Энэргетык-БДУ Менск
«Энэргетык-БДУ» — беларускі футбольны клюб зь Менску. Заснаваны ў 1996 годзе. У 2002—2005 гадах выступаў у Найвышэйшай лізе. Клюб мае сярод сваіх выхаванцаў такіх футбалістаў, як Аляксандар Быліна, Аляксей Сквярнюк, Валеры Апанас і некаторых іншых. У 2018 годзе каманда заняла другое месца ў Першай лізе чэмпіянату Беларусі і атрымала права на ўдзел у Найвышэйшай лізе. Паводле вынікаў сэзону 2023 году каманда страціла месца ў элітным дывізіёне, вярнуўшыся ў Першую лігу.
Энэргетык-БДУ | |
Поўная назва |
Зорка Зорка-ВА-БДУ Зорка-БДУ Энэргетык-БДУ |
---|---|
Заснаваны | 1996 |
Горад | Менск, Беларусь |
Стадыён |
РЦАП-БДУ Умяшчальнасьць: 1500 |
Галоўны трэнэр | |
Чэмпіянат | Першая ліга |
· 2024 | 18 месца (паніжэньне) |
Афіцыйны сайт |
Гісторыя
рэдагавацьКлюб быў заснаваны ў 1996 годзе і заявіўся ў другую лігу, адкуль празь некалькі гадоў падвысіўся спачатку да Першай, а потым і да Найвышэйшай лігі. У эліце беларускага футболу клюб правёў чатыры гады, увесь час знаходзіўся ў зоне вылету і нарэшце вярнуўся ў Першую, а потым і ў другую лігу, дзе выступаў з 2008 па 2013 гады. У сэзоне 2013 году клюб вёў барацьбу за выхад у Першую лігу, але ў канцы сэзону саступіў другі радок мастоўскаму «Нёману», а сам апынуўся на трэцім месцы. Тым ня менш, пасьля адмовы «Нёману» ад павышэньня ў лютым 2014 году менчукі ўсё ж такі атрымалі магчымасьць выступіць у Першай лізе[2]. У сакавіку 2014 году «Зорка-БДУ» афіцыйна атрымала месца ў другім па ��анзе дывізіёне[3].
У сэзоне 2014 году склад каманды амаль не зьмяніўся ў параўнаньні з папярэднім. Стаўка рабілася на ўласных маладых выхаванцаў. Калі не лічыць капітана каманды, дасьведчанага Валерыя Апанаса, то ўзрост гульцоў не пераўзыходзіў 27 гадоў, а пасьля зыходу ўлетку 2014 году з каманды лідэраў, Сяргея Русецкага і Аляксея Хадневіча, якія адправіліся ў магілеўскі «Дняпро», увогуле 23 гадоў. Доўгі час каманда знаходзілася ўнізе турнірнай табліцы. Але, набраўшыся вопыту, маладыя гульцы бліжэй да канцу чэмпіянату сталі набіраць усё больш пунктаў, і ў выніку каманда скончыла сэзон на 9 месцы. Пры гэтым, паводле колькасьці забітых галоў (50 у 30 турах) «Зорка-БДУ» апынулася на другім месцы ў лізе пасьля мазырскай «Славіі».
На сэзон 2015 году ў каманду зноўку вярнуліся Сяргей Русецкі і Аляксей Хадневіч. Таксама, клюб дапоўнілі дасьведчаныя гульцы Аляксандар Быліна, які выступаў за клюб яшчэ ў часы знаходжаньня «Зоркі-БДУ» ў Найвышэйшай лізе, і найлепшы бамбардзір у гісторыі Першай лігі Юры Мархель, які таксама раней выступаў за менскі клюб. Дзякуючы такому ўзмацненьню «Зорка-БДУ» на старце сэзону разглядаецца спэцыялістамі як адзін з асноўных прэтэндэнтаў на падвышэньне ў клясе[4]. Новы сэзон каманда пачала зь перамогі на родным стадыёне РЦАП-БДУ над клюбам «Баранавічы» зь лікам 4:2.
Перад пачаткам сэзону 2017 году назва «Зорка»-БДУ была зьмененая на «Энэргетык»-БДУ[5]. Пасьля няўдалага пачатку каманда стала набіраць пункты, першую палову чэмпіянату «Энэргетык-БДУ» скончыў на пятым месцы. Пазьней справы пайшлі горш, і клуб апусьціўся ў сярэдзіну табліцы, аднак пасьпяховы фініш дазволіў атрымаць выніковы шосты радок.
