Маскоўская біржа
Каардынаты: 55°45′19″ пн. ш. 37°36′22″ у. д. / 55.75528° пн. ш. 37.60611° у. д.
«Маско́ўская бі́ржа» — фондавая біржа Расеі, заснаваная ў студзені 1992 году ў якасьці «Маскоўскай міжбанкаўскай валютнай біржы».
«Маскоўская біржа» | |
рас. Московская биржа | |
Тып | фондавая |
---|---|
Разьмяшчэньне | Масква, Расея |
Заснаваная | Студзень 1992 |
Уладар | Банк Расеі |
Ключавыя асобы | Юры Дзянісаў[1], Алег Уюгін[2] |
Валюта | расейскі рубель |
Тавары | золата, срэбра |
Колькасьць лістынгаў | ▼212 (1 красавіка 2020 г.)[3] |
РынКап |
▲48,639 трлн рас.руб[4] ($752,72 млрд; 30 сьнежня 2019 г.) |
Аб'ём |
▲12,443 трлн рас.рублёў[5] ($192,561 млрд[6]; 2019 год) |
Індэксы | Масбіржы, РГС[7] |
Сайт | moex.com |
На 2020 год месьцілася ў Цэнтральнай адміністрацыйнай акрузе Масквы ў межах Прэсьненскага раёну на Вялікім Кіслаўскім завулку, д. 13[8]. Праводзіць гандаль паямі, аблігацыямі, вытворнымі інструмэнтамі, валютай, грашовымі інструмэнтамі і таварамі. Улучае АТ «Нацыянальны разьліковы дэпазытарый» і АТ «Нацыянальны клірынгавы цэнтар» («НКЦ»). Сучасную назву носіць са сьнежня 2011 году, калі «Маскоўская міжбанкаўская валютная біржа» паглынула «Расейскую гандлёвую сыстэму». 15 лютага 2013 году разьмясьціла ўласныя паі вартасьцю 15 млрд расейскіх рублёў ($470 млн) на сваёй гандлёвай пляцоўцы. Біржавы гандаль ахоплівае 5 рынкаў:
- фондавы — паямі, аблігацыямі ў расейскіх рублях і эўра ад ураду Расеі, рэгіёнаў і прадпрыемстваў, дэпазытарнымі расьпіскамі, укладальнымі паямі, іпатэчнымі пасьведчаньнямі ўдзелу і біржавымі фондамі, разьлік па якіх адбываецца на 2-і дзень пасьля заключэньня дамовы;
- тэрміновы — апцыёнамі і ф'ючарсамі на індэксы, паі, аблігацыі, валютныя пары, адсоткавыя стаўкі, нафту і цукар, а таксама дамовы на каштоўныя мэталы (золата, медзь, паляд, плятына і срэбра);
- валютны — беларускім рублём, грыўнай, амэрыканскім і ганконскім далярамі, казаскім тэнгэ, кітайскім юанем, фунтам стэрлінгаў і эўра, сярод якіх Банк Расеі выкарыстоўвае значэньне валютнай пары з далярам ЗША на 11:30 для вызначэньня яго курсу на наступны дзень;
- грашовы — перакупаў між дылерамі, з Банкам Расеі, галоўным контарагентам («НКЦ») і сыстэмай кіраваньня забесьпячэньнем, дэпазытарна-крэдытных апэрацыяў з Банкам Расеі, Пэнсійным фондам Расеі, Фэдэральным скарбам Расеі і Зьнешэканомбанкам;
- каштоўных мэталаў — золатам і срэбрам[9].
Кіраваньне
рэдагаваць- Агульны сход. Праводзіцца штогод праз 2-6 месяцаў пасьля гадавой справаздачы. Складаецца з пайшчыкаў, сярод якіх уласьнікі звыш 2% паёў біржы могуць прапаноўваць вылучэнцаў у Назіральную раду і Рэвізійную камісію. Вызначае выплату штоквартальных дывідэндаў і аўдытара. Абірае склад Рэвізійнай камісіі і Назіральнай рады.
- Назіральная рада. Правамоцная пры ўдзеле прынамсі паловы сябраў. Зацьвярджае бюджэт біржы і заробкі супрацоўнікаў. Вызначае памер камісійных збораў і біржавых расцэнак. Заключае дамовы на суму звыш 600 млн рас. рублёў ($9,285 млн). Абірае Ўправу.
- Управа. Абіраецца на тэрмін да 3-х гадоў. Праводзіць паседжаньні штомесяц. Правамоцная пры ўдзеле паловы сябраў. Прымае рашэньні большасьцю галасоў прысутных. Зацьвярджае ўмовы давернага кіраваньня маёмасьцю біржы. Вызначае парадак допуску да гандлю на біржы і разьліку яе індэксаў. Ухваляе закупкі і правілы Інфармацыйнай сыстэмы.
- Рэвізійная камісія. Правярае гаспадарчую справаздачнасьць біржы[10].
Уласьнікі
рэдагавацьНа 2020 год найбольшымі пайшчыкамі ПАТ «Маскоўская біржа» былі: Банк Расеі — 11,8%, «Ашчадбанк» — 10%, «Зьнешэканомбанк» — 8,4%, Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця (Ангельшчына) — 6,1%, «Морган-Чэйз» (ЗША) — 5%, Расейскі фонд прамых інвэстыцыяў — 3,2% і «ММВБ-Фінанс» — 1%. Астатнія 54,6% паёў знаходзяцца ў вольным абарачэньні[11].
Індэксы
рэдагавацьНа 2020 год «Маскоўская біржа» налічвала 5 асноўных індэксаў[12].
- Масбіржы. Цэнавы індэкс найбольшых прадпрыемстваў Расеі, які сталі разьлічваць 22 верасьня 1997 году ад пачатковай вартасьці ў 100 пунктаў. На сьнежань 2019 году яго вартасьць на 47,7% складалася з прадпрыемстваў нафтагазавай галіны, на 18,6% — з банкаў, на 15,8% — са здабывальных і мэталюргічных прадпрыемстваў[13]. Разьлічваўся штосэкундна з 10:00 да 18:50. Вага аднаго прадпрыемства абмяжоўвалася 15%, 5 прадпрыемстваў — 55% вартасьці індэкса. На 7 красавіка 2020 году налічваў 2675,4 пункту[14] і 38 прадпрыемстваў[15].
- РГС (рас. РТС). Цэнавы індэкс найбольшых расейскіх прадпрыемстваў, які разьлічваюць з 1 верасьня 1995 году ад 100 пунктаў у далярах ЗША[16]. Сьпіс прадпрыемстваў пераразьлічваецца ў ім штоквартал у 3-ю пятніцу сакавіка, чэрвеня, верасьня і сьнежня. На 7 красавіка 2020 году налічваў 38 прадпрыемстваў і 1116,64 пункту[17].
- Блакітных фішак. Індэкс 15 найбольшых прадпрыемстваў Расеі, які вымяраюць з 23 красавіка 2009 году ад 6285,76 пункту[18]. Вага аднаго прадпрыемства абмяжоўваецца 20% вартасьці індэкса. На 7 красавіка 2020 году налічваў 17 697,4[19].
- Шырокага рынку. Улучае 100 найбольшых прадпрыемстваў паводле ліквіднасьці, капіталізацыі і долі паёў у вольным абарачэньні ад 5%. Служыць асновай для разьліку іншых індэксаў біржы[20]. Вага аднаго прадпрыемства абмяжоўваецца 15%. Разьлічваецца кожныя 15 сэкундаў з 30 сьнежня 2011 году ад 1000 пунктаў. На 7 красавіка 2020 году складаў 1 920,24 пункту[21].
- Сярэдняй і малай капіталізацыі. Цэнавы індэкс меншых прадпрыемстваў шырокага рынку, які вылічаюць з 17 сьнежня 2012 году ад 1000 пунктаў. На сьнежань 2019 году яго вартасьць на 23,8% складалася з прадпрыемстваў электраэнэргетыкі, на 17,8% — з прадпрыемстваў спажывецкай галіны, на 13,6% — прадпрыемстваў нерухомасьці[22]. Вага аднаго прадпрыемства ў індэксе абмяжоўвалася 9%, галіны — 20%. На 7 красавіка 2020 году складаў 1464,24 пункту[23] і налічваў 29 прадпрыемстваў[24].
На сьнежань 2019 году разьлічвалася 8 галіновых індэксаў на падставе адпаведных складнікаў Індэкса шырокага рынку:
- нафта і газ — 12 прадпрыемстваў з агульнай капіталізацыяй 23 483 млрд рас. руб. і найбольшай вагой прадпрыемства ў 14,9%;
- мэталы і здабыча — 12 прадпрыемстваў з капіталізацыяй 7 981 млрд руб. і вагой прадпрыемства да 15,8%;
- фінансы — 9 банкаў з рын.кап. 7 043 млрд руб. і вагой банка да 23,9%;
- спажывецкая галіна — 12 прадпрыемстваў з рын.кап. 2 239 млрд руб. і вагой прадпрыемства да 15,4%;
- электраэнэргетыка — 19 прадпрыемстваў на 1 924 млрд руб. капіталізацыі і вагой прадпрыемства да 16,2%;
- сувязь — 4 прадпрыемствы на 886 млрд руб. рын.кап. і вагой прадпрыемства да 77,6%;
- хімія і нафтахімія — 5 прдпрыемстваў на 682 млрд руб. рын.кап. і вагой аднаго зь іх да 54,8% у індэксе;
- перавозкі — 5 прадпрыемстваў з рын.кап. 334 млрд руб. і вагой аднаго зь іх да 63,2% у індэксе[25].
Брокеры
рэдагавацьНа 2020 год на фондавым рынку «Маскоўскай біржы» налічвалася 303 брокеры, зь якіх 240 банкаў[26]. Сярод іх рынкаўтваральнікамі былі 60 прадпрыемстваў[27]. Камісійная ўзнагарода біржы складала 0,00575% ад абсягу дамовы, але прынамсі 1 расейск��ю капейку[28].
Мінуўшчына
рэдагавацьУ студзені 1992 году заснавалі «Маскоўскую міжбанкаўскую валютную біржу» («ММВБ»). Зь ліпеня 1992 году Банк Расеі пачаў выкарыстоўваць гандаль на «ММВБ» для вызначэньня валютнага курсу расейскага рубля. 18 траўня 1993 году на «ММВБ» сталі гандляваць дзяржаўнымі аблігацыямі. У 1995 годзе запусьцілі гандаль паямі прадпрыемстваў і ф'ючарсамі. У 1997 годзе біржавы гандаль стаў электронным і ўвялі індэкс ММВБ. У 2000 годзе электронны гандаль аб’яднаў 8 валютных біржаў. У 2003 годзе ўвялі гандаль акцыямі паявых інвэстыцыйных фондаў (ПІФ). У 2006 годзе валютны гандаль дасягнуў 25,9 трлн рас.рублёў ($956 млрд), што склала каля паловы абарачэньня біржы. У 2009 годзе гандаль упаў у 1,5 разу да 41 трлн рас.руб ($1304,2 млрд), у тым ліку гандаль паямі скараціўся ў 1,7 разу да 26 трлн руб ($836,3 млрд). Сярэднедзённае абарачэньне фондавай пляцоўкі дасягала 163 млрд рас.руб ($5 млрд). На «ММВБ» прыпадала 99% гандлю аблігацыямі і звыш 90% — паямі на расейскіх біржах, а таксама каля 60% — на айчынных і замежных біржах. Каля 750 прадпрыемстваў Расеі разьмясьцілі на ёй свае каштоўныя паперы, у тым ліку звыш 230 — паі з агульнай капіталізацыяй каля 17 трлн рас. рублёў (каля $542 млрд). На 2010 год «ММВБ» праводзіла гандаль 6 валютамі — беларускім рублём, амэрыканскім далярам, украінскай грыўнай, казаскім тэнгэ, кітайскім юанем і эўра. 19 сьнежня 2011 году «ММВБ» паглынула «Расейскую гандлёвую сыстэму», зь якой утварыла «Маскоўскую біржу». У 2013 годзе пры біржы стварылі «Нацыянальны разьліковы дэпазытарый» і перайшлі на разьлікі на 2-і дзень замест адначасных. У кастрычніку 2013 году запусьцілі гандаль каштоўнымі мэталамі — золатам і срэбрам — празь безасабовыя мэталічныя рахункі. У 2015 годзе на біржы сталі адчыняць асабістыя інвэстыцыйныя рахункі, лік якіх да сакавіка 2019 году перавысіў 700 000. Паводле 6-га артыкула Статуту ПАТ «Маскоўская біржа», на 25 красавіка 2019 году статутны капітал біржы складаў 2 276 401 458 рас. рублёў ($35,228 млн), падзеленых на аднолькавы лік паёў (па 1 рублі). «Маскоўская біржа» мела права дадаткова выпусьціць 9 818 920 693 паёў вартасьцю па рублі ($151,952 млн). Па выніках 2019 году «Маскоўская біржа» была 27-й у сьвеце паводле абсягу гандлю паямі прадпрыемстваў[11]. Апэрацыйныя даходы біржы склалі 43,229 млрд рас.рублёў ($668,996 млн), апэрацыйны прыбытак — 25,179 млрд руб ($389,663 млн) і чысты прыбытак 20,2 трлн рублёў ($312,613 млн)[29].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Кіраўніцтва (рас.) // ПАТ «Маскоўская біржа», 2020 г. Праверана 6 красавіка 2020 г.
- ^ Назіральная рада (рас.) // ПАТ «Маскоўская біржа», 2020 г. Праверана 6 красавіка 2020 г.
- ^ Сьпіс каштоўных папераў, дапушчаных да гандлю (рас.) // ПАТ «Маскоўская біржа», 3 красавіка 2020 г. Праверана 7 красавіка 2020 г.
- ^ Рынкавая капіталізацыя каштоўных папераў па выніках гандю на фондывам рынку на канец 4-га квартала 2019 году (рас.) // ПАТ «Маскоўская біржа», 2020 г. Праверана 7 красавіка 2020 г.
- ^ Статыстыка абсягаў гандлю (па гадах) (рас.) // ПАТ «Маскоўская біржа», 2020 г. Праверана 7 красавіка 2020 г.
- ^ Курс даляра ЗША ў 2019 годзе (64,6184 рас.рубля) (рас.) // «Курс валют ЦБ РФ», 2019 г. Праверана 7 красавіка 2020 г.
- ^ Індэксы (рас.) // ПАТ «Маскоўская біржа», 2020 г. Праверана 7 красавіка 2020 г.
- ^ Кантактныя зьвесткі (рас.) // ПАТ «Маскоўская біржа», 2020 г. Праверана 6 красавіка 2020 г.
- ^ Пра біржу (рас.) // ПАТ «Маскоўская біржа», 2020 г. Праверана 7 красавіка 2020 г.
- ^ Статут ПАТ «Маскоўская біржа» ад 25 красавіка 2019 г. (рас.) // ПАТ «Маскоўская біржа», 16 траўня 2019 г. Праверана 7 красавіка 2020 г.
