Сяргей Бабрук
Сярге́й Анто́навіч Бабру́к (15 лютага 1901, Шубічы, Пружанскі павет Гарадзенскай губэрні — 18 сакавіка 1962, УССР, СССР) — савецкі ваеначальнік, генэрал-лейтэнант (1955), Герой Савецкага Саюзу (19 сакавіка 1944).
Сяргей Антонавіч Бабрук | |||||||||||||
15 лютага 1901 — 18 сакавіка 1962 | |||||||||||||
Месца нараджэньня | Шубічы, Пружанскі павет Гарадзенскай губэрні | ||||||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
Месца сьмерці | Віньніца | ||||||||||||
Прыналежнасьць | СССР | ||||||||||||
Гады службы | 1920—1959 | ||||||||||||
Званьне | генэрал-лейтэнант | ||||||||||||
Камандаваў | 47-я гвардзейская стралковая дывізія, 29-ы гвардзейскі стралковы корпус, 31-ы гвардзейскі стралковы корпус, 13-я гвардзейская мэханізаваная дывізія, 27-ы гвардзейскі стралковы корпус, 4-я армія | ||||||||||||
Бітвы/войны | Грамадзянская вайна ў Расеі, Польскі паход РСЧА, Нямецка-савецкая вайна | ||||||||||||
Узнагароды | |
Жыцьцяпіс
рэдагавацьНарадзіўся ў вёсцы Шубічы[1] (цяпер у Пружанскім раёне Берасьцейскай вобласьці) ў сялянскай сям’і. У 1914 скончыў пачатковую школу, працаваў сьлесарам.
У Чырвонай Арміі з чэрвеня 1920 року. У Грамадзянскую вайну Сяргей Бабрук курсантам 4-й кавалярыйскай школы камсаставу РСЧА ўдзельнічаў у здушэньні Кранштацкага паўстаньня.
Пасьля вайны навучаўся на 18-х саратаўскіх і 15-х алма-атынскіх кавалерыйскіх курсах. З 1923 праходзіў службу ў 2-м Гісарскім кавалерыйскім палку Туркестанскага фронту, камандзір узводу, памочнік камандзіра эскадрону. Удзельнічаў у баявых дзеяньнях супраць басмацкіх аддзелаў Ібрагім-бэка і Карамурзы ва Ўсходняй і Заходняй Бухары (ліпень 1923 — красавік 1925). З траўня 1925 року служыў у 9-й кавалерыйскай дывізіі камандзірам узводу 51-га кавалерыйскага палку, з сакавіка 1926 — у 50-м кавалерыйскім палку 9-й кавалерыйскай дывізіі, памочнік камандзіра эскадрону, камандзір гаспадарчага ўзводу, камандзір кавалерыйскага ўзводу, часовы выканаўца абавязкаў камандзіра эскадрону, памочнік начальніка штабу палку. З сакавіка 1930 навучаўся на кавалерыйскіх курсах у Новачаркаску, па сканчэньні вярнуўся на папярэднюю пасаду. З чэрвеня 1935 — памочнік начальніка 1-й часткі штабу 28-й кавалерыйскай дывізіі, з красавіка 1936 — начальнік штабу 10-га кавалерыйскага палку 23-й кавалерыйскай дывізіі, са студзеня 1938 — часовы выканаўца абавязкаў начальніка 1-й часткі штабу дывізіі. З сакавіка 1938 року маёр Сяргей Бабрук — памочнік начальніка штаба 5-й кавалерыйскай дывізіі, у складзе якой удзельнічаў у паходзе Чырвонай арміі ў Заходную Ўкраіну. Зь лютага 1940 року — начальнік 1-га аддзяленьня штабу 34-й кавалерыйскай дывізіі, з красавіка — начальнік апэратыўнага аддзяленьня, ён же памочнік начальніка штабу 148-й стралковай дывізіі Прыволскай ваеннай акругі ў Саратаве.
У пачатку нямецка-савецкай вайны Сяргей Бабрук на той самай пасадзе. Зь лістапада 1941 знаходзіўся ў распараджэньні Галоўнае ўправы кадраў Народнага камісарыяту абароны, пасьля Ваеннага савету Бранскага фронту. З сакавіка 1942 выконваў абавязкі начальніка штаба 153-й стралковай дывізіі, якая ўдзельнічала ў Сталінградзкай бітве ў складзе Сталінградзкага, Данскога і Паўднёва-Заходняга франтоў. Са сьнежня 1943 — камандзір 47-й гвардзейскай стралковай дывізіі 8-й гвардзейскай арміі 3-га Ўкраінскага фронту. У студзені — лютым 1944 року ён умела арганізаваў дзеяньні дывізіі пры ліквідацыі нікопальскай групоўкі суперніка, за што 19 сакавіка атрымаў званьне Героя Савецкага Саюзу. З сакавіка 1944 — камандзір 29-га стралковага корпусу, на гэтай пасадзе браў удзел у Адэскай наступальнай апэрацыі. 19 сакавіка 1944 Сяргей Бабрук атрымаў чарговы чын генэрал-маёр. З траўня — камандзір 31-га гвардзейскага стралковага корпусу ў складзе 46-й, пасьля 4-й гвардзейскай арміяў 3-га Ўкраінскага фронту. На гэтай пасадзе Сяргей Бабрук праявіў сябе ініцыятыўным камандзірам падчас арганізацыі й вядзеньні баявых дзеяньняў часткамі корпусу ў Яска-Кішынёўскай, Дэбрэцэнскай, Будапэшцкай наступальных, Балатонскай абарончай, Венскай наступальной апэрацыях. Корпус браў удзел у вызваленьні местаў Кагул, Галац, Браілаў, Рущук, Пакш, Сэкешфэхервар, Будапэшт, Капувар, Шопран, Вена. За ўзорнае выкананьне заданьняў камандаваньня ў баёх з супернікам пры авалоданьні местам Вена 31-ы гвардзейскі стралковы корпус был узнагароджаны ордэном Суворава 2-й ступені.
Па вайне Сяргей Бабрук навучаўся на Вышэйшых акадэмічных курсах пры Вышэйшай ваеннай акадэміі імя Варашылава, па сканчэньні з красавіка 1947 року камандаваў 13-й гвардзейскай мэханізаванай дывізіяй у Цэнтральнай групе войскаў. З кастрычніка 1953 — даводца 27-га гвардзейскага стралковага корпусу ў Кіеўскай ваеннай акрузе, а з чэрвеня 1955 — камандуючы 4-й арміяй у Закаўкаскай ваеннай акрузе. 8 жніўня 1955 Сяргею Бабруку нададзены чарговы чын генэрал-лейтэнант. Са сьнежня 1957 — старэйшы ваенны дараднік групы ваенных адмыслоўцаў Цьзінаньскай ваеннай акругі Народна-вызваленчай арміі Кітаю. З сакавіка 1959 у адстаўцы.
Жыў і працаваў у Віньніцы. Сканаў 18 сакавіка 1962 року.
Узнагароды
рэдагаваць- Два ордэны Леніна
- Тры ордэны Чырвонага Сьцягу
- Ордэн Суворава I ступені
- Ордэн Суворава II ступені
- Ордэн Кутузава II ступені
- Ордэн Айчыннай вайны I ступені
Памяць
рэдагавацьІмем Сяргея Бабрука названая вуліца ў месьце Пружаны; на алеі «Іх імёнамі названыя вуліцы гораду» ў Пружанах усталяваная мэмарыяльная дошка[2].
Крыніцы і заўвагі
рэдагаваць- ^ Энциклопедия Победы: Беларусь — Москва / Докучаев А.И., Долготович Б.Д. и др.. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2010. — С. 505.
- ^ БОБРУК Сергей Антонович (рас.) Will-remember.ru Праверана 17 чэрвеня 2012 г.
Літаратура
рэдагаваць- Коллектив авторов. Великая Отечественная: Комкоры. Военный биографический словарь / Под общей редакцией М. Г. Вожакина. — М.; Жуковский: Кучково поле, 2006. — Т. 1. — С. 85—86. — ISBN 5-901679-08-3
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Героі краіны (рас.)
- Праект «LiveInternet.ru» (рас.)