Трынідад і Табага

астраўная дзяржава ў Карыбскім басэйне

Рэспу́бліка Трыніда́д і Таба́га (па-ангельску: Republic of Trinidad and Tobago) — краіна на поўдні Карыбскага мора. Гэтая астраўная дзяржава складаецца з двух асноўных астравоў, Трынідад і Табага, і зь 21 меншага. Краіна мае марскія межы з Барбадасам на паўночны ўсходзе, Грэнадай на паўночны захадзе і Вэнэсуэлай на поўдні і захадзе[6][7]. Трынідад і Табага, як правіла, лічыцца часткай Вэст-Індыі.

Трынідад і Табага
па-ангельску: Republic of Trinidad and Tobago
Сьцяг Герб
Дзяржаўны гімн
Створаныя зь любові да свабоды[d]
Дата заснаваньня: 1 жніўня 1976
Афіцыйная мова: ангельская мова
Сталіца: Порт-оф-Спэйн
Форма кіраваньня: парлямэнцкая рэспубліка
прэзыдэнт Трынідада і Табага[d]: Крысцін Кангалу[d]
прэм’ер-міністар Трынідада і Табага[d]: Кіт Роўлі[d]
Заканадаўчы орган: парлямэнт Трынідада і Табага[d]
Плошча:
  • 5128 ± 1 км²
Насельніцтва:
Валюта: даляр Трынідада і Табага[d]
СУП
па ППЗ: 45,148 млрд $ (2019)
па ППЗ на душу насельніцтва: 32 684 $ (2019)
намінальны: 22,438 млрд $ (2022)
намінальны на душу насельніцтва: 17 921 $ (2022)
Індэкс дэмакратыі: 7,16[2]
Каэфіцыент Джыні: 40,3[3]
ІРЧП: 0,81[4]
Часавы пас: UTC-4 і Амэрыка/Порт-оф-Спэйн[d][5]
Аўтамабільны знак: TT
Бок аўтамабільнага руху: леваруч
Дамэн верхняга ўзроўню: .tt
Тэлефонны код: +1868
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
gov.tt

Востраў Трынідад на працягу стагодзьдзяў быў населены карэннымі народамі, перш чым стаць калёніяй Гішпанскай імпэрыі па прыбыцьці Хрыстафора Калюмба ў 1498 годзе. Гішпанскі губэрнатар Хасэ Марыя Чакон здаў востраў брытанскаму флёту, ачоленаму сэрам Ральфа Абэркромбі, у 1797 годзе. У той жа пэрыяд востраў Табага пераходзіў з рук у рукі паміж Гішпаніяй, Францыяй, Нідэрляндамі і Курляндыяй больш разоў, чым любы іншы востраў у Карыбскім басэйне. Паводле Ам’енскага міру 1803 году Вялікабрытанія замацавала за сабой уладу над Трынідадам, а ў 1889 годзе Трынідад і Табага былі аб’яднаныя ў адзіную калёнію[8]. Дзяржавай атрымала незалежнасьць у 1962 годзе, а ў 1976 годзе была агалошаная рэспублікай[9][10].

Трынідад і Табага маюць 7-ы паводле велічыні СУП на душу насельніцтва паводле парытэту пакупніцкай здольнасьці ў Амэрыцы пасьля ЗША, Канады, Пуэрта-Рыка, Багамаў, Арубы і Гаяны паводле стану на 2022 год[11]. Край вызнаецца Сусьветным банкам як эканоміка з высокім узроўнем прыбытку. У адрозьненьне ад большасьці Карыбскіх краінаў і тэрыторый, якія ў значнай ступені абапіраюцца на турызм, эканоміка Транідаду і Табага ў першую чаргу засяроджваецца на прамысловасьці з вылучэньне нафтавай і нафтахімічнай галінаў. Большая частка нацыянальнага багацьця грунтуецца на вялікіх закладах нафты і прыроднага газу[12].

Гісторыя

рэдагаваць

Дакалюмбавыя часы

рэдагаваць

І Трынідад, і Табага першапачаткова былі заселенымі плямёнамі, якія зьвіліся тут з Паўднёвай Амэрыкі[10]. Трынідад упершыню быў населены архаічнымі людзьмі сама меней 7 тысяч гадоў таму, што зрабіла яго першым заселеным востравам Карыбскага басэйну[13]. Банварскі сьлед на паўднёвым захадзе Трынідада ёсьць найстарэйшым зарэгістравным археалягічным помнікам у Карыбскім басэйне, датаваным каля 5 тысяч гадоў да н. э. На працягу наступных стагодзьдзяў адбылося некалькі хваляў міграцыі, якія можна вызначыць паводле розьніцы ў археалягічных рэштках[14]. На момант эўрапейскага прыбыцьця на Трынідадзе жылі розныя этнічныя групы.

Эўрапейская калянізацыя

рэдагаваць

Хрыстафор Калюмб быў першым эўрапейцам, які пабачыў Трынідад у сваім трэцім плаваньні ў Амэрыку ў 1498 годзе[13][15]. Паводле ягоных паведамленьняў ён таксама бачыў Табага на гарызонце, нарокшы яго Бэльляформа, але не высаджваўся на востраве[10][16].

 
Рэйд Ўолтэра Рэлі на Трынідад у канцы XVI стагодзьдзя.

У 1530-х гадах Антоніё дэ Сэдэньнё, гішпанскі жаўнер, з намерам скарыць востраў Трынідад, высадзіўся на паўднёва-заходнім узьбярэжжы зь невялікай купай людзей. Сэдэньнё і ягоныя памагатыя правёў некалькі бітваў з тубыльцамі, а апасьля збудаваў фартэцыю. У наступным гішпанцы пашыралі кантроль і ў 1592 годзе Антоніё дэ Бэрыё заклаў тут горад Сан-Хасэ-дэ-Аруньня[10][13]. Неўзабаве пасьля гэтага ангельскі мараплавац сэр Ўолтэр Рэлі прыбыў на Трынідад 22 сакавіка 1595 году, шукаючы таямнічы Эль-Дарада, які нібыта знаходзіўся дзесьці ў Паўднёвай Амэрыцы[13]. Ён захапіў Сан-Хасэ і дапытаў дэ Бэрыё. У выніку Рэлі рушыў далей з вострава, а гішпанскага ўлада на востраве была адноўленая[17][18].

Між тым, былі шматлікія спробы эўрапейскіх дзяржаваў атрымаць кантроль на Табага ад 1620-х да 1640-х гадоў. У гэтым бралі ўдзел Нідэрлянды, Вялікабрытанія і Курляндыя, апошняя зь якіх на той момант была васалам Вялікага Княства Літоўскага[19]. З 1654 году на востраве замацаваліся галяндцы і курляндцы, пазьней да іх далучыліся некалькі сотняў францускіх засельнікаў[20]. Каляністы займаліся вытворчасьцю цукру і рому, маючы плянтацыі, на якіх працавала вялікая колькасьць афрыканскіх рабоў[21][20]. Тым часам, на востраве была пабудаваная вялікая колькасьць фартэцыяў, бо за востраў вялі барацьбу Францыя, Нідэрлянды і Вялікабрытанія. Да 1814 году востраў 31 раз зьмяняў уладальнікаў, да таго ж, у рэгіёне пашыралася дзейнасьць піратаў[21]. Гэтак, брытанцы ўтрымлівалі Табага з 1762 па 1781 гады, пасьля чаго ён быў захоплены французамі, якія панавалі тут да 1793 году, калі Табага быў павернуты Вялікабрытаніяй[21].

Тым часам, XVII стагодзьдзе на Трынідадзе праходзіла ў значнай ступені без сур’ёзных інцыдэнтаў, але ўстойлівыя спробы гішпанцамі ўсталяваць кантроль прыводзілі да жорсткага супраціву з тубыльцамі[13]. У 1687 годзе на востраве распачалі сваю працу каталіцкія місіі, якія намагаліся навярнуць тубыльцаў Трынідада і Гаяны ў хрысьціянства[13]. Такія місія падтрымліваліся гішпанскай адміністрацыяй[13]. Здараліся і сутычкі, гэтак тубыльцы ў Сан-Рафаэле паўсталі і забілі некалькіх сьвятароў, напалі на царкву і забілі гішпанскага губэрнатара Хасэ дэ Леона і Эчалеса. У адказ гішпанскія ўлады зьдзейсьнілі шэраг карных апэрацыяў, забіваючы сотні тубыльцаў[13]. У выніку генацыду і распасюду эўрапейскіх захворваньняў сярод мясцовых плямёнаў да канца наступнага стагодзьдзя тубыльцы былі амаль цалкам зьнішчаныя[22][13]. У гэты пэрыяд Трынідад стаўся астраўной правінцыяй Новай Гішпаніі, поруч з Цэнтральнай Амэрыкай[23]. У 1757 годзе сталіца была перанесеная з Сан-Хасэ-дэ-Аруньня ў Пуэрта-дэ-Эспаньня (сучасны Порт-оф-Спэйн) пасьля некалькіх пірацкіх нападаў[24]. Тым ня менш, гішпанцы ніколі не прыкладалі аніякіх высілкаў калянізацыі востраву. Ён у гэты пэрыяд па-ранейшаму быў пакрыты гушчарамі[23]. Насельніцтва Трынідада на 1777 год складала толькі 1400 чалавек. У 1777 годзе генэрал-капітан вострава Люіс дэ Ўнсага ўзяў шлюб з францускай крэолкай, дазволіўшы свабодны гандаль на Трынідадзе, чым заахвоціў шмат францускіх пасяленцаў да міграцыі на востраў. Да таго ж, каталіцкім засельнікам на працягу 10 гадоў скасоўвалі падаткі і надавалі дармовы надзел зямлі, калі толькі яны былі гатовыя прысягнуць на вернасьць каралю Гішпаніі[10]. Дзякуючы такой палітыцы насельніцтва Трынідада імгненна павысілася да 15 тысяч жыхароў да сканчэньня 1789 году.

Брытанскае панаваньне

рэдагаваць

Зацікавіўшыся Трынідадам, у 1797 годзе брытанскія сілы, ачоленыя генэралам сэрам Ральфам Абэркромбі, распачалі ўварваньне на востраў[10][25]. Ягоная эскадрыльля прышвартавалася ля паўночна-заходняга ўзьбярэжжа ля сучаснага гораду Шагарамас непадалёк ад Пуэрта-дэ-Эспаньні. Сур’ёзна пераважаючы ў колькасьці, гішпанскі губэрнатар Хасэ Марыя Чакон, аднак, вырашыў капітуляваць перад брытанцаамі, не змагаючыся[25]. Такім чынам, Трынідад стаў брытанскай калёніяй кароны з, у значнай ступені, францускім насельніцтвам і гішпанскімі законамі[23]. Першым брытанскім губэрнатарам калёніі стаў Томас Піктан, аднак, ягоны падыход да кіраваньня, які быў змрочаны выкарыстаньнем катаваньняў і адвольных арыштаў, прывёў да ягонага адхіленьня з пасады[25]. З брытанскім панаваньнем адбыўся прыцёк засельнікаў зь Вялікабрытаніі і брытанскіх калёніяў з усходу Карыбскага басэйну. Павялічылася ангельскае, шатляндзкае, ірляндзкае, нямецкае і італьянскае насельніцтва, а таксама невялікая колькасьць мурынаў, якія, змагаючы за Вялікабрытанію ў ангельска-амэрыканскай вайне, атрымалі надзелы на поўдні Трынідада[26][27][28]. З новай уладай павялічылася колькасьць завезеных рабоў, але праз рух за адмену рабства прывёў да скарачэньня іхняга прытоку. З адменай рабства ў Вялікабрытаніі ў 1833 годзе ўсе рабы атрымалі свабоду, але былі вымушаныя прайсьці гэтак званы пэрыяд разьзьняволеньня, які цягнуўся да 1838 году.

Прыбыцьцё індыйскіх рабочых

рэдагаваць
 
Літаграфія 1836 году з выявай збору ўраджаю цукровага трысьнёгу.
 
Прыбылыя ў Трынідад і Табага індыйскія работнікі.

Пасьля таго, як афрыканскія рабы былі вызваленыя, многія зь іх адмовіліся працягваць працаваць на плянтацыях, часта пераязджаючы ў гарады, як то Лявэнтыль і Бэлмант на ўсход ад Порт-оф-Спэйну[26]. У выніку ўзьнік моцны дэфіцыт працаўнікоў сельскай гаспадаркі. Каб разьвязаць крызу брытанскія ўлады заахвоцілі да пераезду жыхароў, у асноўным, іншых брытанскіх калёніяў, а таксама кітайцаў і партугальцаў[29]. Найбольшая колькасьць работнікаў пераехала зь Індыі. Гэтак 1 траўня 1845 году каля 225 індыйцаў прыбылі на Трынідад на караблі «Фатэл Разак», які належыў мусульманам[26][30]. Такія хвалі міграцыі доўжыліся з 1845 па 1917 год, і гэты час больш за 147 тысячаў індыйцаў пераехалі да Трынідада дзеля працы на плянтацыях цукровага трысьнёгу[10][31].

Не зважаючы на тое, што прыбылыя індыйцы былі найманымі працаўнікамі, кантракты часам мелі эксплюатацыйны характар. І ўсё ж, гэта не было сапраўды новай формай рабства, паколькі работнікам плацілі заробак, іхнія кантракты былі абмежаваныя ў часе[32]. Апроч гэтага, працадаўцы ня мелі права лупцаваць сваіх работнікаў, а асноўнай юрыдычнай санкцыяй быў перасьлед працаўнікоў у судах, пасьля чаго паводле выраку маглі прызначацца штрафы альбо вязьненьне[33]. Аднак прымусовыя сродкі ўсё ж такі часта прыкладаліся дзеля ўтрыманьня працаўнікоў, як то першапачаткова 5-гадовыя кантракты былі неўзабаве падоўжаныя да 10 гадоў пасьля таго, як плянтатары скардзіліся, што яны занадта рана страцяць працоўную сілу[34][26]. Пасьля заканчэньня кантракту работнікі мелі права вярнуцца на радзіму, аднак мясцовыя ўлады з мэтай заахвочваньня ўтрыманьня людзей на востраве прапаноўвалі невялікія надзелы. Дзякуючы гэтаму да 1902 году больш за палову цукровага трысьнёгу ў Трынідадзе выраблялі незалежныя фэрмэры, большасьць зь якіх былі індыйцамі[35]. Не зважаючы на кабальныя ўмовы працы больш за 90% індыйскіх імігрантаў вырашылі застацца на Трынідадзе на сталае жыцьцё[36].

На Табага індыйцаў амаль не было і пераважная колькасьць насельніцтва складалася з нашчадкаў афрыканскіх рабоў. Ажно жа канца XIX стагодзьдзя эканоміка вострава была ў заняпадзе, што прывяло да пашырэньню беднасьці[37]. Незадаволенасьць станам жыцьця выклікала паўстаньне на плянтацыі Роксбара ў 1876 годзе, якое было здушанае. З мэтай паляпшэньня эканамікі вострава Табага было далучанае да Трынідада ў 1889 годзе[10][38][39].

XX стагодзьдзе

рэдагаваць
 
Каляніяльны сьцяг Трынідада і Табага, які выкарыстоўваўся з 1889 па 1958 гады.
 
Трынідадзкія паштовыя маркі з выявай Лізаветы II.

У 1903 годзе выбухнуў пратэст супраць усталяваньня новых падаткаў у Порт-оф-Спэйн. У выніку здушэньня было забіта 18 чалавек, а дом ураду быў пашкоджаны агнём[39]. У 1913 годзе калёнія атрымала мясцовы сход зь некаторымі абмежаванымі паўнамоцтвамі[39]. Эканамічна Трынідад і Табага заставаўся пераважна сельскагаспадарчым рэгіёнам. Поруч з цукровым трысьнёгам прыбытак калёніі прыносіла какава. У лістападзе 1919 году страйк ахапіў працаўнікоў докаў, якія пратэставалі супраць мізэрных заробкаў[40]. У выніку страйк ахапіў і іншыя галіны, якіх каардынавалі прафэсійныя зьвязы, то бок страйк стаў усеагульным[40]. Тым ня менш, выступы работнікаў былі здушаныя маракамі брытанскага вайсковага карабля «Калката».

Заклады нафты ў рэгіёне былі выяўленыя ў 1857 годзе, але нафта стала эканамічна значнай толькі ў 1930-я гады, у выніку каляпсу рынку цукровага трысьнёгу і какавы і паскарэньня павелічэньня індустрыялізацыі[41]. Нафта з 1950-х гадоў стала асноўным экспартным таварам Трынідада, павялічыўшы сярэднюю клясу. Дзякуючы гэтаму значна зьмянілася сацыяльная структура краю. Калёнія атрымала штуршок у сваім разьвіцьці за часам існаваньня на Трынідадзе вайсковых базаў ЗША падчас Другой сусьветнай вайны. Аднак амэрыканцы пакінулі базы ў 1961 годзе[42].

У паваенны пэрыяд ангельцы пачалі працэс дэкалянізацыі ва ўсёй Брытанскай імпэрыі. У 1945 годзе ў Трынідадзе і Табага было ўведзенае ўсеагульнае выбарчае права[10][39]. На востраве зьявіліся першыя палітычныя партыі, якія, аднак, у значнай ступені былі падзеленыя этнічна. ��этак мурынскае насельніцтва калёніі аддавала перавагу Народнаму нацыянальнаму руху (ННР), утворанага ў 1956 годзе Эрыкам Ўільямзам. Нашчадак індыйцаў Бгадасэ Саган Марадж заклаў ўласную Народна-дэмакратычную партыю (НДП), якая потым пасьля зьліцьця была пераўтвораная ў Дэмакратычную рабочую партыю (ДРП)[43]. Карыбскія калёніі Вялікабрытаніі ў 1958 годзе стварылі Фэдэрацыю Вэст-Індыі як сродак на здабыцьця незалежнасьці, аднак гэтае ўтварэньне было скасаванае пасьля таго, як Ямайка адмовілася ад свайго ўдзелу пасьля рэфэрэндуму 1961 году. Пасьля гэтага ўрад Трынідада і Табага вырашыў шукаць уласную незалежнасьць ад Злучанага Каралеўства[44].

Незалежнасьць

рэдагаваць
 
Першы прэм’ер-міністар краіны па здабыцьці незалежнасьці Эрык Ўільямз.

Трынідад і Табага атрымала незалежнасьць ад Вялікабрытаніі 31 жніўня 1962 году[10][45]. Лізавета II заставалася фармальнай кіраўніцай дзяржавы ў якасьці каралевы Трынідада і Табага, але ўладу ад ейнага імя меў гэнэрал-губэрнатар Саламон Гочай. Гісторык і інтэлектуал Эрык Ўільямз з Народнага нацыянальнага руху, якога часам клічуць «бацькам нацыі», стаў першым прэм’ер-міністрам краіны і бесьперапынна ачольваў урад да 1981 году[10]. Дамінуючай фігурай у апазыцыі ў раньнія гады незалежнасьці быў лідэр Дэмакратычнай рабочай партыі Рудранат Капільдэо. У 1960-я гады адбыўся ўздым Руху чорнай улады, натхнёны барацьбоў мурынаў за свае грамадзянскія правы ў ЗША. Пратэсты і страйкі сталі распаўсюджанымі, а ў красавіку 1970 году нават прывялі да сьмерці пратэстоўца ад рук паліцыі[43]. Баючыся парушэньня правапарадку, прэм’ер-міністар Ўільямз абвесьціў надзвычайнае становішча і загадаў арыштаваць многіх лідэраў руху. Некаторыя армейскія лідэры, якія спачувалі руху, у прыватнасьці, Рафік Шаг і Рэкс Ласал, спрабавалі ўчыніць паўстаньне, але посьпеху ім бракавала. 1 траўня 1968 году Трынідад і Табага далучыўся да Карыбскай асацыяцыі свабоднага гандлю.

У пэрыяд з 1972 па 1983 гады краіна скарыстала карысьць ад росту кошту нафты і выяўленьня вялікіх новых нафтавых радовішчаў у тэрытарыяльных водах, што прывяло да эканамічнага буму, які значна павялічыў узровень жыцьця[10][43]. У 1976 годзе краіна стала рэспублікай, застаючыся ў Садружнасьці нацыяў[10]. Пасада генэрал-губэрнатара была замененая на пасаду прэзыдэнта, і першым прэзыдэнтам стаў Эліс Кларк, хто заняў гэтую ў значнай ступені цырыманіяльную пасаду[46]. Табага атрымала абмежаванае самакіраваньне, дзякуючы стварэньню Табагаўскай асамблеі ў 1980 годзе[37]. Ўільямз памёр у 1981 годзе, і яго замяніў Джордж Чэмбэрз, які ўзначальваў краіну да 1986 году. Да гэтага часу скарачэньне цаны на нафту прывяло да рэцэсіі, што выклікала рост інфляцыі і беспрацоўя[47]. Асноўныя апазыцыйныя партыі аб’ядналіся ў кааліцыю і здабылі перамогу на выбарах у 1986 годзе, а новым прэм’ер-міністрам стаў Артур Напалеон Рэйманд Робінсан[48][43]. У 1990 годзе 114 сябраў тэрарыстычнай арганізацыі Джамаат аль-Мусьлімін на чале зь Ясынам Абу Бакрам штурмавалі дом парлямэнту і тэлевізійнай станцыі, утрымліваючы ў закладніках Робінсана і ўрада краіны шэсьць дзён[49]. Кіраўнікам тэрарыстычнай групоўкі абяцалі амністыю, але пасьля капітуляцыі яны былі арыштаваныя, але ў канчатковым выніку вызваленыя пасьля судовых працэсаў[29]. У 1995 годзе на пазачарговых выбарах перамогу здабыў альянс Аб’яднаны нацыянальны кангрэс, а пасаду прэм’ер-міністра ўпершыню заняў прадстаўнік індыйскай дыяспары Басдэо Пандай[10][47]. На жнівеньскіх выбарах 2020 году перамогу атрымаў Народны нацыянальны рух[50].

Геаграфія

рэдагаваць
 
Тапаграфічная мапа Трынідада і Табага.

