Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь
(Перанакіравана з «Міністэрства інфармацыі Беларусі»)
Міністэ́рства інфарма́цыі Рэспу́блікі Белару́сь (Мінінфарм Беларусі) — ведамства ўраду Беларусі, упаўнаважанае парадкаваць вяшчаньне. Міністар інфармацыі прызначаецца й здымаецца з пасады прэзыдэнтам. З 13 чэрвеня 2024 году пасаду міністра займае Марат Маркаў[3].
Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь | |
Абрэвіятура | МІ РБ |
---|---|
Папярэднік | Дзяржаўны камітэт па друку |
Дата ўтварэньня | 10 студзеня 1992 (32 гады таму) |
Штаб-кватэра | Менск, пр. Пераможцаў, д. 11 |
Міністар | Марат Маркаў |
Першы намесьнік | Андрэй Кунцэвіч(be) |
Намесьнік | пасада вакантная |
Зьвязаныя кампаніі | «Белкніга», «Белсаюздрук» |
Бюджэт | 30 735 мільёнаў рублёў [1] (2010 год; 10 267 тысячаў $[2]) |
Сайт | mininform.gov.by |
Будова
рэдагаваць- Апарат — 7 управаў, 3 аддзелы;
- Нацыянальная кніжная палата Беларусі;
- Выдавецтвы — «Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі», «Беларусь», «Вышэйшая школа», «Мастацкая літаратура»;
- Тыпаграфіі — Бабруйская тыпаграфія імя Аляксандра Непагодзіна, Менская фабрыка каляровага друку, паліграфкамбінат імя Якуба Коласа, «Перамога» (места Маладэчна, Менская вобласьць), «Спадчына Скарыны» (м. Полацак, Віцебская вобласьць), «Чырвоная зорка»;
- Прадпрыемствы — «Беларускае тэлеграфнае агенцтва», «Белкніга», «Белсаюздрук»;
- Газэты — «Зьвязда», «Народная газэта», «Рэспубліка», «Беларуская ніва» (па-расейску: «Белорусская нива»);
- Часопісы «Беларусь» і «Плянэта».
Задачы
рэдагавацьПаводле Ўставы міністэрства мае наступныя задачы:
- парадкаваньне вяшчаньня, кнігавыданьня, паліграфіі ды кнігараспаўсюду;
- нагляд за выкананьнем выдавецкімі, паліграфічнымі ды кнігазбытавымі ўстановамі заканадаўства аб вяшчаньні;
- павышэньне выніковасьці вяшчаньня, кнігавыданьня, паліграфіі ды кнігараспаўсюду
- урадавы ўплыў на ровень свабоды выказваньня сярод грамадзянаў;
- узгадненьне парадкаваньня з адпаведнымі ведамствамі Расеі, Садружнасьці незалежных дзяржаваў і Эўразійскай эканамічнай супольнасьці;
- ладжаньне міжнароднай вяшчальнай супрацы;
- стварэньне праўных абмежаваньняў вяшчальнай ды выдавецкай дзейнасьці;
- распрацоўка захадаў па кіраваньні вяшчаньнем, кнігавыданьнем, паліграфіяй ды кнігараспаўсюдам;
- распрацоўка і ажыцьцяўленьне ўрадавых укладаньняў у вяшчаньне, кнігавыданьне, паліграфію ды кнігараспаўсюд.
Паўнамоцтвы
рэдагавацьПаводле Ўставы мае паўнамоцтвы на:
- ухваленьне заяваў аб вяшчаньні, кнігавыданьні, паліграфіі ды кнігараспаўсюдзе;
- запыт зьвестак ва ўстановах;
- атрыманьне абавязковых бясплатных асобнікаў дакумэнтаў;
- прыпыненьне выпуску СМІ;
- стварэньне ведамасных фондаў[4].
Мінуўшчына
рэдагавацьПаводле пастановы Вярхоўнага Савету ад 10 студзеня 1992 г. № 1389 зь Дзяржаўных камітэтаў па друку й па тэлебачаньні й радыёвяшчаньні ўтварылі Міністэрства інфармацыі. Пастановай ад 14 сакавіка 1994 г. № 145 урад далучыў Мінінфарм да Міністэрства культуры і друку. Міністэрства было адноўлена ўказам прэзыдэнта ад 24 верасьня 2001 г. № 516[5].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Закон Рэспублікі Беларусь аб рэспубліканскім каштарысе на 2010 год (рас.). Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь (27 сьнежня 2010). Праверана 16 сакавіка 2011 г.
- ^ Зьвесткі аб сярэднеўзважаным курсе беларускага рубля да замежных валютаў на валютным рынку Рэспублікі Беларусь за 2010 год. Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь. — Паводле сярэднегадавое цаны (2993,74) набыцьця даляра. Праверана 7 красавіка 2011 г.
- ^ «Двое Эйсмантаў для кантролю над прэсай — перабор». Фрыдман — пра прызначэнне Маркава Новы час
- ^ Пастанова Рады міністраў Рэспублікі Беларусь ад 26 кастрычніка 2001 г. № 1545 (рас.). Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь (19 жніўня 2010). Праверана 15 траўня 2011 г.
- ^ Указ прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 24 верасьня 2001 г. № 516 (рас.). Прэс-служба прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь. Праверана 15 траўня 2011 г.