Менскае ваяводзтва
Ме́нскае ваяво́дзтва[a] — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў цэнтральнай і паўднёва-ўсходняй частцы Вялікага Княства Літоўскага. Плошча каля 55,5 тыс. км² (найбольшае ваяводзтва ў краіне). Сталіца — места Менск. Найбольшыя месты: Бабруйск, Мазыр і Рэчыца.
Менскае ваяводзтва лац. Mienskaje vajavodztva | |
Агульныя зьвесткі | |
---|---|
Краіна | Вялікае Княства Літоўскае |
Статус | ваяводзтва Вялікага Княства Літоўскага[d] |
Адміністрацыйны цэнтар | Менск |
Дата ўтварэньня | 1565 |
Дата скасаваньня | 1793 |
Ваяводы | Ваяводы менскія |
Кашталяны | Кашталяны менскія |
Насельніцтва | гл. Дэмаграфія |
Плошча | 55,5 тыс. км² |
Час існаваньня | 1566—1793 |
Месцазнаходжаньне Менскага ваяводзтва | |
Дадатковыя мультымэдыйныя матэрыялы |
Гісторыя
рэдагавацьУтварылася згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў на аснове колішняга Менскае княства. Рэформа таксама ўсталявала межы ваяводзтва і паветаў — Менскага і Рэчыцкага.
У часе складаньня Люблінскай уніі (1569 год) шляхта Мазырскага павету Кіеўскага ваяводзтва адмовілася ад пераходу пад юрысдыкцыю Каралеўства Польскага. Павет далучыўся да Менскага ваяводзтва[1].
З 1599 году ў Менску праз рок, паводле чаргі з Наваградкам, пачалі праводзіцца вясновыя сэсіі Галоўнага Трыбуналу Вялікага Княства Літоўскага, кожная зь іх працягвалася 22 тыдні, пачынаючы ад панядзелку па Трох Каралях.
У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) маскоўскія войскі акупавалі і спустошылі значную частку тэрыторыі ваяводзтва. У 1662 годзе Барысаўскае староства перайшло ў склад Аршанскага павету Віцебскага ваяводзтва. У 1667 годзе ў склад Рэчыцкага павету ўвайшло Лоеўска-Любецкае староства (8 тыс. км²)[2]. За часамі Вялікай Паўночнай вайны ў 1708 годзе войскі караля Швэцыі Карла XII учынілі значныя разбурэньні на абшарах ваяводзтва, асабліва ў Менскім павеце.
Захаваліся сьведчаньні азначэньня жыхароў Менскага ваяводзтва ліцьвінамі: «…ехал из Менска литвин Корсак» (1601—1602 гады)[3], «литвин из Минска пан Ян Сухопаров», «литвин Менского повету Ондрей» (абодва 1609—1610 гады)[4], «Степанка Борисов… в роспросе сказал: родом де он литвин[b], родился в Белой Руси в Борисове городе… а отец де у него жив в Литве» (1621 год)[7], «…выходец литвин Остафей Каменский в роспросе сказал: отец де ево бывал Минского повету шляхтич» (1629 год)[8], «Крутновский Мартын… литвин, родом из Менского повета» (1632 год)[9], «…взяли в Чичерском повете литвина Матвея Кузминского из Солонины, а Солонина их имение, с женой и с детьми» (1633 год)[10], «Михайлов Левка… литвин из Пропойска» (1635 год)[11], «Лазовский Бронислав… литвин, уроженец Гомеля» (1649 і 1660 гады)[12], «…из Менска торговой человек литвин Тимофей Менченин» (1651 год)[13], «Богушевский Станислав… литвин, шляхтич из Гомеля» (1655 і 1660 гады)[14]. У матрыкуле Каралявецкага ўнівэрсытэту пад 1631 годам значыцца Alexander Stybalcovius, Minscensis Lithuanus[15], пад 1774 годам — Reczynski Boguslaus Jac., Coydanav. Lituan.[16] У запісах мэтрыкі папскай сэмінарыі ў Оламаўцу значацца Athanasius Pietrowsky Lithuanus ex Palatinatu Minscensi (1721—1728 гады), Felicianus Zablocky Litvanus Minscensis (1732—1736 гады)[17]. Апроч таго, у 1743 годзе сярод вернікаў парафіі ў Камені ўпамінаецца старалітва[18], якую крыніцы зьвязваюць з русінамі.
У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год) страціла значную частку Рэчыцкага павету і ўлучыла ў свой склад рэшту Аршанскага павету Віцебскага ваяводзтва. У 1775 годзе ў зьвязку з акупацыяй усходніх ваяводзтваў Расейскай імпэрыяй, Менскую сэсію Трыбуналу перанесьлі ў Горадню.
20 сьнежня 1793 году адбылася ліквідацыя ваяводзтва ў выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай, ягоная тэрыторыя ўвайшла ў склад Менскай губэрні Расейскай імпэрыі.
Сымболіка
рэдагавацьГерб ваяводзтва меў наступны выгляд: «у чырвоным полі рыцар у срэбных латах і з срэбным шчытом з залатым шасьціканцовым крыжом, які заносіць над галавой срэбны меч з залатым этэсам і скача на срэбным кані з залатым ўзбраеньнем, збруяй і вачамі; сядло чырвонае з залатой акантоўкай»[19] (паводле іншых зьвестак, «Пагоня цялістага колеру ў белым полі»[20]).
Ваяводзкая харугва была чырвонага («гвазьдзіковага») колеру з выявай гербу Пагоня ў белым полі[21][22][23].
-
1712 г.
-
каля 1720 г.
-
1794 г.
-
канец XIX ст. (рэканструкцыя)
Геаграфія
рэдагавацьНа поўначы межавала з Полацкім і Віцебскім ваяводзтвамі, на ўсходзе — з Амсьціслаўскім ваяводзтвам і Маскоўскай дзяржавай, на поўдні — з Кіеўскім і Берасьцейскім ваяводзтвамі, на захадзе — з Наваградзкім і Віленскім ваяводзтвамі[20]. Частка мяжы з Наваградзкім ваяводзтвам праходзіла ракою Пціч, да яе ўтоку ў Прыпяць. На захадзе, ўздоўж ракі Славесна, ішла мяжа зь Берасьцейскім ваяводзтвам.
Мела форму прастакутніка з нашмат даўжэйшымі заходнім і ўсходнім бакамі. Рака Бярэзіна, якая ад вытоку да вусьця працякала тэрыторыяй ваяводзтва, падзяляла ягоны абшар надвая. У паўночнай частцы брала свой выток рака Вяльля. Гэтая мясцовасьць ўяўляла шырокія, ня вельмі ўрадлівыя раўніны. Паўднёва-заходняя частка ваяводзтва (Мазырскі павет) ляжала ў Палесьсі.
-
Частка Менскага і Амсьціслаўскага ваяводзтваў, 1665 г.
-
Частка Менскага і Віцебскага ваяводзтваў, 1724—1729 гг.
-
Менскае, Амсьціслаўскае, Полацкае і Віцебскае ваяводзтвы, 1781 г.
-
Менскае і Наваградзкае ваяводзтвы, 1772 г.
Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел
рэдагавацьВаяводзтва падзялялася на тры паветы: Менскі, Мазырскі і Рэчыцкі.
Назва | Цэнтар | Плошча, тыс. км² |
Староствы |
---|---|---|---|
Менскі павет | Менск | 20,8 | Менскае (гродавае) Гайненскае Радашкоўскае Краснасельскае |
Мазырскі павет | Мазыр | 4,7 | Мазырскае (гродавае) Бчыцкае (Пціцкае) |
Рэчыцкі павет | Рэчыца | 30,0 | Рэчыцкае (гродавае) Бабруйскае Гомельскае Лоеўска-Любецкае Прапойскае Рагачоўскае Чачэрскае |
Ваяводзкі соймік праводзіўся ў Менску, тамака ж склікалася паспалітае рушаньне. У павятовых цэнтрах месьціліся падкаморскія, земскія і гродзкія суды, праходзілі павятовыя соймікі.
Менская, мазырская і і рэчыцкая шляхта абірала шасьцёх паслоў на Вальны сойм Рэчы Паспалітай, а таксама шасьцёх дэпутатаў на Галоўны Трыбунал (тры на «рускую» і тры на «літоўскую» кадэнцыю).
Дэмаграфія
рэдагавацьУ сярэдзіне XVII ст. Менскае ваяводзтва налічвала 35 510 дымоў. Паводле сучасных падлікаў, да вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) колькасьць насельніцтва складала каля 248 тыс. чал., па вайне яно скарацілася да 94 тыс. чал.[24]
На 1790 год колькасьць насельніцтва складала каля 307 тыс. чал. (шчыльнасьць 422 чал. на 1 квадратную мілю)[25].
Ураднікі
рэдагавацьУ Сэнаце Рэчы Паспалітай Менскае ваяводзтва мела двух прадстаўнікоў — ваяводу і кашталяна. Згодна зь Люблінскай уніяй (1569 год) ваявода менскі паводле значнасьці займаў месца па паморскім і перад інфлянцкім, кашталян — па гданскім і перад інфлянцкім[20].
Па ўвядзеньні ў 1776 годзе ваяводзкіх мундзіраў, паслы Менскага і Мазырскага паветаў апраналіся ідэнтычна смаленскім — у малінавыя («кармазыновыя») кунтушы зь цёмна-сінімі («гранатовымі») адваротамі, пад імі насілі цёмна-сінія жупаны. Паслы Рэчыцкага павету насілі белая жупаны і такія ж адвароты.
Заўвагі
рэдагаваць- ^ ст.-бел. Воеводство Менское; лац. Palatinatus Minscensis, польск. Województwo mińskie
- ^ Ранейшыя сьведчаньні ўжываньня канструкцыі «родам ліцьвін (літоўка)»: «сіи Андрѣи бяше родомъ Литвинъ, сынъ Ерденевъ, Литовскаго князя»[5] (Траецкі летапіс пад 1289 годам); «литвин родом» (жывот Даўмонта Пскоўскага першай трэці XIV стагодзьдзя[6]); «родом литовка, а прозвище ей бысть литовское Августа» пра дачку вялікага князя літоўскага Гедзіміна (Ніканаўскі летапіс 1526—1530 гадоў, адкуль перайшло ў Ліцавы летапісны звод 1568—1576 гадоў)
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Цітоў А. Сфрагістыка і геральдыка Беларусі. — Менск: РІВШ БДУ, 1999.
- ^ Насевіч В. Тэрыторыя, адміністрацыйны падзел // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 39.
- ^ Памятники дипломатических сношений Московского государства с Польско-Литовским государством. Т. 4. — М., 1912. С. 122.
- ^ Мальцев В. П. Записки о смерти «тюремных сидельцев» в смоленских тюрьмах в 1609—1610 гг. // Исторический архив. № 5, 1960.
- ^ Троицкая летопись. Реконструкция текста. Изд. М. Д. Присёлков. — М. — Л., 1950. С. 344—345.
- ^ Лосева О. В. Жития русских святых в составе древнерусских Прологов XII — первой трети XV веков. — М., 2009. С. 199—201.
- ^ Акты Московского государства, изданные Императорской академией наук. Т. 1. — СПб., 1890. С. 171.
- ^ Русско-белорусские связи: сборник документов : 1570—1667 гг. — Минск, 1963. С. 104.
- ^ Служилые люди Сибири конца XVI — начала XVIII века. — М.; СПб., 2020. С. 458.
- ^ Акты Московского государства, изданные Императорской академией наук. Т. 1. — СПб., 1890. С. 477.
- ^ Служилые люди Сибири конца XVI — начала XVIII века. — М.; СПб., 2020. С. 149.
- ^ Служилые люди Сибири конца XVI — начала XVIII века. — М.; СПб., 2020. С. 492.
- ^ Русско-белорусские связи: сборник документов : 1570—1667 гг. — Минск, 1963. С. 213.
- ^ Служилые люди Сибири конца XVI — начала XVIII века. — М.; СПб., 2020. С. 116.
- ^ Die matrikel der Universität Königsberg i. Pr. Bd. 1: Die Immatrikulationen von 1544—1656. — Leipzig, 1910. S. 332.
- ^ Die Matrikel der Albertus-Universität zu Königsberg i. Pr. 1544—1829. Bd. 2: Die Immatrikulationen von 1657—1829. — Leipzig, 1911/1912. S. 534.
- ^ Blažejovskyj D. Ukrainian and Armenian pontifical seminaries of Lviv (1665—1784) (Analecta OSBM. Vol. 29). — Rom, 1975. P. 59.
- ^ Ališauskas V. Baltų religijos ir mitologijos reliktai Lietuvos Didžiojoje Kunigaikštystėje (XIV—XVIII a.). — Vilnius: Lietuvių katalikų mokslo akademija, 2016. P. 367.
- ^ Гербы белорусских воеводств в Великом княжестве Литовском. HERALDICUM. Праверана 13 кастрычніка 2010 г.
- ^ а б в Jelski A. Województwo mińskie // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom V: Kutowa Wola — Malczyce. — Warszawa, 1884. S. 339.
- ^ Насевіч В. Менскае ваяводства // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 288.
- ^ Насевіч В. Мінскае ваяводства // ЭГБ. — Мн.: 1999 Т. 5. С. 163.
- ^ Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. Кн. 1. — Мн., 2001. С. 198.
- ^ Сагановіч Г. Невядомая вайна: 1654—1667. — Менск, 1995.
- ^ Jelski A. Województwo mińskie // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom VI: Malczyce — Netreba. — Warszawa, 1885. S. 482.
Літаратура
рэдагаваць- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, 2001. — 576 с.: іл. ISBN 985-6302-33-1.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1999. — Т. 5: М — Пуд. — 592 с. — ISBN 985-11-0141-9