Трынідад і Табага месьціцца паміж 10° 2' і 11° 12' шыротамі і 60° 30' і 61° 56' даўготамі ў Карыбскім моры ля самога Атлянтычнага акіяну. З захаду вострава Трынідад месьціцца затока Парыя. Традыцыйна дзяржава адносіцца да групы краінаў рэгіёну Карыбскага басэйна, але востраў Трынідад месьціцца ўсяго ў 11 км ад узьбярэжжа Вэнэсуэлы праз Калюмбавы канал[10]. Фізыяграфічна астравы ёсьць працягам Паўднёвай Амэрыкі[51]. Краіна, якая ахоплівае плошчу ў 5128 км², складаецца з двух асноўных астравоў, Трынідада і Табага, якія падзеленыя пралівам шырынёю ў 32 км, а таксама шэрагу менш значных астравоў, як то у тым ліку Чакачакарэ, Монас, Уэвас, Гаспар-Грандэ, Маленькі Табага ды іншых[10]. Трынідад мае плошчу ў 4768 км², што складае 93,0% ад агульнай плошчы краіны. Сярэдняя даўжыня вострава складае 80 км, а сярэдняя шырыня сягае 59 км. Другі паводле велічыні і значнасьці востраў Табага мае плошчу каля 300 км², альбо 5,8% агульнай плошчы краіны. Даўжыня Табага складае 41 км, а ягоная шырыня ў максымальным пункце дасягае 12 км.

Рэльеф астравоў вельмі адрозьніваецца[9]. Гэтак на паўночным ускрайку Трынідада паралельна ўзьбярэжжу цягнецца горны сьцяг, самым высокім пунктам у якім ёсьць гара Эль-Сэра-дэль-Арыпа, якая сягае да 940 м над узроўнем мора[9]. Астатняя частка вострава, у большасьці, ёсьць больш пляскатай, за выключэньнем цэнтральнай частцы, дзе маюцца пагоркі Мантсэрат, і сьцягу на поўдні. На ўсходнім узьбярэжжы вострава вылучаецца пляжамі, у першую чаргу пляжам Мансанільля. На востраве маюцца некалькі вялікіх багністых участкаў, як то багны Кароні і Нарыва[10]. Да асноўных вадаёмаў на Трынідадзе ўлучаюць вадасховішча Голіс, Навэт і Кароні. На востраве маюцца розныя тыпы глебы, але большасьць складаюць дробныя пяскі і цяжкія гліны. Глебы на ўсходне-заходнім калідоры на поўначы Трынідада ёсьць асабліва ўрадлівымі[52]. Табага, у сваю чаргу, мае пляскатую раўніну на паўднёвым захадзе, а ўсходняя частка вострава ёсьць больш горнай. Найвышэйшым пунктам Табага ёсьць пік Пітч, які сягае да 550 м над узроўнем мора[53]. Ля ўзьбярэжжа Табага маюцца некалькі каралавых рыфаў[10].

Трынідад і Табага мае марскі трапічны клімат[9][10]. Год падзяляецца фактычна на два сэзоны: сухменны сэзон у першыя пяць месяцаў году і сэзон дажджоў у астатнія сям месяцаў. Вятры веюць пераважна з паўночнага ўсходу. Дамінуюць паўночна-ўсходнія пасаты. На адметнасьць ад многіх іншых Карыбскіх астравоў Трынідад і Табага ляжаць па-за межамі рэгіёну ўраганаў. Рэкордная зафіксаваная тэмпэратура складала 39°C[54], а мінімум складаў 12°C[54].

Палітыка

рэдагаваць
 
Ўайтхол ёсьць афіцыйнай сядзібай прэм’ер-міністра краіны.

Трынідад і Табага ёсьць рэспублікай зь дзьвюхпалатным парлямэнтам, які функцыянуе на ўзор брытанскага парлямэнту[9].

Кіраўніком дзяржавы ёсьць прэзыдэнт[9]. Гэтая ў значнай ступені цырыманіяльная пасада замяніла сабой пасаду генэрал-губэрнатара, то бок прадстаўніка манарха Трынідада і Табага, пасьля таго, як Трынідад і Табага стаў рэспублікай у 1976 годзе[10]. Кіраўніком ураду ёсьць прэм’ер-міністар[9]. Прэзыдэнт абіраецца выбарчай калегіяй, якая складаецца з усіх прадстаўнікоў абедзьвух палатаў парлямэнту. Па ўсеагульных выбарах, якія ладзяцца кожны пяць гадоў, прэзыдэнт прызначае прэм’ер-міністра асобу, якая мае падтрымку большасьці ў Палаце прадстаўнікоў. Звычайна такой асобай ёсьць лідэр партыі, якая здабыла большасьць месцаў на выбарах[10]. З 1980 году на Табага адбываюцца дадатковыя мясцовыя выбары. На гэтых выбарах абіраюцца сябры аднапалатнай Табагаўскай асамблеі[9][10][55], якая чыніць самакіраваньне на востраве.

Парлямэнт складаецца з Сэнату, які мае 31 дэпутацкае месца, і Палаты прадстаўнікоў, які мае 41 дэпутацкае месца і сьпікера[9][56]. Шаснаццаць сэнатараў прызначаюцца паводле рэкамэндацыі прэм’ер-міністра, а яшчэ шэсьць — лідэрам апазацыі. У дадатак дзевяць сэнатараў прызначаюцца прэзыдэнтам дзеля забясьпечаньня прадстаўніцтва іншых сэктараў грамадзянскай супольнасьці. Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў абіраюцца наўпрост грамадзянамі на максымальны тэрмін у пяць гадоў.

Палітычная культура

рэдагаваць

Дзьвюма асноўнымі партыямі краіны ёсьць Народны нацыянальны рух і Аб’яднаны нацыянальны кангрэс. Падтрымка гэтых партыяў звычайна базуецца на этнічнай прыналежнасьці, як то ННР звычайна атрымлівае большасьць галасоў выбаршчыкаў афрыканскага паходжаньня, а АНК, у сваю чаргу, здабывае большасьць галасоў выбаршчыкаў індыйскага паходжаньня. Тым ня менш, у краіне існуюць шэраг іншых партыяў, якіх паводле стану на жнівень 2020 году налічвалася 19. Сярод іх варта вылучыць Кангрэс народа, які на ўсеагульных выбарах 2010 і 2015 гадоў здабываў дэпутацкія мандаты, і Табагаўская арганізацыя народа, якая на выбарах 2010 году атрымала 2 месцы ў парлямэнце.

Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел

рэдагаваць

Трынідад падзяляецца на дзевяць рэгіёнаў і пяць муніцыпалітэтаў, якія маюць абмежаваны ўзровень аўтаноміі[9][10]. Мясцовыя адміністрацыі улучаюць як частку абіраных працаўнікоў, гэтак і прызначаных. Выбары на мясцовым узроўні праводзяцца раз на тры гады. Асабны статус мае востраў Табага. Гэтак з 1980 году востраў кіруецца Табагаўскай асамблеяй, абіранай на табагаўскіх выбарах.

Дэмаграфія

рэдагаваць

Насельніцтва краіны паводле стану на чэрвень 2021 год складала каля 1,37 млн чалавек.

Этнічны склад

рэдагаваць
 
Трынідадзка-табагаўскія жанчыны афрыканскага паходжаньня.
 
Купа жанчынаў індыйскага паходжаньня на фатаздымку канца XIX стагодзьдзя.

Этнічны склад Трынідада і Табага адлюстроўвае гісторыю заваяваньня і іміграцыі на астравы[57]. У той час як самыя раньнія жыхары мелі індзейскае паходжаньне, на сёньня дзьвюма дамінуючымі этнічнымі групамі ў краіне ёсьць вышлыя з Паўднёвай Азіі і з Афрыкі. Індатрынідадцы і індатабагаўцы фармуюць найбуйнейшую ў краіне этнічную групу, то бок іхняя доля складае прыблізна 35,4%[9]. Яны ёсьць нашчадкамі рабочых з Брытанскай Індыі[58], якія мігравалі на востраў на замену вызваленых афрыканскіх рабоў, якія адмовіліся працягваць працаваць на плянтацыях цукровага трысьнёгу. Праз захаваньне культуры ��ногія жыхары індыйскага паходжаньня працягваюць падтрымліваць традыцыі іхняй былой радзімы. Індатрынідадцы жываюць у першую чаргу на востраве Трынідад, а на Табага іхняя колькасьць паводле перапісу насельніцтва 2011 году не пераўзыходзіла 2,5%[59].

Афратрынідадцы і афратабагаўцы фармуюць другую паводле велічыні этнічную групу краіны, крыху саступаючы прадстаўнікам індыйскага паходжаньня. Іхняя колькасьць сягае прыблізна да 34,2% насельніцтва[9]. Большасьць людзей афрыканскага паходжаньня ёсьць нашчадкамі рабоў, гвалтоўна перавезеных на астравы пачынаючы з XVI стагодзьдзя. Гэтая група фармуе большасьць на Табага, бо скаладае каля 85,2% ад агульнай колькасьці насельніцтва вострава[59]. Трэцяй групай ёсьць прадстаўнікі зьмяшаных этнасаў[9]. Таксама маюцца невялікія меншасьці індзейскага, эўрапейскага, лаціна-гішпанскага, кітайскага і арабскага паходжаньня.

Ангельская мова ёсьць афіцыйнай мовай краіны, але галоўнай размоўнай мова ёсьць крэольскія ангельскія гаворкі, гэтак званыя трынідадзкая крэольская мова і табагаўская крэольская мова. Гэтыя гаворкі ў значнай ступені адлюстроўваюць багатую этнічную спадчыну дзяржавы, улучаючы індзейскую, эўрапейскую, афрыканскую і азіяцкую спадчыну нацыі. Абедзьве крэольскія мовы ўтрымліваюць значныя элемэнты розных афрыканскіх моваў, а трынідадзкая ангельская мова зьведала значны ўплыў францускай крэольскай мовы, вядомай як патуа[60]. Большасьць першых індыйскіх засельнікаў размаўлялі на бгаджпуры і авадгі, якія пазьней утварылі трынідадзкі гіндустані. У 1935 годзе гледачы на Трынідадзе пачалі паказваць індыйскія фільмы. Большасьць зь іх былі вырабленыя на стандартным дыялекце гіндустані, дзякуючы чаму трынідадзкі гіндустані крыху ўзбагаціўся новымі выслоўямі і словамі. Індыйскія фільмы таксама актывізавалі вывучэньне гіндустані прадстаўнікамі індатрынідадцаў і табагаўцаў[61]. Прыблізна зь сярэдзіны да сканчэньня 1970-х гадоў прадстаўнікі індыйскай дынастыі пачалі пераходзіць на гіндызаваную вэрсію ангельскай мовы. Невялікая група людзей карыстаецца ў паўсядзённым жыцьці гішпанскай мовай, у тым ліку ўцекачы з суседняй Вэнэсуэлы.

Паводле перапісу насельніцтва 2011 года[59], хрысьціянства было дамінуючай рэлігіяй краіны, бо вернікамі гэтай рэлігіі было сама меней 63,2% насельніцтва. Самай буйной была каталіцкая канфэсія, на долю якіх прыпадала каля 21,60% ад агульнай колькасьці насельніцтва. У Трынідадзе і Табага маюцца безьліч пратэстанцкіх цэркваў, як то англікане, адвэнтысты сёмага дня, прэсьбітарыяне, сьведкі Яговы, мэтадысты ды іншыя. Індуізм быў другой паводле велічыні рэлігіяй у краіне, вернікамі якой былі 20,4% насельніцтва на 2011 год[59]. Індуісты жывуць ва ўсёй краіне, сьвята Дывалі нават адзначаецца на нацыянальным узроўні. Найбуйнейшай індуісцкай арганізацыяй у Трынідадзе і Табага ёсьць Санатан Дгарма Мага Сабга, якая была закладзеная ў 1952 годзе па зьліцьці дзьвюх асноўных індуісцкіх арганізацыяў. На той жа 2011 год трэцяй рэлігійнай групай былі мусульмане, якіх налічвалася каля 4,97% насельніцтва[59]. Сярод некаторай часткі афратрынідадцаў і афратабагаўцаў практыкуюцца традыцыйныя афрыканскія культы, а невялікая частка індатрынідадцаў і індатабагаўцаў ёсьць вернікамі сыкхізму, джайнізму, будызму і багаі.

Эканоміка

рэдагаваць
 
Пляж Піджн-Пойнт на Табага кожны год прыцягвае замежнікаў на адпачынак.
 
Нафтаперапрацоўчы завод у Пойнт-а-П’еры.

Трынідад і Табага ёсьць самай разьвітай і заможнай краінай Карыбскага басэйну, маючы даволі высокі ўзровень СУП на душу насельніцтва на ўзроўні 20 тысяч даляраў ЗША[62]. У лістападзе 2011 году АЭСР выдаліла Трынідад і Табага са сьпісу разьвіваных краін[63]. Эканоміка дзяржаву ў значнай ступені грунтуецца на нафтагазавай прамысловасьці. Турызм і прамысловасьць таксама важныя галіны эканомікі краю. Турызм асабліва мае разьвіцьцё на Табага, але ён у значнай ступені не такі высокі як на іншых Карыбскіх астравах. Сельскагаспадарчая прадукцыя ўлучае цытрусы і какаву. Трынідад і Табага экспартуе прадукты харчаваньня, напоі і цэмэнт у краіны Карыбскага рэгіёну. Краіна таксама лічыцца рэгіянальным фінансавым цэнтрам, а эканоміка краю мае прафіцытны паказчык гандлю[64]. Намагаючыся адыйсьці ад нафтагазавай залежнасьці і зрабіць дывэрсыфікацыю гаспадаркі, улады Трынідад і Табага стварылі ў 2012 годзе адмысловую агенцыю з мэтай садзейнічаньня прыцягненьня замежным інвэстыцыям у ненафтагазавыя галіны[65]. Трынідад і Табага мае добра разьвіты сэктар тэлекамунікацыяў. У 2014 годзе на гэты сэктар і сэктар тэлевяшчаньня прыпала каля 880 млн даляраў ЗША ці 3,1% ад СУП.

Найважнейшым замежным эканамічным партнэрам Трынідада і Табага ёсьць ЗША, бо на іх прыпадае каля 40 % экспарту і 27 % імпарту[9] рэспублікі. Эканамічныя дачыненьні таксама ўсталяваныя зь Ямайкай, Барбадасам, Вэнэсуэлай і Бразыліяй. У меншай меры гандаль вядзецца з краінамі ЭЗ, Канадай і Японіяй.

Нафтагазавая галіна

рэдагаваць

Трынідад і Табага ёсьць вядучым вытворцам нафты і газу ў Карыбскім рэгіёне, а ягоная эканоміка моцна залежыць ад гэтых рэсурсаў[10]. Нафта і газ разам фармуюць каля 40% СУП і 80% экспарту краіны, але толькі 5% працаздольнага насельніцтва працуе ў гэтай галіне[9]. Апошнім часам рост быў выкліканы інвэстыцыямі ў вырабніцтва звадкаванага прыроднага газу (ЗПГ), прадукцыі нафтахіміі і сталі. Менавіта выраб ЗПГ пашырыўся апошнімі гадамі, складаючы выраб агулам 13,4 млрд м³ ЗПГ паводле стану на 2017 год. Найбуйнейшымі рынкамі экспарту газу ёсьць Чылі і ЗША[66]. Дзякуючы такому зруху, Трынідад і Табага перайшлі з эканомікі нафты на эканомікі прыроднага газу. Вытворчасьць нафты зьнізілася за дзесяцігодзьдзе з 7,1 млн мэтрычных тон у 2007 годзе да 4,4 млн мэтрычных тон у 2017 годзе[67].