У сэзоне 2018 году каманда працягвала рабіць стаўку на ўласных выхаванцаў, хоць некаторыя зь іх і былі запрошаныя ў клюбы Найвышэйшай лігі. З самага пачатку турніру «Энэргетык-БДУ» ўпэўнена ішоў па дыстанцыі і месьціўся сярод лідэраў. Барацьба з мазырскай «Славіяй» і бабруйскай «Белшынай» скончылася для сталічнага клюбу другім месцам і вяртаньнем у Найвышэйшую лігу праз трынаццаць гадоў. Перад пачаткам сэзону ў Найвышэйшай лізе «Энэргетык-БДУ» захаваў асноўных гульцоў, запрасіўшы таксама шэраг маладых футбалістаў, а таксама легіянэраў. Каманда гуляла ў атакуючы футбол, забівала шмат галоў, аднак пры гэтым яшчэ больш прапускала. Доўгі час «Энэргетык-БДУ» знаходзіўся ў канцы табліцы, змагаючыся за захаваньне месца ў элітным дывізіёне, аднак пасьпяховы фініш дазволіў камандзе заняць выніковае дванаццатае месца. Нападнік «Энэргетыка-БДУ» Ільля Шкурын зь дзевятнаццаццю галамі стаў найлепшым бамбардзірам лігі. Паколькі стадыён РЦАП-БДУ не падыходзіў, то свае матчы дружына ладзіла на гарадзкім стадыёне ў Маладэчне. Каманда добра пачала сэзон, ішла сярод лідэраў турніру. Летам каманду пакінулі лідэры, Жасурбэк Яхшыбоеў і Дэйвід Твэ, якія перайшлі ў салігорскі «Шахцёр» і берасьцейскае «Дынама» адпаведна. У другой палове сэзону «Энэргетык-БДУ» стаў часьцей атрымліваць паразы, у выніку трапіў у сярэдзіну табліцы і скончыў сэзон на 10-м месцы, якое тым ня менш стала найлепшым у гісторыі.
У сьнежні 2020 году памёр заснавальнік і нязьменны кіраўнік клюбу Ўладзімер Пігулеўскі. У сэзоне 2021 году каманда працягвала рабіць стаўку на іншаземных (пераважна ўзбэцкіх і афрыканскіх), а таксама маладых беларускіх гульцоў. З траўня хатнія матчы клюб праводзіў на гарадзкім стадыёне ў Барысаве. Большую частку сэзону «Энэргетык-БДУ» знаходзіўся ў ніжняй палове табліцы, у канцы нават трапляў у зону вылету, але скончыў сэзон на 13-м месцы. У пачатку 2022 году клюб пакінулі лідэры, якіх замянілі маладыя выканаўцы, таксама былі запрошаныя футбалісты з Узбэкістану. У лютым клюб пакінуў галоўны трэнэр Уладзімер Бяляўскі, на ягонае месца заступіў Павал Раднёнак, але пры гэтым фактычна падчас матчаў гульнёй кіраваў Аляксандар Паўлаў, а агулам за трэніравальным працэсам працягваў наглядаць Анатоль Юрэвіч. У чэмпіянаце клюб выступаў пасьпяхова і хутка стаў аднім зь лідэраў, да канца сэзона змагаючыся за першы радок. У выніку «Энэргетык-БДУ» сэнсацыйна здабыў срэбраныя мэдалі, а нападнік клюбу Бабур Абдыхалікаў з 26 галамі стаў найлепшым бамбардзірам чэмпіянату.
У пачатку 2023 году клюб пакінула значная колькасьць гульцоў, якія былі лідэрамі каманды ў мінулым годзе. Яны перайшлі ў больш статусныя клюбы. Сэзон каманда пачала няўпэўнена і хутка апынулася ў ніжняй палове табліцы. 11 траўня 2023 году Камітэт кантрольна-дысцыплінарных і этычных пытаньняў Беларускай фэдэрацыі футболу пазбавіў футбольны клюб «Энэргетык-БДУ» срэбраных мэдалёў. На падставе зьвестак Сьледчага камітэту Беларусі і апытаньня 20 асобаў выявілі ладжаньне кіраўніцтвам салігорскага клюбу «Шахцёр» дамоўных гульняў у ходзе першынства Беларусі 2022 году на падставе подкупу каманды «Энэргетык-БДУ» ў Найвышэйшай лізе. За гэта «Энэргетык-БДУ» і «Шахцёр» таксама адхілілі ад удзелу ў эўрапейскіх кубкавых турнірах 2023—2024 гадоў[6].
Клюб страціў на вырак 20 пунктаў у чэмпіянаце 2023 года і 10 пунктаў у чэмпіянаце 2024 году, а таксама атрымаў грашовы штраф. У дадатак дыскваліфікацыі і штрафы таксама атрымалі прадстаўнікі клюбу, як то Анатоль Юрэвіч і Арам Абд-аль-Маджыд[7]. 22 траўня 2023 году «Энэргетык-БДУ» быў пазбаўлены яшчэ 3 пунктаў у чэмпіянаце 2023 году[8]. У выніку штрафаў каманда апынулася ў канцы табліцы, дзе змагалася зь іншымі аштрафаванымі клюбамі — салігорскім «Шахцёрам» і бабруйскай «Белшынай». Прапусьціўшы наперад «Шахцёр», сталічны клюб пэўны час знаходзіўся на апошнім радку, і толькі перамога ў апошнім туры дазволіла «Энэргетыку-БДУ» абысьці «Белшыну» і заняць перадапошняе месца. Пасьля паразы ў стыкавых матчах ад «Віцебска» каманда апусьцілася ў Першую лігу.
Склад
рэдагаваць- Актуальны на 11 жніўня 2024 году
|
|
Статыстыка
рэдагавацьСэзон | Ліга | Месца | Г | В | Н | П | РМ | Пкт | Кубак |
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
2012 | Другая | 7 | 36 | 18 | 4 | 14 | 54–41 | 58 | 1/16 |
2013 | Другая | 3 | 24 | 14 | 7 | 3 | 45–16 | 49 | 1/16 |
2014 | Першая | 9 | 30 | 12 | 4 | 14 | 50–48 | 40 | 1/8 |
2015 | Першая | 10 | 30 | 10 | 10 | 10 | 47–47 | 40 | 1/32 |
2016 | Першая | 10 | 26 | 9 | 6 | 11 | 33–41 | 33 | 1/16 |
2017 | Першая | 6 | 30 | 12 | 8 | 10 | 39–30 | 44 | 1/32 |
2018 | Першая | 2 ▲ | 28 | 21 | 4 | 3 | 69–24 | 67 | 1/16 |
2019 | Найвышэйшая | 12 | 30 | 8 | 9 | 13 | 52–66 | 33 | 1/8 |
2020 | Найвышэйшая | 10 | 30 | 11 | 5 | 14 | 43–46 | 38 | 1/8 |
2021 | Найвышэйшая | 13 | 30 | 8 | 9 | 13 | 35–42 | 33 | 1/8 |
2022 | Найвышэйшая | — | 30 | 18 | 6 | 6 | 50–27 | 60 | 1/8 |
2023 | Найвышэйшая | 14 ▼ | 28 | 7 | 6 | 15 | 25–42 | 4 | 1/16 |
Галоўныя трэнэры
рэдагаваць- Павал Раднёнак (з 2022 году)[9]
- Уладзімер Бяляўскі (2019—2022)[10]
- Анатоль Юрэвіч (2018)[11]
- Уладзімер Бяляўскі (2017)[12]
- Анатоль Шкляр (да 2016 году)
Крыніцы
рэдагаваць- ^ https://www.pressball.by/news/football/441643
- ^ «Звезда-БГУ» может выступить в первой лиге в сезоне-2014. By.Tribuna.com (рас.)
- ^ Всем 16 командам первой лиги сегодня были выданы лицензии для участия в чемпионате Беларуси. Football.by (рас.)
- ^ Второй вагон. Анонс старта Первой лиги. Offside.by (рас.)
- ^ «Звезда-БГУ» переименована в «Энергетик-БГУ» (рас.)
- ^ «Шахцёр» і «Энэргетык-БДУ» адхілены ад удзелу ў эўракубкавых турнірах // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 11 траўня 2023 г. Праверана 12 траўня 2023 г.
- ^ Официально. АБФФ (2023-05-11).
- ^ Заседание Комитета по клубному лицензированию АБФФ. Итоги. АБФФ (2023-05-22).
- ^ «Прессбол» №25 (4246), 29 сакавіка 2019
- ^ «Прессбол» №25 (4246), 29 сакавіка 2019
- ^ «Прессбол» №26 (4145), 6 красавіка 2018
- ^ Владимир Белявский сменил Анатолия Шкляра на посту наставника «Звезды-БГУ» (рас.)
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Афіцыйны сайт (рас.)
- Сайт РЦАП-БДУ (рас.)
- Інфармацыя пра каманду на football.by (рас.)