Варацец
Вараце́ц[1] — былая вёска ў Стралічаўскім сельсавеце Хвойніцкага раёну Гомельскай вобласьці.
Варацец | |
трансьліт. Varaciec | |
Дата заснаваньня: | перад 1581 годам |
Краіна: | Беларусь |
Вобласьць: | Гомельская |
Раён: | Хвойніцкі |
Сельсавет: | Стралічаўскі |
Часавы пас: | UTC+3 |
Тэлефонны код: | +375 2346 |
СААТА: | 3254848016 |
Нумарны знак: | 3 |
Геаграфічныя каардынаты: | 51°45′55″ пн. ш. 30°3′2″ у. д. / 51.76528° пн. ш. 30.05056° у. д.Каардынаты: 51°45′55″ пн. ш. 30°3′2″ у. д. / 51.76528° пн. ш. 30.05056° у. д. |
± Варацец |
Гісторыя
рэдаг��вацьКарона Каралеўства Польскага
рэдагавацьВёска Варацец ці не ўпершыню згаданая ў дакумэнце, датаваным 13-м сакавіка 1581 году[a]. У ім паведамляецца, што пан земскі пісар кіеўскі Дзьмітры Ялец надзелены паўнамоцтвамі ў справе разьмежаваньня добраў пана падкаморага кіеўскага Шчаснага Харлінскага Астраглядавічаў, Плоскага, Варатца з Брагінскімі ўладаньнямі князя Міхаіла Вішнявецкага, кашталяна брацлаўскага, а таксама княгіні-ўдавы Аляксандравай Вішнявецкай і яе дзяцей [3]. Адміністрацыйна на тыя часы Варацец належаў да Кіеўскага ваяводзтва Кароны Польскай.
12 чэрвеня 1591 года, на зварот Ш. Харлінскага, выдадзена судовая пастанова аб вяртаньні грунтоў яго Астраглядавіцкіх добраў (у т. л. Варатца), далучаных да замку і места Брагінскіх князёў Аляксандра, старосты чаркаскага і канеўскага, Міхала і Юрыя Вішнявецкіх. У той жа дзень Вішнявецкія заявілі ў Кіеўскім земскім судзе «o nieprawny tej sprawy rozsądek». 18 траўня 1595 года абодва бакі ўлагоджвалі справу аб вяртаньні названых грунтоў Астраглядаўскага маёнтку, але тут ужо і князі Вішнявецкія дамагаліся вяртаньня іх Брагінскіх добраў грунтоў вёсак Глухавічы, Хатуча, Бабчын, Губарэвічы і паловы грунту Варатца[b]. 7-м чэрвеня 1623 году пазначаны судовы дэкрэт, у якім удава Гальшка Харлінская абвінавачвала паноў Станіслава, Юрыя і астатніх Харлінскіх, родных братоў і сваякоў мужа Мікалая, за гвалтоўны наезд на замак і вёску Астраглядавічы, мястэчка Новы Харленж (Хвойнікі), вёскі Хвойнікі, Вялікі Бор, Гарошкаў, Рашаў, Карчовае, Лаханію, Стралічаў, Паселічы, Малішаў, Варацец [c][4]. У 1627 годзе пані Гальшка (Гэлена) Харлінская склала тэстамэнт, паводле якога добра Астраглядавічы пераходзілі да ваяводзіча смаленскага Мікалая Абрагамовіча (Абрамовіча)[5], жанатага зь яе дачкой Евай.
8 ліпеня 1631 года запісам у актах Кіеўскага земскага суда[d] нарэшце засьведчана пагадненьне на саступку часткі Астраглядаўскіх добраў Шчасным, сынам Станіслава, Харлінскім пану Лукашу Мадлішэўскаму, мужу ўдавы Гальшкі, за суму ў 60 000 польскіх злотых. У пераліку вёсак названы і Варацец[6].
28 чэрвеня 1687 года хутар Варацец (Worotec) названы ў справе Оўруцкага гродзкага суда сярод паселішчаў часткі Брагінскага маёнтку[e] ваяводзіча бэлзскага, каралеўскага палкоўніка Яна Канецпольскага, зруйнаваных працяглым (ад лістапада 1686 г. да самых świątek zielonych) пастоем рэестравых казакоў запарозскага палкоўніка Паўла Апостала Шчуроўскага. У 5 дварах (×6 — каля 30 жыхароў) тут разьмясьціліся 12 казакоў і ажно 18 коней. Хутарцы мусілі справіць 2 вазы, кожны з хамутом, раменнай шляёй, касой, сякерай, рыдлёўкай, біклагай, мазьніцай з двума гарцамі дзёгцю, на 20 злотых, зь іх выбралі здору на 8 зл., гарэлкі на 15 зл., на порах 5 зл., за 5 пар хустаў палатна на ўладкаваньне паходных шатроў, соль 12 злотых, легуміны 12 вёдраў, 286 вёдраў аўса, 5 баранаў, 4 кабаноў (wieprzow), 12 падсьвінкаў, 90 кур; яшчэ і палкоўніку далі 10 злотых[7].
У 1698 годзе, калі маёнткам Хвойнікі князя Дамініка Шуйскага[g] пачаў кіраваць пан Зыгмунт Шукшта, 4 гаспадары зь вёскі Варацец урочнікі Даніла Кот, Іван Кот з сынам, Дзешка Гапановіч і Іван Розак[h] плацілі па 4 злотыя, 15 грошаў чыншу і па паўбельца даніны мядовай. У 1716 годзе, згодна з рэвізіяй маёнтку, праведзенай пасьля кіраваньня З. Шукшты, Майсей Кот, Максім Розак, Дзешка Гапоненка, Майсей[i] Кот плацілі кожны тыя самыя 4 зл., 15 грошаў, паўбельца мёду, а першы зь іх за пусты грунт і яшчэ 6 гр. У 1721 годзе, калі пасьля няўдалай пасэсіі біскупа Юзафата Парышэвіча, плябана астраглядавіцкага, Хвойніцкі маёнтак прыняты быў князем Мікалаем, сынам Дамініка, Шуйскім, гаспадары з Варатца Даніла Харошка (Charaszko) з братам плацілі 11 зл. чыншу, паўбел��ца мёду, разнастайнае дзякла жытам, грэчкай і інш., Максім Розак, Лаўрын Кот, Максім Дзешка з братам[j] плацілі кожны па 5 зл, паўбельца мёду і дзякла[8].
16 студзеня 1722 года ў Астраглядах брагінскія падданыя склалі прысягу аб невыдраньні пчол падданых вёскі Варацец, а былы адміністратар Хвойніцкага маёнтку пан Зыгмунт Шукшта засьведчыў, што канфлікт такім чынам улагоджаны. 10 ліпеня 1728 года ў Астраглядах хвойніцкі адміністратар пан Паўлоўскі і брагінскі пан Ансэвіч склалі пагадненьне паміж падданымі вёскі Варацец князя Мікалая Шуйскага, харунжыча берасьцейскага, і падданымі вёсак Бабчын і Рудыя пана Аляксандра Антонія Бандынэлі, дорпацкага падкаморага, адносна мяжы ўгодзьдзяў і прыналежнасьці тамтэйшага бору[k]. Нарэшце, 12 жніўня 1735 года бакі дамовіліся, што бор належыць да Варатца, г. зн. да добраў Хвойніцкіх альбо Астраглядавіцкіх. Брагінскія падданыя абавязаліся да яго «nigdy... nie wdzieraćsię», а калі хто ўгоду парушыць, то мусіць заплаціць штрафу 30 коп грошаў. Тэма парушэньняў, аднак, узьнімалася і ў кастрычніку 1740 г.[10]
У «Тарыфе падымнага падатку Оўруцкага павету 1734 г.» адзін Варацец названы ў складзе Хвойніцкага маёнтку пана берасьцейскага харунжага Ігнацыя Шуйскага, а другі — у палове Брагінскіх добраў, якую дагэтуль шмат гадоў трымаў у заставе ад паноў Канецпольскіх Аляксандар Бандынэлі[12], спачыўшы ў 1733 годзе. Вядома, што князь Міхал Сэрвацы Вішнявецкі менавіта ў тым жа 1733 годзе ці не ўпершыню падпісаўся, акрамя іншага, «графам на Брагіне»[13], а значыць надалей і вёска Варацец належала яму. У самым пачатку 1749 году Брагінская фартуна дасталася дачцэ князя пані Эльжбэце Замойскай, а потым яе дачцэ Катарыне Мнішак[l].
У 1754 годзе з 7 двароў (каля 42 жыхароў) хутара Варацец хвойніцкага выплачваліся «do grodu» (Оўруцкага замку) 1 злоты і паўтары грошы, «na milicję» (на вайсковыя патрэбы павету і ваяводзтва) 4 зл. і 6 гр., з 9 двароў хутара Варацец брагінскага адпаведна – 1 злоты, 10 з паловай грошаў і 5 зл., 12 гр.[14]. У тым жа 1754 г. Брагінскае графства была куплена ў княгіні Эльжбэты Вішнявецкай Міхалавай Замойскай за 550 000 злотых панам Францішкам Антоніем, сынам Мікалая, Ракіцкім, войскім ашмянскім (†1759).
24 лістапада 1768 года пасэсар князь Войцех Шуйскі, староста ніжынскі, падаў у Оўруцкі гродзкі суд пратэст з нагоды насланьня панам Міхалам Ракіцкім, рэгентам ВКЛ, людей сваіх зь вёсак Рудыя і Варацец на чале з аміністратарам Брагінскага маёнтку на грунты дзедзічныя хвойніцкія ды ўчыненьня розных гвалтаў. У іншым дакумэнце,пададзеным ад імя князя Адама Шуйскага, старосты загальскага, сказана, што пацярпелі вёска Варацец і яе ўгодзьдзі[15]. У тым жа 1768 г., згодна з адпаведным інвэнтаром, складзены рэестар пабору Астраглядаўскага ключа. Гаспадары з хутара Варацец Якім Кот, Хведар Карніенка, Гаўрыла Кот, Павал Майсіенка плацілі па 20 злотых чыншу і па 10 штук яек. Той жа памер чыншу заставаўся і ў 1770 годзе, яйкі не зьбіралі, але дадалася даніна мядовая. Хв. Карніенка даваў 1 белец, астатнія хутарцы – па 5 квартаў[16].
Хутар Варацец зь яго ўгодзьдзямі згаданы ў эксплікацыі да мапы Брагінскага графства, датаванай 27 днём жніўня 1783 года.
Расейская імпэрыя
рэдагавацьПасьля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Варацец — у межах Рэчыцкай акругі Чарнігаўскага намесьніцтва (губэрні), з 1796 года ў складзе тэрытарыяльна ўпарадкаванага Рэчыцкага павету Маларасейскай, а з 29 жніўня 1797 года Менскай губэрні Расейскай імпэрыі[17]. Паводле расейскай рэвізіі 1795 года 9 двароў вёскі Варацец з 33 душамі мужчынскага і 40 жаночага полу сялянаў трымаў у трохгадовай «арэнднай пасэсіі» ад дзедзічнай іх уладальніцы пані Людвікі з князёў Шуйскіх Прозаравай шамбэлян Ян Ястржэмбскі[18].
Згодна зь сялянскай рэвізіяй 1811 года, у 9 дварах[m] хутара Варацец пані Людвікі, жонкі абознага Караля, Прозаравай было 32 душы «мужеска пола»[19]. У шляхецкай рэвізіі 1811 г. паведамляецца, што фальварак Рудакоў зь вёскамі Рудакоў, Рудыя, Чахі, Варацец зь іх 200 душамі прыгонных мужчынскага полу трымаў у шасьцігадовай арэндзе ад дзедзічнага ўладальніка графа Людвіка Ракіцкага[n], менскага губэрнскага маршалка, пан Марцэлін Вешэнеўскі[20]. Як засьведчыў Аляксандар Ельскі, у 1816 годзе, паводле сямейнага пагадненьня, вёска Рудакоў з рэзыдэнцыяй і вёскі Чахі, Рудыя, Варацец дасталіся Уладыславу, сыну Ігнацыя, Аскерку, падкамораму рэчыцкаму[21]. У 1834 годзе гаспадыняй Рудакоўскіх добраў была ўдава Уладыслава пані Ядвіга з Гечэвічаў Аскерчына, якую настаяцель Бабчынскай Крыжаўзьдзьвіжанскай прыходзкай царквы І. Нямшэвіч у мэтрычных запісах хросту дзяцей сялян з Мокіша, Бабчына, Варатца, Рудакова чамусьці называў Еўдакіяй[22]. Паводле рэвізіі Хвойніцкага маёнтку, вынікі якой падсумаваныя 18 красавіка 1834 г., у 10 дварах вёскі Варацец налічвалася 24 асобы мужчынскага і 30 асобаў жаночага полу[23]. З інвэнтароў 1844 года вынікае, што адзін Варацец з 12 дварамі ў складзе фальварку[o] і маёнтку Рудакоў быў спадчынай непаўналетніх Гэнрыка Юстына, Аляксандра Юстыніяна і Зофіі Марцэлы Аскеркаў, але знаходзіўся ў арэндзе ў Міхаіла Ігнатавіча Быкава[24], другі Варацец з 10 дварамі ў фальварку Астраглядаўскім маёнтку Хвойнікі належаў пану Уладыславу Прозару[25].
На 1850 год у рудакоўскім Варатцы было 15 двароў, 102 жыхары, у хвойніцкім — 10 двароў, 53 жыхары[2]. У «Списках населённых мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.» засьведчана, што 52 жыхары абодвух полаў вёскі Варацец, якая належала да Хвойніцкага маёнтку паноў Прозараў, зьяўляліся прыхаджанамі Астраглядавіцкай Сьвята-Троіцкай царквы, 85 жыхароў Варатца, прыналежнага да Рудакоўскага маёнтку паноў Аскеркаў, былі вернымі Бабчынскай Крыжаўзьдзьвіжанскай царквы, 10 мужчын і 11 жанчын з Варатца належалі да парафіі Астраглядавіцкага касьцёлу Ўнебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі[26]. З рэвізіі 1858 г. вядома, што ў 12 дварах вёскі Варацец пана Ўладыслава, сына Караля, Прозара было 30 душ сялян мужчынскага і 30 душ жаночага полу. Прозьвішчы жыхароў: Данчанка, Карнеенка, Кот, Сідарэнка, Сяменчанка, Сак[p], Жаўняк, Шаціла[q][28]. У 13 дварах Варатца паноў Аскеркаў налічвалася 49 душ сялян мужчынскага і 48 душ жаночага полу. Прозьвішчы: Прыходзька, Курыленка (прозьвішча-лідар), Прымак, Клапаток, Даніленка, Крот[29].
У парэформавы пэрыяд Варатцы адміністрацыйна належалі да Мікуліцкай воласьці. На пачатак 1870 года паведамляецца пра 49 мужчын-гаспадароў у былой аскеркаўскай, 32 гаспадароў у былой прозараўскай вёсках зь ліку сялян уласьнікаў, прыпісаных да Варацецкага сельскага таварыства[30]. Згодна са зьвесткамі на 1876 і 1879 гады, жыхары Варатцоў у большасьці заставаліся ў прыходах Бабчынскай і Астраглядавіцкай цэркваў[31].
Згодна зь перапісам 1897 года, у былым рудакоўскім і былым хвойніцкім Варатцах налічвалася адпаведна 27 двароў з 179 жыхарамі і 17 двароў з 149 жыхарамі[2]. На 1909 год у вёсках было 68 двароў, 210 жыхароў і 40 двароў, 173 жыхары[32].
Найноўшы час
рэдагаваць9 лютага 1918 года, яшчэ да падпісаньня Берасьцейскага міру з бальшавіцкай Расеяй (3 сакавіка), Нямеччына перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Варацец у складзе Мікуліцкай воласьці Рэчыцкага павету, аднак, апынулася ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губэрні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 траўня тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гэтмана Паўла Скарападзкага[33].
1 студзеня 1919 г., згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі, Рэчыцкі павет увайшоў у склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, але 16 студзеня разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі быў далучаны да РСФСР.
Пасьля другога ўзбуйненьня БССР, з 8 сьнежня 1926 года Варацец — цэнтар сельсавету Хвойніцкага раёну Рэчыцкай, з 9 чэрвеня 1927 году Гомельскай акругі. 30 сьнежня 1927 года сельсавет скасаваны, тэрыторыя далучана да Бабчынскага сельсавету. У 1931 годзе тут арганізаваны калгас. З 20 лютага 1938 года Варацец — у Палескай вобласьці з цэнтрам у Мазыры.
У гады Вялікай Айчыннай вайны акупанты загубілі жыцьці 8 вяскоўцаў, 54 жыхары загінулі і прапалі бязь вестак на франтах[34].
16 ліпеня 1954 года Бабчынскі сельсавет скасаваны, Варацец разам зь іншымі паселішчамі далучаны да Рудакоўскага сельсавету[35]. З 8 студзеня 1954 года вёска — у Гомельскай вобласьці. Паводле перапісу 1959 года ў Варатцы было 615 жыхароў[2]. У складзе калгасу «Кастрычнік» з цэнтральнай сядзібай у вёсцы Бабчын.
20 верасьня 2011 года вёска ліквідаваная рашэньнем Хвойніцкага раённага Савету дэпутатаў[36].
Асобы
рэдагаваць- Рыгор Сідарок (1902 — 1963) — адзін з арганізатараў і кіраўнікоў кампартыйнага падпольля і партызанскага руху на тэрыторыі Баранавіцкай вобласьці.
- Уладзімер Кот — Герой Сацыялістычнай Працы (1966)
- Люцыян Сакоўскі — Герой Сацыялістычнай Працы (1977)
Заўвагі
рэдагаваць- ^ Не з XVII ст., як пісаў С. В. Марцэлеў[2]
- ^ Найранейшая згадка што да права ўладальнікаў Брагіна на частку грунту вёскі Варацец, хоць, імаверна, паселішча з такой назвай, імі асаджанага, пакуль не было.
- ^ Яшчэ названыя 12 паселішчаў, акрамя «іншых вёсак і прыселкаў».
- ^ 22 жніўня 1631 г. тое зроблена і ў Жытомірскім гродзкім судзе.
- ^ Гэта першы вядомы на сёньняшні дзень упамін пра брагінскі Варацец як паселішча.
- ^ Выява з надмагільля Віталіса Шуйскага (†1. VI. 1849) у в. Чыжэўшчына (былыя Крупчыцы) Жабінкаўскага р-ну Берасьцейшчыны.
- ^ Менавіта пры Шуйскіх цэнтральным дваром усяго маёнтку замест Астраглядавічаў сталі Хвойнікі.
- ^ Побач зь яго імем подпіс: «ubostwo dopoprawy».
- ^ Магчыма, тут памылкова пададзена імя.
- ^ Сыны Дзешкі Гапановіча альбо Гапоненкі?
- ^ Раней, у 1701 г. пан Бандынэлі сьцьвярджаў перад падданымі замку Хвойніцкага і панам Шукштай, што бор той на мяжы брагінскай спрадвеку належаў «do wsi Babczynskiej»[9]
- ^ Гл.: Брагін
- ^ Мужчыны засталіся толькі ў 8 дварах.
- ^ Спадчыньнік гэтых добраў сямнаццацігадовы Уладыслаў, сын Ігнацыя, Аскерка, сястрынец графа Людвіка, на той час жыў у яго двары Гарадзішча; гл.: НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 263. А. 206, альбо старонкі Двор-Гарадзішча і Брагін.
- ^ У складзе маёнтку былі таксама фальваркі Бабчын і Мокіш.
- ^ У савецкія часы людзей гэтага прозьвішча, вядомых яшчэ з рэвізіі 1834 г., пачалі запісваць Сакоўскімі.
- ^ Ігнацы, сын Пятра, Шаціла зь сям'ёй пераведзеныя ў Варацец зь Пясочанскай Рудні прозараўскага за Тэкляй Ракіцкай маёнтку Гарадзішча, бо ў адрозьненьне ад аднадворцаў Шацілаў з засьценку Высокае, былі прыгоннымі. У сакавіку 1889 г. малодшы сын Ігнацыя Вікенці, з-за абмежаваньняў, уведзеных для рыма-католікаў у сувязі з паўстаньнем 1863 г., быў вымушаны праз суд даводзіць перад Варацецкім сельскім таварыствам і ўладамі сваё права на валоданьне зямельным надзелам[27].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4. (pdf)
- ^ а б в г Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 2, кн. 2. Гомельская вобласць / С.В. Марцэлеў; рэдкал.: Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2005. — 520 с.: іл. ISBN 985-11-0330-6. С. 434
- ^ Руська (Волинська) метрика [Текст]: регести документів Коронної канцелярії для укр. земель (Волинське, Київське, Брацлавське, Чернігівське воєводства) 1569—1673 / Держ. ком. арх. України, Центр. держ. істор. арх. України, м. Київ, Ін-т укр. археографії та джерелознавства ім. М. С. Грушевського НАН України, Генер. дирекція держ. арх., Голов. арх. давніх актів; ред. і упоряд Г. Боряк [та ін.]; передм. П. К. Грімстед. — Київ, 2002. С. 301—302
- ^ Źródła dziejowe. T. XXI. Polska XVI wieku pod względem geograficzno-statystycznym. T. X. Ziemie ruskie. Ukraina (Kijów — Bracław). Dział II-gi. Opisane przez Aleksandra Jabłonowskiego. — Warszawa, 1894. S. 5, 14, 637
- ^ Аrchiwum Główny Akt Dawnych w Warszawie. Аrchiwum Рrozorów і Jelskich (далей: AGAD. APiJ). Sygn. 1. S. 56
- ^ AGAD. ApiJ. Sygn. 1. S. 59
- ^ Архив Юго-Западной России. Ч. 3. Т. 2. Акты о казаках (1679—1716). — Киев, 1868. С. 154 — 155
- ^ НГАБ у Менску. Ф. 320. Воп. 1. Спр. 1. А. 127, 132адв., 142адв.
- ^ AGAD. APiJ. Sygn. 1. S. 44—45
- ^ AGAD. APiJ. Sygn. 1. S. 45, 46
- ^ Вялікі гістарычны атлас Беларусі ў 4-х тамах: Т. 2. — Мінск: Белкартаграфія, 2013. С. 122
- ^ Тарифи подимного податку, сеймикові лауди і люстрації Київського воєводства першої половини XVIII століття. /Вид. друге, доп. Укл. Конрад Жеменецький. – Біла Церква, 2015. С. 284, 286
- ^ Акты, издаваемые Виленской археографической комиссией. – Вильна, 1870. Т. IV. Акты Бресцкого гродского суда. С. 485
- ^ Тариф подимного податку Київського воєводства 1754 року. /Опрацював Конрад Жеменецький. – Біла Церква, 2015. С. 190
- ^ AGAD. APiJ. Sygn. 1. S. 74 – 75
- ^ НГАБ. Ф. 320. Воп. 1. Спр. 1. А. 136, 138
- ^ Насевіч, В., Скрыпчанка, Т. Рэчыцкі павет / В. Насевіч, Т. Скрыпчанка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. — Т. 6. Кн. 1. — Мінск: БелЭн, 2001. C. 181—182
- ^ НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 59. А. 220—222
- ^ НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 261. А. 1057адв. — 1058адв.
- ^ НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 263. А. 147
- ^ Słownik geograficzny Krółewstwa Polskiego і innych krajów słowiańskich. – Warszawa, 1888. T. IX. S. 901
- ^ НГАБ. Ф. 136. Воп. 13. Спр. 536. А. 68
- ^ НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 339. А. 742адв. — 745
- ^ НГАБ. Ф. 142. Воп. 1. Спр. 1465. А. 1 — 40
- ^ НГАБ. Ф. 142. Воп. 1. Спр. 1475. А. 1 — 105
- ^ Расейскі дзяржаўны гістарычны архіў (далей: РДГА). Ф. 1290. Воп. 4. Спр. 79. А. 381, 700, 722
- ^ РДГА. Ф. 1344. Воп. 16. Спр. 180
- ^ НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 1151. А. 804адв. — 807
- ^ НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 1151. А. 623адв. — 626
- ^ Список волостей, обществ и селений Минской губернии на 01. 01. 1870 г. — Минск, 1870. Л. 71
- ^ Минские епархиальные ведомости. — Минск, 1876. № 10. С. 458, 459; Описание церквей и приходов Минской епархии. VIII. Речицкий уезд. — Минск, 1879. С. 15, 117
- ^ Список населённых мест Минской губернии. / Сост. В. С. Ярмолович. — Минск, 1909. С. 31
- ^ Ціхаміраў А. В. Станаўленне і развіццё беларуска-украінскіх адносін у 1918—1920 гг. // Веснік БДУ. Сер. 3. 2005. № 3. С. 28 — 32; Грицкевич А. П. Борьба за Украину, 1917—1921 / А. П. Грицкевич; под науч. ред. А. Е. Тараса. — Минск: Современная школа, 2011. С. 92 — 93; Ільїн, О. Західне Полісся в Українській Державі гетьмана Скоропа��ського (Історія в документах) / О. Ільїн // Над Бугом і Нарвою : український часопис Підляшшя. — 2014. № 3. С. 42; Валентина Метлицька. Тимчасова німецька окупація та її вплив на долю східного Білоруського Полісся (березень 1918 — січень 1919 рр.). // Україна та Німеччина: міждержавні відносини: збірник наукових праць / ред. кол. Владислав Верстюк (гол.), Степан Віднянський, Руслан Пиріг, Ірина Матяш, Дмитро Вєдєнєєв, Володимир Бойко, Дмитро Казіміров. — Чернігів: Сіверський центр післядипломної освіти, 2018. С. 286—296 (артыкул беларускамоўны); Замойский А. С. Брагин и местечки юго-восточной Беларуси в условиях перехода от войны к миру. 1918—1922. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев. — Минск, 2018. С. 85
- ^ Памяць. Гісторыка-дакументальная хроніка Хойніцкага раёна.– Мінск: БЭ, 1993. С. 182, 275 — 276
- ^ Указ Президиума Верховного Совета БССР от 16 июля 1954 г. Об объединении сельских советов Гомельской области // Сборник законов Белорусской ССР и указов Президиума Верховного Совета Белорусской ССР: 1938—1955 гг. — Мн.: Изд. Президиума Верхов. Совета БССР, 1956. — 347 с.
- ^ «Об упразднении сельских населенных пунктов Хойникского района». Решение Хойникского районного Совета депутатов от 20 сентября 2011 г. № 68 (рас.)
Літаратура
рэдагаваць- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 2, кн. 2. Гомельская вобласць / С.В. Марцэлеў; рэдкал.: Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2005. — 520 с.: іл. ISBN 985-11-0330-6.