  1. ^ а б база зьвестак Сусьветнага банкуСусьветны банк.
  2. ^ а б 2020 Democracy Index
  3. ^ а б https://data.worldbank.org/indicator/SI.POV.GINI
  4. ^ а б Human Development ReportПраграма разьвіцьця ААН, 2022.
  5. ^ а б https://data.iana.org/time-zones/tzdb-2021e/northamerica
  6. ^ «Treaty between the Republic of Trinidad and Tobago and the Republic of Venezuela on the delimitation of marine and submarine areas, 18 April 1990». The United Nations.
  7. ^ «The 1990 Accord Replaces the 1942 Paris Treaty». Trinidad and Tobago News.
  8. ^ Carmichael, Gertrude (1961). «The History of the West Indian Islands of Trinidad and Tobago, 1498–1900». London: Alvin Redman. — С. 52.
  9. ^ а б в г д е ё ж з і к л м н о «Trinidad and Tobago». CIA World Factbook.
  10. ^ а б в г д е ё ж з і к л м н о п р с т у ф х ц ч «Trinidad and Tobago». Encyclopædia Britannica.
  11. ^ «Report for Selected Countries and Subjects». World Economic Outlook Database, 2022. International Monetary Fund.
  12. ^ «Trinidad and Tobago». BBC News.
  13. ^ а б в г д е ё ж з Thomas 2018. С. 249.
  14. ^ Reid, Basil A. (2008). «Developing Weights-of-Evidence Predictive Models for the Cultural Resource Management of Pre-Columbian Sites in Trinidad». Archaeology and geoinformatics: case studies from the Caribbean. Tuscaloosa: University of Alabama Press. — С. 33—73. — ISBN 9780817380533.
  15. ^ Williams 1964. С. 7—8.
  16. ^ Carmichael, Gertrude (1961). «The History of the West Indian Islands of Trinidad and Tobago, 1498—1900». London: Alvin Redman. — С. 14.
  17. ^ Williams 1964. С. 11.
  18. ^ Williams 1964. С. 18.
  19. ^ Рэдакцыйная пошта. Эспэранта. Польскае радыё.
  20. ^ а б Ramerini, Marco. «Dutch and Courlanders on Tobago: A History of the First Settlements, 1628—1677». Colonial Voyage.
  21. ^ а б в Thomas 2018. С. 196.
  22. ^ Romero, Aldemaro (2003). «Death and Taxes: the Case of the Depletion of Pearl Oyster Beds in Sixteenth-Century Venezuela». Conservation Biology. 17 (4): 1016. doi:10.1046/j.1523-1739.2003.01406.x.
  23. ^ а б в Besson, Gerard (27 August 2000). «Land of Beginnings — A historical digest»]. Newsday Newspaper.
  24. ^ Thomas 2018. С. 55.
  25. ^ а б в Thomas 2018. С. 251.
  26. ^ а б в г Thomas 2018. С. 252.
  27. ^ Brereton, Bridget (5 June 2013). «The Merikens again». Trinidad Express Newspapers.
  28. ^ McNish Weiss, John (2002). «The Merikens: Free Black American settlers in Trinidad 1815—16» (2nd ed.). London: McNish & Weiss. — ISBN 0-9526460-5-6.
  29. ^ а б Thomas 2018. С. 253.
  30. ^ «1845: The East Indians and indentureship». Trinicenter.
  31. ^ Deen, Shamshu (1994). «Solving East Indian Roots in Trinidad». Freeport Junction. H.E.M. Enterprise. — ISBN 976-8136-25-1.
  32. ^ Northrup, David (1995). «Indentured labor in the age of imperialism, 1834—1922». Cambridge: Cambridge University Press. — ISBN 0521480477.
  33. ^ Brereton, Bridget (2010). «The Historical Background to the Culture of Violence in Trinidad and Tobago». Caribbean Review of Gender Studies.
  34. ^ Brereton, Bridget (1981). «A History of Modern Trinidad 1783—1962». London: Heinemann Educational Books. — ISBN 0-435-98116-1.
  35. ^ «The experience of Indian indenture in Trinidad: Arrival and settlement». Caribbean Atlas.
  36. ^ Jayaram, N.; Atal, Yogesh (24 May 2004). «The Indian Diaspora: Dynamics of Migration». — ISBN 9780761932185.
  37. ^ а б Thomas 2018. С. 239.
  38. ^ Williams 1964. С. 149.
  39. ^ а б в г Thomas 2018. С. 255.
  40. ^ а б Kiely, Ray (1996). «The Politics of Labour and Development in Trinidad». Press University of the West Indies. — С. 66. — ISBN 9789766400170.
  41. ^ «Trinidad and Tobago’s Oil: An Illustrated Survey of the Oil Industry in Trinidad and Tobago». The Petroleum Association of Trinidad and Tobago, 1952.
  42. ^ Thomas 2018. С. 96.
  43. ^ а б в г Thomas 2018. С. 256.
  44. ^ Brereton, Bridget (1996). «An introduction to the history of Trinidad and Tobago». Oxford: Heinemann Educational Publishers. — С. 103—105. — ISBN 978-0-435-98474-8.
  45. ^ «Railroad Map of Trinidad». World Digital Library. 1925.
  46. ^ Donovan, Paul (2011). «Obituary: Sir Ellis Clarke». Independent Catholic News.
  47. ^ а б Thomas 2018. С. 257.
  48. ^ Nohlen, D (2005). «Elections in the Americas: A data handbook, Volume I». — С. 630 — ISBN 978-0-19-928357-6.
  49. ^ Ryan, Selwyn (1991). «The Muslimeen grab for power: race, religion, and revolution in Trinidad and Tobago». Port of Spain, Trinidad, West Indies: Inprint Caribbean. — С. 82. — ISBN 9789766080310.
  50. ^ «Trinidad and Tobago poll: Governing party claims victory». BBC News.
  51. ^ Bridget M. Brereton; Arthur Napoleon Raymond Robinson; David Watts. «Trinidad and Tobago». Britannica.
  52. ^ «Data». The Ohio State University.
  53. ^ Anthony, Michael (2001). «Historical Dictionary of Trinidad and Tobago». Scarecrow Press, Inc. Lanham, Maryland, and London, UK. — ISBN 0-8108-3173-2.
  54. ^ а б «August Climate History for Port-of-Spain». Myweather2.com.
  55. ^ «International Religious Freedom Report 2006». U.S. Department of State — Diplomacy in Action. Bureau of Democracy, Human Rights, and Labor.
  56. ^ Browne, Juhel (20 September 2007). «November 5 — PM reveals election date at last». Trinidad and Tobago Express.
  57. ^ «Trouble in paradise». BBC News.
  58. ^ «Twists and turns in search for ancestry». Trinidad and Tobago Guardian.
  59. ^ а б в г д «Non-Institutional Population by Sex, Age Group, Ethnic Group and Municipality». Trinidad and Tobago Central Statistical Office.
  60. ^ Jo-Anne Sharon Ferreira. «The sociolinguistic situation of Trindad & Tobago». University of the West Indies.
  61. ^ Gooptar, Primnath (2014). «Bala Joban: The First Indian Movie in Trinidad (1935)». ISBN 9789766483227.
  62. ^ «Trinidad and Tobago». 2015. World Bank.
  63. ^ Gopie, Rajiv (3 November 2011). «Are we developed?». Trinidad Express Newspapers.
  64. ^ «Background note Trinidad and Tobago». US Department of State.
  65. ^ «Agency Focus». Tradelinks.
  66. ^ «BP Statistical Review of World Energy — Natural Gas». BP.
  67. ^ «BP Statistical Review of World Energy — Oil». BP.

Літаратура

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць