Віленска-Радамская унія

дзяржаўная і палітычная дамова ВКЛ і Польскага каралеўства

Ві́ленска-Ра́дамская у́нія — дзяржаўная і палітычная дамова ВКЛ і Польскага каралеўства, заключаная ў Вільні і ратыфікаваная Кароннай Радай у Радаме ў 1401 годзе. Па ўмовах уніі ВКЛ заставалася самастойнай дзяржавай у саюзе з Польшчай. Пажыцьцёва перадавала кіраўніцтва ВКЛ вялікаму князю Вітаўт з захаваньнем вярхоўнай улады Ягайлы. Пасьля сьмерці Вітаўта ўлада пераходзіла да Ягайлы ці ягоных законных нашчадкаў.

Віленска-Радамская унія
ВКЛ і Польшча ў 1386—1434 гг.
ВКЛ і Польшча ў 1386—1434 гг.
Падпісаная 1401
 ·  месца Радам (Польшча)
Бакі Вялікае Княства Літоўскае
Польскае Каралеўства

Унія ацэньваецца як узмацненьне літоўска-польскіх стасункаў[1].

Перадумовы

рэдагаваць

У 1399 годзе падчас родаў памерла каралева польская Ядзьвіга, не пакінуўшы Ягайлу нашчадкаў[2]. Калі б польскія шляхцічы прымусілі Ягайлу адмовіцца ад трону, яму б давялося спрабаваць вярнуць сабе княскую пасаду ў Вялікім Княстве Літоўскім. Вітаўт, у сваю чаргу, мусіў бы ці вярнуцца ў Троцкае княства, ці распачаць чарговую грамадзянскую вайну[3].

На сходзе ў 1398 годзе літоўскія і рускія князі ды баяры абвясьцілі Вітаўта самастойным кіраўніком дзяржавы, якая стала называцца Вялікае Княства Літоўскае, Рускае і Жамайцкае. Аднак у наступным годзе Вітаўт пацярпеў трагічную паразу ад татараў на Ворскле[4]. Акрамя таго, выбухнулі паўстаньні ў Смаленскім княстве, Ноўгарадзкай і Пскоўскай рэспубліках[5]. Гэтыя чыньнікі таксама прымушалі яго да заключэньня пагадненьня зь Ягайлам.

Заключэньне

рэдагаваць

Перамовы пачаліся ў сьнежні 1400 году ў Горадні. Унія была падпісаная ў трох асобніках: першы акт падпісаны Ягайлам (арыгінал не захаваўся), другі Вітаўтам і літоўскай шляхтай (18 студзеня 1401 году ў Вільні). Віленскую дамову 11 сакавіка 1401 году пацьвердзіла каронная рада ў Радаме[2], прызнаючы пажыцьцёвы тытул вялікага князя літоўскага за Вітаўтам.

Вялікі князь Вітаўт прызнаваў уладу Ягайлы (які атрымаў тытул найвышэйшага князя Літвы, што падкрэсьлівала яго верхавенства) і абавязваўся разам зь літоўскімі баярамі далучыць Літву да Каралеўства Польскага. Літоўская і польская шляхта дамовіліся не абіраць новага польскага караля бяз згоды абодвух бакоў[6]. На момант падпісаньня вуніі ні Вітаўт, ні Ягайла ня мелі нашчадкаў, аднак кожны спадзяваўся, што ягонаму будучаму сыну дастанецца ў спадчыну Вялікае Княства і Карона[7].

Значэньне і наступствы

рэдагаваць

Беручы пад увагу сьмерць каралевы Ядзьвігі ў 1399 і брак патомства ад яе шлюбу зь Ягайлай, літоўскія баяры атрымалі магчымасьць у выпадку сьмерці караля супольна з польскімі панамі абіраць новага манарха.

Бакі дамовіліся пра супольны саюз для ўзаемнай абароны, што дазволіла Вітаўту зладзіць наступ супраць крыжакоў і ініцыяваць першае жамойцкае паўстаньне[4]. У канчатковым выніку супольныя дзеяньні літоўска-польскага хаўрусу дазволілі атрымаць вырашальную перамогу над Тэўтонскім Ордэнам у Грунвальдзкай бітве.

Падпісаньне дамову па-рознаму трактуецца летувіскімі і польскімі гісторыкамі. Некаторыя называюць гэта Вітаўтавай памылкай, бо гэта пазбавіла яго магчымасьці атрымаць тытул караля Літвы[2]. Іншыя сьцьвярджаюць, што гэта была саступка Польшчы, пляны якой пра інкарпарацыю Вялікага Княства ў яе склад праваліліся[2]. Больш позьнія дасьледваньні не надаюць асаблівай значнасьці пагадненьню, называючы яго звычайнай мадыфікацыяй літоўска-польскіх стасункаў, паўсталых у 1392 годзе[2].

Крыніцы і заўвагі

рэдагаваць
  1. ^ Jean W. Sedlar [1] = East Central Europe in the Middle Ages, 1000–1500. — University of Washington Press, 1994. — Т. 3. — С. 388. — (History of East Central Europe). — ISBN 0295972904 (анг.)
  2. ^ а б в г д Zigmantas Kiaupa, Jūratė Kiaupienė, Albinas Kunevičius = The History of Lithuania Before 1795. — English. — Vilnius: Lithuanian Institute of History, 2000. — С. 135–137. — ISBN 9986-810-13-2 (анг.)
  3. ^ Jozefas Pficneris = Didysis Lietuvos kunigaikštis Vytautas kaip politikas. — Vilnius: Mintis, 1989. — С. 153–154. — ISBN 5-417-02852-5 (лет.)
  4. ^ а б Daniel Stone [2] = The Polish–Lithuanian State, 1386–1795. — University of Washington Press. — 2001. — С. 10–11. — (A History of East Central Europe). — ISBN 0-295-98093-1 (анг.)
  5. ^ Zenonas Ivinskis = Lietuvos istorija iki Vytauto Didžiojo mirties. — Rome: Lietuvių katalikų mokslo akademija, 1978. — С. 319. (лет.)
  6. ^ Rimvydas Petrauskas, Jūratė Kiaupienė Гісторыя Літвы = Lietuvos istorija. Nauji horizontai: dinastija, visoumenė, valstybė. — Baltos lankos, 2009. — Т. IV. — С. 357–358. — ISBN 978-9955-23-239-1 (лет.)
  7. ^ Jerzy Lukowski, Hubert Zawadzki [3] = A Concise History of Poland. — Cambridge University Press, 2006. — С. 44. — ISBN 052185332X (анг.)

Літаратура

рэдагаваць
  • Бардах Ю., Леснодорский Б., Пиетрчак М. История гос-ва и права Польши. — М.: 1980.
  • Sebastian Piątkowski = Radom - zarys dziejów miasta. — Radom: 2000. — ISBN 83-914912-0-X