Польскі народны банк

галоўны банк Польшчы, заснаваны ў 1945 годзе

Польскі народны банк[5] — галоўны банк Польшчы, заснаваны ў лютым 1945 году ў Любліне.

Польскі народны банк
польск. Narodowy Bank Polski

Эмблема
Абрэвіятура ПНБ
Папярэднік Польскі банк
Дата ўтварэньня 2 лютага 1945 (79 гадоў таму)
Тып банк
Юрыдычны статус дзяржаўная ўстанова
Мэта падтрыманьне цэнавой устойлівасьці
Штаб-кватэра акруга Сяродмесьце, мікрараён Паўночнае Сяродмесьце, Сьвятакрыжовая вул., д. 11/21[1]
Месцазнаходжаньне Варшава
Каардынаты 52°14′8″ пн. ш. 21°0′54″ у. д. / 52.23556° пн. ш. 21.015° у. д. / 52.23556; 21.015Каардынаты: 52°14′8″ пн. ш. 21°0′54″ у. д. / 52.23556° пн. ш. 21.015° у. д. / 52.23556; 21.015
Дзейнічае ў рэгіёнах Польшча
Сяброўства Банк міжнародных разьлікаў (Швайцарыя), Міжнародны валютны фонд (ЗША), Сусьветны банк (ЗША)[2]
Афіцыйныя мовы польская
Старшыня Адам Гляпінскі
1-я намесьніца Марта Кайтлі
Намесьнік Адам Ліпінскі
Сябры Ўправы Марта Гаенцкая, Анджэй Казьмерчак, Пётар Паганоўскі, Павал Шаламаха[3]
Асноўныя асобы Ірэнеюш Дамброўскі, Веслаў Янчык, Цэзары Кахальскі, Людвік Катэцкі, Пшамыслаў Літвінюк, Рафал Сура, Генрык Унароўскі[4]
Кіроўны орган Управа
Матчына кампанія Сойм Польшчы
Бюджэт 10,612 млрд злотых (2020 год; 2,823 млрд $)
Колькасьць супрацоўнікаў 3355 (2021 год)
Сайт nbp.pl

Ад канца 1945 году галаўная сядзіба месьцілася ў Варшаве. Паводле 227-га артыкула Канстытуцыі Польшчы 1997 году, Сойм Польшчы прызначаў старшыню ПНБ на прапанову прэзыдэнта Польшчы[6]. Згодна зь 9-м артыкулам Закону «Аб Польскім народным банку» 1997 году, адна і тая самая асоба магла займаць пасаду старшыні ПНБ да 2-х тэрмінаў запар. У артыкуле 22а прадугледжвалася, што старшыня ПНБ меў быць сябрам Камітэту фінансавай стабільнасьці Польшчы. Поводле 51-га артыкула Закону, ПНБ вёў рахункі: камэрцыйных банкаў і бюджэту дзяржавы, Банкаўскага гарантыйнага фонду Польшчы, Усеагульнай каапэратыўнай ашчадна-кр��дытнай касы і Камісіі фінансавага нагляду Польшчы. Згодна з 61-м артыкулам статутны фонд ПНБ складаў 1,5 млрд злотых. У 62-м артыкуле згадвалася, што запасны фонд складаўся з адлічэньня 5 % гадавога прыбытку цягам 14 дзён пасьля зацьверджаньня фінансавай справаздачы ПНБ. Такія адлічэньні мелі працягвацца да дасягненьня запасным фондам памеру статутнага фонду. Сродкі запаснога фонду мелі выкарыстоўваць толькі для пакрыцьця стратаў ПНБ[7].

Задачы і паўнамоцтвы

рэдагаваць

Паводле 3-га артыкула Закону «Аб Польскім народным банку» 1997 году, у задачы ПНБ уваходзіла:

  • ладжаньне грашовых разьлікаў;
  • распараджэньне валютным запасам;
  • правядзеньне валютнай дзейнасьці;
  • банкаўская абслуга дзяржаўнага бюджэту;
  • рэгуляваньне плыннасьці банкаў і іх рэфінансаваньне;
  • спрыяньне ўмовам разьвіцьця банкаўскай справы;
  • складаньне банкаўскай і грашовай статыстыкі, а таксама статыстыкі аплатнага балянсу і міжнароднага інвэстыцыйнага стану[7].

Паводле 227-га артыкула Канстытуцыі Польшчы 1997 году, Польскі народны банк меў выключнае права на выпуск грошай і ажыцьцяўленьне грашовай палітыкі. Таксама ПНБ адказваў за вартасьць польскага злотага[6].

Кіраваньне

рэдагаваць
 
Від на галаўную сядзібу ПНБ у Варшаве з плошчы Паўстанцаў (2020 год)
  • Рада грашовай палітыкі. Складалася са старшыні ПНБ і 9 фінансістаў, прызначаных на 6 гадоў пароўну (па 3 сябры) прэзыдэнтам, Соймам і Сэнатам Польшчы. Штогод акрэсьлівала і прадстаўляла свае задачы ў Сойме адначасна з падачай праекту бюджэту Радай міністраў Польшчы. Цягам 5 месяцаў пасьля сканчэньня бюджэтнага году падавала ў Сойм справаздачы пра дасягненьне задачаў[6]. Склікалася прынамсі аднойчы на месяц. Ухваляла пастановы большасьцю галасоў у прысутнасьці прынамсі 5 сябраў, у тым ліку старшыні. Усталёўвала ўзровень адсоткавых ставак ПНБ, а таксама стаўкі абавязковых запасаў камэрцыйных банкаў і пазыковых саюзаў ды ўзровень іх адсоткаў. Акрэсьлівала верхнюю мяжу ўзятых ПНБ у замежных банках пазыкаў. Зацьвярджала фінансавы плян і справаздачу пра дзейнасьць ПНБ, а таксама гадавую фінансавую справаздачу. Вызначала спосабы дзейнасьці на адкрытым рынку.
  • Управа. Складалася са старшыні і 6—8 сябраў, у тым ліку 2-х намесьнікаў. Ухваляла пастановы абсалютнай большасьцю галасоў. Прэзыдэнт Польшчы прызначаў на 6 гадоў і звальняў сябраў Управы на прапанову старшыні ПНБ. Управа выконвала пастановы Рады грашовай палітыкі, у тым ліку ў галіне абменнага курсу злотага. Наглядала за грашовым абарачэньнем на адкрытым рынку і ацэньвала наяўныя разьлікі і валютны абмен. Разглядала ўстойлівасьць камэрцыных банкаў Польшчы і вызначала памер камісійных збораў ПНБ. Акрэсьлівала правілы гаспадараньня і разьмеркаваньня задачаў, найму і аплаты працы ў ПНБ[7].

На 2022 году Польскі народны банк налічваў:

 
Аддзяленьне ПНБ у Беластоку (2020 год)

На 31 сьнежня 2020 году сродкі і пасівы Польскага народнага банку былі роўныя 694,313 млрд злотых (184,736 млрд даляраў ЗША). Сродкі пераважна ўлучалі: 1) дэбіторскую запазычанасьць іншаземцаў у замежнай валюце — 76 % (527,465 млрд злотых), 2) аблігацыі польскіх асобаў у злотых — 16 % (112,563 млрд злотых), 3) золата і дэбіторскую запазычанасьць у золаце — 7 % (52,252 млрд злотых). Сярод дэбіторскай запазычанасьці іншаземцаў у замежнай валюце найбольшую долю складалі: а) аблігацыі — 60 % ад сродкаў (417,564 млрд злотых), 2) зваротныя ўклады перавыкупу — 6 % (43,215 млрд злотых), 3) бягучыя рахункі — 4 % (31,124 млрд злотых), 4) тэрміновыя ўклады — 3,8 % (26,407 млрд злотых). Золатавалютны запас складаў 78 % сродкаў (545,8 млрд злотых), зь якіх 517,5 млрд злотых (74 % сродкаў) прыпадала на замежныя валюты, якіх было 6: даляр ЗША (51 %), эўра (20 %), фунт стэрлінгаў (12 %), аўстралійскі даляр (8 %), нарвэская крона (6 %) і новазэляндзкі даляр (3 %). Пасівамі ў асноўным былі: 1) польскія злотыя ў абарачэньні — 46 % (321,8 млрд злотых), 2) аблігацыі ў злотых — 18 % (127,767 млрд злотых), 3) абавязкі перад камэрцыйнымі банкамі Польшчы ў злотых — 9 % (62,629 млрд злотых), 4) абавязкі перад польскімі асобамі ў замежнай валюце — 6,6 % (46,262 млрд злотых), 5) абавязкі перад іншаземцамі ў замежнай валюце — 6,5 % (45,352 млрд злотых). Пры гэтым, капітал і запасы складалі 1,7 % ад абавязкаў (11,742 млрд злотых)[10].

Мінуўшчына

рэдагаваць
 
Аддзяленьне ПНБ у Кракаве (2018 год)

15 студзеня 1945 году ў Любліне Краёвая народная рада Польшчы ўхваліла Дэкрэт аб заснаваньні Польскага народнага банку (ПНБ). Па абвяшчэньні 2 лютага 1945 году Дэкрэт набыў моц. Паводле 1-га артыкула Дэкрэту, ПНБ надалі права выпускаць банкноты і рэгуляваць пазычаньне. Згодна з 14-м артыкулам абсяг выпуску грошай мела вызначаць Рада міністраў Польшчы на прапанову міністра скарбу Польшчы. У 19-м артыкуле прадугледжвалася, што банкаўскія білеты ў абарачэньні і безадкладныя абавязкі падлягалі поўнаму пакрыцьцю за кошт замежнай валюты ў ПНБ і валютных пазыкаў да 6 месяцаў, а таксама золата ў манэтах і зьлітках у яго распараджэньні. У лютым 1945 году ПНБ пераняў сродкі і маёмасьць АТ «Польскі банк» і Эмісійнага банку, а таксама валюту, зьліткі і замежныя каштоўныя паперы нямецкіх банкаў. У 1946 годзе ПНБ даручылі пазычаць вугальным руднікам, мэталюргічным і тэкстыльным прадпрыемствам. 21 жніўня 1947 году Рада міністраў Польшчы ўхваліла Пастанову аб Дзяржаўным фінансавым пляне, паводле якога ПНБ стаў пазычаць наўпрост дзяржаўным прадпрыемствам. У кастрычніку 1948 году ўхвалілі Дэкрэт аб банкаўскай рэформе, паводле якіх закрылі камэрцыйныя банкі, у выніку чаго ПНБ пашырыў сваю дзейнасьць замест іх. ПНБ таксама стаў наглядаць за фінансавай справаздачнасьцю прадпрыемстваў. У сакавіку 1951 году ўхвалілі Закон, паводле якога ПНБ пачаў пазычаць мясцовым каапэратыўным банкам і новаўтвораным дзяржаўным камэрцыйным банкам. 2 сьнежня 1958 году ўхвалілі Закон аб Польскім народным банку, паводле якога ПНБ стаў праводзіць грашова-крэдытную палітыку паводле ўказаньняў Міністэрства фінансаў Польшчы. 10 лістапада 1959 году Рада міністраў Польшчы зацьвердзіў Статут ПНБ, паводле якога ПНБ стаў ладзіць валютны гандаль і складаць аплатны балянс Польшчы. Паводле Статуту, Рада міністраў Польшчы прызначала старшыню ПНБ на прапанову міністра фінансаў. Таксама міністар фінансаў Польшчы хадайнічаў аб прызначэньні сябраў Управы ПНБ, у тым ліку намесьнікаў старшыні па ўзгадненьні са старшынём ПНБ[11].

13 красавіка 1960 году ўхвалілі Закон «Аб банках». У выніку 1 кастрычніка 1963 году ПНБ перадаў перадаў «Гандлёваму банку ў Варшаве» разьлік міжнародных плацяжоў у канвэрсаваных валютах, а 1 студзеня 1964 году — адпаведныя разьліковыя рахункі. 1 лістапада 1966 году «Гандлёваму банку ў Варшаве» перадалі вядзеньне рахункаў замежнагандлёвых прадпрыемстваў. 23 кастрычніка 1969 году Рада міністраў Польшчы ўхваліла Распараджэньне аб закрыцьці «Інвэстыцыйнага банку Польшчы». У выніку, паводле Пастановы міністра фінансаў ад 27 лістапада 1969 году, ПНБ даручылі пазычаньне гандлёвым і прамысловым прадпрыемствам на ўкладаньне, а таксама фінансаваньне бюджэтных установаў і грамадзкіх аб'яднаньняў. У выніку за 1970—1981 гады лік ваяводзкіх аддзяленьняў ПНБ вырас зь 17 да 49, а апэрацыйных —скараціўся з 431-го да 288. У 1950—1980-я гады на ПНБ прыпадала звыш 60 % пазычаньня ў Польскай Народнай Рэспубліцы. У 1982 годзе ўхвалілі папраўкі ў Закон «Аб банках» і Статут ПНБ, паводле якіх выключылі ўмову забесьпячэньня золатам вартасьці злотага. Пры гэтым, усталявалі абменны курс у 68 злотых за савецкі рубель і ў 80 злотых за даляр ЗША. У 1987 годзе са складу ПНБ вылучылі «Ўсеагульную касу ашчаднасьці». 31 студзеня 1989 году ўхвалілі новы Закон «Аб банках», паводле якога дазволілі засноўваць камэрцыйныя банкі ў выглядзе акцыйных таварыстваў з дазволу старшыні ПНБ пры згодзе міністра фінансаў. 1 лютага 1989 году пачалі дзейнасьць 9 новаўтвораных банкаў, якім ПНБ перадаў 430 сваіх аддзяленьняў для прыёму ўкладаў і выдачы камэрцыйных пазыкаў. За 1989—1992 гады дазволілі заснаваць 72 банкі з польскім капіталам і 9 замежных банкаў. У 1992 годзе ўсталявалі 6-гадовы тэрмін паўнамоцтваў старшыні ПНБ, якога меў прызначаць Сойм Польшчы на прапанову прэзыдэнта Польшчы. Таксама ў 1992 годзе ПНБ перастаў загадам усталёўваць адсоткавыя стаўкі па пазыках у камэрцыйных банках. 31 кастрычніка 1994 году ПНБ скараціў узровень абавязковых запасаў банкаў з 23-х да 20 % ад сродкаў, якія дазволіў выкарыстоўваць для грашовых разьлікаў[11].

 
Лешак Бальцаровіч — 14-ы старшыня Польскага народнага банку

У 1995 годзе правялі дэнамінацыю злотага 10 000 старых да 1-го новага. У 1997 годзе зацьвердзілі Канстытуцыю Польшчы, паводле якой у складзе ПНБ стварылі Раду грашовай палітыкі, якая цягам 5 месяцаў пасьля кожнага бюджэтнага году складала справаздачу перад Соймам Польшчы. Паводле Закону «Аб Польскім народным банку» 1997 году, яго статутнай мэтай стала падтрыманьне цэнавой устойлівасьці. Таксама ПНБ забаранілі пазычаць ураду Польшчы. 1 студзеня 1998 году замест старшыні ПНБ фінансавы нагляд стала ажыцьцяўляць Камісія банкаўскага нагляду на чале са старшынём ПНБ. У склад Камісіі ўвайшлі міністар фінансаў, прадстаўнік прэзыдэнта Польшчы, старшыня Банкаўскага гарантыйнага фонду Польшчы, старшыня Камісіі каштоўных папераў Польшчы і галоўны інспэктар банкаўскага нагляду. 1 студзеня 2008 году банкаўскі нагляд перадалі Камісіі фінансавага нагляду Польшчы, у склад якой увайшоў старшыня ПНБ[11].

Старшыні

рэдагаваць
 
Эдвард Дрожняк — 1-ы і 3-і старшыня Польскага народнага банку
  1. Эдвард Дрожняк (1 лютага 1945 — 17 сакавіка 1949)
  2. Вітольд Трампчынскі (27 верасьня 1950 — 18 сьнежня 1956)
  3. Эдвард Дрожняк (28 сьнежня 1956 — 3 чэрвеня 1961)
  4. Адам Жаброўскі (3 чэрвеня 1961 — 20 студзеня 1965)
  5. Станіслаў Маеўскі (20 студзеня 1965 — 17 верасьня 1968)
  6. Леанард Семянткоўскі (17 верасьня 1968 — 29 сьнежня 1972)
  7. Вітольд Бень (2 красавіка 1973 — 31 сьнежня 1980)
  8. Станіслаў Маеўскі (1 студзеня 1981 — 29 ліпеня 1985)
  9. Уладзіслаў Бака (13 лістапада 1985 — 13 ліпеня 1988)
  10. Зьдзіслаў Пакула (13 ліпеня 1988 — 11 верасьня 1989)
  11. Уладзіслаў Бака (12 верасьня 1989 — 24 студзеня 1991)
  12. Гжэгаж Вуйтавіч (25 студзеня — 31 жніўня 1991)
  13. Ганна Гранкевіч-Вальц (5 сакавіка 1992 — 31 сьнежня 2000)
  14. Лешак Бальцаровіч (10 студзеня 2001 — 10 студзеня 2007)
  15. Славамір Скшыпэк (10 студзеня 2007 — 10 красавіка 2010)
  16. Марэк Бэлька (11 чэрвеня 2010 — 11 чэрвеня 2016)[11]
  17. Адам Гляпінскі (ад 21 чэрвеня 2016 году)
  1. ^ Сувязныя зьвесткі (пол.) // Польскі народны банк, 2022 г. Праверана 30 траўня 2022 г.
  2. ^ Супраца зь міжнароднымі фінансавымі ўстановамі (пол.) // Польскі народны банк, 2022 г. Праверана 30 траўня 2022 г.
  3. ^ Управа (пол.) // Польскі народны банк, 2022 г. Праверана 30 траўня 2022 г.
  4. ^ Рада грашовай палітыкі (пол.) // Польскі народны банк, 2022 г. Праверана 30 траўня 2022 г.
  5. ^ Цэнтрабанк Польшчы вылучыў Нацбанку Ўкраіны тэрміновую дапамогу $1 млрд // Прэс-цэнтар «Хартыі'97», 24 лютага 2022 г. Праверана 30 траўня 2022 г.
  6. ^ а б в Канстытуцыя Польскай Рэспублікі (Разьдзел 10) (пол.) // Вікікрыніцы, 4 жніўня 2015 г. Праверана 30 траўня 2022 г.
  7. ^ а б в Эльжбэта Вітэк. Закон ад 29 жніўня 1997 г. «Аб Польскім народным банку» (пол.) // Польскі народны банк, 1 сакавіка 2022 г. Праверана 31 траўня 2022 г.
  8. ^ Аддзелы (пол.) // Польскі народны банк, 1 сакавіка 2022 г. Праверана 30 траўня 2022 г.
  9. ^ Акруговыя аддзяленьні (пол.) // Польскі народны банк, 1 сакавіка 2022 г. Праверана 30 траўня 2022 г.
  10. ^ Адам Гляпінскі. Справаздача за 2020 год (пол.) // Польскі народны банк, 2021 г. Праверана 30 траўня 2022 г.
  11. ^ а б в г Цэцылія Ляшчынская. Польскі народны банк // Нарыс гісторыі польскай галоўнай банкаўскай справы = Zarys historii polskiej bankowości centralnej / рэд. Павал Вычанскі. — Варшава: Польскі народны банк, 2010. — С. 38—75. — 85 с. — ISBN 978-83-901094-5-9

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць