Сьвянцянскі прарыў

Сьвянця́нскі прары́ў (9 верасьня — 19 верасьня 1915) — няўдалая спроба наступальнай апэрацыі войскаў дзясятай арміі імпэрскай Нямецкай арміі супраць расейскай імпэратарскай дзясятай арміі генэрала Яўгена Радкевіча ў раёне Сьвянцянаў на Усходнім фронце Першай сусьветнай вайны.

Сьвянцянскі прарыў
Дата: 9 верасьня — 19 верасьня 1915
Месца: Сьвянцяны
Вынік: зрыў спробы глыбокага прарыву нямецкай арміі
Мапа Віленскай апэрацыі

Гісторыя

рэдагаваць

Пасьля захопу расейкай крэпасьці ў Коўне, падчас Віленскай апэрацыі нямецкая армія была спыненая, але на поўнач ад Вільні паміж пятай і дзесятай расейскімі арміямі стварыўся разрыў.

Камандуючы дзясятай нямецкай арміяй генэрал-палкоўнік Гэрман фон Айхгорн распачаў спробу глыбокім ахопам абыйсьці Вільню з поўначы і акружыць армію Радкевіча.

8 верасьня чатыры нямецкія кавалерыйскія дывізіі генэрала Гарнье пры падтрымцы дзьвюх пяхотных дывізій уклініліся ў стык паміж 10-й і 5-й арміямі. Спачатку нямецкая ўдарная групоўка мела посьпех, 1 (14) верасьня яны занялі Вялейку і падышлі да Смаргоні, Маладэчна, у ходзе рэйду тылавыя структуры расейскай арміі зьнішчаліся, чыгуначныя збудаваньні разбураліся. Нямецкія кавалерысты дайшлі да Менску і нават перарэзалі дарогу МенскСмаленск.

Аднак, падчас бітвы, якая ўспыхнула, завязаліся суворыя сустрэчныя баі, у якіх расейскія войскі здолелі ўтрымаць свае пазыцыі. 15—16 верасьня расейскія войскі нанесьлі контрудар па нямецкай коньніцы і адкінулі яе да возера Нарач.

Да 19 верасьня (2 кастрычніка) Сьвянцянскі прарыў быў ліквідаваны, і фронт стабілізаваўся на лініі возера Дрысьвяты — возера НарачСмаргоньБаранавічыПінскДубнаТарнопаль. Абодва бакі перайшлі да пазыцыйнай абароны.

Сьвянцянскі прарыў меў вялікае значэньне для нямецкай арміі на Ўсходнім фронце. Перш за ўсё расейскае войска страціла апошнюю рокадную чыгуначную магістраль, якая знаходзілася ў яе руках пасьля сыходу Польшчы, чыгункі, якая ішла ад Дзьвінску праз Вільню. У кампаніі 1916 году гэты фактар ​​не дазволіў Стаўцы Вярхоўнага Галоўнакамандуючага перакідваць рэзэрвы з франтоў, разьмешчаных на поўнач ад Палесься, на Паўднёва-Заходні фронт, які вёў наступ у Луцкім прарыве. Нямецкае камандаваньне змагло ажыцьцяўляць перагрупоўку значна раней расейскага, што дазволіла аўстра-нямецкім войскам арганізавана адбіваць расейскія ўдары, маючы меншыя па колькасьці ��ілы.

Зь іншага боку, Гіндэнбург і Людэндорф не дасягнулі сваёй галоўнай мэты ў ходзе стратэгічнага наступленьня 1915 году — зьнішчэньне расейскіх армій у «катлах». Маючы колькасную перавагу, значную розьніцу ў якаснай падрыхтоўцы рэзэрваў і, нарэшце, зусім непараўнальную перавагу ў боепрыпасах, немцы не змаглі стварыць аніводнага «катла». Апошні шанец для немцаў — прарыў на Вільню — Сьвянцяны магутным ударам у стыку паміж расейскімі франтамі — таксама не ўвянчаўся посьпехам. Кайзэраўская армія спазьнілася з пачаткам Сьвянцянскай апэрацыі як мінімум на месяц, таму што ў ліпені—жніўні 1915 году галоўныя сілы армій Паўночна-Заходняга фронту ўжо пасьпелі выйсьці з акружэньня ў Польшчы, а немцы да восені страцілі ініцыятыву.

Літаратура

рэдагаваць
  • Зайончковский А.М. Пер��ая мировая война — СПб.: Полигон, 2000. — 878 с. — ISBN 5-89173-082-0.
  • История Первой мировой войны 1914—1918 гг. / под редакцией И. И. Ростунова — в 2-х томах. — М.: Наука, 1975. — 25 500 экз.