Гаштольды
Ґаштольды (Гаштаўты)[2] — шляхецкі род гербу «Габданк», адзін з найбольш знатных і багатых у Вялікім Княстве Літоўскім. Галоўная рэзыдэнцыя — Геранёнскі замак.
Гаштольды лац. Gaštoldy[1] | |
Герб «Габданк» | |
Краіна паходжаньня | Вялікае Княства Літоўскае |
---|
Прозьвішча
рэдагавацьГасьцівалд, пазьней Гастальд або Гаштальд (Gastivald, Gastaldius[3], Gastold[4]) — імя германскага паходжаньня[5]. Іменная аснова -гаст- (-каст-, -гест-) (імёны ліцьвінаў Гасьціла, Гестар, Каштарт; германскія імёны Gastila, Gaster, Kastert) паходзіць ад гоцкага і германскага gasts 'госьць, вандроўнік', а аснова -валд- (-алд, -олт) (імёны ліцьвінаў Геральт, Левалт, Рамвольт; германскія імёны Gerwald, Lewolt, Romuald) — ад гоцкага і германскага waldan 'валодаць, гаспадарыць' або wulþus 'слава, мажнасьць'[6].
Адпаведнасьць імя Гастаўт (Гайстаўт) германскаму імю Gastaldius сьцьвердзіў францускі лінгвіст-германіст Раймонд Шмітляйн, які на падставе шматгадовых дасьледаваньняў прыйшоў да высноваў пра германскае паходжаньне літоўскіх уласных імёнаў[3][7]. Германскае паходжаньне імя Гаштольд (Gasztołt, Gastoldus, Gastawdus, Gastowdus) таксама сьцьвярджае этымалягічны слоўнік старапольскіх асабовых імёнаў, выдадзены Польскай акадэміяй навук[4].
Гісторыя
рэдагавацьХроніка Быхаўца прыпісвае Гаштольдам адно паходжаньне зь іх галоўнымі супернікамі — Радзівіламі. Назва роду ўтварылася ад імя ягонага пачынальніка, Гедымінава ваяводы Гаштольда, якога забілі на вайне зь мечаносцамі ў 1364 годзе. Ягоны сын Андрэй ў 1387 годзе быў старостам віленскім і крэўскім, унук Ян Гаштольд (памёр у 1458 годзе) намесьнічаў у 1436 годзе ў Смаленску, а з 1443 году — у Вільні.
У Яна Гаштольда былі дачка Марыя, якая была ў шлюбе з князем кіеўскім Сямёнам Алелькавічам, і сын Марцін Гаштольд (1428—1483), ваявода кіеўскі і троцкі, які ад шлюбу зь дзьвюма князёўнамі Гальшанскімі прыжыў двух дзяцей: ад першага — сына Альбрэхта, ад другога — дачку Лізавету, выдадзеную ў 1492 годзе замуж за Яна Мікалая Радзівіла — пачынальніка старэйшай галіны Радзівілаў.
Альбэрт Гаштольд (Альбрэхт Гаштольд; памёр 1539) быў ваяводам віленскім і канцлерам вялікім літоўскім. Ён атрымаў ад вялікага князя Жыгімонта Старога дазвол ужываць на пячатках чырвоны воск замест зялёнага, што дазвалялася толькі асобам панавальнага дому, і ажаніўся з Соф'яй, дачкой князя Васіля Вярэйскага, які ўцёк у Літву. Яе маці была грачанка Марыя — пляменьніца Соф'і Палеолаг.
Іх сын Станіслаў Гаштольд (каля 1507—1542), у жылах якога, відаць, цякла кроў бізантыйскіх імпэратараў, ня меў дзяцей ад шлюбу з Барбарай Радзівіл. Апошняя па яго сьмерці выйшла за вялікага князя Жыгімонта Аўгуста, і гэтым шлюбам прынесла ў дзяржаўны скарб прыналежныя Гаштольдам валадарствы.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Ґаштольд = Gaštold(недаступная спасылка) // Слоўнік беларускай мовы (клясычны правапіс) / Уклад. калектыў супрацоўнікаў выдавецтва «Наша Ніва». — Наша Ніва, 2001.
- ^ Пазднякоў В. Гаштольды // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 518.
- ^ а б Schmittlein R. Toponymes finnois et germaniques en Lituanie // Revue internationale d’onomastique. Nr. 2, 1948. P. 103.
- ^ а б Słownik etymologiczno-motywacyjny staropolskich nazw osobowych. T. 7: Suplement. Rozwiązanie licznych zagadek staropolskiej antroponimii. — Kraków, 2002. S. 24.
- ^ Förstemann E. W. Altdeutsches Namenbuch. Bd. 1: Personennamen. — Bonn, 1900. S. 605.
- ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 17.
- ^ Schmittlein R. Les noms d’eau de la Lituanie (suite) // Revue internationale d’onomastique. Nr. 2, 1964. P. 82.
Літаратура
рэдагаваць- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — 684 с. — ISBN 985-11-0314-4
- Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. Аўтарскае выданне. — Менск, 2019. — 459 с. — (сьціслая вэрсія кнігі: Вытокі Вялікае Літвы. — Менск, 2021. — 89 с.)
- Казлоўскі С. Гаштовты — уладальнікі Ліпнішок. Нарыс гісторыі аднаго роду / Сяргей Казлоўскі // Ліпнішкі — 500 гадоў гісторыі (1510—2010 гг.): Рэгіянальная навуковая канферэнцыя, прысвечаная 500-годдзю Ліпнішкаўскай парафіі і 400-годдзю надання мястэчку Магдэбурскага права. / пад рэд. А. Гецэвіча. — Горадня, 2010. — С. 14-19.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. — Т. 2: Беліцк — Гімн. — 537 с. — ISBN 5-85700-142-0