Татарская мова ў Беларусі
Тата́рская мова ў Белару́сі — традыцыйнае азначэньне, якім акрэсьліваецца сукупнасьць розных ідыёмаў, прыналежных да цюрскае сям’і моваў і ў тыя ці іншыя гістарычныя эпохі распаўсюджаныя на тэрыторыі сучаснае Беларусі.
Гісторыя
рэдагавацьГістарычна абумовілася традыцыя азначэньня тэрмінам тата́рская мова розных ідыёмаў цюрскага паходжаньня, з прычыны чаго дакладнае азначэньне панятку татарскае мовы ў Беларусі залежыць ад лінгвістычных рысаў гэтага маўленьня і паходжаньня ягоных носьбітаў у залежнасьці ад той ці іншай этнічнай групы цюрак. Пераважалі кыпчацкія плямёны цюрак, аднак хутчэй за ўсё існавалі таксама прадстаўнікі вугорскіх і мангольскіх народаў[1].
Першыя сьведчаньні пра зьяўленьне цюрскіх этнічных групаў на тэрыторыі сучаснае Беларусі, якія азначаліся тэрмінам татары, прыпадаюць на пачатак XIV ст., калі пры вялікіх князёх Гедзіміне, Альгердзе й Кейстуце прадстаўнікі шэрагу блізкароднасных цюрскіх этнасаў Залатой Арды запрашаліся на вялікакняскую службу[2]. Пазьней адна са значных хваляў цюрскага перасяленьня на землі Беларусі адзначалася па выправах Вітаўта пад канец гэтага ж стагодзьдзя і ў пачатку XV ст. Першая траціна наступнага стагодзьдзя адзначылася павелічэньнем колькасьці цюрскага насельніцтва на землях Беларусі ў выніку атрыманьня ваеннапалонных. Пазьней, па інтэграцыі цюрак у грамадзка-палітычнае жыцьцё тагачаснага Вялікага Княства Літоўскага, у складзе якога на той момант знаходзіліся ўсе тэрыторыі сучаснае Беларусі, татары ў Беларусі адзначаліся ў досыць спэцыфічных функцыях, працуючы ў якасьці дыпляматычных працаўнікоў, якія займаліся перакладам пісьмовых цюрскіх тэкстаў (г.зв. пісары татарскія). Большасьць дадзенай катэгорыі насельніцтва мела крымскае цюрскае паходжаньне. Адзначаецца, што асноўны арэал гэтых перасяленцаў склаўся на тэрыторыях тагачасных Наваградзкага й Віленскага ваяводзтваў княства[3].
Ужо напісаны літоўскім татарынам каля 1557-1558 году рэфэрат аб жыцьці літоўскіх татараў адзначае, што большая частка літоўскіх татараў не валодала роднай мовай. Хутчэй за ўсё, яе носьбіты заставаліся толькі сярод апошняй на той час хвалі татарскіх пасяленцаў, якія апынуліся ў ВКЛ па бітве пад Клецкам[4][5].
У другой палове XVI ст. супольнасьць татараў у Беларусі папаўняецца паволскімі татарамі (навакольлі сучаснага Татарстану)[6], маўленьне якіх, аднак, адносілася да іншае групы цюрскіх моваў — паволска-кыпчацкае падгрупы кыпчацкае групы цюрскіх моваў. Прыкладна гэтым жа пэрыядам адзначаюцца апошнія хвалі татарскага перасяленьня на тэрыторыі сучаснае Беларусі, пасьля чаго ў XVI — пачатку XVII ст. адбываецца працэс моўнай асыміляцыі татараў ВКЛ, у выніку чаго яны пераходзяць на старабеларускую мову[6]. Адной з галоўных прычынаў страты цюрскага маўленьня ў асяродзьдзі літоўскіх татараў стала пабраньне шлюбам з прадстаўніцамі карэннага славянскага насельніцтва, што ва ўмовах перавагі старабеларускае й польскае моваў прыводзіла да пераходу наступных пакаленьняў на старабеларускую або польскую мовы аднаго з бацькоў. Адзначаюцца таксама іншыя формы культурнага ціску (перавага іншых моваў сярод пасадаў літоўскіх татараў, адсутнасьць цюрскага маўленьня ў рэлігійным жыцьці, страты культурных сувязяў з татарскім арэалам Паволжа й асманізацыя Крыму)[3]. Тым ня менш, рэшткі мовы ў выглядзе арабскага пісьма захоўваліся пры складаньні сьвятых ісламскіх тэкстаў (гл. кітабы), захоўвалася выкарыстаньне спэцыфічнае рэлігійнае й грамадзка-культурнае лексыкі. У пісьмовым дачыненьні літоўскія татары амаль поўнасьцю перайшлі на навакольныя славянскія мовы[7]. На думку польскага гісторыка А. Гуркі, у XVI ст. колькасьць татараў у ВКЛ налічвала каля 7 тыс. чалавек, у пачатку наступнага стагодзьдзя — блізу 8—9 тыс. чалавек[1].
