Ровар
Ро́вар (вэлясыпэ́д[1]) — наземны транспартны сродак без рухавіка.
Падкляса ад | нагаход, двухколавік, спартовы інвэнтар |
---|---|
Матэрыял | мэтал, вуглепалімэр, шклоплястык |
Прычына | падарожжа |
Першаадкрывальнік | Карл Дрэз, Кіркпатрык Макмілак |
Дата адкрыцьця | 1885 |
Фізычна ўзаемадзейнічае з | дарога |
Прызначаны дзеля перавозкі | роварнік |
Хэшцэтлік | Fahrrad, ровар, rower, koło |
Гісторыя тэмы | гісторыя ровара |
Крыніца энэргіі | энэргія чалавека |
Выкарыстоўваецца | роварнік, кур’ер, парамэдык, вэлякур'ер |
Выкарыстоўвае | pedal crank drive, роварная інфраструктура |
Зьвязаная катэгорыя | Катэгорыя:Песьні пра ровары |
Сайт Stack Exchange | https://bicycles.stackexchange.com/ |
Код MCN | 8712.00.10 |
Сымбаль Юнікоду | 🚲 |
Катэгорыя для відаў элемэнту | Катэгорыя:Віды на ровары |
Каб рухацца на ровары, чалавек сядае на яго і цісьне на понажы, якія праз ланцуг круцяць колы. Звычайна ровар мае два колы, якія зьмешчаны адно за другім, але бываюць і трох-, чатырох- і аднаколавыя ровары. Ровар ужываецца для перасоўваньня, а таксама для актыўнага адпачынку і спорту. Цяпер[Калі?] у сьвеце выкарыстоўваецца больш за мільярд ровараў; такім чынам, ровар — найпапулярнейшы транспартны сродак. Ён стаў такім дзякуючы невысокім коштам вырабленьня і эксплюатацыі, лёгкасьці, малым памерам, адсутнасьці патрэбы ў паліве. Перасоўваньне на ровары больш эканамічнае ў параўнаньні зь іншымі транспартнымі сродкамі і экалягічна чыстае.
У 2005 годзе паводле вынікаў апытаньня грамадзкага меркаваньня ў Вялікабрытаніі ровар быў прызнаны найвялікшым тэхнічным вынаходніцтвам з 1800 году. За ровар прагаласавала больш апытаных, чым за ўсе астатнія вынаходніцтвы, разам узятыя[2]. На 2014 год раварыстамі было 37 % насельніцтва Кітаю[3].
Назва
рэдагавацьСлова вэлясыпэд паходзіць ад францускага velocipede, якое ўтворана з лацінскіх: velox (velocis) = хуткі і pes (pedis) = нага, ступня. У беларускай (і польскай) мове ровар паходзіць ад назвы брытанскай фірмы «Rover», якая вырабляла ровары. У іншых мовах назвы ровара часта ўтвораныя ад словаў два і кола, круг.
Гісторыя ў Беларусі
рэдагавацьРовар на Беларусі зьявіўся ў Віцебску ў 70-я годы XIX стагодзьдзя. У канцы 1890 году ў Віцебску было 12 ровараў, а ў 1894 годзе ўжо налічвалася 70 вэлясыпэдыстаў, аб’яднаных у аддзяленьне Расейскага таварыства вэлясыпэдыстаў-турыстаў. Першай спартовай арганізацыяй у Беларусі было Менскае таварыства аматараў спорту, заснаванае ў 1892 годзе пад кіраўніцтвам губэрнатара Мікалая Трубяцкога. У гэтую арганізацыю ўваходзілі шляхцічы, багатыя прамыслоўцы, высокія чыноўнікі, прадстаўнікі інтэлігенцыі.