- ^ а б Прэзэнтацыя для ўкладальнікаў (с. 10) (анг.) // ПАТ «Маскоўская біржа», 20 сакавіка 2020 г. Праверана 7 красавіка 2020 г.
- ^ Індэксы паёў: факты і лічбы (рас.) // ПАТ «Маскоўская біржа», 2020 г. Праверана 7 красавіка 2020 г.
- ^ Індэкс Масбіржы (рас.) // ПАТ «Маскоўская біржа», сьнежань 2019 г. Праверана 7 красавіка 2020 г.
- ^ Індэкс Масбіржы і РГС (рас.) // ПАТ «Маскоўская біржа», 7 красавіка 2020 г. Праверана 7 красавіка 2020 г.
- ^ База разьліку індэкса Масбіржы (рас.) // ПАТ «Маскоўская біржа», 7 красавіка 2020 г. Праверана 7 красавіка 2020 г.
- ^ Індэкс РГС: факты і лічбы (рас.) // ПАТ «Маскоўская біржа», сьнежань 2019 г. Праверана 7 красавіка 2020 г.
- ^ Індэкс РГС (рас.) // ПАТ «Маскоўская біржа», 7 красавіка 2020 г. Праверана 7 красавіка 2020 г.
- ^ Індэкс блакітных фішак (рас.) // ПАТ «Маскоўская біржа», сьнежань 2019 г. Праверана 7 красавіка 2020 г.
- ^ Індэкс блакітных фішак Маскоўскай біржы (рас.) // ПАТ «Маскоўская біржа», 7 красавіка 2020 г. Праверана 7 красавіка 2020 г.
- ^ Індэкс шырокага рынку: факты і лічбы (рас.) // ПАТ «Маскоўская біржа», сьнежань 2019 г. Праверана 7 красавіка 2020 г.
- ^ Індэкс шырокага рынку (рас.) // ПАТ «Маскоўская біржа», 7 красавіка 2020 г. Праверана 7 красавіка 2020 г.
- ^ Індэкс сярэдняй і малай капіталізацыі: факты і лічбы (рас.) // ПАТ «Маскоўская біржа», сьнежань 2019 г. Праверана 7 красавіка 2020 г.
- ^ Індэкс сярэдняй і малай капіталізацыі (рас.) // ПАТ «Маскоўская біржа», 7 красавіка 2020 г. Праверана 7 красавіка 2020 г.
- ^ Індэкс сярэдняй і малай капіталізацыі: база разьліку (рас.) // ПАТ «Маскоўская біржа», 7 красавіка 2020 г. Праверана 7 красавіка 2020 г.
- ^ Галіновыя індэксы: факты і лічбы (рас.) // ПАТ «Маскоўская біржа», сьнежань 2019 г. Праверана 7 красавіка 2020 г.
- ^ Сьпіс удзельнікаў гандлю на фондавым рынку (рас.) // ПАТ «Маскоўская біржа», 7 красавіка 2020 г. Праверана 7 красавіка 2020 г.
- ^ Рынкаўтваральнікі фондавым рынку (рас.) // ПАТ «Маскоўская біржа», 7 красавіка 2020 г. Праверана 7 красавіка 2020 г.
- ^ Палажэньне аб расцэнках за ўдзел у арганізаваным гандлі на фондавым рынку і рынку дэпазітаў (рас.) // ПАТ «Маскоўская біржа», 21 студзеня 2020 г. Праверана 7 красавіка 2020 г.
- ^ Андрэй Швецаў, Юры Дзянісаў. Кансалідаваная фінансавая справаздачнасьць за 2019 год (рас.) // ПАТ «Маскоўская біржа», 6 сакавіка 2020 г. Праверана 7 красавіка 2020 г.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Форма зваротнай сувязі (рас.) // ПАТ «Маскоўская біржа», 2020 г. Праверана 6 красавіка 2020 г.
Гэта — накід артыкула па эканоміцы. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |