Аляксандар Гіляры Палубінскі
Алякса́ндар Гіля́ры Палубі́нскі (6 жніўня 1627 — 3 лістапада 1679) — вайсковы і дзяржаўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага. Падстолі вялікі літоўскі (1654), пісар польны літоўскі (1654—1668), староста генэральны жамойцкі (1669—1670), маршалак вялікі літоўскі (з 1669).
Аляксандар Гіляры Палубінскі. Невядомы мастак, XVII ст. | |
Герб «Палубінскі» | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 6 жніўня 1627 |
Памёр | 3 лістапада 1679 |
Пахаваны | |
Род | Палубінскія |
Бацькі | Канстантын Палубінскі Соф’я з Сапегаў |
Жонка | Сузанна з Храптовічаў Соф’я Канстанцыя з Валадковічаў |
Дзеці | ад 2-га шлюбу: Ганна Мар'яна, Ізабэла Алена, Дамінік Ян Міхал, Крыштап Канстантын |
Дзейнасьць | вайскавод, дзяржаўны дзяяч |
Валодаў Дзярэчынам, Глускам, Рудобелкай, Зьдзецелам, Горамі Вялікімі, Горкамі. Адміністратар Берасьцейскай эканоміі (з 1655), трымаў Бабруйскае (з 1668), Ваўкавыскае і Слонімскае староствы.
Біяграфія
рэдагавацьЗ княскага роду Палубінскіх гербу ўласнага, сын Канстантына, ваяводы парнаўскага, і Соф’і з Сапегаў. Навучаўся ў Віленскай і Замойскай акадэміях, а таксама ў Кракаве, Галяндыі, Францыі.
3 1646 неаднаразова абіраўся паслом на соймы. Займаў шэраг дзяржаўных пасадаў, пачынаючы з падкаморыя слонімскага (1650—1654),
Вызначыўся ў вайне супраць украінскіх казакоў, пад камандай Я. Радзівіла браў удзел ва ўзяцьці Мазыра (люты 1649), у Лоеўскай бітве (1649), бітве пад Белай Царквой (23 верасьня 1651).
На чале кавалерыйскіх харугваў удзельнічаў у асноўных ваенных дзеяньнях вайны Маскоўская дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667): у бітвах пад Шкловам (12 жніўня 1654) і Шапялевічамі (24 жніўня 1654), аблозе Магілёва ў пачатку 1655; у баях супраць швэдаў у Каралеўстве Польскім, у вызваленьні Менску ў лістападзе 1658 і інш. У 1659—1660 ваяваў у Інфлянтах. У складзе дывізіі П. Я. Сапегі браў удзел у Палонкаўскай бітве (1660), аблозе Барысава, вызваленьні Шклова і Воршы, бітве на рацэ Бася з войскам Ю. Далгарукага, Нушліцкай бітве (1661)[3].
Па абдыкацыі Яна Казімера (1668) і сьмерці Міхала Вішнявецкага (1673) выступаў за абраньне каралём і вялікім князем маскоўскага цара Аляксея Міхайлавіча[3].
У 1646 атрымаў каралеўскі прывілей на правядзеньне ў Глуску аднаго кірмашу на рок працягласьцю тыдзень. Па разбурэньні места атрадам казакоў Івана Залатарэнкі (1655) фактычна ўзьвёў новую фартэцыю зь дзьвюма мураванымі вежамі, землянымі валамі, пяцьцю бастыёнамі і ровам, запоўненым вадой; фундаваў Глускі бэрнардынскі кляштар (1662). У 1670-я пад патранатам А. Г. Палубінскага ў Глуску працаваў знакаміты гравёр таго часу Аляксандар Тарасевіч, пра што сьведчыць надпіс на адной зь ягоных гравюраў[4].
Першы шлюб з Сузаннай Храптовіч быў бязьдзетным, у 1652 ажаніўся з Соф’яй Канстанцыяй Валадковіч, зь якой меў сыноў Дамініка Яна Міхала (памёр у 1683) і Крыштапа Канстантына (памёр у 1685), а таксама дачок Ганну Мар’яну і Ізабэлу Алену.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Kniaziowie litewsko-ruscy od końca czternastego wieku (пол.) / пад рэд. J. Wolff — Warszawa: 1895. — С. 380.
- ^ Kniaziowie litewsko-ruscy od końca czternastego wieku (пол.) / пад рэд. J. Wolff — Warszawa: 1895. — С. 380–381.
- ^ а б Валерый Пазднякоў. Палубінскія // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 393.
- ^ Ірына Ганецкая. Глускі замак: гісторыя аднаго помніка ў асобах // «Беларускі гістарычны часопіс» № 9, 2006.
Літаратура
рэдагаваць- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0