З разьвіцьцём саматужнай вытворчасьці ў 90-я гады ровар становіцца ня толькі ўцехай для багатых, але і транспартным сродкам для сярэдняй клясы. Дзеля папулярызацыі ровару аддзяленьне Расейскага таварыства вэлясыпэдыстаў-турыстаў ладзіла дальнія падарожжы. Група вэлясыпэдыстаў у 1894 годзе ажыцьцявіла прабег па маршрутах: Берасьце — Кобрын — Верхалесьсе — Велікарыта — Берасьце (даўжынёю 136 вёрстаў ці 145 кілямэтраў) і Берасьце — Старая Жабінка — Камянец — Літоўск — Чарноўцы — Берасьце (даўжынёю 132 вёрсты ці 141 кілямэтар). Захаваныя апісаньні маршрутаў сьведчаць аб вялікім коле пытаньняў, на якія спрабавалі знайсьці адказ турысты-вэлясыпэдысты пад час ван��ровак.
У 1896 годзе 6 віцебскіх вэлясыпэдыстаў пад кіраўніцтвам Пржэсецкага паехалі ў Ніжні Ноўгарад на мастацка-прамысловую выставу шляхам больш за 2000 вёрстаў, пакінуўшы апісаньне маршрута пад назвай «Летапіс». У 1898 годзе на Беларусі адбыліся першыя спаборніцтвы на роварах.
Першы вядомы таленавіты гоншчык, па прафэсіі распаўсюднік Лібава-Роменскай чыгункі, Міхась Дзевачка перамог у 50-вёрстнай гонцы пад Масквой у 1883 годзе, апасьля 12 гадоў (1895) ён стаў чэмпіёнам міжнароднай гонцы Пецярбург — Масква ў спаборніцтве з мацнейшымі вэлясыпэдыстамі Францыі, Нямеччыны ды Галяндыі. Часопіс «Да спорту» пісаў: «Пераможца спаборніцтва Дзевачка на працягу двух начэй не заплюшчыў вачэй, нястомна пэдалюючы, і прадэманстраваў тым самым прыклад чалавечай вытрымаласьці. Знакаміты Ф. Гергэр, пераможца шматлікіх дарожных гонак, у тым ліку інтэрнацыянальнага прабегу Бардо — Парыж, нягледзячы на свой вялікі досьвед, падрыхтоўку і лепшыя ўмовы, у якіх яму давялося ехаць, саступіў нашаму суайчынніку, паказаўшаму, якія здольнасьці, фізычная і маральная вытрымка хаваюцца ў расейскім спартоўцы».
У Менску ў губэрнатарскім садзе быў збудаваны земляны трэк і арганізаваны пракат равароў. Пункты пракату былі таксама ў Магілёве і Віцебску (кошт карыстаньня роварам за адну гадзіну складаў ад 25 да 60 капеек).
З-за падзелу Беларусі на 2 часткі да 1939 году менчукі, магілёўцы, віцябляне і гамельчукі выступалі ў чэмпіянаце СССР, а прадстаўнікі Горадні, Берасьця ды Пінску — у першынстве Польшчы. Першы чэмпіянат Беларускай ССР быў праведзены ў 1926 годзе. З 1930-х гадоў у Беларусі рэгулярна ладзіліся шматдзённыя гонкі па маршрутах, праходзячых па ўсей тэрыторыі Беларусі. Беларус Барыс Бальшакаў не аднойчы быў першым на саюзных вэлягонках. У 1937 годзе спадар Бальшакаў становіцца пераможцам усесаюзнага вэлятуру. На заходнім спартовым фронце было ня менш дасягненьняў. Першую ў сьвеце аматарскую многадзёнку «Тур Палёнія» ў 1928 годзе выйграў выхаванец берасьцейскай вэлясыпэднай школы Фелікс Венцэк.
6 лістапада 1945 году заснавалі «Менскі роварны завод». У савецкія часы вэлясыпэдны спорт на Беларусі зьяўляўся адным з самых папулярных (побач з футболам і хакеем) відаў спорту, а беларускія спартоўцы заваявалі на чэмпіянатах СССР ажно 36 залатых мэдалёў. На найпрэстыжнейшых у тыя часы Спартакіядах народаў СССР беларускія вэлясыпэдысты 6 разоў станавіліся пераможцамі і 14 разоў прызэрамі гэтых спаборніцтваў. Вялікая папулярнасьць і высокі ўзровень вэлясыпэднага спорту далі плён — 3 Алімпійскія мэдалі: у 1976 годзе ў Манрэалі чэмпіёнам стаў Уладзімер Камінскі, а ў 1980 годзе ў Маскве Алег Логвін і Валер Маўчан.
За 2013 год у Беларусі прадалі каля 100 000 ровараў, зь іх 40 % у Менску. Каля 50 % ровараў набылі мужчыны, 1/3 — жанчыны, а 20 % продажаў прыпала на дзіцячыя ровары. На 2014 год налічвалася 1,5 млн уладальнікаў ровараў, якія складалі 16 % насельніцтва Беларусі. Пры гэтым раварыстамі былі 20 % жыхароў Менску. Горныя ровары складалі 70 % вэляпарку Беларусі, а дарожныя — 20 %[3].
Канструкцыя
рэдагавацьРовар звычайна складаецца з рамы, да якой прымацаваныя два колы, стырно, сядло і понажы. Ланцуговая перадача забясьпечвае рух ровара: раварыст круціць понажы (пэдалі на шатунах), якія зьмешчаны на вядучых зорачках, далей праз ланцуг рух перадаецца на вядзёныя зорачкі і на кола. Ровар мае тармазы: нажны ці ручныя. Дадаткова на ровары могуць быць устаноўленыя: багажнік, званочак, катафоты (наперадзе — белы, ззаду — чырвоны, з бакоў — аранжавыя) і/ці ліхтары (наперадзе — белы, ззаду — чырвоны), лапку і кампутар (лічыльнік хуткасьці і адлегласьці).
Карысьць ровару
рэдагавацьЯк заўважае прафэсар Дай Юн-ці, ровар зьяўляецца прасьцейшым сродкам перамяшчэньня з аднаго месца ў іншае, калі ня ўлічваць хады. «У сучасным грамадзтве язда на ровары ня проста адлюстроўвае пэўную зьмену стыля жыцьця, яна азначае свайго роду сацыяльны пераварот», — паведамляе ён. Чалавек, які асядлаў ровар, бліжэй сутыкаецца са сваім атачэньнем і больш ведае пра надвор’е і стан вонкавага асяродзьдзя, і пагэтаму крокі папулярызацыі ровара — гэта падтрымка грамадзянскага духу, яны падобныя грамадзкаму руху, лічыць ён[4].
Эўразьвяз
рэдагавацьУ 2012 годзе ў 26 з 28 краінаў Эўразьвязу, акрамя Бэльгіі і Люксэмбургу, продажы ровараў перавысілі продажы аўтамабіляў[5]. На 2014 год у Нідэрляндах налічвалася 99 ровараў на 100 жыхароў. Таксама раварысты складалі 80 % насельніцтва Даніі, 76 % — у Нямеччыне і 64 % — у Швэцыі[3].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Слоўнік беларускай мовы (клясычны правапіс). Наша Ніва, 2001
- ^ Велосипед положил Интернет на лопатки // MIGnews. Реактивные новости. (рас.)
- ^ а б в Надзея Нікалаева. Веласіпед — не альтэрнатыва аўтамабілю, а «здаровае дапаўненьне» // Зьвязда. — 13 траўня 2014. — № 86 (27696). — С. 2.
- ^ Велосипедизм на Тайване. «Тайваньская панорама» 2010 № 3, стр. 8(недаступная спасылка)
- ^ У Эўропе продажы вэлясыпэдаў перавысілі продажы аўтамабіляў // Зьвязда : газэта. — 5 сьнежня 2013. — № 229 (27594). — С. 1. — ISSN 1990-763x.
Глядзіце таксама
рэдагавацьВонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Шматмоўныя слоўнікі роварнай тэрміналёгіі на bemi.free.fr і www.nakole.cz