Андрэй Рымша (да 1550, Пянчын, Наваградзкі павет — пасьля 1595[1] ці 1599[2], Дзевянішкі?) — паэт-панэгірыст, адзін з асноўных прадстаўнікоў старажытнай беларускай паэзіі другой паловы XVI — пачатку XVII стагодзьдзяў[3]. Пісаў на старабеларускай, польскай і лацінскай мовах. Падпісваў свае творы словам Ліцьвін[4].

Андрэй Рымша
лац. Andrej Rymša
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся да 1550
Пянчын, Наваградзкі павет
Памёр пасьля 1595 ці 1599
Дзевянішкі?
Род Рымшы
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці літаратар, паэт-панегірыст, перакладчык
Жанр панегірык
Мовы старабеларуская, польская, лацінская
Значныя творы «Храналёгія» (1581)
Творы ў Вікікрыніцах

Прозьвішча

рэдагаваць

Рым (Rim) — імя германскага паходжаньня[5]. Іменная аснова -рым- (імёны ліцьвінаў Рымель, Рыман, Рымунд; германскія імёны Riemel, Rimann, Rimund) паходзіць ад гоцкага rimis 'спакой, стрыманасьць, непарухлівасьць'[6]. Этымалягічны слоўнік старапольскіх асабовых імёнаў, выдадзены Польскай акадэміяй навук, адзначае гістарычнае бытаваньне ў Польшчы германскага імя Rymsza[7].

Біяграфія

рэдагаваць
 
«Храналёгія» А. Рымшы, 1581 г.

З шляхецкага роду Рымшаў гербу Паўкозіч. Паходзіў, імаверна, з праваслаўнай сям’і, але паводле веры быў кальвіністам. Некаторыя крыніцы пазначаюць месцам навучаньня Астроскую акадэмію на Валыні[8] праз той факт, што «Храналёгія» Андрэя Рымшы друкавалася ў астроскай друкарні Івана Фёдарава, аднак сучасныя дасьледнікі ня лічаць гэты факт вычарпа��ьным[9].

Спачатку служыў пры двары Мікалая Радзівіла Рудога[3] (паводле іншых зьвестак — Мікалая Радзівіла Сіроткі[10]), а з 1572 году — пры двары Крыштапа Радзівіла Перуна. У 1581 годзе браў удзел у выправе князя ў глыб маскоўскіх земляў, пазьней суправаджаў яго ў падарожжы Інфлянтамі.

З 1585 году жыў у Вільні. У 1589—1599 гадох выконваў абавязкі падстаросты Біржаў — радавога ўладаньня Радзівілаў.

Выдаваў свае творы ў Даніэля з Ланчыцы і ў друкарні Мамонічаў.

Творчасьць

рэдагаваць

Творчасьць Андрэя Рымшы паўплывала на фармаваньне паэтычных здольнасьцяў многіх тагачасных паэтаў. Наватарства творчага падыходу выявілася ва ўслаўленьні буйных дзеячоў найперш як патрыётаў Айчыны — Вялікага Княства Літоўскага, а ня простых заможных і радавітых магнатаў[11].

 
Панэгірык А. Рымшы на герб Л. Сапегі, надрукаваны ў Статуце 1588 г.

Андрэю Рымшу належаць тры старабеларускамоўныя «эпікграмы»: «На герб яснавяльможнага пана Астафея Валовіча…» (зьмешчаная ў выданьні кнігі Г. Скалярыса «Дыялёг», Вільня, 1585 год; падпісаная крыптонімам «А. Р.»), «На гербы… Льва Сапегі» (надрукаваная ва ўступе да Статуту 1588 году), «На гербы яснавяльможнага пана… Тэадора Скуміна» (падпісаная «А. Р. Літвін», апублікаваная ў «Апостале», Вільня, 1591 год) і адна польскамоўная. Ёсьць падставы меркаваць, што ў паэта было значна больш вершаў на старабеларускай мове: у лістах Салямона Рысінскага захаваліся ўпаміны пра эпіграму на «народнай мове» Андрэя Рымшы ў гонар Радзівілаў, два варыянты перакаладу гэтай эпіграмы на лацінскую мову, а таксама ўпамін пра існаваньне дзёньніка паэта[12].

Апроч эпіграмаў, Андрэй Рымша — аўтар верша «У якім месяцы што адбылося» (называнага «Храналёгіяй», 1581 год), што выявіла прыхільнасьць аўтара да грэгарыянскага каляндара[3], а таксама выдатнага твору польскамоўнай паэзіі ВКЛ — «Дзесяцігадовай аповесьці ваенных справаў князя Крыштафа Радзівіла» (1585 год).

Апошняя вядомая літаратурная праца Андрэя Рымшы — выдадзены Янам Карцанам пераклад на польскую мову твора Ансэльма Поляка «Хараграфія, альбо тапаграфія, гэта значыць асаблівае і падрабязнае апісаньне Сьвятой Зямлі» (Вільня, 1595 год). Тытульны ліст «Хараграфіі…» аздабляецца вершаваным двухрадкоўем паэта, у якім высьмейваецца псэўдаадукаванасьць і невуцтва выпускнікоў замежных унівэрсытэтаў. На адвароце тытульнага ліста зьмяшчаецца эпіграма на герб Астроскіх, завяршае кнігу вершаванае чатырохрадкоўе прэфацыйнага зьместу[13]. У XVII ст. гэты твор быў перакладзены на расейскую мову ў Маскве.

На лацінскую мову вершы Андрэя Рымшы зь «мясцовай мовы» перакладаў Салямон Рысінскі[14], на беларускую мову — Іван Саверчанка[15].

  1. ^ Славянамоўная паэзія Вялікага Княства Літоўскага XVI—XVIII стст / НАН Беларусі, Ін-т мовы і літ. імя Я. Коласа і Я. Купалы; уклад., прадм. і камент. А. У. Бразгунова. — Мн., 2011. — С. 325. — 901 с. — (Помнікі даўняга пісьменства Беларусі). — 400 экз. — ISBN 978-985-08-1291-9
  2. ^ Саламевіч І. Андрэй Рымша // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 13: Праміле — Рэлаксін. — 576 с. — ISBN 985-11-0216-4С. 514.
  3. ^ а б в Старажытная беларуская літаратура (XII—XVII стст.) / Уклад., прадм., камент. І. Саверчанкі. — Мінск: Кнігазбор, 2007. — С. 240—241. — 608 с.
  4. ^ Рагойша М. Псеўданім як фактар беларускай журналісцкай практыкі пачатку XX ст. (на матэрыяле перыядычных выданняў «Наша Доля» і «Наша Ніва») // Веснік Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. Куляшова. № 4 (25), 2006. С. 182.
  5. ^ Förstemann E. W. Altdeutsches Namenbuch. Bd. 1: Personennamen. — Bonn, 1900. S. 1273.
  6. ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 18.
  7. ^ Słownik etymologiczno-motywacyjny staropolskich nazw osobowych. T. 5: Nazwy osobowe pochodzenia niemieckiego. — Kraków, 1997. S. 208.
  8. ^ Паэт Андрэй Рымша (каля 1550 — пасля 1595)
  9. ^ Гісторыя беларускай літаратуры XI—XIX стагоддзяў у двух тамах. Том 1. Даўняя літаратура XI — першай паловы XVIII стагоддзя. — Мінск. Беларуская навука. 2006. С. 472.
  10. ^ Андрій Римша Хронологія. Хрестоматія давньої української літератури, К., 1967
  11. ^ Славянамоўная паэзія Вялікага Княства Літоўскага XVI—XVIII стст / НАН Беларусі, Ін-т мовы і літ. імя Я. Коласа і Я. Купалы; уклад., прадм. і камент. А. У. Бразгунова. — Мн., 2011. — С. 12. — 901 с. — (Помнікі даўняга пісьменства Беларусі). — 400 экз. — ISBN 978-985-08-1291-9
  12. ^ Гісторыя беларускай літаратуры XI—XIX стагоддзяў у двух тамах. Том 1. Даўняя літаратура XI — першай паловы XVIII стагоддзя. — Мінск. Беларуская навука. 2006. С. 480.
  13. ^ Кавалёў С. Шматмоўная паэзія Вялікага Княства Літоўскага эпохі Рэнесансу: манаграфія / Сяргей Кавалёў. — Мінск: Кнігазбор, 2010. — С. 243. — 376 с.
  14. ^ Латышонак А. Навуковыя крыніцы самаакрэслення Саламона Рысінскага як беларуса / А. Латышонак // Рэфармацыя і грамадства: XVI стагоддзе : Матэрыялы Міжнароднай навуковай канферэнцыі. — Мінск: Беларускі кнігазбор, 2005. — С. 126—131.
  15. ^ Галасы з-за небакраю: анталогія паэзіі свету ў беларускіх перакладах ХХ ст. Склад. М. Скобла. — Мн.: Лімарыус 2008. — 896 с.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць