Бэнджамін Вальямі (па-ангельску: Benjamin Vulliamy; 17471811) — гадзіньнікар, адказны за канструяваньне мэханічнага гадзіньніку, паводле якога ў 17801884 гадах афіцыйна зьвяраўся час у Лёндане[1].

Бэнджамін Вальямі
Benjamin Vulliamy
Дата нараджэньня 1747
Месца нараджэньня Лёндан, Ангельшчына
Дата сьмерці 1811
Месца сьмерці
Занятак гадзіншчык, бізнэсмэн
Бацька Justin Vulliamy[d]
Жонка Мэры Грэй Вальямі
Дзеці Бэнджамін Льюіс Вальямі, Justin Theodore Vulliamy[d] і Lewis Vulliamy[d]

Біяграфія

рэдагаваць

Бэнджамін быў сынам Джастына Вальямі, гадзіньнікара швайцарскага паходжаньня, які пераехаў у Лёндан каля 1730 году. Джастын стаў партнэрам Бэнджаміна Грэя, вядомага гадзіньнікара з вуліцы Пэл-Мэл, на дачцэ якога ён неўзабаве ажаніўся і меў ад яе сына Бэнджаміна[1]. Джастын атрымаў у спадчыну бізнэс свайго цесьця і з 1780 ягоны сын Бэнджамін увайшоў у аб'яднаньне «Vulliamy & Son». Бацька і сын працавалі поруч да самой сьмерці Джастына 1 сьнежня 1797 году[2].

 
Фарфоравы гадзіньнік зроблены Б. Вальямі, Музэй і мастацкая галерэя Дэрбі

З раньняга ўзросту Вальямі выказваў інтарэс да разьвіцьця бацькоўскае справы. Яшчэ падлеткам, ён пачаў рабіць рэпутацыю стваральніка дэкаратыўных і камінных гадзіньнікаў, якія аздаблялі маёнткі прадстаўнікоў вышэйшага кола грамадзтва (некаторыя зь іх цяпер можна ўбачыць у Музэі і мастацкай галерэі Дэрбі)[3]. Ягоны та��ент дазволіў яму атрымаць прызначэньне на пасаду каралеўскага гадзіньнікара Георга III, на якой ён атрымаліваў штогадовую выплату ў 150 фунтаў. Кароль, будучы аматарам гадзіньнікавых і іншых мэханічных прыладаў, быў патронам Джастына Вальямі, але толькі Бэнджамін удастоўіся такога ганаровага званьня[4].

Каля 1780 году Вальямі было даручана сканструяваць асноўны мэханічны гадзіньнік для Каралеўскай абсэрваторыю ў К'ю, які служыў нулявым мэрыдыянам і быў адказны за афіцыйны лёнданскі час да 1884 году, пасьля чаго Грынвіч узяў на сябе абедзьве гэтыя функцыі[1].

У 1780 годзе нарадзіўся Бэнджамін Льюіс Вальямі; ён быў апошні з Вальямі, хто прысьвяціў сваё жыцьцё гадзіньнікаваму сямейнаму бізнэсу. Ніхто з далейшых нашчадкаў Бэнджаміна не працаваў на гэтай ніве, хоць ягоны ўнук, Льюіс Вальямі, быў выбітным архітэктарам.

Гадзіньнікі Вальямі

рэдагаваць

Гадзіньнікі Вальямі мелі надзвычайную каштоўнасьць і прадстаўлялі вяршыню тагачасных тэхналёгіяў. Гэтыя гадзіньнікі прадстаўляліся кітайскаму імпэратару падчас дыпляматычнай місіі 1793 году Джорджа Макартні ў Пэкін[5]. Выраб храномэтраў Б. Вальямі спалучаўся з аздабленьнем фарфоравымі фігурамі, што сымбалізавала еднасьць навукі і мастацтва. Агульны дызайн заўсёды ствараўся Вальямі, але таксама ён запрашаў выбітных скульптараў, якія непасрэдна стваралі належныя фігуры не без уплыву тагачасных францускіх канонаў у гэтай галіне мастацтва. Сям'я Вальямі карысталася паслугамі Royal Crown Derby для вырабу фарфоравых фігураў.

  1. ^ а б в Kew Time. Arcadian Times. Праверана 2011-05-21 г.
  2. ^ Vulliamy, London. No. 220. Montpellier Clocks. Праверана 2011-05-21 г.
  3. ^ The astronomy clock by Benjamin Vullliamy. Antique-Marks. Праверана 2011-05-21 г.
  4. ^ Vulliamy Mantle Clock. Derby City Council. Праверана 2011-05-21 г.
  5. ^ William Proudfoot, Biographical Memoir of James Dinwiddie: Embracing Some Account of His Travels in China and Residence in India (Liverpool: Edward Howell, 1868), 45.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць