Міхал Львовіч Глінскі

(пам. 1534) маршалак надворны літоўскі
(Перанакіравана з «Міхаіл Львовіч Глінскі»)
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Глінскі.

Мі́хал Льво́віч Глі́нскі (мянушка «Мажны»; к. 1470 — 24 верасьня 1534) — дзяржаўны і вайсковы дзяяч Вялікага Княства Літоўскага і Маскоўскай дзяржавы. Намесьнік уцянскі (1498), мерацкі (1501—1505) і бельскі (1505—1506)[2], маршалак дворны літоўскі (1500—1506), кіраўнік Віленскай мынцы (з 1501). На чале літоўскага войска здабыў перамогу ў Клецкай бітве 1506 году. У 1508 годзе ўзьняў мяцеж супраць новага вялікага князя Жыгімонта Старога.

Міхал Глінскі
Міхал і Алена Глінскія
Міхал і Алена Глінскія

Герб «Глінскі»
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 1470
Памёр 15 верасьня 1534(1534-09-15)[1]
Род Глінскія
Бацькі Леў Глінскі
Дзеці Васіль Глінскі[d][1]
Дзейнасьць военачальнік

Валодаў зямельнымі абшарамі на Палесьсі, родавы маёнтак — Тураў. Ад вялікага князя Аляксандра атрымаў Райгорад і Гонязь на Падляшшы, Мажэйкаў на Лідчыне.

Біяграфія

рэдагаваць

Паходжаньне і служба

рэдагаваць

Прадстаўнік княскага роду Глінскіх гербу ўласнага, сын Льва. Навучаўся ў Эўропе, быў у Нямеччыне, Італіі, Гішпаніі; авалодаў асноўнымі эўрапейскімі мовамі. У Італіі прыняў каталіцтва. Служыў у войску імпэратара Сьвятой Рыскай імпэрыі Максыміліяна I Габсбурга, удзельнічаў у італьянскіх войнах, дзе вызначыўся ваенным талентам і сьмеласьцю. Заслужыў асаблівую прыхільнасьць імпэратара, які надаў яму тытул князя Сьвятой Рымскай імпэрыі.

У канцы 1490-х гадоў вярнуўся ў Вялікае Княства Літоўскае, дзе неўзабаве наблізіўся да вялікага князя Аляксандра, які ў 1499 годзе стаў яго маршалкам свайго двару. Суправаджаў вялікага князя ў часе выправы на каранаваньне ў Кракаў. Паступова стаў першым дарадцам Аляксандра, фактычна быў кіраўніком дзяржавы. Спрыяў узвышэньню старэйшых братоў, а таксама стрыечнага брата з жаночай лініі, сына Федкі Глінскай, Андрэя Дрожчыча, які ў 1504 годзе стаў намесьнікам лідзкім. У 1506 годзе ўзначаліў войска Вялікага Княства Літоўскага, якое атрымала перамогу над татарамі ў Клецкай бітве.

Імклівае ўзвышэньне роду выклікала востры канфлікт зь літоўскімі магнатамі: Радзівіламі, Кезгайламі і асабліва з Янам Забярэзінскім. Калі вялікі князь Аляксандар небясьпечна захварэў, зьявіліся плёткі, нібы ў змове з дактарамі М. Глінскі спрабуе атруціць гаспадара. Гэтыя падазрэньні ўзмацніліся па тым, як вялікі князь вызваліў арыштаванага доктара Балінскага і дазволіў яму зьбегчы ў Кракаў. Па сьмерці Аляксандра магнаты перашкодзілі выпраўленьню ягонага цела для пахаваньня ў Кракаў, баючыся, што ў іх адсутнасьць Міхал Глінскі можа авалодаць Вільняй. Тым часам у сталіцу прыбыў княжыч Жыгімонт. Ворагі М. Глінскага, асабліва Ян Забярэзінскі, кашталян троцкі, дамагліся каб яму забаранілі вольны ўваход у пакоі гаспадара.

Тым часам Міхал Глінскі прызнаў новага вялікага князя і патрабаваў суду з сваімі супернікамі, але Жыгімонт паводзіў сябе млява і нерашуча. Звароты па пасярэдніцтва да вугорскага караля Ўладзіслава ў 1507 годзе таксама былі марнымі. Па абвастрэньні канфлікту з Забярэзінскім, у пачатку 1508 годзе зладзіў наезд на ягоны маёнтак і забіў ворага. Пазьней разам з братамі ваяводамі кіеўскім Іванам і берасьцейскім Васілём, зьехаў у родавы Тураў, склікаў да сабе служак, сваякоў і сяброў і прызначыў вялікаму князю тэрмін, да якога той мусіў быў даць суд. Міхала Глінскага падтрымалі князі Друцкія і Мсьціслаўскія. Маскоўскі гаспадар Васіль скарыстаўся выпадкам і прапанаваў усім Глінскім абарону, літасьць і жалаваньне. У час вайны паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Маскоўскай дзяржавай, якая пачалася ў 1507 годзе, Васілю III было выгадна «ўзбунтаваньне» на пагранічных тэрыторыях свайго супраціўніка. Гэта давала Масковіі дадатковыя шансы на перамогу. Дзеля аслабленьня магутнага заходняга суседа маскоўскі ўрад пайшоў на змову з Глінскім. Змоўнікі дамовіліся пра стварэньне дзяржавы, на чале якой мусіў стаяць Міхал Глінскі. Спроба вялікага князя Жыгімонта вярнуць апошняга ў Літву скончылася няўдачай.

Неўзабаве распачаўся адкрыты мяцеж. Міхал з братам Васілём узялі ў аблогу Менск, але, ня ў стане захапіць яго, скіраваліся да Клецку. Тут браты падзяліліся: Васіль выправіўся на кіеўскія прадмесьці ўзьнімаць русінаў, а Міхал спустошыў слуцкія і капыльскія воласьці і ўзяў Мазыр. Як паведамляе летапіс: «Мазыр узяў ды сваіх людзей там пасадзіў». Па прыходзе на дапамогу Яўстаха Дашкевіча з 20 тыс. коньніцы, Міхал пайшоў з Мазыра на іншыя крэпасьці і склаў дамовы з амбасадарамі маскоўскім, малдаўскім і крымскім, бы дзейны гаспадар. Маскоўскія ваяводы падыйшлі да М. Глінскага на Бярэзіну, разам зь ім узялі ў аблогу Менск і выправілі аддзелы да самой Вільні; другія ваявалі за Смаленскія землі, трэція падыйшлі да Бабруйску. Неўзабаве маскоўскі гаспадар даслаў новыя палкі да Воршы; але падасьпеўшы з войскамі вялікі князь прымусіў іх зьняць аблогу і адступіць. Пры набліжэньні да Воршы вайсковых злучэньняў Жыгімонта маскоўскія палкі супольна зь людзьмі Глінскіх перайшлі Дняпро, ухіліўшыся ад бітвы. Здарылася гэта супраць волі Міхала Глінскага. Хроніка Літоўская і Жамойцкая паведамляе, што М. Глінскі меў намер выйсьці на бітву зь літоўскімі харугвамі ды «апошняга шчасьця свайго і перамогі ў той бітве хацеў дамагчыся. Агітаваў гетманаў маскоўскіх, каб да бітвы поле далі, абяцаючы ім пэўную ды пышную перамогу, калі будуць паводле яго рады паступаць».

Але маскоўскі гаспадар Васіль III адмовіў Міхалу Глінскаму і склаў мірнае пагадненьне з Жыгімонтам, паводле якога Глінскім і іхным паплечнікам гарантаваўся вольны выезд зь Вялікага Княства Літоўскага ў Маскву. Глінскія бясслаўна, як здраднікі, пакінулі Бацькаўшчыну. Яны пазбавіліся сваіх уладаньняў у Літве (Тураў атрымаў гетман Канстантын Астроскі) і выехалі з сваімі прыхільнікамі ў Маскоўскую дзяржаву. Тамака Міхал атрымаў два гарады: Яраславец і Бароўск. Вялікі князь Жыгімонт Стары некалькі разоў прасіў Васіля выдаць яму Глінскіх, абяцаючы прабачыць ім мінулае. Маскоўскі гаспадар адказваў, што Глінскія перайшлі да яго ў часе вайны і такім чынам сталі маскоўскімі падданымі, а падданак ён не выдае нікому.

