Расна (Берасьцейская вобласьць)
Ра́сна[1] — вёска ў Беларусі, на рацэ Кавалісе-Млынцу. Цэнтар сельсавету Камянецкага раёну Берасьцейскай вобласьці. Знаходзіцца за 32 км на захад ад Камянцу, за 45 км ад Берасьця; на аўтамабільнай дарозе на Высокае.
Расна лац. Rasna | |
Сядзіба | |
Краіна: | Беларусь |
Вобласьць: | Берасьцейская |
Раён: | Камянецкі |
Сельсавет: | Расьнянскі |
Насельніцтва: | 848 чал. (2010) |
Часавы пас: | UTC+3 |
Тэлефонны код: | +375 1631 |
Паштовы індэкс: | 225071 |
СААТА: | 1240870041 |
Нумарны знак: | 1 |
Геаграфічныя каардынаты: | 52°23′32″ пн. ш. 23°24′31″ у. д. / 52.39222° пн. ш. 23.40861° у. д.Каардын��ты: 52°23′32″ пн. ш. 23°24′31″ у. д. / 52.39222° пн. ш. 23.40861° у. д. |
± Расна | |
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы |
Расна — даўняе мястэчка гістарычнай Берасьцейшчыны. Да нашага часу тут захаваўся кальвінскі збор і сядзіба Грабоўскіх, помнікі архітэктуры XIX стагодзьдзя. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаўся комплекс кляштару марыянаў з касьцёлам Беззаганнага Зачацьця Найсьвяцейшай Панны Марыі, помнік архітэктуры XVIII стагодзьдзя.
Назва
рэдагавацьНазва вёскі паходзіць ад слова «ря(а)сно», што азначае багата, шчодра, прыгожа, па-польску называная таксама rzęsna, што азначае «вейка».
Гісторыя
рэдагавацьВялікае Княства Літоўскае
рэдагавацьПершы вядомы на сёньня пісьмовы ўпамін пра Расну зьмяшчаецца ў мэтрыцы ВКЛ пад 1466 годам як маёнтак, які перайшоў да Трачэвічаў ад Баярскага. У 1507 годзе маёнткам валодаў Ігнат Нікіціч. У 1511 годзе вялікі князь Жыгімонт Стары пацьвердзіў пажыцьцёвае права валоданьня Івану Багданавічу Храптовічу-Літавору. Потым маёнткам валодалі вядомыя шляхецкія роды: Ёдкі, Пяткевічы і Хлявіцкія.
Бязьдзетны Станіслаў Хлявіцкі прадаў Расну Войнам. Лаўрын Война, новы ўладальнік Расны, падскарбі дворны, выстаўляў у войска 35 коньнікаў. Па яго сьмерці (каля 1580 году) правы валоданьня перайшлі да яго сына Андрэя. У 1631 годзе Расна адыходзіць да яго сына Пятра Андрэевіча Войны.
Доўгі час Расна належыла роду Сапегаў і пры іх, да XVIII ст., ужо мела статус мястэчка. Сапегі набылі маёнтак Расна ў Лукаша Андрэевіча Войны (яшчэ аднаго сына Андрэя Войны) у 1647 годзе. Набыў яго ваявода віцебскі Павал Ян Сапега, пазьней гетман ВКЛ. Менавіта за Сапегамі (у часы Міхала Сапегі) у Расьне збудавалі драўляную сядзібу і разьбілі парк. У гэты ж час у мястэчку пачалі праводзіць вялікія кірмашы, якія асабліва славіліся гандлем коньмі. Разьвіцьцё гандлю прывяло да засяленьня Расны габрэямі, якія мелі тут сынагогу, шынок, крамы.
У ходзе Вялікай Паўночнай вайны (1700—1721 гады) Расна і ваколіцы моцна пацярпелі. У 1718 годзе Міхал Сапега мусіў быў аддаць Расну і Высокае пад заклад у 45000 тынфаў Аўгусту Касьцюшку-Сяхновіцкаму.
Ад 1722 году мястэчка належыла роду Матушэвічаў. У якасьці кампэнсацыі за даўгі Сапегаў Расна перайшла Юзафу Матушэвічу, бацьку вядомага паэта, перакладніка і мэмуарыста і дзяржаўнага дзеяча ВКЛ Марціна Матушэвіча (1714—1773), аўтара «Дыярыюша майго жыцьця…». З восені 1760 году ў Расьне ў Марціна Матушэвіча пасяліўся паэт і перакладнік Ануфры Карытынскі (1719—1770). У Расьне ў 1765 годзе нарадзіўся Тадэвуш Матушэвіч — дзяржаўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага і Царства Польскага, пасол Чатырохгадовага Сойму ад Берасьцейскага павету, міністар фінансаў Царства Польскага і міністар Герцагства Варшаўскага, удзельнік Паўстаньня 1794 году, літаратар.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
рэдагавацьУ выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Расна апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі. З другой паловы XIX ст. сядзіба належала кальвіністам Грабоўскім: у 1849 годзе яе выкупіў за 10 711 рублёў срэбрам граф Ян Грабоўскі. Грабоўскія збудавалі новую мураваную аднапавярховую сядзібу на месцы старой.
Найноўшы час
рэдагаваць25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Расна абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Беларускай ССР, у Берасьцейскі павет («падраён») Баранавіцкага раёну[2]. Паводле Рыскай мірнай дамовы 1921 году Расна апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі.
У 1939 годзе Расна ўвайшла ў БССР.
9 красавіка 1991 году ў Расьне пачалі будаваць праваслаўную царкву. Фундатарам выступіў мясцовы калгас «Савецкая Беларусь». Храм (архітэктар — А. М. Гуляка) будавалі 8 гадоў, яшчэ 3 гады рабілі ўнутраны росьпіс. Паводле старшыні калгасу Ўладзімера Бядулі, які з 1956 году больш за паўстагодзьдзя працаваў старшынём калгасу «Савецкая Беларусь», гаспадарка выдаткавала 500 тыс. даляраў на будаваньне царквы[3].
26 красавіка 2013 году цэнтар Расьнянскага сельсавету перанесьлі зь вёскі Абяроўшчыны ў Расну[4].
-
Кляштар марыянаў, 1915 г.
-
Царква па маскоўскай перабудове, 1915 г.
-
Школа, 1915—1918 гг.
-
Кляштар марыянаў, 1920-я гг.
-
Кляштар марыянаў, 1920-я гг.
-
Кляштар марыянаў, 1920-я гг.
-
Кляштар марыянаў, 1920-я гг.
-
Кляштар марыянаў, 1930 г.
Насельніцтва
рэдагаваць- 1999 год — 860 чалавек
- 2010 год — 848 чалавек
Турыстычная інфармацыя
рэдагавацьСлавутасьці
рэдагавацьКальвінскі збор
рэдагавацьНа пачатку XIX ст. у Расьне збудавалі невялікі кальвінскі збор, у якім знаходзілася пахавальня роду Грабоўскіх. Гэта твор архітэктуры класіцызму. Унутры збору разьмяшчаліся, падвешаныя на ланцугах, саркафагі роду Грабоўскіх, частка пахаваньняў таксама ў крыпце. У часы савецкай улады збор выкарыстоўваўся ў якасьці складу.
Перад пачаткам Першай сусьветнай вайны Расна была адной з трох кальвінісцкіх парафіяў у Гарадзенскай губэрні (яшчэ былі Ізабелін пад Ваўкавыскам, якім валодалі Грабоўскія, і Непакойчыцы каля Жабінкі). Кальвінісцкая парафія ў Расьне ўваходзіла ў склад Віленскага дыстрыкту ў межах акругі Віленскага Эвангельска-Рэфармацкага Сыноду Расейскай імпэрыі, дзе ўсяго налічвалася 41 парафія.
У апошняй чвэрці XIX ст. у Расну і Непакойчыцы з Ізабеліна пэрыядычна прыязджаў да сваіх вернікаў-кальвіністаў пастар Юзаф Мандзялоўскі (нар. 11.02.1843, пастар з 11.07.1869)[5].
Сядзіба Грабоўскіх
рэдагавацьСядзібна-паркавы комплекс Грабоўскіх на беразе некалькіх сажалак улучаў таксама альтанку, млын і шэраг гаспадарчых пабудоваў. Да сёньня захаваліся фрагмэнты гаспадарчага двара. Гэта рэшткі двух вялікіх будынкаў XIX ст., якія стаяць бяз даху. Абодва будынкі былі вымурованыя з вялікіх камянёў з улучэньнямі цэглы, якія змацоўваюцца вапнай, дэкараванай чырвоным і чорным друзам.
Страчаная спадчына
рэдагавацьУніяцкая царква
рэдагавацьУ часы Уніі ў Расьне існавала ўніяцкая парафія Сьвятога Міхала Арханёла, якая належыла да Камянецкага дэканату. Уніяцкую царкву ў Расьне збудаваў Марцін Матушэвіч. Перад скасаваньнем Уніяцкай Царквы парафія ў Расьне налічвала ў 1837 г. 2030 вернікаў. Парафія валодала 4 валокамі зямлі, мела 3-х фундушовых сялянаў, а гадавы прыбытак складаў 70 рублёў срэбрам.[6]
Па ліквідацыі Уніі царква Сьвятога Міхаіла Арханёла стала належыць Урадаваму сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царкве). Яе перабудавалі і нанова асьвяцілі ў 1842 годзе.
Згодна з пастановай Савету па справах Расейскай Праваслаўнай Царквы пры Саўміне СССР ад 28 лістапада 1962 году царкву зачынілі з рэкамэндацыяй перадачы яе пад клюб. Аднак прызначаныя савецкімі ўладамі кіраўнікі сельсавету і калгасу «Савецкая Беларусь» у 1964 годзе старую драўляную царкву разбурылі цалкам.
Касьцёл і кляштар марыянаў
рэдагавацьУ 1744 годзе[7] менскі чашнік Юры Матушэвіч фундаваў пабудову ў Расьне на беразе ракі Пульвы касьцёла Беззаганнага Зачацьця Найсьвяцейшай Панны Марыі і кляштара айцоў-марыянаў.
Па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1863—1864 гадоў расейскія ўлады зачынілі кляштар марыянаў у Расьне распараджэньнем генэрал-губэрнатара Мураўёва-вешальніка ад 4 (16) верасьня 1864 году за ўдзел марыянаў у паўстаньні[8]. Тады ж касьцёл адабралі ў каталікоўі перадалі Ўрадаваму сыноду Расейскай імпэрыі[7].
У 1918 годзе касьцёл вярнулі каталікам і асьвяцілі ў гонар сьвятой Ганны Маці Найсьвяцейшай Панны Марыі[7]. 9 кастрычніка 1919 году ў часе візытацыі дыяцэзіі Расну наведаў віленскі біскуп Юры Матулевіч (сёньня — блаславёны Каталіцкай Царквы), які на пачатку XX ст. аднавіў дзейнасьць Ордэну марыянаў[9]. Ён пастанавіў вярнуць марыянаў у Расну, якія пасяліліся там у чэрвені 1920 году[9]. Генэрал Ордэну марыянаў Юры Матулевіч, як біскуп віленскі, вярнуў марыянам іх даўні кляштар пры касьцёле сьвятой Ганны сваёй пастановай ад 9 лістапада 1920 году[9].
Гэта быў першы кляштар, які вярнуў сабе адноўлены Ордэн марыянаў у міжваеннай Польшчы. Паводле задумы Генэрала марыянаў Юрыя Матулевіча, у Расьне мусіў быў разьмясьціцца навіцыят Ордэну марыянаў. Апрача касьцёлу і закінутага кляштару, марыянам належыла 108 га зямлі. Аднак польскія дзяржаўныя ўлады не жадалі яе вяртаць і марыяне шмат гадоў вялі судовыя спрэчкі за гэтую сваю ��ласнасьць[10].
Навіцыят Ордэну марыянаў фактычна быў перанесены ў Расну зь Бялянаў у Варшаве яшчэ летам 1920 году. 28 сьнежня 1920 году біскуп Юры Матулевіч як Генэрал Ордэну марыянаў накіраваў Апостальскаму нунцыю ў Польшчы А. Рацьці ліст з просьбай аб зацьвярджэньні Апостальскім Пасадам у Рыме пераносу навіцыяту марыянаў зь Бялянаў у Расну, якая належыла да парафіі ў Высокім-Літоўскім Берасьцейскага дэканату Віленскай дыяцэзіі[11]. Абгрунтаваньне біскупа і Генэрала марыянаў Ю. Матулевіча было наступным: «Дом законны ў Расьне цалкам адпаведны для разьмяшчэньня ў ім навіцыяту, больш таго, дзеля свайго разьмяшчэньня прыдатны для засяроджаньня розуму і практыкаваньня ўнутранага жыцьця, сад і маёнтак зьяўляюцца дастатковымі для ўтрыманьня навіцыяў». Ватыкан даў свой афіцыйны дазвол праз нунцыя 2 студзеня 1921 году.
У кляштары марыянаў у Расьне 2 кастрычніка 1921 году біскуп Віленскі Юры Матулевіч высьвяціў на сьвятара марыяніна Яўгена Кулешу (быў катаваны і забіты каля Друі 30 чэрвеня 1941 году савецкімі салдатамі), датычна якога 9 лютага 2021 году распачаўся бэатыфікацыйны працэс[12].
Аднак ў 1922 годзе навіцыт быў перанесены ў Скурац (Польшча), што на Падляшшы, дзе ён месьціўся да 5 студзеня 1926 году, па чым улады Ордэну марыянаў зноў вярнулі навіцыят у Расну[10]. У 1921—1926 гадох у Расьне разьмяшчалася малая сэмінарыя Ордэну марыянаў — ювэнат, у якой атрымлівалі адукацыю на ўзроўні 4-х клясаў каля 50 навучэнцаў, па заканчэньні якой кандыдаты для манаскага жыцьця і сьвятарства прымаліся ў навіцыят[13].
У 1938—1939 гадох пробашчам і старэйшым Дому марыянаў у Расьне служыў а. Юры Кашыра (1904—1943), які пазьней прыняў мучаніцкую сьмерць (спалены жыўцом разам зь вернікамі ў Росіцы) і вызнаны блаславёным Каталіцкай Царквы. У чэрвені 1938 году разам зь іншымі беларускімі марыянамі а. Юры Кашыра як «нядобранадзейны» быў дэпартаваны польскімі ўладамі з кляштару марыянаў у Друі і апынуўся ў Расьне. У верасьні 1939 году, па пачатку Другой сусьветнай вайны, а. Юры Кашыра і ўсе марыяне мусілі былі пакінуць Расну, бо новая савецкая атэістычная ўлада забрала будынак кляштару.
Кляштар марыянаў у Расьне згарэў у 1944 годзе.
Манаскі дом сясьцёр-эўхарыстак
рэдагавацьУ міжваенны час у Расьне працавалі таксама рыма-каталіцкія манахіні з Кангрэгацыі Сёстраў Служэбніц Ісуса ў Эўхарыстыі (Сёстры Эўхарысткі), якія мелі тут свой манаскі дом. На 1939 год у Расьне знаходзілася 7 манахіняў[14]. Перад пачаткам вайны ў 1939 годзе старэйшай манаскага дому ў Расьне была сястра Моніка Скурат.
Галерэя
рэдагаваць-
Кальвінскі збор
-
Кальвінскі збор
-
Сядзіба
-
Сядзіба
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Брэсцкая вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Менск: Тэхналогія, 2010. — 319 с. ISBN 978-985-458-198-9. (pdf, djvu, online) С. 174.
- ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
- ^ Ирина Гуринович. Неистовый Бедуля, «Советская Белоруссия», № 39, 28.02.2005.
- ^ «О переносе административного центра Ряснянского сельсовета в агрогородок Рясна». Решение Каменецкого районного Совета депутатов от 26 апреля 2013 г. № 189(недаступная спасылка) (рас.)
- ^ Die Evangelisch-Reformierte Kirche in Russland.1914.
- ^ Marian Radwan. Carat wobec Kościoła Greckokatolickiego w zaborze rosyjskim 1796—1839. — Polski Instytut Kultury Chrześcijańskiej, Roma-Lublin, 2001. S. 228.
- ^ а б в Spis kościołów i duchowieństwa diecezji Pińskiej w R. P. 1939. Stan diecezji na dzień 1 stycznia 1939 roku. — Wydawnictwo drukarni diecezjalnej. Pińsk, 1939. S. 71.
- ^ Odrodzenie Zgromadzenia Księzy Marianów w latach 1909—1910 (Dokumenty) / Mariański Instytut historyczny. Fontes Historiae Marianorum 1. — Warszawa, 1995. S. 11.
- ^ а б в Błogosławiony Jerzy Matulewicz. — Wydawnictwo księży marianów MIC. Warszawa, 2005. S. 338.
- ^ а б Błogosławiony Jerzy Matulewicz. — Wydawnictwo księży marianów MIC. Warszawa, 2005. S. 339.
- ^ Stolica Apostolska a biskup Jerzy Matulewicz 1916—1921. — Mariański Instytut Historyczny. Fontes historiae marianorum, 2. — Warszawa, 1996. S. 266.
- ^ Sługa Boży ks. Eugeniusz Kulesza (1891-1941) (пол.) Праверана 23 лістапада 2021 г.
- ^ Błogosławiony Jerzy Matulewicz. — Wydawnictwo księży marianów MIC. Warszawa, 2005. S. 340.
- ^ Spis kościołów i duchowieństwa diecezji Pińskiej w R. P. 1939. Stan diecezji na dzień 1 stycznia 1939 roku. — Wydawnictwo drukarni diecezjalnej. Pińsk, 1939. S. 171.