Клясыфікацыя
рэдагавацьЯк мяркуе адзін з сучасных беларускіх дасьледчыкаў літоўскіх татараў І. Канапацкі, на момант пачатку працэсу моўнай асыміляцыі татараў у Беларусі была распаўсюджаная чагатайская мова[3] — сярэднявечная цюрская літаратурная мова Сярэдняй Азіі, якая належала да карлуцкае групы цюрскіх моваў. Іншыя зьвесткі адзначаюць перавагу сярод літоўскіх татараў прыхадняў з Залатой Арды, сярод якіх было распаўсюджанае маўленьне кыпчацкага паходжаньня, што, аднак, пацьвярджаецца толькі часткова з прычыны маленькае колькасьці моўнага матэрыялу[8]. Тым ня менш, кыпчацкі характар гэтага маўленьня выяўляўся дзякуючы зьвесткам анамастыкі і фанэтычных крытэраў (чаргаваньне [дж] ~ [й] у ініцыяльнай пазыцыі (напрыклад, джайма ~ яйма «аладка», джолуш ~ йолуш «спаборніцтва»), выпадзеньне ініцыяльнага фрыкатыву ў некаторых запазычваньнях (напрыклад, прозьвішчы Асанчук і Асановіч, утвораныя ад арабскага Гасан), дысыміляцыя зычнай [л̅] > *[ӊл] > [нл])[9]. Лексыка мовы тагачасных татараў Беларусі носіць на сабе сьляды ўплыву іншых цюрскіх моваў (старажытнаўйгурскай, з XVI — XVII ст. таксама асманскай)[10]. Апрача таго, зыходзячы з геаграфічнага паходжаньня тагачасных літоўскіх татараў мяркуецца, што іх маўленьне ўяўляла сабою тады некадыфікаваныя кыпчацкія й агускія дыялекты крымскататарскае мовы[11].
Лінгвістычная характарыстыка
рэдагавацьФаналёгія
рэдагавацьМова літоўскіх татараў характарызавалася наяўнасьцю сямі галосных ([а], [ы], [о], [у], [u], [ё], [ю]), глыбоказаднеязычных [гъ], [къ], заднеязычнага [нъ] і афрыкаты [д͡ж]; сынгарманізму ў складзе й слове[11]. Была шырока прадстаўленая паляталізацыя зычных, што зьвязвалася, верагодна, з уплывам беларускае мовы й абумоўлівалася атачэньнем галоснымі пярэдняга шэрагу (напрыклад, [с’эл’ам] «мір», [іс’л’ам] «іслам»)[12].
Лексыка
рэдагавацьМяркуючы паводле шэрагу дадзеных, на мову літоўскіх татараў аказвала ўплыў цюрскае маўленьне Крыму й Паволжа, што тлумачыцца кантактамі або геаграфічным паходжаньнем складальнікаў цюрскіх дакумэнтаў[12]. Зафіксаваная вялікая дзель араба-пэрсыдзкіх запазычваньняў[11]. Асаблівасьці фанэтычнае рэалізацыі пэўных арабскіх запазычваньняў сьведчаць на карысьць асманскага ўплыву на мову літоўскіх татараў, што тлумачыцца культурнымі сувязямі літоўскіх татараў з Асманскай імпэрыяй[12]. Тагачасная татарская лексыка аказала ўплыў й на лексычны склад беларускае мовы (сярод сучасных лексэмаў — андарак, баран, балавацца, кайданы, наждак) і тапаніміку Беларусі (Агдэмер, Койданаў, Апчак), тым ня менш, пытаньне цюрскага лексычнага ўзьдзеяньня на беларускую мову зьяўляецца мала дасьледаваным[3].
Марфалёгія
рэдагавацьНазоўнік у мове літоўскіх татараў адзначаўся паводле катэгорыяў ліку, роду, склону, прыналежнасьці й прэдыкатыўнасьці; прыметнік — паводле інтэнсіўнасьці. Дзеяслоў зьмяняўся паводле часу, асобы, ладу, стану, у якасьці інфінітыву выступаў аддзеяслоўны назоўнік на -макъ[11]. Па страце тагачаснымі літоўскімі татарамі цюрскага маўленьня ў захаванай цюрскай і араба-пэрсыдзкай культурнай лексыцы адзначалася выкарыстаньне словазьменных парадыгмаў беларускае або польскае мовы пры склонавым зьмяненьні, утварэньні множнага ліку або іншых спосабах словаўтварэньня (захарэміць «правесьці вясельны абрад», алейчык «шыіт», харамны «забаронены», ансары «памочнікі, паплечнікі»)[13].
Цяперашні час
рэдагавацьПасьля таго, як тэрыторыі сучаснае Беларусі пасьлядоўна напрыканцы XVIII ст. апынуліся ў складзе Расеі, тэрыторыі Беларусі сталі больш інтэграванымі зь землямі Расеі, у якой месьціліся асноўныя арэалы цюрскіх этнічных групаў, вядомых як татары. Гэта спрыяла перасяленьню новых хваляў татараў (якія ўжо не адносіліся да этнагрупы літоўскіх татараў), што асабліва ўзмацнілася па глябалізацыі ў часы СССР. У часы Расейскай імпэрыі існавала практыка пашырэньня тэрміну татары ня толькі на казанскіх, сыбірскіх і крымскіх цюрак, вядомых цяпер пад гэтым тэрмінам, але й на шматлікія іншыя цюрскія этнасы краіны (напрыклад, адэрбэйджанскія татары — азэрбайджанцы, хакаскія татары — хакасы).
Перапіс насельніцтва Рэспублікі Беларусь 2009 году засьведчыў у краіне 7 316 асобаў, якія вызначылі сваю нацыянальную прыналежнасьць да татараў, зь якіх 1 060 чалавек у якасьці роднае мовы адзначылі мову сваёй нацыянальнасьці, разам з тым адзначаная адна асоба, прыналежная да сыбірскіх татараў, пры гэтым для яе сыбірскататарская мова не зьяўлялася роднай. Адзначана 12 крымскіх татараў, сярод якіх не было адзначана ніводнай асобы, якая ў якасьці роднае мовы ўказала б мову сваёй нацыянальнасьці. У якасьці роднае мовы мову сваёй нацыянальнасьці пазначыла 122 татараў Берасьцейскае вобласьці, 139 татараў Віцебскае вобласьці, 146 татараў Гомельскае вобласьці, 112 татараў Гарадзенскае вобласьці, 233 татары ў Менску, 182 татары Магілёўскае вобласьці. Сярод татараў усёй Беларусі на татарскай мове звычайна размаўляла 40 асобаў (зь іх па адной асобе ў Віцебскай і Берасьцейскай абласьцях, 8 асобаў у Гомельскай, 11 у Гарадзенскай, дзьве ў Менску, 10 у Менскай, 7 — у Магілёўскай). Сярод усіх грамадзянаў Беларусі, якія адзначылі сваю нацыянальную прыналежнасьць да татараў, 568 асобаў адзначылі свае веды татарскае мовы[14]. Як адзначае І. Канапацкі, усе жыхары сучаснае Беларусі, якія адзначаюць у якасьці роднае мовы татарскую, не зьяўляюцца нашчадкамі літоўскіх татараў[3].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б Свяжынскі У., с. 64.
- ^ І. Канапацкі, с. 508.
- ^ а б в г д І. Канапацкі, Мова беларускіх татар.
- ^ А. К. Антонович... С. 11.
- ^ Я. Станкевіч... С. 387.
- ^ а б І. Канапацкі, с. 510.
- ^ Дубинский А. И., с. 84.
- ^ Дубинский А. И., с. 83.
- ^ Дубинский А. И., с. 85.
- ^ A. Zajączkowski, s. 311.
- ^ а б в г Супрун А. Я., с. 463.
- ^ а б в Дубинский А. И., с. 86.
- ^ Дубинский А. И., с. 87.
- ^ Национальный состав населения, гражданство (рас.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (2009). Праверана 15 жніўня 2014 г.
Літаратура
рэдагаваць- A. Zajączkowski. Tzw. chamaił tatarski ze zbioru rękopisów w Warszawie.
- А. И. Дубницкий. Заметки о языке литовских татар // Вопросы языкознания. — 1972. — № 1.
- Антонович А. К. Белорусские тексты, писанные арабским письмом, и их графико-орфографическая система / А. К. Антонович. — Вильнюс: ВГУ, 1968. — С. 11. — 418 с.
- А. Я. Супрун. Мова беларускіх татараў // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 2: Аршыца — Беларусцы. — 480 с. — ISBN 985-11-0061-7
- І. Канапацкі. Мова беларускіх татар // Беларускі гістарычны партал.
- І. Канапацкі. Татары // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1993. — Т. 1: А — Беліца. — 494 с. — ISBN 5-85700-074-2
- У. Свяжынскі. Народы і мовы // Вялікае княства Літоўск��е: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — 684 с. — ISBN 985-11-0314-4
- Станкевіч Я. Язык і языкаведа / Я. Станкевіч. — 2-е выд.. — Вільня: Ін-т беларусістыкі, 2007. — С. 387. — 1214 с.