Удзел у Маскоўска-літоўскай вайне

рэдагаваць

Калі ў 1512 годзе паміж Масквой і Літвой выбухнула чарговая вайна, Міхал Глінскі паслаў свайго наперсьніка, немца Шлейніца, у Сылезію, Чэхію і Нямеччыну наймаць конных ваяроў і кнэхтаў, якія перабіраліся ў Маскву праз Інфлянты. Вайсковыя сілы ачольваў маскоўскі гаспадар Васіль III; Міхал Глінскі быў адным з ваяводаў вялікага палку. 1 жніўня 1514 году Масква захапіла Смаленск. Міхал Глінскі спадзяваўся атрымаць гэты горад, але Васіль, паводле С. Гербэрштэйна, сьмяяўся з гэтых амбіцыяў. Тады апошні задумаў здраду.

Міхал Глінскі аднавіў зносіны з Жыгімонтам, які запэўніў яго ў сваёй літасьці. Паводле папярэдняй дамоўленасьці, літоўскае войска пайшло да Дняпра. Калі яно было ўжо недалёка ад Воршы, М. Глінскі ўначы зьбег. Аднак адзін зь ягоных служкаў паведаміў пра гэта маскоўскага ваяводу, які захапіў Глінскага і адправіў да маскоўскага гаспадара. М. Глінскі не адмаўляў здрады: у яго знайшлі лісты Жыгімонта. Рыхтуючыся да сьмерці, Міхал Глінскі адважна казаў пра свае заслугі і няўдзячнасьць Васіля. Яго закулі ў ланцугі і адправілі ў Маскву.

Вязьніца

рэдагаваць
 
Міхал і Алена Глінскія

У 1517 годзе ў Маскве быў амбасадар Максыміліяна I, Гербэрштэйн, разам зь літвінамі. Калі літоўскія амбасадары, па аўдыенцыі, выйшлі ад Васіля III, Гербэрштэйн застаўся і сам-насам уручыў маскоўскаму гаспадару грамату Максыміліяна аб Глінскім: імпэратар пісаў, што Міхал мог быць вінаваты, але што той ужо даволі пакараны за то няволяю, — ён мае знакамітыя вартасьці, выгадаваны пры венскім двары, служыў дакладна яму і курфюрсту саксонскаму, — што Васіль зробіць вялікае задавальненьне Максыміліяну, калі адпусьціць Глінскага ў Гішпанію. Васіль адказваў, што М. Глінскі склаў бы галаву на плаху, калі б не выявіў ахвоту вярнуцца ў праваслаўную веру.

Міхал Глінскі яшчэ доўга знаходзіўся ў вязьніцы. У 1526 годзе Васіль III ажаніўся з пляменьніцай Міхала, Аленай. Маладая жонка праз год дамаглася волі для дзядзькі, на даручальніцтва шматлікіх баяраў, якія абавязаліся ў выпадку ўцёкаў Міхала заплаціць у скарб 5 тысячаў рублёў. Апроч таго, той атрымаў гарады Юр’евец, Старадуб і Рапалоў.

Дзейнасьць па вызваленьні

рэдагаваць

У 1530 годзе Міхал Глінскі стаў ваяводам у коньніцы пад Казаньню; у 1533 годзе ён быў каля Валакаламску пры Васілю, які захварэў у часе паляваньня. У сваіх перадсьмяротных пастановах маскоўскі гаспадар, зьвяртаючыся да баяраў, прасіў іх, між іншым, не крыўдзіць князя Міхала, як сваяка яго жонкі, прымаць яго за свайго, не за прышлага. Апроч таго, Васіль прызначыў М. Глінскага ў дарадцы да Алены, прасіў таго, каб за вялікай княгіню і сыноў яго «кроў сваю праліў і цела сваё на раздрабненьне даў».

Па сьмерці Васіля справы разьвязала апякунская рада пры малалетнім князю Іване, у склад якой увайшлі браты гаспадара і 20 баяраў, у тым ліку і М. Глінскі. Многія думалі, што думай будуць кіраваць Міхал Глінскі і стайнік баярын Іван Целяпнёў-Абаленскі, каханак Алены. Здарылася інакш: М. Глінскі адважна казаў пляменьніцы пра непрыстойнасьць яе зносінаў з Абаленскім. З гэтай прычыны Міхала зьвінавацілі ў спробах авалодаць дзяржавай і кінулі ў вязьніцу (1534), дзе ён і памёр.

Адзіны ягоны сын Васіль, ад шлюбу з князёўнай Абаленскай, памёр у 1565 годзе.

  1. ^ а б Kniaziowie litewsko-ruscy od końca czternastego wieku (пол.) / пад рэд. J. WolffWarszawa: 1895. — С. 85.
  2. ^ Насевіч В. Глінскія // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 536.

Літаратура

рэдагаваць