла прыз Японскай кінаакадэміі як лепшы фільм году. Пасьля стварэньня «Прынцэсы Мананокэ» Міядзакі заявіў пра свой зыход і што гэта быў яго апошні фільм.
Ён вярнуўся пасьля таго, як правёў вакацыі з дачкамі свайго сябра, адна зь якіх дала яму натхненьне на стварэньне «Зьнесеныя духамі» (Sen to Chihiro no Kamikakushi, «Зьнясеньне духамі Сэн і Тыхіро»), гісторыі дзяўчынкі, якая вымушаная в��жываць у дзіўным сьвеце, населеным зданямі, працуючы ў іхай лазьні, пасьля таго, як яе бацькі ператварыліся ў сьвіней. Фільм, які выйшаў у Японіі ў ліпені 2001 г., пабіў папярэдні рэкорд касавых збораў, які належаў «Тытаніку» Кэмэрана. Стужка атрымала шматлікія ўзнагароды, у тым ліку прыз Японскай кінаакадэміі як найлепшы фільм (2001), Першы прыз Бэрлінскага кінафэстывалю (2002) і прыз Амэрыканскай кінаакадэміі як найлепшы анімацыйны фільм (2002), стаўшы, такім чынам, першым мультфільмам анімэ, які атрымаў «Оскара». У 2005 г. Міядзакі атрымаў узнагароду Вэнэцыянскага кінафэстывалю за асабісты ўнёсак.
Міядзакі адзначаў, што лічыць Юрыя Нарштэйна (рэжысэр «Вожыка ў тумане») выдатным мастаком[6].
У ліпені 2004 Міядзакі скончыў працу над фільмам «Блукаючы замак Гаўла», анімэ-адаптацыяй аднайменнай фантастычнай навэлі Даяны Ўін Джонз, дзеля чаго яго папрасілі вярнуцца з пэнсыі зноў з-за немагчымасьці першапачатковага рэжысэра карціны Мамору Гасода працаваць над ёй. Прэм’ера фільму адбылася на Вэнэцыянскім кінафэстывалі 2004 г. За першыя два дні «Блукаючы замак Гаўла» сабраў у Японіі ¥1,4 міліярдаў, працягваючы пабіваць рэкорды касавых збораў фільмаў Міядзакі.
У 2005 годзе Хаяо Міядзакі быў узнагароджаны спэцыяльным прызам Вэнэцыянскага кінафэстывалю за агульны ўклад у кінэматограф.
У 2008 годзе выйшаў яго анімацыйны фільм «Поньо на схіле», які атрымаў дзьве ўзнагароды на Вэнэцыянскім кінафэстывалі, дзьве прэміі Японскай кінаакадэміі й прэмію Asіan Fіlm Awards у намінацыі «Лепшы кампазытар». Выступіў сцэнарыстам фільмаў «Арыэцьці» і «Зьверху на Макавай гары» у 2010 і 2011 гадах адпаведна. Між тым з красавіка 2009 году па студзень 2010 году ён публікаваў апавяданьне, пад назвай «Вецер падняўся» у выглядзе сэрыі мангі ў штомесячным часопісе Model Graphіx. Яно распавядала пра жыцьцё Ґіро Хорыкошы. Манга адлюстроўвала некаторых пэрсанажаў як антрапамарфізаваных сьвіней, выкарыстоўваючы дызайн, які нагадвае тое, што можна ўбачыць у фільме Міядзакі Porco Rosso (1992)[7].
Пасьля выхаду «Поньо» Міядзакі хацеў, каб яго наступны фільм стаў сіквелам «Поньо на схіле ІІ», але прадзюсер Тошыо Сузукі прапанаваў замест гэтага ўзяць мангу «Вецер падняўся». Спачатку Міядзакі адхіліў прапанову, таму што стварыў мангу як хобі й палічыў яе сюжэты непрыдатнымі для дзяцей, традыцыйнай аўдыторыі Studіo Ghіblі. Аднак ён зьмяніў сваё меркаваньне, калі адзін з супрацоўнікаў прапанаваў «дазволіць дзецям знаёміцца з прадметамі, зь якімі яны не знаёмыя». Ён таксама быў натхнёны на стварэньне фільма, прачытаўшы цытату Харыкосі: «Усё, што я хацеў зрабіць, гэта зрабіць штосьці прыгожае».[8]
У жніўні 2016 году Міядзакі прапанаваў новы поўнамэтражны фільм «Kіmі-tachі wa Dō Іkіru ka» («Чым ты жывеш» па-беларуску), над якім ён пачаў анімацыйную працу, не атрымаўшы афіцыйнага дазволу.[9] Фільм выйшаў у японскіх кінатэатрах 14 ліпеня 2023 году.[10] Гэтаму папярэднічала мінімальная маркетынгавая кампанія, адмова ад трэйлераў, рэклямных ролікаў і рэклямы, адказ Судзукі на яго ўяўную перанасычанасьць маркетынгавымі матэрыяламі ў асноўных фільмах.[11]
Фільмаграфія
рэдагавацьГэты разьдзел ўтрымлівае застарэлыя зьвесткі.
|
Рэжысэр і сцэнарыст
рэдагаваць- «Конан, хлопчык з будучыні» (未来少年コナン Мірай Сё:нэн Конан), 1978 (тэлесэрыял)
- «Замак Кагліостра (Люпэн трэці)» (ルパン三世カリオストロの城 Рупан Сансэй Карыосуторо но Сіро), 1979
- «Наўсіка з Даліны вятроў» (風の谷のナウシカ Кадзэ но Тані но Наусіка), 1984
- «Нябескі замак Ляпута» (天空の城ラピュタ Танку: но Сіро Рапюта), 1986
- «Мой сусед Тотара» (となりのトトロ Тонары но Тоторо), 1988
- «Служба дастаўкі Кікі» (魔女の宅急便 Мдзё но Таккю:бін), 1989
- «Порка Роса» (紅の豚 Курэнай но Бута), 1992
- On Your Mark, 1995 (кароткамэтражны музычны кліп)
- «Ваўчыная Князёўна» (もののけ姫 Мононокэ Хімэ), 1997
- «Сэн, альбо Ціхіра выкрадзеная духамі» (Унесеныя духамі) — (千と千尋の神隠し Сэн то Ціхіро но Камікакусі), 2001
- «Блукаючы замак Гаўла» (ハウルの動く城 Хауру но Уґоку Сіро), 2004
- «Поньо на схіле» (崖の上のポニョ Ґаку но Уэ но Поня), 2008
- «Падымаецца вецер» (風立ちぬ Кадзэ Таціну), 2013
- «Чым ты жывеш?» (君たちはどう生きるか Кімітаці ва До: Ікіру ка), 2023
Сцэнарыст
рэдагаваць- «Панда Копанда» (Panda Kopanda), 1972
- «Панда Копанда і Цырк дажджлівага дня» (Панда Копанда: Амэфуры Са:кусу но Макі), 1973
- «Шэпт сэрца» (耳をすませば Мімі о Сумасэба), 1995
- «Арыэцьці» (借りぐらしのアリエッティ Карыґурасі но Арыэтці), 2010
- «Зьверху на Макавай гары» (コクリコ坂から Кокурыко-дзака кара), 2011
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Hayao Miyazaki (нід.)
- ^ а б в г д Miyazaki, Hayao // Who's Who in Animated Cartoon (анг.): An International Guide to Film and Television's Award-Winning and Legendary Animators — NY: Hal Leonard LLC, 2006. — ISBN 978-1-55783-671-7
- ^ Hayao MIYAZAKI // NooSFere (фр.) — 1999.
- ^ http://www.experienceproject.com/stories/Miyazaki/3511978
- ^ Добрапіс. Белсат. — У полі пошуку ўпісаць „Міядзакі“. Праверана 27 траўня 2024 г.
- ^ Spirited Away (page 2)
- ^ https://www.slashfilm.com/523913/studio Studio Ghibli Titles New Films From Hayao Miyazaki And Isao Takahata; 'Grave Of The Fireflies' Picked Up For US Re-Release
- ^ https://web.archive.org/web/20130817191230/http://www.latimes.com/entertainment/movies/moviesnow/la-et-mn-the-wind-rises-trailer-miyazaki-20130815,0,314360.story
- ^ http://www.animenewsnetwork.com/news/2017-10-28/ghibli-hayao-miyazaki-reveals-his-final-film-title-release-window/.123343
- ^ https://www.animenewsnetwork.com/news/2022-12-13/hayao-miyazaki-how-do-you-live-film-opens-in-japan-on-july-14-2023/.192872
- ^ https://www.theguardian.com/film/2023/jun/05/studio-ghibli-hayao-miyazaki-final-film-how-do-you-live-no-trailers-promotion